Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
I гэтак жа часта, як некалі цётка Паланея, заміргаў мокрымі павекамі:
— Хай цябе суша!
Стась адвярнуўся. Злавіўшы слыхам недалёкае тарахценне нямецкіх матацыклаў, здзівіўся, што нічога не баіцца.
Грынь усё хліпаў носам. Сарваўся на плаксівы крык:
— Гэта ж перадасць...
Васіль рэзка, як захлынуўшыся, кашлянуў, з усяе сілы крутнуў вінтоўку ўверх і адразу ж вырваў яе з Грыневых рук.
Лес
Насця, адзіная Раініна дачка, была самаю вабнаю дзяўчынаю ў вёсцы. Чорныя, бліскучыя валасы, быццам Насцю з маленства пагладжвалі па галаве, былі як намаляваныя вакол акуратнага смуглявага тварыку. Нейкае раптоўнае ўтрапенне раз-пораз прабягала па вішнёвых вуснах, якія Насця не-не дый пакусвала роўнымі зубамі. Асабліва прыгожымі, густымі і цёмнымі былі вейкі шырока расплюшчаных вачэй. Нават здавалася, што гэта птушыныя крылцы падняліся ў лёгкім трапятанні і застылі. Насця і сама была падобная да птушкі, якой ужо так неспакойна-блізка да выраю.
Усе ў вёсцы чакалі Насцінага вяселля з калгасным шафёрам Косцем Лемяшом.
Будучы зяць Раіне падабаўся. I што быў светлачубым і прыветлівым з людзьмі, і што не жлукціў праклятую гарэлку, як большасць халасцякоў, гарланячы пасля на ўсю вёску нязменнае: «Скакаў казак цераз даліну...». Адным словам, дачка не прагадала. 3 такой радасці Раіна нават надумалася перасыпаць і падняць хату: сваю халупку з насупленаю саламянаю страхою, што ледзь выглядвала на вуліцу з-за нізкаватага лазовага плота. Трэба было замяніць трухлявы вянец, а можа, пераслаць нават падлогу, аб якую, здаецца, сам чорт вастрыў зубы.
Зрэшты, і Косцік, такі шчыра-вясёлы, такі заўсёды шустранькі, як мураш, таксама загарэўся гэтаю перабудоваю. I не дзіва. Як ні круці-вярці, а пасля вяселля жыць яму з Насцяю выпадала толькі ў Раіны. Хоць у прымакі ніколі не збіраўся, а дзецца не было куды. Стары Сымон Лямеш, як бугай, заўпарціўся, нават і слухаць не хацеў пра Насцю. Пра яе, Раініну, адзіначку... Раіна ўнурылася і перастала спаць начамі — усё думала. Ці не таму ён гэтак зацята стаіць на сваім, што ўсяго толькі год назад пахаваў сваю другую жонку? Напэўна, моцна маркоціцца... Аднак успомнілася Раіне і даўняе,— як яшчэ зусім малады ганарысты Сымон Лямеш вынес з яе хаты гарбуз! На вачах усяе вёскі... Але ж
калі тое, людцы мае, было? Ды і ці варта ўспамінаць цяпер колішняе?..	.
Косцік жартаваў, аднак усе бачылі, што незразумелая бацькава ўпартасць яго таксама насцярожыла. Раіне нават падалося, што хлопец узрадаваўся, калі яму нечакана, у сярэдзіне красавіка, прынеслі вайсковую павестку, якую меўся атрымаць толькі восенню.
3 вяселлем вырашылі пачакаць да першага ж прыезду Косціка з арміі. Ды і бацька, можа, да таго часу ўсё ж памякчэе... Адно было само сабою зразумела, што рана ці позна, але гэтыя маладыя ўсё роўна павінны пабрацца. Надта ж харошая пара!..
Вяселле чакала, але хату Раіна рашыла паднаўляць. Выпісала трохі лесу, нагледзела добрых майстроў. Памочнік знайшоўся хутка — рыжы Сёмка, ці, як яго празвалі ў вёсцы, «залаты электрык», які ўжо цэлы месяц кватараваў у іх. Разам са сваім напарнікам, такім жа ўвішным, як і сам, хлопцам з суседняй вёскі, Сёмка праводзіў электрычнасць. У вёсцы яго любілі, амаль штодня саджалі да стала і частавалі. Раіна ўжо не помніла, хто менавіта накіраваў да яе гэтага рыжага Сёмку — ці нехта з сельсавета, ці нават сам старшыня калгаса. Спачатку адмаўлялася ад лішняга клопату, баялася, што гэтае кватаранства можа не спадабацца Лемяшам, асабліва бацьку. Але не мінула і тыдня, як Лемяшоў Косцік і «залаты электрык» пасябравалі і ледзь не абдымаліся пры сустрэчах.
Яшчэ да свайго адыходу ў армію Косцік дамовіўся з рыжым Сёмкам, што той паможа Раіне хоць бы перасыпаць і падняць яе старую халупу. I калі Раіна толькі загаварыла, што трэба прынесці з лесу дзве-тры ношкі моху, Сёмка адразу ж згадзіўся...
У той дзень, паснедаўшы хіба што млявым салодкім пазяханнем, усе трое — Раіна, Насця і рыжы Сёмка — выбраліся ні свет ні зара да Лагвянкі па мох. Спачатку папраставалі праз калгасны двор, потым, жартаўліва перамаўляючыся, заспяшаліся праз лугавіну, збіваючы дробную расу размашыстымі крокамі. Абмінуўшы могілкі, хутка ўвайшлі ў глухі
лес — навокал адразу ж пацямнела. Заўважыўшы крыху спалоханы Раінін позірк, Сёмка страсянуў вогненным чубам і засмяяўся. I Раіна ажно засаромелася свайго страху.
Лагвянскі лес быў хоць і немалады, але здаровы і моцны. Чабаровая замятуха была тут калючая, бы сплеценая з параскіданых паўсюль, сашчэпленых паміж сабою тонкіх спружынак. Раіне здавалася нават, што чабор, пасля таго як яна праходзіла па ім, порстка і звонка распрамляецца і патрэсквае. Гэтаксама патрэсквалі і каляныя, бы выразаныя нажніцамі з зялёнай бляхі, узорыстыя парасончыкі папаратніку. Усё навокал абуджалася і бушавала ранішнімі гукамі і пахамі. Дзяркатае парыпванне ствалоў, бясконцыя шоргаты, дрымотныя і рэзкія ўскрыкі ці свісты чуліся з усіх бакоў, нябачна абвіваліся вакол сасонак, разам з туманам падымаліся і выцягваліся з лесу ў неба праз зялёныя коміны паміж вяршалінамі.
Раіну ажно вадзіла ў бакі. Напэўна, ад таго, што дыханне забіў сваім гаркаватым пахам раннік-матачнік — такі яшчэ маладзенькі, з бліскучым, серабрыста апушаным варсінкамі, лісцем.
Старая сасна каля самай дарогі ўтаропіла ў Раіну чорную вачніцу круглага дупла: якраз тут і павінна было пачынацца мохавае балота. Раіна прыцішыла крокі і азірнулася. Намацаўшы вачамі нізкія кучаравыя карчы буякоў, узрадавалася, што знайшла патрэбную прыкмету, але тут жа спынілася. У нос раптам ударыла рэзкай церпкасцю — няйначай, недзе блізка, раскашуючы, паслала па зямлі сваё доўгае і вузкае, як навостранае з абодвух бакоў, лісце даволі рэдкая ў Лагвянскім лесе пахкая зуброўка.
Насця, якая ішла следам, таксама, відно, учула гэты рэзкі водар, бо засмяялася, крыкнула Раіне, што хутка вернецца. Тут жа саступіла з дарогі і схавалася за рудаватазялёнаю сцяною.
Рыжы Сёмка «аукнуў» да Насці, але адказу чакаць не стаў — пабег за ёю следам, за тыя самыя буяковыя карчы і дрэвы. Раіна раззлавалася, пачуўшы, што яны недзе блізка перамаўляюцца, папярэдзіла, каб доўга не бавіліся, і ла-
шоргала праз папаратнік да Лагвянкі. Ішла не азіраючыся, раз-пораз нагіналася за позняй чарнікаю і задаволена смакавала яе церпкі сок. Лес пачаў радзець, і Раіна зразумела, што трэба ўзяць трошкі лявей.
Насця з Сёмкам усё яшчэ адставалі, Раіна прыпынілася, нягучна паклікала дачку, спадзеючыся, што тая недзе блізка. Але не, ніхто ёй не адказаў. Тады яна пачала клікаць Насцю ўсё грамчэй, перапаўняючыся раптоўным страхам, кінулася спачатку ў адзін бок, потым у другі, паляцела праз лес, не паспяваючы адхіляцца ад нізкіх калючых галінак. Аббегала амаль усё ўрочышча і дарэшты выбілася з сіл. I раптам спынілася, раздумалася, здагадалася... I толькі тады заплакала.
Насцю яна знайшла праз гадзіны дзве. Якраз каля самай кручы, пад якою ледзь бачным струменьчыкам паміж двух іклаў-камянюкаў выбульквала ціхая Лагвянка.
Прабіўшыся праз мохавае балотца, рачулка адваявала сабе ладную яміну з чорнаю вадою, абкіданую па куп’і берагоў вішнёва-карычневымі ніткамі журавін. Далей зноў рабілася маленькай і вузенькай. Нават самыя заядлыя ягадніцы баяліся совацца да той лагвянскай дзюркі, толькі здалёку абмацвалі вачамі журавінавы россып над саменькаю вадою, з жалем прыцмоквалі языкамі, але набліжацца не асмельваліся.
Насця сядзела пад кручаю, выцягнуўшы, як хлапчанё, перад сабою босыя ногі. Недзе, пэўна, згубіла боты. floepa, што яшчэ так цёпла, бы ўлетку.
Рыжага Сёмкі нідзе блізка не было відаць.
Раіна нават перахрысцілася, калі нечакана ўбачыла, што дачка ўся мокрая, як выцягнутая з бочкі. Сарвала з сябе старэнькі пінжачок, забегала вакол дачкі, не чуючы пад нагамі зямлі. Але Насця нават не заўважыла матчынай таўханіны і бегатні. Яе цёмныя, але нейкія пустыя, як выпітыя Лагвянкаю вочы, здавалася, ужо нічога перад сабою не бачылі. Праз нейкі час Раіна злосна запытала, што здарылася, але Насця пачала неяк нервова, ледзь не задыхаючыся, усхліпваць.
Раіна прыкусіла язык. Чакала, калі Насця, крыху адтаяўшы, раскажа ўсё сама.
I дачка расказала. Усё чыста. Як на споведзі. Расказала пра тое, што адбылося ў гэтым лесе паміж ёю і рыжым Сёмкам, «залатым электрыкам»... He ўтаіла і таго, што хлопец пачаў заляцацца да яе адразу ж пасля ад’езду Косціка.
Раіна засіпела Насці абразы, потым пачала трэсці яе за плечы і праклінаць таго «паскуднага» кватаранта.
Нарэшце стомлена прысела каля дачкі і зашаптала, як сама сябе супакойваючы:
— He тыя цяпер парадкі... Усё будзе як след... От падла! Ніч-чога! Жэніцца! Жэніцца, пранцы яго!..
Насця нават не парухалася.
Вяртацца дахаты трэба было вечарам, каб не было чужых вачэй. I Раіна, зрываючы раз’едзеную гразёю скуру па пальцах, пачала дзерці стары мох. Натаптаўшы ладную ношку, нават не заўважыла, якая яна цяпер цяжкая. Іншым разам і не ўсцягнула б такую на плечы. Але цяпер нават не адчула цяжару, які валакла на сваіх плячах з гэтага мохавага, амаль затопленага вячэрняй шэрасцю лесу.
Насця, як дамовіліся, павінна была вярнуцца дахаты толькі з прыцемкамі, і гэта таксама трывожыла, пякло душу.
Раіна стрымлівала як магла слёзы і горкую, што жоўць, прыкрую злосць на кватаранта. Ды і на Насцю таксама. Крыўда здавалася непрымірымай, але дзесьці на палове шляху цяжкая мохавая ношка ўсё ж так знясіліла, што Раіна быццам патухла ўнутры і супакоілася. Падумаўшы, вырашыла пагаварыць з рыжым Сёмкам без лаянкі і пагроз. Усё, што вытварылася ў лесе, ужо не бачылася Раіне такім безвыходна-жахлівым, якім здавалася раней. Але жаночая здагадлівасць і растрывожанае сэрца падказвалі ёй цяпер, што трэба спяшацца з апошняе сілы, ляцець, як на крылах. I Раіна ледзь не пабегла дахаты, сагнуўшыся пад праклятаю ношкаю, часта дыбаючы дрыжачымі ад стомы нагамі, нават не выціраючы са скроняў гарачы пот.
I ўсё ж не паспела. Як і баялася, як яна і здагадвалася, рыжага Сёмкі ў вёсцы ўжо не было...
Мінула некалькі месяцаў. Спачатку Раіна ўважліва сачыла за дачкою, але тая быццам скамянела. I Раіна зрабілася абыякаваю, усё часцей суцяшала сябе тым, што нічога страшнага на самой справе і не адбылося. Дасць бог, забудзецца.