Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
Сценка ішла на груд. Было відаць хату — саламяны лоб страхі, як крылі даўней і не рабілі шчыта. Там недзе яхкаў сабака. Пачыналіся Ятранскія хутары — да вёскі была яшчэ добрая вярста. Крычала ўжо кнігаўка, падала ў адное месца над лубінам — за хатаю было балотца. Рыпелі гужы на аглоблях, як сухастоіна ў лесе, шоргала рэхва на задняй восі аб калодку, мякка ступаў конь, але Кароль не чуў — яму зноў спамянуўся Восіп. Тае пары, як ён, Кароль, стаў конюхам, а Восіп — брыгадзірам.
Кароль тады быў адзін на дзесяцёра коней і даглядаў не горш, як цяперашнія ўдвох — конюх з памочнікам. Тады ў Ятры і канюшні не было — коні стаялі ў Каралёвым гумне.
Зіма ў той год лягла на Пакровы. Пасля Каляд мароз стаяў, як звер, не адпускала нешта да самага Благавешчання. Коні пасля ночы стаялі ссівераўшы, што ссыпаныя снегам. Адзін і зайшоўся, маладзенькі: кашляў і чах даўно. Кароль
нат гарнікам1 яго паіў. Казаў і Восіпу, каб выпатрабаваў з раёна ветэрынара — мо паглядзеў бы. Але Восіп усё мок у гарэлцы.
А тады прывёў старшыню з участковым і кажа: «Тарасавіч, не карміў, глядзеў толькі свайго». А гэты Тарасавіч быў старшынёю (цяпер недзе ў раён пераехаў), аднекуль з-пад Гомеля, ці што, і ўсё маўчаў, як гэта не да яго. Хоць папраўдзе Кароль «свайму» даваў больш: жарабок ад тае бельгійскай кабылы быў як гара, хіба ж яму дасі менш. Але тады злыдзень пад'юшчыў: як трымаў Кароль вобруць у руках, так і сперазаў Восіпу па галаве — на брыве ў таго нахапіўся гуз велічынёю з арэх.
Можа, судзілі б, ды ўважылі па гадах — знялі толькі з конюха. А жарабка прадалі сюды, да Красоцкага. Восіп не папусціўся. Дома стала не ўседзець. Балазе Красоцкаму трэба быў яшчэ адзін анучнік — падраіў і замовіў слова Бортнік. А на конюха Восіп прывёў свайго швагра з Літаварцаў. А цяпер б’ецца з ім — нешта не падзялілі. Яшчэ і ў турму аддасць — на руках мае спраўку.
У Караля зноў пацяжэла ў грудзях, у роце сушыла, млявіла ўсяго, як ад гарачыні. Сонца стаяла жоўтае, у смузе. Падпарвала — яшчэ раз на дождж. Сценка ішла картоплямі: у глыбокіх разорах гуслі, што кісель, лужыны.
Паказалася вёска — першыя на грудках хаты і цёмныя напроці сонца дрэвы. Было знаць жыта, белае перад вёскаю — падгарэла. У гародах, нагнуўшыся, стаялі бабы: палолі зелле, кожная ў сваім, але Кароль іх ужо недабачваў.
Сценка спусцілася з груда, і было відаць балотца: гнуліся ў адзін бок і густа блішчалі сівізною вербы. Вецер хіліў асаку, як хто вялікі па ёй качаўся.
Над сценкаю снавалі ластаўкі, кідаліся над Каралём угору і, здаецца, сціналіся ў камяк ад вострага піску.
Конь слізгаўся па кіслай гразі, гразь пухкала і цягнулася за капытамі, як выхаджанае цеста. Пачалася лагчынка.
Пад жыта было сушэй, ад пяску, што нанясло ўвесну; па ім займалася рэдкая, без соку, што ў картаплянай яме,
1 Лекавая трава, купальнік.
трава. Пры жыце за калючым дротам нехта выйшаў пракос, прэла нерастрэсенае сена. У жыце яшчэ трымалася раса, зіхацела зеленаватай чырванню на падпаленых асцюках і сухаватым пер’і.
За атосы чапляліся каласы, сцябло пэнкала, аж звінела — каласы падляталі ўгору і падалі на каня. Конь туліў вушы і касіў галавою назад. Жыта стаяла лаваю — высокае, тоўстае ў сцябле, што троснік, хоць барану стаўляй. Дзе-нідзе палягло.
Кароль выцягнуў руку, злавіў саломіну, у кулаку астаўся колас — сашмаргнуўся. Колас пах блышчыцаю — мусіць, сядзела на ім. Кароль вылушчыў зерне, укінуў у рот і доўга лавіў на зуб. Зерне было мяккае і саладжавае — з малаком.
«Яшчэ не налілося, а тыдні два будзе спець. Яшчэ не скора жаць»,— падумаў Кароль, узіраючыся на жыта, далей ад балотца ўжо нізкае і рэдкае, зблізку жоўтае ад рамонку. Вецер хадзіў перагонамі, жыта шумела — паднімалася і аціхала. Варушыліся толькі каласы. Жыта было, як вада ў рэчцы: не слухаеш — не чуваць. I каля жыта рабілася свежа на душы, як каля вады.
На паўмежку ў рудым цвёрдым быльніку ляжаў камень. Ціха, як злодзей, з яго паплыў каршун, ляніва махнуў крыллямі. Згледзеўшы яго, недзе закрычала ўгары і завілася варона. Камень здаваўся такі самы стары, як і многа год назад; і стаяла на паўмежку пераспелая мятліца і пруткае сцябло быльніку — каля каменя адны чаранкі: нехта ламаў быльнік на венікі. А далей за каменем на паўмежку цвіла шыпшына — лінялі і асыпаліся кветкі. Гэтак, як і тады, калі Кароль меў тут на мяжы бежанку. I тады стаяла тут рэдкае, жоўтае ад румянку жыта, і вецер хадзіў перагонамі — жыта шастала, і яго было не чуваць, калі звыкнешся і не слухаеш. На шыпшыне ліняў і асыпаўся цвет — самая цёплая пара лета.
Недзе пад Варонежам тым годам стаяла суш: бежанцы ехалі ўсё сюды, за імі было не прабіцца. Кароль і сам не помніць, чаго быў тады на вакзале. Стаяў на пероне. Тады да Караля і падышла яна, босая, высакаватая, трымаючы
на голай руцэ сачык, у другой — цыратовую сумку, на якой лушчылася фарба. Адзежа на ёй была чыстая, як не ў бежанкі. Толькі па гутарцы Кароль пазнаў, што яна нетутэйшая, а прыгледзеўшыся, убачыў, што і тварам не гэтакая — круглейшая, і рот малы. I трохі жаўтлявая: у вачах чэз бляск. Казала, тры дні нічога не ела. Кароль завёў яе тады да Бортніка, накарміў, у вёску яны прыйшлі — хілілася на вечар. Але нанач яна не асталася.
— А можа, жыцьмем разам? — ён тады яе панаравіў, як не панаравіў нікога.
— Ніж ты не знойдзеш? — яна нават стала жартаваць і чапаць яго сама.
I Каралю зноў спамянулася ўсё брыдкае і маладое. I той надвячорак, і мяжа з цвёрдым быльнікам, і шэпт жыта, і змораная здаровая яснасць, бытта абнавіўся свет пасля гэтага.
А шарай гадзінай ён запрог каня, скінуў на воз мех жытняе мукі, торбу ячнае шатраванкі і паехаў з ёю ў мястэчка — павёз на станцыю.
Тае ночы не спаў: перад вачыма стаяла мяжа з быльнікам і шастала высокае, як троснік, жыта. У хляве грукаў конь, і Кароль уставаў і ішоў глядзець, ці не падвярнуўся. Слухаў, як нізка шумеў, аціхаючы за мястэчкам, цягнік, думаў, што недзе там едзе яна, і варочаўся ў хату.
А потым нешта з год кожная маладзіца падавалася бежанкаю — Кароль аж стаў баяцца. 3 часам страх ачах і выветрыўся, як попел. А бежанка ўсё помнілася, помнілася жыта і мяжа ў цвёрдым быльніку. Перад вачыма варушыліся каласы, во гэтаксама — не ад ветру, а ад ценжару, і шапацелі, як мурашкі, калі зачэпіш іхняе гняздо.
Кароль прыслухаўся: у жыце круціўся віхор, угары вілася салома і чорная, ці не ад вароны, перына. Шастала і трашчала сцяблом жыта. Было чуваць, як ступаў па чорствым, прышэрхлым пяску конь, як церла аб ляску задняе кола, як скрыгатала дзе аб камень шына.
Тут былі крушні — іх назносілі тады, калі сеялі канюшыну, яшчэ да калгаса. Воз паднімала, ён хіліўся набок
і тросся, як на бруку. У Караля дрыжала ўсё ўсярэдзіне, займала дух.
I раптоўна ў грудзях нешта млосна заныла і пацяжэла ад гарачыні. Кароль прыхіліўся да драбінак — воз падкінула, адарвала ад зямлі і ціха панясло, нібы труну на плячах. Гарачыня і шум хлынулі Каралю ў галаву. Ён намогся ўстаць, але рука ўжо не знайшла драбінку, пальцы сашчаміліся, і рука ўпала на грудзі. У вачах закружыўся, пажаўцеў і змерк, як перад зацьменнем, свет. I Кароль недзе паляцеў, што ў глыбокую прорву. I там зноў як сталася яснасць, і Кароль зноў убачыў жыта, сваё жыта, што некалі сеяў на жончыным пасажным гектары пры лесе. 3 краю палетка стаяла бежанка, трымаючы ў руцэ серп. Яна зажынала жыта. Кароль памкнуўся да яе, але бежанка прапала: каля жыта нехта стаяў з касою. Чалавек пашастаў мянташкаю, навастрыў касу і зачаў пракос: жыхнула, упілася ў жыта каса, каласы страпянуліся, замільгалі і пацягнуліся за касою.
Нехта касіў жыта. Кароль аж анямеў. Хацеў крыкнуць, але голас перасеў у грудзях. Кароль пашукаў вачыма камень і з гарачкі не знайшоў, так і пабег з голымі рукамі — жыта бэрсалася і сплятала ногі.
«Апомніся, што ты робіш?» — крыкнуў Кароль і не пачуў свайго голасу. Касец падняў касу — мокрую, з травою,— размахнуўся і ўбіў вастрыё Каралю ў грудзі...
Кароль прутка выцягнуўся і застыў на возе.
Конь выйшаў з жыта, пастаяў на пясчанай дарозе, падумаў, што тут няма травы, і пайшоў у вёску. А жыта хвалявалася, адлівала яшчэ зялёнаю саломаю — па ім хадзіў вецер.
* * *
Караля пахавалі крэўныя, на трэці дзень, без дачкі: яна адбіла тэлеграму, што прыедзе праз тыдзень. Хавалі па полудні. Дзень той выдаўся сухі і ветраны — ужо сенавалі. За труною ішлі ўсе з вёскі бабы, якраз збіраліся варочаць сена, ішлі з граблямі; ніхто не плакаў, усе пыталіся,
ці мецьме Каралёва дачка права спрадаць яго хату, бо ён, кажуць, пакінуў тастамант, каб хату аддалі нейкай кабеце з-пад Варонежа, з сяла Ганны. Другія казалі, што стары здзяцінеў, бо яго дачка таксама завецца Ганна.
Труну вязлі калгасным канём, Каралёвага Красоцкі завёў у мястэчка. У той дзень ён наймаў анучніка — русавага маладога цыгана з завушніцай у вуху. Яны згоджваліся ў Красоцкага — жонка сышла з хаты і рвала на паўмежку траву.
Шэрх вечар — закацілася сонца. Толькі там, дзе яно нядаўна было, асталося яснае, спаднізу ліловае неба. Паднімала вушы і хавала нанач свой цвет картопля. Ад зямлі цягнула холадам — на траву садзілася раса. Праз дробнае лісце чарэшні прабівалася цёмная, але яшчэ, здаецца, гарачая чырвань буйных ягад.
Кралася ціш, лёгка, як босая. I раптам заржаў конь. Жонка Красоцкага пастаяла на паўмежку, паслухала, ці не падалося, і, трымаючы абедзвюма рукамі хвартух з травою, пайшла ў хлеў.
Конь, задраўшы галаву, стрыг вушамі. У злым воку яго блішчала святло, што цадзілася з дзвярэй. Ёй спамянуўся Кароль. Конь апусціў галаву — ён думаў ці хацеў таксама думаць пра Караля. У загарадзі азваўся япрук. Яна высыпала туды зелле і выйшла з хлява. 3 будкі загрукацеў ланцугом і скочыў на яе сабака — яна адмахнулася рукою. На ганку спынілася, паслухала, што робіцца ў хаце. У хляве заржаў конь, нямоцна, як да свайго гаспадара. Ёй стала сцішна — яна падумала, што, мусіць, так плача конь.
Ёй зноў спамянуўся Кароль.
Хата
Мішка Галубец прадаваў хату. Купляў яе Самусь Дзедзіч — каваль з суседняе вёскі, што адмарозіў пальцы: некаторае зімы ішоў з запоін дадому і заснуў на ганку. Заснуў сярод ночы, а жонка, устаўшы, агледзела яго пад раніцу. Пальцы адціралі, але адцерлі толькі два вялікія.