Раяль з адламаным вечкам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
Цяпер Дзедзіч трымаў у куксах, прыціскаючы гэтымі двума пальцамі, жоўты складаны метр і прыкладваў яго да сцяны — мераў хату.
Мішка Галубец, без шапкі, у белай нейлонавай рубашцы, у модных, як носяць цяпер, з шырокім поясам і вузкаватых у сцёгнах штанах, і яго швагер — нізенькі, вастраносы, у даўгаватым, па калені, бушлаце,— стаялі сярод падворка, глядзелі, што робіць Дзедзіч, маўчком курылі.
На падворку сохла зацягнутая плесняю леташняя перапрэлая трава, і па ёй рэдзенькаю атаваю ўжо выпстрыкнула маладая. 3-пад пляскатага каменя, што быў каля парога замест сходцаў, ачуняўшы, лезла крапіва — яе тут ніхто не таптаў: хата пуставала ад пазалеташняе зімы, як памерла Мішкава маці.
У гародчыку ляжаў, скруціўшыся адным канцом, адрэзаны ад слупа электрычны дрот. Там, на няўскопаных градах, звінелі сухімі галоўкамі стрымбулі высокіх кветак, што сеяліся самі па сабе і цвілі да позняе восені: па іх у гэтую пору лазілі дробныя маладыя чмялі. Каля плота пачынаў зелянець чорны куст агрэсту. Толькі прысадзістая яблыня была яшчэ голаю: на вяршку трапяталіся скручаныя ў трубку леташнія лісцікі і вісеў зморшчаны, гнілы яблык. Пад яблыняю граблася чужая курыца: вецер раздуваў у яе каля хваста пух. На частаколіне сядзеў верабей, трымаючы ў дзюбцы белую перыну.
Мішка глядзеў на вераб’я — яму спомнілася, што вераб’і кожнае вясны вяліся ў акне за ліштвою, і Мішку стала шкада вераб’інага гнязда, хаты, гародчыка з прысадзістаю яблыняю: падумалася, што ён астанецца, як чужы, у сваёй вёсцы, калі разбяруць хату. Яму нават убачылася, як будуць раскрываць страху, як будуць кідаць сюды, на падворак, счарнелую гонту, і будзе трохі нязвыкла, што відаць увесь комін, як што жывое і голае.
А здаецца, саўсім нядаўна якраз тут, дзе цяпер стаіць Мішка, ляжалі ачэсаныя дзеравіны, пад іх хаваліся белыя з чырвонымі вачыма ангорскія трусы, і Мішка выпорваў іх адтуль, а пасля стаяў зруб, Мішка разам з дзецьмі бегаў па бэльках — тады зваліўся Косця Палусін і зламаў сабе руку.
— Так, восем на дзесяць,— сказаў Самусь Дзедзіч, хаваючы ў кішэнь жоўты складаны метр.
— To, можа, паглядзімо ўсярэдзіне,— Мішкаў швагер адамкнуў дзверы.
— Таргаваць — не купляць, можна і пашчупаць,— сказаў Дзедзіч, заходзячы ў сені.
Мішка прытаптаў акурак і нехаця пасунуўся за мужчынамі.
У хаце пахла сухім гліняным токам і збуцвелаю саломаю,— за грубкаю стаяў стары драўляны ложак. Над ім вісела, адклеіўшыся, на адным ражку, вокладка ад польскага «Экрана», тая самая, што некалі, прыехаўшы з Кранштата, павесіў Мішка.
Дзедзіч падышоў бліжэй, прыжмурыўся, і ў яго адвісла ад цікавасці ніжняя губа.
— Ого, яе лытка, праўда, што нікому не гідка! — сказаў ён, усё ўзіраючыся на здымак: з яго на Дзедзіча глядзела, павярнуўшыся трохі бокам і прыкрываючы рукамі грудзі, голая, у чым маці радзіла, Брыжыт Бардо.
— От свет настаў! — Мішкаў швагер сарваў са сцяны вокладку.
— Кажаш, свет настаў, што ні палажы, ні пастаў? — Дзедзіч закруціўся на адным месцы, аглядаючы хату. У ёй было гола. У сцяне сядзелі цвікі, дзе некалі вісела рамка з картачкамі і цьмянае з падцёкамі люстэрка — Мішкава сястра пазабірала ўсё да сябе. Толькі ў покуці астаўся абраз і за ім пучок закуранага зелля з сухімі жоўтымі галоўкамі, мусіць, піжмы, і на акне стаяла бутэлька ад рому, які купляў Мішка знарок ддя маці — пакаштаваць, але яна выпіла паўчаркі, папярхнулася, сказала, што надта моцны, што забівае дух, і схавала сабе на лякарства, а потым прызналася, што націрала ромам ногі і ён вельмі ж добра памагаў ёй.
— Ну, як і дагаварыліся,— сказаў Дзедзіч, задраўшы галаву і гледзячы недзе на столь,— тры з палавінаю...
— Ланна,— махнуў рукою Мішка.
Швагер, схаваўшыся Дзедзічу за спіну, заплюшчыў вочы і закруціў галавою: не згаджайся!
Мішка знарок, быдта і не бачыў, што яму маргае швагер, адвярнуўся ў другі бок.
— Я табе скажу, хлопец,— загаварыў Дзедзіч, махаючы куксаю: адзін вялікі палец тырчаў на руцэ, усё роўна як сук на абсечаным камлі,— якая тут хата: падчапі на верацяно і растрасеш, як кудзелю.
— Ты ўжо, дзядзька, тань, але тавару не гань,— умяшаўся Мішкаў швагер.
— А болей ніхто і не дасць,— Дзедзіч піхнуў плячом дзверы, выходзячы з хаты,— дзерава маладое — год-два і струхлела, гэта не тое што смаліна, на якое і зносу нямашака.
Мішка выйшаў у сені, пастаяў, падумаў, што вот астатні раз стаіць у сваёй хаце, паглядзеў на цёмную дзірку ў столі, зняў з прабояў кароценькія драбінцы, прыставіў да сцяны і палез на гарышча.
— А ты лепшае не адзеў бы, каб пэцкацца ў пыл? — спытаўся, крыкнуўшы з падворка, швагер.
— Няхай паглядзіць. Чаго ты? Можа, і ў яго двайны шчыт, як у таго Мухі,— тоненька, як бабскім голасам, засмяяўся Самусь Дзедзіч.
3 гарышча Мішка чуў, як Дзедзіч расказваў швагру пра нейкага Муху, што ў шчыце хаваў мануфактуру — было гэта вайною,— і ён, Дзедзіч, разбіраючы Мухаву хату немцам на дровы, прынёс сабе кавалак сукна аж на тры каптаны.
Праз малюсенькае, у адну абалону, акенца на гарышча свяціла сонца, у яго жаўтаватым слупку клубкамі віўся пыл — Мішка хадзіў па гарышчы, столь рыпела ў яго пад нагамі, і яму спомнілася, што яна гэтак рыпела заўсёды, калі хто хадзіў па гарышчы, і ў хату са столі парушыўся пясок.
На гарышчы ўсё было, як і некалі: пад латамі тарчэлі старыя капачы, лапатка з кароткім, рашчэпленым чаранком, чачотка сухіх рабін, тонкія, мусіць, ад нічальніц, арэхавыя пруты, каля коміна стаяла матчына прасніца, скрыначка з рашпілем, абцугамі і цалёвымі ржавымі цвікамі, і зялёны з абшморганымі ражкамі куфэрак, у які Мішка каліта складваў свае кнігі. Мішка адчыніў вечка — зверху ляжаў задачнік па геаметрыі, і ён узяў яго ў рукі, пагартаў; на другі
бок жоўтае тонкае вокладкі ўбачыў свой роспіс — «Галубец». I Мішку зрабілася смешна, што ён гэтак распісваўся, спомніўся і здаўся смешным цяпер настаўнік матэматыкі, што замазваў чарнілам пазбіваныя ў туфлях перады і да самага цяпла насіў зімовую шапку, у ёй заўсёды стаяла і целяпалася «вуха»; спомнілася і яго мянушка — Грыц, якую яму далі дзеці: перад кожным словам настаўнік устаўляў «як грыцца». Спомнілася Мішку, як Грыц аднаго разу зайшоў да іх у хату — настаўнікаў тады пасылалі падпісваць людзей на пазыку.
Грыц пастаяў каля парога, сцягнуўшы з галавы сваю аблавухую шапку — у яго натапырыўся рэдзенькі чубок,— і спытаў, убачыўшы Мішку, ці не тут жыве бацька таго Галубца, што кепска вучыцца.
— Тутака,— сказала маці, раптам зачырванеўшыся і выціраючы аб хвартух закасаныя да локцяў рукі,— яна мыла бялізну: сярод хаты стаяла балея з напараным лугам, з балеі вілася цёплая, удушлівая пара,— Хто ж горай вучыцца, як не наш! Толькі бацькі ў яго нямашака, не прыйшоў з вайны...
Грыц абвёў вачыма хату і ўздыхнуў: жылі яны тады ў хлевушку. У адной, большай, палавіне стаяла карова, а ў другой, меншай, адгароджанай сцяною, з акенцам у чатыры абалонкі, жылі яны.
— Як грыцца, што тут скажаш...— Грыц папярхнуўся параю і высунуўся задам з хаты, нічога так і не сказаўшы пра пазыку. А ў школе злавіў Мішку за плячо, калі той дзеразаваўся на калідоры,— тады была мода граць у «жучка»,— адвёў ад купы і сказаў:
— На добрае цябе няма, а на благое ты скрозь першы,голас у Грыца быў тоўсты,— Чаму не вучышся? Няўжо думаеш і звекаваць у тым хляве? Прыходзь да мяне дахаты — памагу.
Але Мішка не пайшоў, пасля восьмага класа перавёўся ў вячэрнюю. Навукі там не было. 3 урокаў Мішка бегаў у местачковую лазню пад вокны глядзець на маладых настаўніц — там нехта знарок сашкроб на шыбе фарбу. Адным
вокам, праз дзірачку велічынёю з грош, Мішка бачыў, як у жаўтаватай ад цьмянае лямпы пары мільгалі белым целам кабеты. Там стаяў гоман, піск, маладжавы смех, плёскалася, шумела некім вылітая вада, дзынкалі парожнія тазы — лазня гудзела, як увосень багаты і людны кірмаш. А Мішка ўсё цікаваў у той куток, дзе паходжвала спрытная, цвёрдая і круглатварая, як маладая рэпка, іхняя хімічка. Мішку было брыдка, сарамяжлівасць мяшалася з радасцю.
Ён ішоў дадому, а ў вачах усё стаяла яна, як стаіць сонца, нейкаю залаціста-зеленаватаю яснасцю, калі ты на яго глянуў.
А потым у Мішкі было ўжо другое: былі ў яго і дзяўчаты, і ён, здаецца, любіў іх, а помнілася ўсё яна, настаўніца.
Днём Мішка хадзіў на чыгуначную станцыю прызарабляць: насіў з вагонаў у склад скрынкі з гарэлкаю. Пасля работы загадчык базы наліваў грузчыкам з разбітых, без горлачка, бутэлек па паўшклянкі гарэлкі і выпісваў па дваццаць рублёў. Дадому Мішка вяртаўся «пад мухаю» і прыносіў скамечаныя ў спацелай руцэ грошы. Было не да вучобы. На другую восень Мішка ўзяў даведку за дзявяты клас і паехаў у мараходку.
— Ну, чаго ты там швэндаешся, як чорт па пекле! — крыкнуў з падворка швагер.
Мішка кінуў задачнік у куфэрак, падумаў, што трэба будзе сказаць сястры, каб пазабірала ўсё, і пачаў спускацца з гарышча.
Дзедзіч са шваграм пералазілі ўжо праз калючы дрот, якім быў адгароджаны ад вуліцы падворак.
Мішка замкнуў дзверы і выйшаў на вуліцу. Прыпарвала. Купкамі каля плота кучаравіўся малады сіваваты палын. За плотам у чужых гародчыках пукаўся, набрыняўшы, бэз. Пахла разварушаным смеццем — людзі падграбалі і мялі падворкі — і халоднаю чэрстваю зямлёю з перакапаных град: была поўня, сеялі расаду. На нечым акне ў скрыначцы густою шчоткаю зелянелі ўжо цемнаватыя памідоры. На частаколінах цвіў жоўты лішай і пах ужо плесняю і вясною.
Дзедзіч гаварыў швагру, што ў іхняй брыгадзе пасеялі авёс, а Мішка Галубец ішоў ззаду, слухаў, і яму прыпаміналася нейкае далёкае лета — як маці жала авёс і як ён насіў на поле скручаныя з жытняе саломы і вымачаныя ў вадзе перавяслы.
За вёскаю на полі ўжо акрыяла і зелянела маладое жыта. У лагчынцы яшчэ стаяла вада — здалёк выдавала, што ў зямлі адкрылася прорва. Над жытам вілася і кігікала кнігаўка, усё роўна як плакала па сваіх малых дзецях.
Шваграва хата была ў канцы вёскі. Ад хаты да балотца спускаўся садок, абгароджаны ў тры драціны. На балотцы за голым і сіняватым алешнікам цвіла слепата, і недзе там турчаў, як хто ў вуха, туркач — на цяпло. Каля парога сохла высыпаная з ямы картопля, стаяў кошык парэзанае ўжо на насенне.
На падворку было чуваць, як стракатала ў хаце швейная машына. У акне Мішка ўбачыў сястрын твар.