Раяль з адламаным вечкам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
вобруць каля мокрых, у зялёнай пене цугляў.— Цяпер парцянога нямашака, усё гэтая танюсенькая крамніна.
Ён даў каня назад — задзіраючы галаву і спатыкаючыся на парозе, аж асядаючы на воз, конь задам выйшаў з хлява.
Маладзіца зачыніла хлеў і пайшла наперадзе каня; каля ганка, каля місы нагнулася, узяла жменю вады і абмыла з лыткі гразь.
Кароль выехаў з надворка і спыніўся за мастком на вуліцы — зачыніць браму.
— He мардуйцеся, я сама...— сказала маладзіца, ідучы да брамы.
— To добра,— крыкнуў Кароль, усаджваючыся ў палукашку на мяшок.— Скажыце свайму, што на днях прыеду.
— Ну ле, скажу,— Яна стаяла ў расчыненай браме. Пад нагамі ў яе, як нанава адскочыла, зелянела трава.
Кароль ад’ехаўся і аглянуўся: яна яшчэ ўсё не ішла ў хату, каля чорнага плота была знаць яе белая хустка.
Свежаю шалёўкаю здалёк жаўцела сухая сцяна Красоцкавай хаты.
Стары Кароль думаў пра маладую Красоцкаву жонку і пра тое, што яна рыхтык тая бежанка.
Скрозь у хатах сохлі запацелыя вокны. На пустым дворышчы валтузіліся дзеці, білі нагамі мячык, што, мусіць, паляжаў на гарачай печы — бок у яго ўваліўся. Бортнікавай дачкі з козамі не было. I Каралю зноў успамянуліся тыя пазычаныя тры рублі. Падумаў, што грэх адзін — прапіць, і не скіраваў на дворышча, паехаў вуліцаю: так бліжэй было да сталоўкі.
Конь плюхаў па лужынах: вуліцаю з грудка яшчэ сачылася вада, у калдобіне, дзе яе назбіралася многа, круцілася пена і плавала леташняя салома. 3 каня ішла пара, ён яшчэ добра не высах.
Перад вачыма ў Караля ўстаў Бортнік.
Было шкада, што Бортніка нямашака на свеце,— як шкада дрэва, што расце пры дарозе і яго зрэжуць.
За дворышчам стаялі новыя хаты, і Кароль ужо не ведаў чые,— людзі будаваліся хто адкуль і хто як мог. Хаты былі
са шпуру, з новага і старога дзерава. На шэрай абмошанай сцяне з жоўтымі шуфлядамі ў вокнах яшчэ без рам былі знаць крэскі ад сіняе крэйды — нехта перавозіў і перасыпаў стары будынак.
Хаты стаўлялі ўжо і на тым месцы, дзе за польскім Macaw быў свіны рынак, а вайною вучыліся нямецкія салдаты: джаламі на ружжах блішчалі шырокія багнеты. У Караля тады аж адарвалася ўсё ў грудзях — ён ледзьве не насунуўся на гэтакі багнет. Перад ім стаяў немец, маладзенькі, і зубы белыя і роўныя, як не свае,— ён рагатаў, наставіўшы на Караля ружжо. Кароль ішоў глядзець Хоневу хату. Яна стаяла ў канцы свінога рынку: яшчэ новая, дзеравіна ў дзеравіну — адна смаліна.
Немец кіўнуў галавою — паказаў ісці назад, але Кароль не паспеў адысціся: ніжэй паясніцы ў мякаць упіўся і аж, здаецца, застаўся там сядзець багнет. Салдатня душылася ад смеху.
Рана гаілася доўга, бытта ўкусіў сабака. Кароль і прыкладваў яе дзіваннай — лякарствам ад шалёных сабак — зеллем, што расце на выгарах у лесе: жоўтыя кветкі на тоўстым стрымбулі і сівае, як у лопуха, лісце.
У Хоневу хату ён не перабраўся, хоць свае не меў — згарэла, як немцы палілі вёску. Жыў у мястэчку: пуставалі казённыя дамы.
Сюды да яго і прыходзіў Хоня. Прыцемкам адлучыўшыся ад купы, калі яўрэяў гналі ўжо з работы з тартака назад у «гету». Хоня і казаў тады Каралю, каб пераходзіў да яго ў хату: «Жыў буду — змірымся, памру — табе застанецца».
Твар у Хоні быў жоўты і як набрынялы — чалавек пух ад голаду. Кароль насыпаў яму торбу грэцкае мукі, але ад хаты адкаснуўся: баяўся немцаў. I цяпер яна стаяла як новая, на два канцы, з высокімі, у тры шыбы, вокнамі і накрытая бляхаю. Каля коміна ўжо завязвалася ржа — зімою тут грэўся і раставаў снег.
«Не свая, нікому не абыходзіць».— Кароль заварушыўся ў палукашку: пачала муляць торба і недзе казыталася салома. Кароль укленчыў, перавярнуў торбу на другі бок, сеў
на яе і зноў пачаў думаць пра Хоневу хату. Яна была яму як свая, і яго брала радасць, што Хоня нікому, а яму аддаваў гэтую хату. I ён нават убачыў, як жыў бы тут з бежанкаю і як яна цвёрда ступала б босымі нагамі па чырвонай падлозе. I Каралёвы думкі набеглі зноў на ўсё брыдкае і маладое. Сонца даймала праз фуфайку, нібы хто прыклаў да спіны нагрэтую і закручаную ў анучу цэглу. Кароль расшпіліўся, але фуфайкі не зняў. Прыпякала, і зноў як на дождж.
Кароль завярнуў у вузкую, двум вазам не абмінуцца, папярочку і выехаў на шашу.
Конь пайшоў барзджэй. Тут быў асфальт, яшчэ мяккаваты і тлусты — днямі залілі. Вада збягалася на ім, бытта на патэльні. Бабы, што ўжо варочаліся дадому з пустымі бітонамі, закручанымі ў белыя радзюжкі за плячыма, ішлі сярэдзінаю шашы, ляпалі босымі нагамі па тлустай смале. Ногі ў іх запырскаліся аж да каленяў.
Кароль мінуў доўгі плот і спыніўся на другі бок вуліцы, каля белага дома з высокімі цэментовымі ўсходамі. Злез з воза, кінуў пад ногі каню сена, закруціў за частаколіну лейцы і падбег да цэментовага ганка.
Мажная дзяўчына ў белым, забруджаным на жываце фартуху, не знімаючы з прабоя рукі, выпусціла са сталоўкі дробнага, сабе па плячо, мужчыну.
— Абед, дзядзька,— сказала Каралю і грукнула дзвярыма.
— Во-во, паненачка, я ж на абед і прыйшоў.
— Чытайце, там напісана,— сказала яна ўжо з-за дзвярэй.
— Але пісаным не кормяць...— Кароль шлёгнуў пугай па высокай, збэрсанай каля плота траве і перайшоў вуліцу, у магазін.
Дзверы былі расчыненыя. 3 магазіна нясло духатою і селядцамі. Кароль зайшоў — астатнія з чаргі аглянуліся. Каля прылаўка цярпліва парыліся адны бабы, і ўсе, мусіць, па цукар — падаспелі ягады. Пярэднія выварочвалі і вытрасалі палатняныя торбы.
Кароль абвёў вачыма паліцы: на ніжняй стаялі адны чорныя бутэлькі.
— А свянцонае няма?
— Сёння і без яе не вытрываць, варыць, што ў печы,— азвалася не прадаўшчыца, а некаторая з чаргі.
— Толькі віно.
— I на памін душы?
— Я ж кажу — толькі віно! — крыкнула цераз баб прадаўшчыца.
Ён падняў вочы — на верхняй паліцы, пад столлю, над ходзікамі з зялёнымі шышкамі-гірамі, стаялі кірзавыя боты. Падумаў, што на восень трэба было б купіць.
— А там каля бальніцы ў «орсаўскім» яе колькі хочаш, я нат узяў,— голас нападобе быў як Восіпаў. Кароль скалануўся, бытта за пазуху кінулі жабу.— Я жтолькі адтуль,— гаварыў ён, Восіп, але Кароль не абярнуўся, глядзеў на паліцу.
— I няўжо будзеш судзіцца? — Кароль глянуў цераз плячо. Восіп ужо быў перабінтаваны, верхняя губа раздулася, як укусіла аса, на кончыку вуха лушчылася запечаная кроў — добра не абмылі.
— Казалі, год-два мецьме.
Кароль пайшоў уздоўж прылаўка, усё цікуючы на паліцы, знарок, каб не глядзець на Восіпа.
— To, можа, падвязеш? — Восіпаў голас засціг яго на парозе.
— Я ж толькі з дому,— ужо знадворку змахляваў Кароль і так і не абярнуўся, выйшаў з магазіна.
Конь падбіраў сена, пад возам грабліся куры. Кароль зняў з частаколіны лейцы і выкіраваў каня на сярэдзіну вуліцы.
За магазінам кончыўся асфальт, пайшоў брук — воз ляскаў і калаціўся, у Караля аж казытала ў вушах.
Пахла смаловым карчом — курыўся, як куча свежага гною каля хлява ўвосень, ссыпаны горбаю асфальт. Залівалі ходнікі, уздоўж плота было насыпана бітае каменне. Цыган, без рубашкі, у рукавіцах, спечаны на сонцы, стаяў на каленях і рассоўваў дошкаю чорную горбу. Другі — без шапкі, русавы, з завушніцай у вуху — сядзеў у цяньку пад плотам, трымаў між каленяў збанок, бразгаў у ім лыжкаю — палуднаваў.
5. Зак. 1877
«Нябось, і іх цягне на сваё...» — падумаў Кароль пра цыганоў і ўспомніў, як вайною стаялі іхнія абедзве пустыя хаты — акурат дзе цяпер сталоўка. Нехта павысаджаў у вокнах рамы і разбіраў столь: адтуль вісела, зачапіўшыся рукавом за цвік на гарышчы, старая адзежа. Здалёк выдавала, як хто павесіўся. Цыганскія хаты прадаваліся, і нат сходна, і нехта, мусіць, купіў, а ён, Кароль, рабіў сваю, хоць з маладнічыны — яшчэ стаяў гектар пасажнага жончынага лесу. Цягаў на плячах — конь быў потым: немцы кінулі каля вёскі кульгавую бельгійскую кабылу. Тады яшчэ быў дужы, хоць якое там было дзерава — жэрдкі. Але буду зляпіў, абы выбрацца з мястэчка. Немцы выганялі з казённых дамоў.
Ззаду затрубіў аўтобус, Кароль з’ехаў убок і забыўся, пра што думаў.
Аўтобус дыхнуў скразняком і, асядаючы на запырсканы зад, скіраваў на прыпынак. Там зафыркаў, стрэліў сінім дымком і сціх. Прывёз адных баб. Адкуль яны толькі браліся — сыпаліся праз двое дзвярэй, і канца не было.
Кароль пазнаў толькі адну, у чорным сачыку, у сіняй суконнай спадніцы з белым шляком — тарціярку1, што некалі таварышкавала з жонкаю. Яшчэ вот жыве, а яго даўно зямлю парыць. Памерла недзе ў Польшчы, аж каля Лягніцы, летась, у такую пару — перад жнівом. Дачка дала «ціліграму», але ён так і не сабраўся: усё думалася — пакуль вырабіш той дакумент на выезд, пакуль даедзеш. Але адзін Бог рассудзіць. Дурны быў — на зямлю пагнаўся, браў старэйшую за сябе на дванаццаць год. А яна і тыцкала гэтай зямлёю. А потым, як прыйшлі нашы, усё баялася калгасаў. Ездзіла ў Гродна, вазіла нямецкую рудую паперку, што складвалася надвае і дзе была яе картачка і адціснуты ўмазаны ў чарніла палец. Гаварыла, што яна палячка. Хоць напісала на гэтай паперцы сама.
А тады, як ехалі людзі ў Польшчу, ён завёз яе сюды на вакзал, а сам з канём вярнуўся дадому. А куды ехаць — ад свайго не ўцячэш. Кажуць, добра там, дзе нас няма.
— Ну, кудэю ж ты едзеш?
1 Непадстрыжаная манашка, багамолка.
Кароль падняў галаву: конь ішоў каля самага плота, знайшоў мякчэйшае сам — не наравіў брук.
Чалавек з новаю касою, абкручаны анучаю, сышоў з ходніка на сярэдзіну вуліцы. Кароль тузануў левую лейчыну, конь спатыкнуўся і збіўся з хады. Воз затросся на бруку. У Караля нешта павярнулася ў грудзях, парнула, што швайкаю, і не адпусціла. «Трэба паказацца дохтару»,— Кароль сагнуўся, прыціснуў рукамі грудзі і падкурчыў ногі. Трохі адлягло.
За пераездам кончыўся брук: па драбінках сек шротам сыры пясок. Воз перастала трасці — Каралю палепшала. Пах жвір з пустое вуліцы і аднекуль дым, моцны і горкі. Мусіць, недзе на вакзале тлеў вугаль. I гудзеў матавоз, як вецер у пустую бутэльку,— ціха, аж не чуваць, бо далекавата.
Кароль быў ужо ў канцы мястэчка.
Хаты стаялі на адзін бок вуліцы, і ў некага на надворку зелянеў загон позняга жыта — выплываў толькі колас. Нехта сеяў ярыцу.
Вуліца звузела, як хто яе чым перавязаў. Мястэчка кончылася, толькі слупы пабеглі далей, сценкаю між аўсом і нізкім жоўтым лубінам.