• Газеты, часопісы і г.д.
  • Раяль з адламаным вечкам

    Раяль з адламаным вечкам


    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 526с.
    Мінск 2016
    101.9 МБ
    Калі памерла Марцінава жонка — я не помню.
    Дзікуцеў хутар быў вясёлым месцам: за хвоечкамі, дзе крута абрываўся бераг, цякла і рабіла свой заварот плыценькая рэчка; раніцаю, змялеўшы, вада перакочвалася па пяску, не займаючы нават купіны з расою, і калі глядзіш на іх у гэтую пару, здавалася, што нехта высунуў з рэчкі галаву і да яе ліпнуць доўгія валасы. Старая алешына з колам на вяршку (мусіць, зацягнуў Марцін для буслоў, але
    на ім крычалі, аж давячыся, вароны) берагла гэты грудок ад паводкі.
    За рэчкаю жаўцеў поплаў: улетку — ад курачае слепаты, увесну — ад пяску, што наносіла вадою. I нехта пасыпаў яго попелам, каб расла трава. Па пяску слаўся падбел, цвіў белымі чачоткамі, як у рабіны, крываўнік, і гнала ўгору асот — увосень ён быў што абсыпаны ватаю: вецер нёс адтуль на наша поле лёгкія парашуты. За нерухомымі купамі вербаў, за маладым алешнікам на другім і грудку бялелі атынкованыя местачковыя хаты, чуўся нізкі сыраваты грукат цягніка, раптоўны крык гусей і тоўсты голас рэпрадуктара, быдта гаварыў нехта высокі, велічынёю да неба.
    I цяпер, бывае, пачуўшы далёкі голас з рэпрадуктара, я ўспамінаю поле, траву ў скалках расы, ад якое шчымелі і заходзіліся ногі, белыя атынкованыя домікі, што былі за маладым алешнікам, і Марцінаву хату.
    У ёй я быў усяго раз — спамінаецца — улетку, як нажалі жыта, пазвозілі з поля снапы і браліся касіць гарох. На нашым іржышчы паднялася трава, а ў Марціна яшчэ ўсё стаяў зажаты загон — жыта, пэўна, пераспела і асыпалася.
    Я пасвіў тады на ржышчы карову, пільнуючыся, каб яна не ўскочыла ў Войнаву канюшыну, што ўжо густа закучаравілася на пакошы маладою атаваю: на другі бок нашае «дзялкі» было поле Клемуса Войны.
    Клемуса я пабойваўся, бо аднаго разу, калі мая карова сцягнула з яго мэндля сноп-шапку, невядома адкуль узяўся гаспадар, трымаючы ў руцэ бізун з чорнай плеценай ручкай і чырвонымі кутасамі. Я гэта ўбачыў потым, а спярша ўчуў, як нешта раптоўна, нібы лінулі кіпятку, апякло маю шыю, потым плячо — на ім нешта з тыдзень не сходзіла, наліваючыся, што жоўцю, сінявата-цёмная пісяга.
    Клемуса Войну недалюблівалі ўсе: у часе вайны ён загадваў бэнээсаўскім’ складам, куды немцы звозілі яўрэйскае рыззё, і, казалі, набраўся золата. He ведаю, праўда гэта ці не, але што ён неяк адразу пасля вайны прынёс
    1	БНС — беларуская народная самапомач; нацыяналістычная арганізацыя, якая дзейнічала ў гады акупацыі.
    дадому грамафон — помню: кожнае нядзелі Клемус Война адчыняў акно, закідваў на вяровачку край фіранкі і заводзіў грамафон — мы, дзеці, сабраўшыся на вуліцы, бачылі толькі карычневую трубу, падобную на вялікую засохлую кветку мальвы.
    Седзячы на мяжы, я назіркам паглядаў на карову і пароў чмялёў — яны, вялікія, чорныя, з жоўтымі паскамі, ляцелі сюды і лезлі ў норку пад чубком сухаватае травы: пад мяжою было іхняе гняздо.
    Я падняў галаву і ўбачыў: над мястэчкам стаяла цёмная хмара з папяловымі краямі — кругом зрабілася сцішана і жаўтавата, як на шарай гадзіне, і стаяла духата, як накінулі на цэлы свет радзюжку. Хмара, варочаючыся клубкамі, ішла сюды, проці ветру: над мястэчкам каля шашы ўставалі аж да неба жоўтыя косы пылу. Я ведаў, што папяловая хмара — на град. Раптам вецер сціх, зрабілася страшна — са сполаху цвыркнуў і нізка паляцеў над полем жаваранак. Косы жоўтага пылу пацягнуліся на поплаў, і нечакана дыхнула скразняком і холадам, аж палягчэла. Карова падняла галаву і стала трывожна нюхаць вецер. Рэдка, нібыта і не хацеў, пасыпаўся град. Буйныя, велічынёю з арэх, калівы граду зашасталі па сухім іржышчы, заскакалі па сцежцы, нібы хто кідаў іх, забаўляючыся.
    Карова згорбіла спіну, закруціла галавою — па вушах яе, мусіць, сек град — і пабегла пад Марцінаву хату. Туды, пад хату, бегла і Дзікуцёва дачка — вецер сарваў з яе галавы і панёс па полі белую хустку.
    Хмара ішла пры самай зямлі — там нешта шумела, гуло, як гарачыя каменні ў дзежцы з вадою. Ужо не было відаць местачковых хат, алешніку на поплаве — там стаяла шэражоўтая сцяна. Толькі два галубы, кідаючыся ў бакі, ляцелі туды, дзе яшчэ, як радасць, сярод цёмных хмар яснела неба.
    Холадам у мяне па спіне прабег страх — я кінуўся пад Марцінаву хату, а за мною вецер каціў па ржышчы бярэма скошанага гароху.
    А там, пад мястэчкам, над поплавам грымела, раўло, нібы ламалася і падала на зямлю вялікімі крыгамі неба. Мне
    зрабілася страшна: я ўспомніў — казала маці,— што калі на зямлю ўпадзе хмара, то на тым месцы паўстане мора.
    Град пабольшаў. Ён моцна сек мне па костачках, па пятах, і раптам па галаве востра трупнула, і было чуваць, як адскочыла вялікая, з курынае яйцо, градзіна — я аж спатыкнуўся і адчуў, як на галаве пякучай гарачынёю наліваецца гуз.
    Я дабег да Марцінавай хаты і стаў пад страху: па сцяне грукацеў, нібы перавярнулі воз з каменнямі, сіняваты, што выліты са шкла, град. За вуглом стагнаў, аціхаючы, нібы клаўся там спаць, а потым тоненька скавытаў, як што яго раздзірала вялікімі кіпцюрамі, і недзе ляцеў, бэрсаўся са страшэнным свістам вецер.
    Карова, панурыўшыся, стаяла пад страхою і тулілася задам да сцяны — яе даставаў град.
    У Марцінавых сенцах нешта шкраблося па дзвярах, дзынкала клямкай — мусіць, яе лапамі даставалі сабакі; і раптам дзверы адчыніліся, аж я струпянеў — з сенцаў выткнуў галаву Марцін Дзікуць:
    — Ідзі ў хату, страшна ж адному?..
    Адганяючы сабак, Марцін упусціў мяне ў сенцы. Паклаў на маю шыю сваю руку — яна была цеплаватая і шорсткая, як тарка,— і падштурхнуў у хату.
    — Ідзі, ідзі, не бойся...
    У хаце яшчэ стаяла сухаватая, напараная сонцам духата і было цемнавата. I з гэтай цемнаты, з ложка на мяне цікавалі Марцінавы дзеці — вочы іх сцішана блішчалі. На калодзе сярод хаты сядзеў Клемус Война — сагнуўшыся, раскарачыўшы высокія калені; босыя ногі яго былі шырокія, як лапці. Ён маўчком, не паднімаючы галавы, зірнуў на мяне, і ў яго апечанай, з белымі лішаямі руцэ я ўбачыў бізун — той самы, з плеценай ручкай і чырвонымі кутасамі.
    — Гузоў не насадзіў, кажу, град? — спытаў Марцін, прымошчваючыся каленьмі на лаву і ўзіраючыся ў акно.
    Я толькі цяпер учуў, як у мяне шчыміць, расце, сцягваючы на галаве скуру і, здаецца, паднімаючы шапку, гуз.
    — Нічога, пакуль жаніцца — загаіцца! — сказаў Клемус Война і раскруціў доўгі бізун.— Тут во — без хлеба астанёмся. Малоціць, як цапамі, саб’е ўсё.
    — He грашы,— ціха сказаў Марцін і ссунуўся з лавы,— ты жыта нажаў.
    — А ты што — лічыш чужое? — Война падняўся з калоды — цёмны, як хмара, высокі, аж дастаючы галавою да бэлькі.
    Марцін стаяў каля яго дробненькі, быдта дзіця.
    Востра і пякуча кальнула ў вочы маланка — недзе блізка, з ляскам, як у камень, стрэліў пярун, потым з грукатам пачало ламацца неба.
    Марцін скоранька і тройчы перахрысціўся.
    — Ты, брат, як маленькі...— зарагатаў, але адышоўся ад акна Клемус Война: зноў мільганула і, здаецца, зашыпела за акном маланка.
    А па сцяне ўсё цвёрда грукацеў град.
    На гарышчы нешта трашчала — ці не кроквы — і ў коміне грукалася юшка і жаласна, тоненька выў вецер — нібы хто залез на страху, усадзіў у комін галаву і страшыць.
    Ужо замакрэлася над ложкам столь — пачалі налівацца і, расцягваючыся, падаць кроплі вады і потым тоненька задзынкалі — дзеці прынеслі і падставілі чыгунок.
    Град зашоргаў па шкле — вецер павярнуў у вокны, хмара варочалася назад. Па рамах білі, як палкаю, і раптам, як незнарок, патрапілі па шкле — шыба напята лускнула,— на лаву, суха звонячы, пасыпалася шкло: нібы ў прорву хлынуў і холадам заліў хату вецер.
    Марцін схапіў з ложка падушку і, трымаючы яе за адзін рог, падбег да акна і заткнуў шыбу.
    Але град ужо радзеў, толькі са страхі густа, быццам хто, абмыўшы, яшчэ апалоскваў яе, чуваць было, лілася вада.
    На дварэ, калі мы выйшлі з хаты, стаяў белаваты і нерухомы, хоць ты разводзь яго рукамі, туман. Недзе рыкалі, нібы тапіліся ў ім, каровы. Мая стаяла каля Марцінавае хаты, тыцкаючыся пысаю ў град — нюхала. Яго нападала аж па костачкі, і ён шоргаў пад нагамі, як шоргае
    сцукраваны напрадвесні снег. 3 граду вытыркаліся сцябліны зломанае ў каленцах саломы — гэта там, дзе быў загон Марцінавага жыта.
    Марцін у драўляных выдзеўбленых шлэбах с накарэлым на іх зеленаватым гноем пасунуўся да загона. За ім, абнюхваючы яго сляды, беглі сабакі. Марцін пастаяў перад жытам і, не скідаючы шапкі, моўчкі перахрысціўся.
    — Хрысціцца, а святым духам жыць не будзе. Кавалак гультая. Цьфу! — Война плюнуў і адышоўся ад парога.— Усё тут аблатошыць, аб’есць, як вусень.
    I Война пайшоў, гразнучы ў хрусткім градзе, і ўжо крыкнуў, каб чуў Марцін:
    — Ого, ліха яго матары, пячэ як прыскам!
    Ён пастаяў на адной назе, падгінаючы другую, як бусел, і сказаў яшчэ:
    — Пайду гляну, што там робіцца ў мяне.
    I пайшоў, схаваўся, як за якою сцяною, за туманам.
    Я адагнаў ад сцяны карову. Яна падняла вушы і пабегла на дарогу, кіруючыся дадому — там яе чакала кожны раз радзюжка зелля.
    — А куды ж ты? — аклікнуў мяне Марцін.— Крый бог, прастудзішся...— і падышоў да мяне, сунучы шлэбы: яны звальваліся ў яго з ног.— На, вазьмі, заўтра прынясеш,— Ён выступіўся з іх і адышоўся пад сцяну — там зелянела сухая трава.
    Я ўсунуў ногі ў шлэбы, усё роўна што ў пячоркі — нагрэў Марцін.
    3 акна, уткнуўшыся ў шыбы і расплюшчыўшы насы, на мяне глядзелі яго дзеці, і да самае дарогі бег чорны, з жоўтымі кропкамі пад вачыма і тыцкаўся ў маю руку сабака, пакуль яго не паклікаў Марцін:
    — Цю-цю, на, цю-цю, на...
    — Баба, у руж’ё! — гукнуў чалавек у суконным фрэнчы.
    Дзябёлая, шырокая ў крыжы кабета паднялася з месца і, чапляючыся капачом за сядзенні, вылезла з аўтобуса.
    А я глядзеў на чалавека ў суконным фрэнчы — ён пусціў з рук сучачку, і яна дробна бегала па канаве — і думаў,
    што ёсць на свеце дзіўнаватыя людзі, нездароўча чулыя да ўсяго і толькі, мусіць, нядбайныя да сябе.
    Аўтобус тузануўся, з перабоямі і натугай загуў матор — мы паехалі; чалавек і кабета хаваліся з вачэй. Аўтобус выбраўся на грудок, мінаючы з боку шашы могілкі з трыма хвоечкамі — на камлях высока не было галля, нібы хто сашмаргнуў яго вялікаю рукою, пакінуўшы толькі макаўкі.
    Шафёр скінуў газ, і аўтобус ціхенька, дзе часам падскокваючы на ямках і бразгаючы жалезным нутром, пакаціўся ўлагчыну і раптам затрубіў, сцішаючы ход: сярод шашы стаялі спутаныя коні, адзін на аднаго паклаўшы шыі. Было Кашалева — дадому асталося кіламетраў дванаццаць. На нечым хлеўчыку ляжалі доўгія і рабаватыя, як парасяты, гарбузы. На акне цвіў высокі, што куст, агеньчык — і нейкая чырвоная радасць была ад яго. Голы да пояса хлопец, што правіў ганак — прыбіваў з аднаго боку белую абструганую дошку,— аглянуўся, згледзеў коней і, кінуўшы сякеру, падбег да шашы, замахаў абедзвюма рукамі, як ганяючы курэй: коні, задзіраючы галовы і збіваючыся адзін на аднаго, сышлі ў канаву. I аўтобус зноў нехаця завуркатаў: зноў быў грудок, была відаць вёска, уся, як на далоні, і за ёю — пад цёмны, завешаны рэдзенькаю сінечаю лес — доўгія будынкі, кароўнікі ці стайні, над імі громаадводы з растапыранымі лапкамі на вяршку, як што шчупаюць угары, і над вёскаю, высока ў небе, пад белаватаю набрынялаю хмаркаю трапечуцца і ўсё вісяць на адным месцы два галубы. I мне зноў спамянулася тое лета, што было даўно, град, што пабіў на маладым алешніку кару — яна нават адстала на камлях з таго боку, адкуль ішла хмара. Спомніўся Марцінаў хутар і дзікі голуб...