Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
— А дзе наш бацька? — спытаў меншы, забегшы наперад і задраўшы галаву, каб глянуць ёй у вочы.
— Там, на хутары...— сказаў большы.
— Дзеткі, наш бацька на вайне, на фронце,— сказала яна, і яе сухія, зеленаватыя вочы набеглі слязьмі.
— А я думаў..,— і большы пасаромеўся сказаць, што ён думаў.
Яны зноў ішлі на ўсход сонца. Разасланым палатном перад імі ляжала шаша, звужваючыся і прападаючы за глухім паваротам. Неба там было ліловае, як акаліна на астылым жалезе: дзень хіліўся да вечара.
I за імі бег, невядома адкуль узяўшыся, той самы худы валачашчы сабака.
Урок арыфметыкі
Празрысты верасень. Ранняя восень... Мне ўспамінаецца дарога з нашае вёскі ў мястэчка: зялёнае, крышку ліловае, яшчэ нядужае жыта на ўзгорках, маладыя саснякі за жытам, сыры пах скошанае атавы аднекуль з блізкіх балот, белыя хаты з краю мястэчка, чыгуначны пераезд, раптоўны свісток сцэпшчыка і цяжкае лязганне вагонаў каля станцыйных складоў, гоман людзей, што стаяць за хлебам, каля орсаўскага магазіна. I нарэшце школа: яе цынкавы дах праз рэдкія сосны здалёк блішчыць светлым нерухомым азярцом.
I мой пяты клас, што супаў з апошнім годам вайны.
...Кожнае раніцы, перад першым урокам, уся школа выстройвалася ў калідоры, і вучань з дзясятага класа, лысы і, мне здавалася, гэтакі самы стары, як усе настаўнікі, чытаў нам зводкі Саўінфармбюро. I я ўяўляў, як нашы салдаты лёгка бяруць гэтыя белыя з чырвонымі чарапічнымі дахамі нямецкія гарады, якія бачыў я на паштовых картках, што прысылаў недзе з фронту з Германіі да мае мамы яе брат — мой дзядзька.
Мне думалася, што вайна была неразборліваю і страшэнна цяжкаю толькі ў нас. Наша школа пахла лякарствам, і ля плота валяліся доўгія бінты, парудзелыя ад крыві,— казалі, што ў нашай школе размяшчаўся медсанбат,— і скрозь па ямах у смецці ржавелі пустыя кулямётныя ленты, падобныя на хрыбты нейкіх страшэнных вужакаў.
За школаю едкім, удушлівым гарам пахла свежае пажарышча, і ў тонкай сасне маладою цягучаю смалою заплываў незаржавелы асколак ад бомбы.
Напамінак пра вайну прыносілі ў нашу школу і настаўнікі: на іх было ўсё вайсковае — кірзавыя боты, зялёныя не перашытыя яшчэ галіфэ, кіцелі з петлямі ад нядаўніх пагонаў.
У фізрука на галаве тонкаю маладою скуркаю дыхала глыбокая рана. Ён расказваў нам, як хадзіў у тыл да немцаў браць «языка». Пра рану ў яго мы чамусьці не пыталіся.
Ды з мужчын, што выкладалі ў нашым класе, было ўсяго два: гэты самы фізрук — худы, высокі, адзеты ва ўсё ста-
poe, падношанае, y чаравіках з падранымі і сашчэпленымі медным дротам насамі, і дырэктар школы: казалі, татарын, нізкі, пругкі ў нагах, круты плячыма. Касаватыя вочкі яго млява блішчалі, калі ён уваходзіў у клас, туга падпяразаны шырокаю папругаю паверх гімнасцёркі і накінуўшы наапашкі доўгі шынель. I калі ён зачыняў дзверы, шынель з яго падаў. Ён паднімаў шынель, кідаў яго на парту і садзіўся на парту сам, ставячы адну нагу на сядзенне.
Дырэктара мы не баяліся: адказвалі ўрок гісторыі заўсёды з месца і нават чыталі слова ў слова з падручніка, што ляжаў за спіною ў папярэдняга вучня, а пераростак Капейка з апошняе парты праз жалезную ручку страляў у нашыя патыліцы размоклым у роце хлебам.
Настаўніцы былі найбольш пажылыя. Яны туга закручвалі вакол шыяў цёплыя хусткі, як нашы мацяркі, і, як нашы мацяркі, насілі гэткія самыя прыпаленыя на галянішчах валёнкі. Толькі адна Часлава Карлаўна — маладзейшая за ўсіх, далікатная з твару, з прыгожым, дзіўным для мяне прозвішчам — Вератынская — прыходзіла ў школу кожны дзень па-новаму і хораша адзетая. Ласкава з намі віталася, нязвыкла кіўнуўшы галавою, лёгка і сцішна ўсміхнуўшыся куточкам вільготнага, як у дзіцяці, рота,— шчодрагустыя яе валасы свежа рассыпаліся, мякка адсвечваючы залацістай чырванню, і на вушах мігатліва калыхаліся цяжкія завушніцы.
У класе наставала цішыня, толькі за вокнамі тамліва шумелі і роўна пахістваліся блізкія сосны, і на апошняй парце, змарыўшыся за доўгі перапынак, густа адсопваўся Капейка.
Часлава Карлаўна бязгучна адстаўляла крэсла далей ад стала, абедзвюма рукамі туга прыгладжваючы каля ног спаднічку, садзілася, раскрывала журнал, правярала, ці ўсе ў класе, і ішла між партаў, праглядала нашыя сшыткі,— а выкладала яна арыфметыку,— коратка прыпыніўшыся каля кожнага з нас: на нашыя твары ад яе ружовага світара падала агністае святло, і мы на нейкі час дзіўна і нечакана радасна харашэлі.
А я кожны раз з нейкай шчымлівай затоенасцю чакаў гэтага агністага непякучага святла, ледзь улоўнага хмельна-прыемнага паху духоў, раптоўнай яе блізкасці, калі яна нагіналася нада мною, лёгка абапёршыся выразна белаю рукою аб маю парту, яе шчырага нямоцнага голасу, калі яна пра што-небудзь пыталася.
I кожны раз я ішоў за ёю назіркам, калі яна вярталася са школы, вярталася з сынам, крышку большым за мяне, што вучыўся ў сёмым класе і быў з твару гэтакі самы, як яна, і гэтак мякка хаваў пад густымі вейкамі свае вочы.
Я ішоў з адчуваннем свае незразумелае адзіноты, наіўнага шкадавання, што ў мяне не гэтакая прыгожая маладая мама, і, мусіць, не гэтакі прыгожы я сам, і не гэтак хораша адзеты, як сын Чаславы Карлаўны, і не маю гэтакае самае скураное вайсковай сумкі, як мае ён, і столькі грошай, бо дае таму вусатаму салдату ў заячай шапцы, што вартуе за школаю склад, аж тры рублі, каб дазволіў стрэліць са свае вінтоўкі.
Дома мне мроілася школа, Часлава Карлаўна. 3 тамлівай радасцю я чакаў урока арыфметыкі, а калі ён прыходзіў, я сядзеў сцішаны ў сваіх думках, з нейкай патаемнаю асцярогаю ўглядаўся ў Чаславу Карлаўну. А яна стаяла ля дошкі, зрэдку адкідваючы з грудзей на шыю нячутна лёгкі шалік, спрытная, свабодная ў паставе. I мне думалася пра нязнаны празрысты свет, пра вялікі горад, куды я паеду, як вырасту, у той горад, дзе ўсе прыгожыя людзі, дзе ўсе хораша адзяюцца, смачна ядуць — булку з маслам,— як Кіра Фахрушава, што прыехала ў нашую школу недзе з Масквы. Вярнуся сюды хораша адзеты і нават з залатым зубам, як дырэктар школы, і мне падасць руку Часлава Карлаўна, як падае яна дырэктару школы, і загадкава засмяецца, як смяецца з ім, злёгку закідваючы назад галаву.
— Слухай, што я тлумачу,— сказала аднойчы Часлава Карлаўна,— і глядзі на дошку.
Я адчуў, як у мяне загарэліся шчокі. Мне здалося, што пра мае думкі ведае Часлава Карлаўна і ўсе вучні.
Зазваніў званок. Гэта званіў наш маўклівы вартаўнік, што заўсёды хадзіў, адкапыліўшы ніжнюю цяжкую губу, і знянацку біў нас памялом. Мы ўцякалі і толькі тады нарэшце прыгадвалі, што гэта за ўчарашняе выбітае акно.
Часлава Карлаўна ўзяла пад паху журнал і пайшла з класа: яе цяжкія завушніцы павольна калыхаліся. За ёю наперабой пацягнуліся дзеці.
На вялікім перапынку мы бегалі на таўкучку: яна была праз дзве вуліцы ад нашае школы. Там смачна пахлі смажаныя семечкі, якія прадавалі па дзве шклянкі на рубель, і нехта вялікі ў дзіравым паліто, з якога лезлі касмылі бруднае ваты, іграў у тры тузы. Каля яго заўсёды стаялі людзі і цэлаю плоймаю таўкліся мы. Тут, на таўкучцы, можна было даведацца і пра свой «лёс». Кожны чалавечы «лёс» быў у папяровым канверціку. Канверцікі ляжалі ў фанернай скрыначцы, якую трымала на каленях жанчына з цвёрдым абветраным тварам і без аднае рукі. Пад фуфайкай у жанчыны ціха драмала, мякка закрываючы вочы, марская свінка.
— Хто хоча ведаць свой лёс — адзін рубель, адзін рубель,— нямоцна крычала абветраная жанчына і гладзіла рукою рахманага звярка.
Кабеты з пустымі кашамі, што трымалі на руках, з бітонамі, што віселі ўжо без накрывак за плячыма, падыходзілі да абветранае жанчыны і клалі ў адстаўлены кішэнь фуфайкі памяты рубель.
Жанчына з абветраным тварам даставала з-пад фуфайкі марскую свінку і тыцкала яе вусатаю пыскаю ў белыя канверцікі. Свінка доўга прынюхвалася, доўга шукала чалавечы «лёс» і нарэшце цягнула яго. Кабета брала канверцік, адыходзілася, разгортвала і, шавелячы губамі, чытала. Да яе падбягалі другія і заглядвалі ў паперку.
Мне таксама хацелася ведаць пра свой лёс. Назаўтра я папрасіў у мамы рубель — на сшыткі — і пасля ўрокаў пайшоў на таўкучку.
Абветраная кабета трымала на каленях фанерную скрыначку, але ў ёй, здаецца, яшчэ болей ляжала чалавечых
«лёсаў». «Які тут мой?» — падумаў я і кінуў жанчыне ў пусты кішэнь свой мокры ад поту,— бо нёс, заціснуўшы ў руцэ, аж да школы,— рубель.
Свінка не прынюхваючыся выцягнула самую першую і блізкую ад яе паперку. Нікуды не адыходзячыся, я разгарнуў паперку, і перад маімі вачыма нейкай незразумелай радасцю замільгалі дзіўныя словы: «I спраўдзіцца воля твая, і прыйдзе шчасце тваё...»
I з памяці выплыў прыгожы твар Чаславы Карлаўны — я аж заплюшчыў вочы; твар хіснуўся, як у люстры вады, і згінуў. Нехта трымаў мяне за плячо. Я адкрыў вочы: перада мною стаяла Часлава Карлаўна; нехта ў вайсковай форме, немалады, хмуры, чырвоны ў твары, трымаў яе пад руку. У яго каля грудзей калыхаліся завушніцы Чаславы Карлаўны.
— Што ты тут робіш? Аддай мне гэтую паперку! — Часлава Карлаўна нахмурылася і прытупнула нагою.— I болей ніколі не хадзі сюды.
Я аддаў паперку, так і не дачытаўшы яе да канца.
Часлава Карлаўна згарнула паперку, зажмурылася і разарвала. Я пайшоў, думаючы, што там напісана болей. Услед за мною вецер нёс маленькія кавалачкі — яны круціліся і падалі людзям пад ногі. Я ўспомніў дзіўныя словы: «I спраўдзіцца воля твая, і прыйдзе шчасце тваё...» — і перад вачыма зноў стаяў прыгожы твар Чаславы Карлаўны, яе цяжкія завушніцы і хмуры муж.
Я ішоў у культмаг слухаць сіні патэфон, як ён спяваў пра цёмную ноч, пра свіст куль у гэтай ночы. Я любіў стаяць каля прылаўка і салодка сумаваць, уяўляючы недзе аднаго сябе ў гэтай страшэнна цёмнай ночы, а потым глядзець на доўгую чаргу, што хісталася, густа збіўшыся каля орсаўскага магазіна,— за хлебам. Хлеб прывозілі ў чырвонай скрыні на возе. Ён цёпла і свежа пах. Чарга тады раўнялася, расцягвалася яшчэ далей: пачыналіся таўканіна і крык каля дзвярэй. Я ішоў на чыгуначную станцыю: там спыняліся таварнякі, на платформах стаялі ўкрытыя брызентам «кацюшы», у доўгіх саставах везлі палонных немцаў,
прыходзіў пасажырскі цягнік: у вокны глядзелі незнаёмыя людзі, да тамбураў беглі местачковыя кабеты, несучы ў талерках вараную бульбу. На перон выходзілі пасажыры, чыталі на будынку вакзала назву станцыі і куплялі цёплую бульбу. Я глядзеў на цягнікі: яны ішлі ў далёкі свет, ля перона яшчэ доўга ўздрыгвалі і ляскалі рэйкі. Я вяртаўся дадому, думаючы пра белыя гарады, куды некалі паеду і я. Над дарогаю калыхаўся, мроіўся ранні верасень. Лятала павуцінне, чаплялася на ўзмежках за сухі быльнік і востра блішчала. Нізка і шумна плылі цераз дарогу зрудзелыя пад восень шпакі. У мяккай сырасці млеў позні шэры дзень. Весялела маладое жыта па ўзгорках. Шчыльна цямнелі лясы за жытам. Пры лясах у лагчыне шарэла нашая вёска, жоўклі бярозы пад хатамі. I мне было дзіўна, што за сінімі лясамі не канчаецца свет, што недзе там стаяць другія вёскі, пад хатамі жоўкнуць бярозы, падае лісце на стрэхі і што недзе там, як і тут пры дарозе, жанчыны ў доўгіх спадніцах капаюць бульбу і гэтаксама стаяць, абапёршыся на капачы, каб адышла спіна. I гэтак цяжка скрыпяць нагружаныя белымі мяхамі вазы, натужваюцца коні, і на іх цмокаюць мужчыны і падштурхоўваюць плячом воз.