Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
Вычысціўшы коней і падмазаўшы колы, казакі ездзілі недзе пад Наваградак, у цёмныя далёкія лясы, як яны казалі — біць партызанаў, і вярталіся адтуль з поўнымі вазамі сена для сваіх коней і п’яныя. Дома яшчэ пілі, спявалі песні, свае, далёкія, тонка падсвістваючы і падцягваючы. А дробненькі вусаты Пятро, што часам шкадаваў мяне, калі быў цвярозы, і частаваў употай густым застылым мармеладам без хлеба, усё казаў, што і ў яго гэтакі сынок расце, пад п’яную руку дурэў: зрываў са сцяны вінтоўку, бег на вуліцу і, не цэлячыся, страляў у нашу бярэзіну. Па разу даваў страляць усім нам, а потым браў вінтоўку, ішоў у хату, але на парозе спыняўся і, жмурачы вочы, пытаў:
— А партызаны ў вас ёсць?
— Няма,— круціў хто-небудзь з нас галавою.
— Вы ўсе тут партызаны, усіх вас...— і трос вінтоўкаю.
Мы ўсе разбягаліся — казакаў баяліся ўсе. Маці мая вучыла мяне:
— Глядзі, не падсунь галавы — сёння ж ні на кога ўправы не знойдзеш.
I калі аднаго дня Лёнік прыйшоў да нас клікаць мяне ў школу, маці расплакалася і сказала:
— Куды ж вы, дзеткі, пойдзеце, гэтакае шаленства на свеце.
I мы не пайшлі.
' Так званыя казацкія сотні. Яны былі створаны гітлераўцамі з розных прыхвасняў і здраднікаў Радзімы для барацьбы з партызанамі.
У Вялікі пост, на Вербніцу, казакі спраўлялі вяселле. Замуж ішла Піліпава наймічка Гэлька, ішла за кульгавага з вялікім рубцом на галаве Цярэню, што стаяў у нас і вырабляў у нашым гумне шкуры на гужы і сёдлы, і ад яго заўсёды пахла моцным дзёгцем. Вяселле было тры дні і тры ночы і было б болей, каб п’яны Пятро не падняў страляніну і каб нехта не наказаў сотніку ў мястэчка і той не разагнаў вяселле.
Вяселле разышлося, а кульгавы Цярэня, хістаючыся і целяпаючы п’янаю галавою, пад руку вёў да нас Гэльку, а ззаду іх ішоў гарманіст і дробна перабіраў вясёлы марш.
Гэлька прыйшла ў нашу хату, як у сваю, поўнаю гаспадыняю і была разбітная і праворная і, нікога не саромеючыся, абнімала Цярэню.
Цяпер на Гэльцы была не тая плацянковая спадніца, зношаная, рэдзенькая, што ўся свіцілася, у якой яна ганяла ў поле, а новая паркалёвая сукенка ў вялікія чырвоныя кветкі, якую ёй прывёз недзе з карнай экспедыцыі Пятро і якая не сыходзілася на ёй, але ўсё ж харашыла Гэльку. Яна ўсё прычэсвалася, глядзелася ў люстэрка, і калі Цярэня ішоў у гумно вырабляць шкуры, а да яе падыходзіў Пятро, клаў руку ёй на плечы і нешта скоранька шаптаў, яна заходзілася ад рогату, закідаючы назад галаву.
А раз яе Цярэня біў, зашчапіўшыся ў гумне, і, пэўна, забіў бы, каб не збегліся казакі, не сарвалі дзверы, не абаранілі. Гэлька пасля гэтага стала нейкаю прыціхлаю, усё нешта думала пра сваё і болей маўчала. А Цярэня прыходзіў дадому п’яны, плакаў і рваў на сабе кашулю. Мы ўсе сыходзілі з хаты, а Гэлька хавалася ў стопцы. А раз ён паехаў на партызан, і Гэлька чакала яго, седзячы пры акне, і глядзела на двор — а на дварэ было хораша, было цёпла, чыстае неба, быў май, было светла, зелена, у нашым гародчыку цвіў бэз, недзе за ліштваю шчабяталі, вывеўшыся, нядужыя вераб’і, на плоце сядзеў мяккі шэры кот, не мігаючы, глядзеў угору. Гэльцы, мусіць, успамінаўся Казік,— і яна раз пыталася пра яго, закрываючыся фіранкаю, пэўна, каб я не бачыў,
што яна плача.
3 карнай экспедыцыі казакі не вярнуліся — у Камаровым куце мяшчанскія пастухі гаварылі нам, што скора прыйдуць нашы.
У мястэчку немцы нешта падрывалі, у нашай хаце звінелі шыбы, са столі адлушчваўся і падаў мел. Дзень пры дні з Наваградка ішлі машыны з завешанымі будамі, блізенька адна за адною — ім не было канца. 3 шашы на наш гарод за хату мякка каціўся белымі клубкамі пыл, блытаўся ў густым частаколе, едка асядаючы на крапіву і лопух. Стаяла на пагодзе. Млелі і купаліся ў гарачым пяску куры. На нашай бярэзіне на белых павуцінах гайдаліся зялёныя чарвякі, абрываліся, нячутна падалі на траву.
Млелі людзі ад гарачыні, іх гналі немцы недзе ў Наваградак выезджанаю дарогаю з боку шашы — там быў сыпкі пясок, ён сцякаў з колаў, як вада, калі ехала фурманка,— і немцы садзіліся на нашым узмежку, разуваліся, высыпалі пясок з чаравікаў і ішлі далей, пазнімаўшы з галавы і пазатыкаўшы за рамяні шэрыя пілоткі. А адзін хлопец невядома чаго аглядваўся на нашу хату — я стаяў у гародчыку — і раптам, убачыўшы мяне, спыніўся, замахаў рукою,— і я пазнаў Язэпавага Казіка. Усе пайшлі, а Казік усё стаяў, пакуль на яго не крыкнуў немец. Казік, не спяшаючыся, пабег даганяць усіх. За вёскаю, за крыжам яшчэ раз аглянуўся. Ён, мусіць, ведаў, што яго гоняць туды, дзе, як цяжкі і моцны гром, варочалася вайна.
Праз Камароў кут, наўпрасткі праз жыта, у мястэчка беглі бабы ў доўгіх шырокіх спадніцах, у белых кофтах, распусціўшы валасы, без хустак і неслі назад хто што — аконныя рамы, мяхі з нейкім пажыткам, вялікія блішчастыя банкі — гэта, казалі, з маргарынам.
У мястэчка пайшлі і мы. Там ужо не было немцаў. На вакзале ўвесь перон быў засыпаны раструшчаным шклом і навушнікамі, якія, мусіць, надзявалі немцы, каб не аглухнуць, калі падрывалі вадакачку,— цяпер там ляжалі адна на адной цэментавыя груды з голымі пакручанымі прэнтамі, вялікія, як валуны. У вакзале, у пустой і голай пачакальні,
дзе мы збіралі раскіданыя ружовыя білеты і нейкія квіткі з сінімі палоскамі наўскасяк, я ўбачыў раяль, той самы, з нашай школы, цяпер ужо з аддаманым вечкам, з выбітымі клавішамі, а нехта, нябрыты, рыжы, з пераламаным брылём у шапцы, хадзіў па ім з нагамі і выкручваў у акне блішчастыя прабоі і зашчапіцы.
У Камароў кут мы неслі поўныя кішэні патронаў і цэлыя звязкі ружовых білетаў і гаварылі, што скора прыйдуць нашы, і радаваліся.
Назад у вёску з мястэчка перабраўся Язэп.
Назаўтра раненька, выганяючы ў поле, мы ўбачылі, як у мястэчка канаваю ля шашы пабег, прыгнуўшыся, немец без шапкі, мільгаючы босымі нагамі, убачылі, як па жыце каля грудкоў беглі нашы салдаты. 3 рэдкага хвойніку выехалі дзве машыны, нешта пацягнуўшы за сабою на грудкі, пэўна — гарматы,— і потым адтуль выстралілі — нізка на балотах, па алешніку двойчы пакацілася і адгукнулася рэха: нешта, як жывое, зашыпеўшы, паляцела ў мястэчка і там бухнула — усяго адзін раз. 3 хатаў выбеглі і сталі цікаваць бабы, не высоўваючыся з-за платоў, каб не застрэліла. 3 нашай хаты выбегла Гэлька і, падстулаючыся на пальчыках, стала глядзець туды, дзе жытам беглі чырвонаармейцы, і стала крычаць: «Нашы ідуць, нашы ідуць!» А мы цэлаю плоймаю паляцелі ў канец вёскі — там паказаўся коннік, мусіць, першы разведчык.
Пад вечар у вёсцы было поўна войска. У нас за гумном, на картаплянішчы, стаялі прыхаваныя наламаным алешнікам гарматы.
На другі дзень праз вёску, упрогшыся ў перадок, Язэп вёз Казіка — ужо нежывога, з запечанай ранаю вышэй брыва. Казік ляжаў на шырокіх дошках, прыбітых да перадка, абыякава адкінуўшы галаву і звесіўшы рукі, босы, і на вуліцу да Язэпа з усяго нашага канца ціхенька збягаліся бабы. Яны шморгалі насамі і ўсё нагіналіся да фартухоў і падалоў. А Язэп стаяў неяк перад усімі вінаваты, неяк усё адварочваючыся, каб не глядзець на Казіка. 3-пад шапкі
бруднымі рбгамі яму на вочы цёк пот. Ён выціраў яго рукою, неяк пачынаючы ад локця. I гаварыў — губы яго крывіліся і дрыжалі:
— Вунь каля Навасадаў... Ішоў хлопец дадому.
Толькі адна Гэлька не бегала глядзець Казіка, яна сядзела ў нас у хаце і глядзела праз акно, як разыходзіліся і плакалі бабы. Мая маці, вярнуўшыся, усё наракала на яе: «Гэта ж грэх, каб нябожчыка не паглядзець».
— Няхай, цётачка, я ўсё буду думаць, што ён жывы.— Гэлька ўсхліпнула і, закрыўшыся рукамі, выбегла з хаты ў сенцы і там плакала.
Назаўтра яна пайшла да Піліпа, мусіць, не чакаючы Цярэню.
На трэці дзень шашою недзе ў бок Наваградка нашы салдаты — можа, адзін на сто — гналі палонных немцаў. Канчалася вайна — мы пляскалі на каменнях чорныя нямецкія крыжы і прыколвалі да шапак выразаныя з жоўтых кансервавых бляшанак зоркі. Я насіў вялікую зашытую з аднаго канца, каб не звальвалася з галавы, вылінялую на сонцы пілотку.
Неўзабаве дадому вярнуўся Ясь Хрышчоны. Вярнуўся нямоглы, худы і, казалі, хворы на трасцу. Ён быў ужо дарослы і, крышку ачуняўшы ад хваробы, пайшоў у сваты да Піліпавае наймічкі Гэлькі. Мусіць, наватмелася быць вяселле, але Гэлька раптам, нечакана-негадана, з’ехала з нашае вёскі. Неўзабаве невядома куды падаўся Ясь Хрышчоны. Казалі, што ён паехаў шукаць Гэльку.
Скончылася вайна, толькі не скончылася маё і Лёнікава дзяцінства: на восень мы зноў пайшлі ў местачковую школу, у тую самую, у якой некалі стаялі немцы. Школьны будынак пабялілі нанова, а паласатую будку, што была каля варот, нехта зацягнуў аж за прыбіральню. Спаганяючы злосць на фашыстаў, мы ламалі гэтую будку і адракаліся вучыць нямецкую мову. Мы яшчэ былі дзеці, але ў нашых вачах стаяла вайна. Мы яе бачылі малымі, каб разумець і ненавідзець дарослымі.
Маці
Чалавеку заўсёды помніцца нешта нязвыклае. Некалі, едучы дадому, ужо за Наваградкам я ўбачыў зрэзаныя старыя бярэзіны — яны ляжалі каля шашы роўненька адна пры адной, так як яны і раслі, яшчэ з зялёным непрывялым веццем. Тут быў круты паварот — дарожнікі збіраліся выпраміць трохі і пашырыць шашу і зрэзалі гэтыя бярэзіны.
Але было нешта нязвыклае, што ты бачыш гэтыя старыя зялёныя дрэвы, тоўстыя ў камлях, ужо нежывыя, з нерухомым галлём, а там, дзе яны нядаўна стаялі, асталіся нізкія, яшчэ свежыя белаватыя пні, было нязвыкла, што тут, каля вёскі Шайбакова, змяніўся і неяк пагалеў свет.
Прайшло год пяць, але кожны раз, калі я еду дамоў і мінаю вёску Шайбакова, мне спамінаюцца гэтыя зрэзаныя бярэзіны — зялёныя, яшчэ не звялыя, што ляжалі ўпокат на зямлі, на сподзе душы зварухнецца той даўнейшы ачахлы боль.
Гэтак іншы раз мне спамянецца старая кабета, якую я стрэў у тралейбусе колькі год назад, калі я раптам убачу чый-небудзь нязвыклы, непрыгожы твар.
Забыўся, у якую гэта было пару, але пэўна ў раннюю зіму ці ў познюю восень, бо на кабеце сядзеў трохі выцвілы сіні бушлат з жоўтымі бляшанымі гузікамі, а на галаве была суконная хустка, закручаная тоўстым рагом кругом шыі.
Кабета сядзела згорбіўшыся на пярэднім сядзенні — тварам да ўсіх. Яна неяк нерухома і зацята глядзела сабе пад ногі, старыя яе рукі з набраклымі сінімі жыламі накрыж ляжалі на каленях, палец адзін у яе быў заверчаны белым лапікам, усё роўна як парэзаны сярпом на жніве. I яна шавяліла гэтым заверчаным у белы лапік парэзаным пальцам, як варушыць пальцам хворы чалавек, лежачы на Божай пасцелі і думаючы пра блізкую смерць.