Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
— Скора ж вы нешта? — спытала сястра, адчыніўшы дзверы і пастараніўшыся ад парога — першым у хату ішоў Самусь Дзедзіч.
— Доўга — умеючы...— сказаў швагер, распранаючыся і вешаючы на цвік салдацкі бушлат. На швагру была чырвоная ў белыя радкі паплінавая рубашка, тая самая, якую яшчэ аддаў яму Мішка, цяпер ужо з новым каўняром і ўточанымі рукавамі.
— Адзеўся б хоць,— сказала ціха сястра.— Нядзеля, каб гэтак хадзіць...
— Абыдзецца,— агрызнуўся швагер, убіраючы ў порткі чырвоную рубашку. Мішка ўбачыў, як у яго ад злосці пачало касіць правае вока, і Мішка падумаў, як сястра любіць яго, гэткага недалэнгага, малога, і як жыве з ім.
Сястра пачала ўпраўляцца каля стала. Мішка глядзеў на яе: сястра разбылася, твар папаўнеў, але быў маладжавы, толькі нейкая жаўтлявасць асталася ў ім: сястры, мусіць, яшчэ нездаровілася пасля родаў.
— А як жа ж Кася? — спытаў Мішка пра другую сястру, што завербавалася, як ён быў яшчэ малы.
— А ты добранькі, каб хоць бы напісаў ёй...
Сястра адчыніла пограб, спусцілася туды і дастала на падлогу графін падкрашанае чарніцамі самагонкі.
Мішка прыгадаў, што сястра Кася, прыехаўшы хаваць маці, расказвала, як муж ходзіць да нейкае правадніцы, п’е з ёю і, вярнуўшыся дадому, соваецца біцца.
— Няхай бы развялася...— сказаў Мішка, сам не ведаючы, добра ён радзіць ці не.
Сястра зачыніла пограб і паставіла графін на стол:
— Адна з дваіма дзяцьмі? Усё ж такі ён бацька ім...
— Такі ўжо з яго бацька! — зноў са злосцю загаварыў швагер, прыціскаючы да грудзей круглы бохан і наразаючы тоўстымі лустамі хлеб.
— Каб маці жыва была, то хоць дзяцей забрала б, а я ж хіба адна ці дам ім рады?
Спомніўшы пра маці, сястра зашморгала носам, скрывілася і, выціраючыся хвартухом, пабегла за перагародку.
— Вось абы-што, і — слёзы...— пакасіўся на занавескі ў дзвярах швагер, наліваючы чаркі.
Самусь Дзедзіч абхапіў абедзвюма куксамі сваю, выпіў і абцёр губы.
— Гарэлка не дзеўка, не саромеючыся п’ецца.
Дзедзіч махаў галавою, адкусваючы звялае сала, сківіцы ў яго варушыліся. Ён быў вясёлы і зноў жартаваў. Мішка глядзеў на яго і думаў, што папраўдзе мала ўзяў за хату.
Сястра вярнулася з-за перагародкі, трымаючы на руках дзіця.
— He быў бы то мужчына... Чуе, нябось...— Яна сіняватаю тонкаю ў запясці рукою папраўляла, падсоўваючы на галаве ў дзіцяці белую шапачку з карункамі.
Сястра села на лаве пры Мішку і, калі Дзедзіч загаварыўся са шваграм, ціхенька спытала:
— А колькі ж ён дае за хату?
Мішка сказаў.
— Малавата нешта.— Сястра паднялася і адвярнулася, расшпіляючы кофту і даючы дзіцяці грудзей.
Швагер адсунуўся ад Дзедзіча, закурыў. Закурыў Мішка, і Дзедзіч папрасіў папяросу, і ўсе сталі курыць, гаворачы зноў пра хату, пра раннюю вясну, пра тое, што раскрылася зямля, бо некаторага дня грымела, але на голыя лясы — знак, што будзе неўрадлівае лета.
Дзедзіч устаў з-за стала,— скрывіўшы набок галаву, доўга нешта перабіраў у кішэні пад пінжаком, потым дастаў складзеныя напалам грошы — ліловыя, усе па дцаццаць пяць — і падаў Мішку:
— Гэта задатак. А з астатняю ратаю мо пачакаеш...
Мішка, наслініўшы пальцы, перакладаў грошы з аднае рукі ў другую — ніколі раней не лічыў столькі — і ўсунуў у заднюю кішэню.
— О, глядзі, a то знойдзеш...— пакруціў галавою швагер, калі Мішка выходзіў услед за Дзедзічам з хаты.
Каля раўка Дзедзіч спыніўся, падаў куксу, сціснуўшы Мішкаву руку адным пальцам:
— А ты нікога не слухай. Згодная цана. Лепшых купцоў на хату не знойдзеш.
Дзедзіч спусціўся ў равок — было чуваць, як прутка трашчаў у яго пад кірзавымі ботамі леташні быльнік — і пайшоў раўком на балота, мінаючы вёску, пэўна, на кладку. Ішоў ён, ківаючыся, шырока расстаўляючы ногі, і галава яго ў белай кепцы махалася ў такт хадзе, ішоў ён цвёрда, нібыта адзін заўладзеў усім.
Мішка яшчэ пастаяў, гледзячы ўслед Дзедзічу, прыпомніў, як некалі ў такую пору ў раўку раставаў мурзаты курган і снег шыпеў на сонцы, як карбід у вадзе, як на ім выступаў шэры папяловы шум і ён, Мішка, выгнаўшы на пашу авечкі, разуваўся і бегаў разам з дзецьмі праз гэты курган — снег прысакам пёк у босыя ногі.
Мішку аж закалаціла ад таго даўняга холаду, і ён вярнуўся ў хату, думаючы, што трэба было б паслаць сястры ў Калінінград грошы.
Швагер шаптаўся з сястрою за перагародкаю.
— Ой, пусці! — задыхалася яна, мусіць, выцярэбліваючыся з яго рук.— Нехта прыйшоў... Пусці!
— Я тут,— знарок моцна крыкнуў Мішка і паклікаў швагра.
Адлічыў яму грошай. Швагер зрабіўся вясёлы, сказаў, што, можа, яшчэ трэба было б па чарцы.
— Нашто заліваць вочы.— Выйшла з-за перагародкі сястра, загладжваючы пад хустку валасы.— Няхай на вечарынку схадзіў бы.— На твары ў яе гарэла ружовасць.
— А ў каго яна? — спытаўся Мішка.
— Казалі, у Аўдолі будзе.
Мішка апрануўся і яшчэ доўга сядзеў на лаве пры акне, глядзеў, як заходзіла за чорную хмару сонца — кацілася, нібы вялікае чырвонае кола ў глыбокую ваду. Тонкім скрылікам лёду высока на небе раставаў месяц, і здавалася, з яго вось-вось закапае вада. Сіняваты рэдзенькі змрок церусіўся на зямлю, і ў ім гінулі далёкія грудкі. На балоце за садам завязваўся і гусцеў нерухомы туман, алешнік стаяў у ім, нібы ў паводцы.
Мішка выйшаў на двор. 3 балота цягнула вільгаццю. На вострую маладую траву нанізвалася раса. Кракталі на балоце жабы. Чмыхаў недзе ў мястэчку паравоз, усё скарэй і скарэй набіраючы разгон. Нудна, як муха, б’ю^ыся ў шкло, за вёскаю гула машына.	1
Перабегшы равок, Мішка пайшоў вуліцаю, насцярожваючы вушы, ці не чуваць барабана, але сярод вёскі, якраз там, дзе была Аўдоліна хата, крычалі дзеці — таксама прымета, што ў вёсцы вечарынка. Яшчэ здалёк Мішка ўбачыў жоўтае глыбокае акно — у Аўдолі гарэла электрыка. Мішка прыпыніўся на падворку, заглядваючы ў хату, і ўвайшоў у адчыненыя сені. Стаў на парозе, угінаючы галаву, і паверх хустак — тут з прыходу ў хаце ціснуліся старыя бабы — убачыў: у кутку на лаве стаяла радыёла, на акне горбаю ляжалі пласцінкі. Нехта паставіў польку. Хлопцы пайшлі браць дзяўчат.
I Мішку зрабілся нязвыкла, што вечарынка пад радыёлу, што не сядзіць на лаве ў покуці музыкант, сагнуўшыся, паклаўшы на гармоню рукі, што няма барабана, таго старэнькага барабана з залатанаю з аднаго боку скураю, без аднае талеркі, па якім Мішка барабаніў. Ніхто лепш
за Мішку не ўмеў барабаніць. I калі Мішка прыходзіў на вечарынку пазней, хто-небудзь са старшых хлопцаў, што сядзеў ужо за барабанам, усё роўна клікаў яго — ківаў сабе за плячо галавою: ідзі сюды. I Мішка ішоў. Браў у руку выслізганую цырымбалку, ставіў між ног барабан і біў па тугой скуры, цырымбалка лёгка адскоквала.
Хто-небудзь з хлопцаў, ужо расчырванелы, у шапцы з брылем на патыліцу, п’янаваты, крычаў Мішку:
— Давай, Мішка! Давай!
I,	абхапіўшы за плечы дзяўчыну і на міг спыніўшыся, тупаў з усяе моцы нагамі, аж прысядаў, і неяк крывіў набок галаву — слухаў, ці моцна грыміць падлога.
А цяпер было смешна, што соўгаліся маладыя хлопцы, як калекі, перастаўляючы ногі. I была пуставатая хата.
— Німа цяпер маладзёжы. Німа...— Міша пачуў у сябе за плячом голас і азірнуўся: каля яго стаяў Ладак Аўсянік — невысокі, булаваты мужчына. Ён сарамяжліва ўсміхаўся, усё торкаючы рукою і падсоўваючы вышэй на белы лоб пляскатую кепку.
— Во,— якія гэта хлопцы: націна.
Ладак быў самы дужы ў вёсцы чалавек — адзін за тоўсты камель паднімаў дзеравіну, а на вечарынках любіў разбараняць хлопцаў, насіў іх, п’яных, дадому або ўгаворваў у цемнаце каля плота. Але сам ніколі не біўся, быў ціхі і сарамяжлівы, як дзіця ў чужых.
— Раз’ехаліся ўсе, мала хто ў вёсцы астаўся,— Мішка хацеў патрапіць Ладаку.— А некалі сколькі было хлопцаў...
— Дзіва што! — Ладак зноў паторкаў кепку.
Мішку зрабілася шкада сябе, шкада Ладака, таго, што вечарынка без гармоні, што няма ў хаце п’яных, што ніхто не будзе біцца, што Ладаку не будзе каго разбараняць, угаворваць, валачы дадому, што няма тае весялосці, а нейкая туга, бо няма тых дзяўчат, што некалі спявалі — на лаве каля радыёлы сядзелі адныя маладзенькія, з вострымі тварыкамі, і, саромеючыся, паглядалі на Мішку. Толькі на ложку Мішка ўгледзеў Сабіну — састарэлую дзеўку з чырвоным носам. У яе, як і некалі, былі выкладзеныя высокімі
фалдамі жоўтыя кучаравыя валасы. Сабіна трымала на каленях малое год трох, мусіць, братава дзіця. Каля Сабіны сядзела нямая Яніна — яе тонкі вастраваты твар быў чысты і прыгожы, як дзіцячы, толькі нерухомы, скамянелы,— на ім стаілася пакутлівасць і таямніца. П’янаваты з чужое вёскі хлопец з прышпіленай, каб не чаплялася за ланцуг у веласіпедзе, калашыной падышоў да Яніны, пакланіўся, запрашаючы на танец. Тая зачырванелася, адвярнула галаву і замахала абедзвюма рукамі. Хлопец злавіў яе за руку, яна закрычала — гэты крык быў, як крык жураўля восенню, моцны і смутны, і на твары ў нямое застыла хворая пакута. Хлопец адчапіўся.
На другім ложку, што стаяў пры акне, з высокімі, падбітымі падушкамі, сядзеў руды з тонкім носам і падцятымі вострымі губамі Іван Рэдзька, што жыў яшчэ на хутары і рабіў сторажам у мястэчку на пераездзе; праз яго людзі куплялі шыфер на перавалачнай базе, вугаль, старыя шпалы на чыгуначнай станцыі. Рэдзька на гэтым абжыўся, і ў вёсцы яго не любілі. Нехта, пэўна знарок, пусціў пагалоску, што яго жонка Люба качалася ў лубіне з учотчыкам. Раз, напіўшыся, Рэдзька біў сваю маладую жонку качалкаю, і казалі, што звярэдзіў ёй спіну — жонка яго доўга хварэла.
Мішка глядзеў на Рэдзьку і ведаў, што той зараз падыдзе. I праўда, Рэдзька прыжмурыўся, востра цікуючы ў парог, падняўся з ложка і бокам прашыўся між баб.
— Мала, кажу, узяў за хату,— Рэдзька крыкнуў Мішку ў вуха, каб перакрычаць радыёлу — нехта ўключыў яе на ўсю моц.— Лічы, за бясцэнак аддаў.
Ён, відаць, чуў, колькі каштавала Дзедзічу хата.
У Мішкі заварушылася злосць на Рэдзьку, што той усё знае і лезе сляпцом у душу, на самога сябе, што не хватае адвагі паслаць яго к чортавай матары.
— Цяпер так — не ўварвеш...
Рэдзька гаварыў нешта, але Мішка адвярнуўся — падышлі хлопцы. Мішка іх помніў малымі, цяпер яны цвёрда і стала падавалі руку, пыталіся:
— Чаму не гуляеш? Ідзі, бяры каторую ды танцуй.
Выключылася радыёла, пласцінку не мянялі.
Бразгаючы кубкам аб край вядра, маладое дзяўчо, у даўгаватай, пэўна, мацерынай сукенцы, злівала хату.