Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
— Каб ты выдахла разам з імі,— і, падняўшы кошык, адвярнуў галаву, каб не глядзець у яго.
Кацяняты заверашчалі. Яна жаласна, але бязгучна мяўкнула, і з жоўтых вачэй у яе, здаецца, пакаціліся слёзы. У кошыку ўсё гэтак нямогла, мусіць, просячы літасці і ратунку, пішчалі кацяняты. He помнячы нічога, яна падскочыла і ўпілася вострымі кіпцюрамі ўтую руку, што трымала кошык. Гаспадар войкнуў і ўпусціў кошык. Але гэта было нядоўга, мусіць, толькі доўга яна ляжала ў сенях — ці не нагою яе
сюды збіў гаспадар. Калі яна прылезла на гарышча, тут ужо нікога не было — ні гаспадара, ні кацянят. Тут толькі стаяла млявая цішыня і недзе ў павуціне ўсё звінела і білася муха. Яна аблазіла ўсё гарышча, але кошыка нідзе не знайшла. Па сцяне яна спусцілася ў сені — напалоханыя куры, растапырыўшы крылле, з моцным крыкам паляцелі на двор. Нехта выбег з хаты, нехта кляў яе, але яна не чула, яна думала пра кацянят, яна шукала іх, вядома, не ведаючы, што гаспадар занёс іх пад старую вярбу ў завоінку. Яна абабегала хату, абшукала бэз, абхадзіла ўвесь гарод і нідзе не знайшла. Вярнулася зноў на гарышча. Яна яшчэ спадзявалася, што кацяняты недзе тут. Абабегшы ўсё гарышча, яна вылезла на двор. На дрывотні цяпер ужо валяўся той самы лазовы кошык: ад яго пахла нечым знаёмым, сваім — пахла кацянятамі. Ад шчасця і радасці ў яе пасвятлелі вочы. Але кошык быў пусты, з яго нават вытраслі кудзелю і сена. Яна доўга і без жаданае надзеі сядзела тут. I нават не зварухнулася, калі сюды, да баначкі з курынаю вадою, прыляцеў верабей і стаў мыцца, натапырыўшыся ад радасці. Весела цвіркнуўшы, чысты і давольны, ён паляцеў, так, пэўна, і не ведаючы, што быў на валаску ад смерці. А кошка ўсё сядзела, покуль вечарам, звонка стрэліўшы пугай, не сагнаў яе пастух.
Ноччу яна прыйшла сюды зноў. Кошык ізноў быў пусты, але ад яго пахла кацянятамі. Цяпер імі пахла ўсюды, ёй здалося, што яны нават недзе пішчалі. Яна пабегла на гэты піск аж у другі канец вёскі, туды, дзе з-за нечае страхі выкочваўся вялікі чырвоны месяц. Неба на ўсходзе аблівалася крывёю. Сумная і адзінокая, яна варочалася дадому, каля нечых веснікаў наткнуўшыся на сабаку. Добра, што поруч стаяла бярэзіна. Аблавухая, маленькая, пэўна, сучачка, аж драла ад злосці пясок, што не змагла дастаць гэтую старую аблезлую кошку. А тая, пэўна, праседзела б на бярэзіне да раніцы, каб не выйшаў гаспадар і не прытупнуў на сабаку.
Прыбегшы дахаты, першы раз яна не палезла на гарышча, першы раз гэтая хата здалася ёй чужою, і ўсё тут было іншае, перайначанае. 3 нейкім астатнім жалем глянуўшы на
пусты кошык, яна скіравала на сценку, што бегла за вёску ў поле, і пайшла гэтаю сценкаю невядома куды. Сумна бялела неба на ўсходзе, і недзе над полем усё звінеў і звінеў першы жаваранак. На маладой траве густа халадзела раса. Нізка над жоўтым папарам заплакала кнігаўка,— нехта, мусіць, так рана патрывожыў яе гняздо. За папарам зелянеў рэдкі малады лубін — увесь аж сівы ад расы,— у ім, пэўна, нешта рабілася. Падкраўшыся да лубіну, кошка пачула, як там нешта піскнула, зашапацела, заварушылася і раптам сціхла. He зважаючы на расу, яна куляй кінулася туды. Кнігаўка, убачыўшы яе, пырхнула ўгору і закрычала яшчэ мацней. Пільна навастрыўшы доўгія вушы, у разоры сядзела шэрае зайчаня, і, гледзячы на кошку адным вялікім і няхітрым вокам, не ведала ўжо, як і ратавацца. У жываце ў кошкі заварушыўся голад. Зайчаня, мусіць, крышку пасмялела, адышло ад страху і раптам скокнула, але зачапілася за сцяблінку лубіну і, смешна ўпаўшы, расцягнулася ў разоры. Гледзячы на гэтае нядужае і зусім дурненькае зайчаня, кошка ўспомніла сваіх кацянят, яны вось гэтакія нямоглыя і неакрыялыя, як гэтае зайчаня, успомніла той жаласны піск, калі ў лазовым кошыку іх падняў гаспадар. I ёй зрабілася шкада зайчаняці, яе ўжо адольвала тужлівая прага мацеры мецьдзіця, выгадавацьхоць вось гэтае неразумнае зайчаня. А яно, ужо асвойтаўшыся, зусім не збіралася ўцякаць, яму проста па-дзіцячаму захацелася пазабаўляцца, і, падняўшы кароткі белы хвосцік, зноў скокнула. Яна, спалохаўшыся, што зайчаня ўцячэ, схапіла яго за карак далікатна, каб не задушыць. Але яно, баязліва піскнуўшы, стала трапятацца. Яна доўга важдалася і начыста замучылася, покуль вынесла яго з лубіну: на сцежцы яна хацела перадыхнуць, але яно вырвалася зусім. Нават трохі раззлаваўшыся, прыціснула яго да зямлі і занадта ўжо балюча ўзялася зубамі за спіну. Зайчаня нема заверашчала.
— А во кошка зайчаня душыць! — крыкнулі недзе зусім блізка. Яна нават не ўбачыла, што гэта былі паляўнічыя, і нават не паспела апомніцца. Раптоўна грымнулі два запар стрэлы, моцна, як гром, аглушыўшы яе. Ёй здалося, што
ў зайчаняці між вушэй зачырванелася кроў, і раптам гэтая кроў стала чарнець: перад вачыма ў яе стаялі кацяняты, гэтакія вялікія, з белымі лапкамі, кропля ў кроплю бацька. Раптам усё знікла, раптам стала ціха. Але яна ўжо не чула гэтае цішыні. Недзе далёка над рэчкаю двойчы адгукнулася і мякка рассыпалася рэха. Недзе там кукавала зязюля, кукавала яна пра шчырую вясну і сваю вясёлую долю і, пэўна, не ведала і не гадала, што ў гэтую чыстую раніцу нехта плача па дзецях, і нехта памірае, страціўшы іх.
Усходзіла сонца. Пачынаўся новы дзень мук, жыцця і радасці.
ВАЛЯНЦІНА КОЎТУН
Вядзьмар
Рэчка падковаю агінала палову Астравічаў. Потым крута, быццам спяшаючыся, падавалася ад вёскі ўбок, пятляла вузкаю стужкаю паміж даволі высокіх берагоў, парослых
вербалозам і сухенькім сітнікам, і хутка знікала з вачэй.
Аднак з супроцьлеглага боку астравіцкія хаты падціс-
кала даволі нізкая гразкая лугавіна, дзе не раслі нават вербы, а яшчэ далей, за няроўнаю сцяною карчоў і чароту, спрадвеку царавала дрыгвяністае балота.
Рэчка, ціхая і паслухмяная ўлетку, а зімою прыціснутая да дна важкім панцырам лёду, вясною быццам узрывалася. За некалькі дзён яна зносіла ў шэрую далячынь крыгі, набухала, хавала пад сабою сенажаці. Падымалася і балота, пагражаючы крайнім дварам, але хутка, хутчэй за рачную паводку, аціхала і адпаўзала ў сваё старое
логава.
Астравічы ў такую пару і сапраўды нагадвалі востраў. Дробныя хаты з бухматымі шапкамі буслянак на саламяных патыліцах распаўзліся па жоўтым пясчаным гарбе, але вада ўсё ж залівала гароды і падступалася да хлявоў. Сонца часцяком разганяла нізкія хмары, і тады паводка пачынала сляпіць вочы. Людзі адразу весялелі. Усе ведалі, што паводцы, якой бы грознаю яна ні была, давядзецца адступіць. А сыдзе паводка, дык і рэчка паспакайнее, зробіцца ціхай і мелкай, што толькі вераб’ю, як кажуць, па калена...
Гэтай вясной астравічане ўзіраліся ў бясконцую, набрынялую вільгаццю прастору асабліва пільна. Людзі сачылі за паводкаю, і кожнаму здавалася, што разам з ёю сплыве з зямлі і ўся навалач, уся гэтая фашысцкая брыда. Рэчка, аднак, не хацела здавацца, у непагодны час уздрыгвала ўсім сваім вялізным непаслухмяным целам і кідала на сушу то зламаныя вёслы, то цэлыя бярэмы пачарнелага стажковага сена. Прыбівала да берага і тапельцаў.
Менавіта ў гэтакі трывожны час Стасю Іванчанку споўнілася сямнаццаць. Веснавы вецер з кожным днём мацнеў і цяплеў, каля плота гусцела маладая крапіўка. Начамі ў небе віселі зялёныя і шурпатыя, бы ягадзіны агрэсту, зоркі. Дарога да раённага цэнтра ад вёскі падсохла, асабліва там, дзе яе жоўты рукаў слаўся па хвойных пагорках. I ўсё часцей у вёску пачалі наведвацца паліцаі.
Вось і сёння яны прыехалі ў Астравічы. Двое няпрошаных гасцей сядзелі на фурманцы з такімі ўчарнелымі тварамі, быццам іх чорт з рукава выпусціў. Вяскоўцы здзіўлена перашэптваліся, пазнаўшы ў адным з іх свайго, астравіцкага.
Гэта быў Васіль Малашчыцкі. Ніхто нічога не ведаў пра яго з самага пачатку вайны. Ніхто не сустракаў яго ні ў суседніх вёсках, ні ў Негарэлым. Нават на пахаванні маці, якая памерла яшчэ на першым годзе вайны, перад Калядамі, Васіля не было. Мабыць, не ведаў пра бяду. Ягоны малодшы брат Язэп пасля матчынай смерці пабыў у Астравічах нядоўга. З’ехаў да цёткі ў суседні раён.
Якраз у той момант, калі фурманка праязджала каля іхняй хаты, Стась выйшаў на вуліцу. Колы раз-пораз ускоквалі ў каляіны, запоўненыя халоднай і вязкай граззю, і стралялі ў бакі калючымі пырскамі. Конь ужо выбіўся з сіл і браў дарогу рыўкамі.
Паліцаі кіраваліся, пэўна, да старасты, у самы канец вёскі. Адзін з іх, звесіўшы ногі ў заляпаных чобатах, сядзеў ззаду. Кола ўскочыла ў глыбокую яміну на дарозе, чалавека падкінула ўверх, бы на спружынах, і ён падняў галаву. Ягоны твар быў шэры, быццам пасыпаны попелам, але пільны позірк лязом разануў па хлопцу. Стась пазнаў яго адразу, і ногі, здавалася, прыкіпелі да зямлі. Ён ледзь парухаў імі, адвярнуўся ад падводы і пабег назад, у хату. Ускочыўшы ў сенцы, зачарпнуў вады глыбокімі, бы човен, прыгаршчамі проста з вядра, стаў піць. Потым прыціснуў успацелы лоб да халоднага вушака.
— Стасё, ты чаго? — здзівілася маці.
— He бачыла хіба?
— А-а-а... Няхай іх багнюка бачыць! I гэты, вядзьмар наш, з імі... Паявіўся.
— Паявіўся, мама... Яшчэ як паявіўся!
Ён ведаў, што маці яшчэ ні разу не называла ні старога Малашчыцкага, дзядзьку Андрэя, ні яго сына Васіля ведзьмарамі. Праўда, у Астравічах мала хто мянціў пра гэта языком. Але плётка была жывучая і распаўзлася нават па суседніх вёсках, асабліва пасля той перадваеннай вясны, калі стары Малашчыцкі ўтапіўся ў багне.
Якраз тады Васіль працаваў на чыгунцы ў Негарэлым. Аднойчы ў суботу ён прыехаў дахаты памагчы пасадзіць бульбу. Вясна выдалася на ўцеху. Рака ўжо амаль аціхла, і яе жоўтыя берагі прапахлі п’янкім вербавым дымам і салодкай ліпкай лазой. Вясёлыя вятры высока ў небе круцілі сонечны флюгер, з другога боку ад ракі, за вёскаю, здрадліва раскашавала купчастае балота. Вочы адбіраў кураслеп. Адчайныя, схмялелыя ад навакольнага хараства хлапчукі пераскоквалі на балоце з купіны на купіну, стараючыся наблізіцца да сцяны карчоў і чароту, выпорваючы з травы качыныя гнёзды. Наядаліся яек так, што ў жыватах цэлы дзень ігралі чортавы цымбалы.
Бацькі дзягамі адвучвалі малых ад такіх паходаў, бо калі хто, не дай бог, трапіць у багну, то ніякі вецер не данясе ў вёску нават самыя моцныя крыкі.
У тых карчах, у тым страшным кураслепавым балоце і загінуў стары Малашчыцкі. Даведаўшыся, што Язэп, малодшы з сыноў, пайшоў па качыныя яйкі, кінуўся на балота. Праз якую гадзіну туды ж пабег і ўстрывожаны Васіль, але хутка вярнуўся, па вушы перапэцканы ў руды мул. Ледзь перастаўляючы ногі, ён цягнуў на плячах амаль непрытомнага брата. Збегшыся да двара Малашчыцкіх, людзі толькі ціха перашэптваліся, смялейшыя заходзілі ў хату. Васіль нікога не бачыў і нічога не чуў — нібыта акамянеў на лаве. А калі пачынаў смяяцца, то здавалася, што ягоны глухі смех падае на людзей цвёрдымі грудкамі высахлай гліны.