Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
— Але чаму б нам самім не завесці яго ў Негарэлае? — Грынь кіўнуў на лётчыка.
— А калі і праўда партызаны? — ускіпеў Васіль.— Куды на балоце ўцячэш? Усё сарвецца!
Ён моцна ўдарыў далонню па стале, бы адсек усе пытанні і вырашанае ім было адзіна правільным.
Стась толькі цяпер пачаў пераапранацца ў сухое. Усунуў рукі ў кароткія, вузкія рукавы сарочкі і падумаў пра старасту: «Бач ты, сам тоўсты, нібы сноп, а сарочка — як на дзіця. Зладзюга, удод смярдзючы!»
За ўвесь вечар Стась не мог выціснуць з сябе ні слова, нібыта ўсё, што адбывалася, яго ніяк не кранала. Нічога не мог зразумець. Хлопец, сеўшы за стол, падняў шклянку з гарэлкай, але хутка адсунуў яе ад сябе, бо ў горле ад першага ж глытка быццам закруціўся гарачы свердзел. Павячэраўшы трохі, прымасціўся на тапчане, вузкім і хісткім, бы кладка над раўчуком, з прыкрасцю думаючы пра тое, што Васіль яго проста падмануў, што ён таксама з імі... гэтымі... Але да канца верыць усё ж не хацелася.
Лётчык сядзеў на ўслончыку каля печы. Вочы, удзень чорныя, бы вугаль, пры бляклым святле газоўкі ці проста ад стомленасці і ўнутранага ўтрапення зрабіліся яшчэ вузейшыя і нейкія жоўтыя. Ён ужо зразумеў, у чые рукі трапіў. Зрэдку, калі за сталом пераходзілі на сварку, кідаў на прысутных вострыя насцярожаныя позіркі. Відно, слухаў усё ўважліва, бо, калі Грынь нехаця апрануўся і, клацнуўшы затворам, павесіў вінтоўку на плячо, сам падняўся з услончыка і павольна, апусціўшы галаву, пайшоў да дзвярэй. Следам за ім выйшаў і Васіль.
Хутка вярнуўшыся, Васіль падышоў да Стася, пакратаў яго за плячо. Але Стась не варухнуўся, нібыта ўжо спаў. Васіль патушыў лямпу і палез на печ. Было чутна, як ён там
варочаецца, мосціцца. Потым, здавалася, заснуў, і яго густое дыханне не давала Стасю спакою: «Каб ты задушыўся там, вядзьмак пракляты! Казаў адно, а выйшла вунь як! Дурань жа я!» Стась ледзь не плакаў ад пакутлівай роспачы, ляжаў і прыслухоўваўся да нарастаючай за вокнамі непагадзі. Шыбіны спачатку лёгенька пазвоньвалі, потым па іх забарабаніў дождж. Ударыў першы гром, пасля якога ўся хата напоўнілася грукатам. Здавалася, што над галавою была не саламяная, а гонтавая страха і па ёй гучна тупаў нехта ў вялізных чобатах. Толькі цяпер, упершыню за доўгі пачварны вечар, Стась успомніў пра маці. «А можа, уцячы адсюль?» Ад гэтай нечаканай думкі ён ажно падскочыў на тапчане. «А што, дарога — хоць каціся! Вось толькі лётчык... Як жа з ім? Як жа з лётчыкам?»
Дождж аціхаў. Хмара, мабыць, прайшла бокам, і ад далёкіх маланак вокны раз-пораз залівала няяркім блакітным святлом.
...Калі пачынала грымець, маці вешала на клямку старую анучу, правярала засланку ў печы. Вось цяпер яна, пэўна, села на лаву, прыціснула сухія, цвёрдыя кулачкі да грудзей, каб супакоіць растрывожанае сэрца.
Садзілася яна звычайна не каля самага акна, а трохі збоку, баючыся маланкавага святла. Ці, можа, зусім выйшла на ганак — стаіць пры адчыненых дзвярах і маўчыць. Стаіць адна-адненькая перад чорнаю сцяною дажджу. I моліцца за яго, за Стася.
Стась асцярожна, каб не зарыпеў тапчан, апусціў ногі і патупаў да дзвярэй. У куце на лаве намацаў драўлянае вядро з вадою. Нахіліўся і пачаў, ціха сёрбаючы, піць. Васіль, здаецца, прыціх. Але толькі на хвілінку. Яго хрыплае густое дыханне зноў пачало ўганяць у Стасеву патыліцу іголкі, ажно падступіла нудота. Стась яшчэ раз прыслухаўся, пасля нагнуўся, выцягнуў з-пад лавы абушок, які чамусьці прыкмеціў яшчэ звечара... Яго закалаціла як у ліхаманцы. Ціха адчыніў дзверы і выйшаў у сенцы. Пастаяў трохі, а праз хвіліну, паспеўшы азябнуць, рыўком кінуўся наперад. Наступаючы босымі нагамі на калючыя каменьчыкі,
скрыгатнуў зубамі, перасільваючы непрыемны страх, які з кожным крокам напаўняў сэрца. Вось яна, лазня...
Было яшчэ трошкі відна. Стась абмацаў мокрыя, шурпатыя сцены, зусім блізка падышоў да дзвярэй. Спыніўся. Стаяў, не ведаючы, што рабіць далей. I раптам дзверы зарыпелі і пачалі павольна адчыняцца. Нехта, пэўна, Грынь, каму ж яшчэ тут быць, спыніўся і вылаяўся. Стась адарваў ад сцяны анямелае плячо, падняў абушок. «Я толькі аглушу... Аглушу яго!» — падумаўшы так, ён рэзка кінуўся наперад, але, мусіць, ступіў на мокрую гліну, паслізнуўся і спінаю грымнуўся вобземлю.
Грынь заенчыў, як падстрэлены заяц, і адскочыў убок. Стась таксама падхапіўся на ногі, няўцямна кінуўся за лазню, але тут жа апамятаўся, крута павярнуў да хаты. Дзверы ў сенцы былі адчыненыя, і ўнутры, ударыўшыся аб драбіну, Стась прыціснуўся да яе рэбраў плячамі, заціх.
3 хаты, быццам і не спаў зусім, выскачыў Васіль. Секануў промнем ліхтарыка па сенцах, так што Стась заплюшчыў вочы, выбег на вуліцу. «Не заўважыў!» — у Стася трывожна сціснулася сэрца, але раздумваць не было часу.
Кінуўшы пад лаву абушок, Стась сарваў са сцяны ручнік і пачаў ліхаманкава выціраць брудныя ногі. У сенцах затупалі. Стась кінуў ручнік да печы і як быў у мокрай халоднай вопратцы, так і ўпаў на тапчан, з галавою ўкруціўся ў радно. Усё цела, твар, нават валасы на галаве былі нібы абліты агнём. Рыпнулі дзверы, і ў хату ўваліліся Грынь з Васілём.
Запалілі газоўку. Васіль засмяяўся:
— На вось, герой, каўтні!
— Эх, не верыш ты мне... Дык я кажу табе, быў нехта!
— Ды хто там мог быць?.. У такую непагадзь! Кінь...
— Ат! — было чутна, як Грынь п’е гарэлку,— Няхай гэты падзяжурыць.
— Ды куды яму, сапліўцу... Пацярпі трохі, я замяню... Слухай, а Якім паехаў у Негарэлае?
— А як жа, паехаў.
— А што ж гэта я не чуў?
— Ды ў яго конь — у сястры, на другім канцы сяла...
— А, ну то добра... Гэта добра...
I тут Стась не вытрымаў і з усяе сілы чхнуў. Васіль засмяяўся, падышоў да тапчана і, садраўшы са Стасевай галавы радно, загадаў:
— Выпі!
Потым нахіліўся над ім і прашаптаў у самае вуха: «Нецярплівы ты, аднак... Эх, маладзён, ледзь не сарваў мне дзела...»
Васіль стаяў так, што сваім вялікім, шырокім целам засланяў Стася ад Грыневых вачэй. Стась прыўзняўся на локці, спалоханы, брудны, мокры, і адным духам выпіў шклянку гарэлкі; пякучая, як восеньская крапіва, вадкасць абдзерла вусны і горла. Зваліўся на падушку і зноў закрыўся з галавою. Ён ціха ляжаў пад смярдзючым радном, і мокрае цела паступова пачало сагравацца і моцна свярбець. Але не варушыўся. Ляжаў і пакутаваў. Думаў над Васілёвымі словамі. Толькі цяпер зразумеў, што той чакаў зручнага моманту, правяраў, ці сапраўды стараста паехаў у раён. Чакаў цемры. А ён, Стась, што падумаў... Дурань саплівы!..
Разам з гарэлкай у цела ўлілася сонная ўтома. Перад вачамі пачало трапятаць нешта чорнае, потым чырвонае, жоўтае, імкліва кружыцца, мяняць колеры. I ў гэтым мігатлівым трывожным сне выразна пачала акрэслівацца вельмі знаёмая постаць. Яна павольна набліжалася, працягвала да яго рукі. «Мама... Мамачка...» Стась кінуўся да маці і — паляцеў.
Ён пачаў прачынацца, калі адчуў, што нехта падышоў і паклаў на ягоную галаву халодную руку. Хацеў падняць павекі, але перад вачамі загайдаўся белы туман. Зноў з’явілася чыясьці постаць. He, гэта была ўжо не маці... Гэта быў лётчык! Лётчык бег яму насустрач, падымаючы вялізную сякеру. Стась памкнуўся ўцякаць, але не мог адарваць ног ад зямлі. Ён хацеў расказаць лётчыку пра ўсё, але язык не слухаўся. Тады Стась з усяе сілы рвануўся, ускрыкнуў і... расплюшчыў вочы. Стомлены, быццам і не спаў зусім, ён ляжаў на тапчане, не разумеючы, куды трапіў і што з ім
адбываецца. Сэрца шалёна калацілася. Хату ўжо запоўніла ранішняе святло. I тут ён успомніў увесь учарашні дзень і вечар, рэзка павярнуўся тварам да хаты...
Дзіва! Васіль Малашчыцкі ўжо быў на нагах і праз акно асцярожна пазіраў на вуліцу. Стась раптам заўважыў, што ягоныя чобаты заляпаны граззю. Ды і падлога ўся была затаптана бруднымі слядамі. Адразу ж кальнула здагадка, што Васіль, напэўна, не спаў усю ноч, недзе хаваў лётчыка. Можа, і ў Астравічах. А як жа Грынь? Дзе ён? Няўжо Васіль... Няўжо забіў яго?
— Эх ты, герой! — Васіль раптам павярнуўся да яго.— Як захроп, то я і дабудзіцца не мог. Сп’янеў, ці што?
Стась не ведаў, што адказаць, і Васіль зноў павярнуўся да акна.
— Во... Вылазяць ужо! Я ж думаў, што яшчэ й цябе паспею забраць. А я лётчыка, знаеш, ажно ў кузню даставіў... От так! Хай шукаюць!
Ён адвярнуўся ад акна і пачаў уважліва азірацца. Потым падбег да лавы, згроб з яе бруднае, яшчэ мокрае абмундзіраванне лётчыка, што так і праляжала тут усю ноч, чамусьці шпурнуў яго на печ.
Першым у хату зайшоў стараста Якім, за ім уваліўся Грынь, паціраючы на руках белыя палоскі — сляды ад вяроўкі.
Стараста насцярожана азірнуўся, нібыта чакаў убачыць у хаце лётчыка, але, працяўшы Стася злым позіркам, ссунуў бровы, ухмыльнуўся:
— Ладна! Разбірайцеся самі! А немцы во-во будуць!..
— Ты што, раней за іх паспеў? — здзівіўся Васіль.
— Ага, раней! Дурня знайшоў! Каб начамі лётаў! Ага... Пляменніка я паслаў, вот што. Яшчэ ранічкаю. Калі ты спаў тут!	.
— А я, можа, і не спаў.
— Бачу, падлюка! Усё бачу! Толькі мяне неча... Сам,— стараста павярнуўся да Грыня,— сам іх прывёў, сам і локці кусай! А мяне — неча!..
I моцна стукнуў за сабою дзвярамі.
— Ідзі-тка, Стась, адсюль. Ідзі-ідзі! Мы тут самі... разбяромся! — Васіль гаварыў гэта павольна, не зводзячы позірку з Грыня — пабялелага да сіняватых плям на шчоках, з шырока расплюшчанымі ад жаху вачамі.
— Ты чаго? Жоўтай гразі ў штаны напусціў?
— He выхадзі! Страляць буду! Ах жа і гады...
Васіль ступіў наперад і стаў перад Грынем. Цяжка, гучна захрыпеў...
Грынь трымаў перад сабою вінтоўку, цэлячыся Васілю проста ў грудзі, і яго рукі трэсліся. Яшчэ раз віскатліва папярэдзіў:
— He выхадзі! Стральну! Хай толькі парухаецца...
Стасю здалося, што ён пачуў не такое ўжо далёкае вуркатанне матораў. Немцы?..
— Ідзі, Стась! Ідзі, кажу...
— Няхай толькі... От хіба з табою разам! У пекла!
Вінтоўка ўпіралася ў самыя Васілёвы грудзі, і Стась застыў на месцы, нават баючыся варухнуцца. I раптам аж уздрыгнуў ад нечаканага гучнага рогату. Апамятаўшыся, не паверыў вачам. Васіль трымаўся аберуч за ствол вінтоўкі:
— Давай, давай, Грыня... Страляй! Ну што ж ты... не страляеш?
Грынь, здавалася, ужо нічога не бачыў сваімі белымі ад страху вачамі і толькі бясцямна енчыў:
— Вядзьмак пракляты! От і стрэлю! Вядзьмак!.. Толькі ступі! — Яго ўсяго калаціла.— Перадасць! Д’ябла свайго перадасць!