Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
Ужо назаўтра суседка Малашчыцкіх, Паланея Піліпчук, лётала, як апечаная, па астравіцкіх хатах, расказваючы не-
вядома адкуль уведанае. Быццам у багну трапілі адразу двое, бацька і малодшы з сыноў. Васіль па загадзе бацькі спачатку падаў кій брату і, калі той выпаўз на цвёрдае, пачаў ратаваць бацьку. Але кій не вытрымаў цяжкага мужчынскага цела, трэснуў, і Васіль страціў раўнавагу. Калі ж ён падхапіўся на ногі, бацькі ўжо не было.
Менавіта ў тую вясну, настрашаная і агаломшаная смерцю на балоце, вёска ўсхадзілася ад размоў пра нейкую вядзьмарскую сілу Малашчыцкіх. Болей за ўсіх старалася набожная Паланея, усё трубіла пра перададзенае Васілю бацькава вядзьмарства, размахваючы перад астравіцкімі кабетамі доўгімі, як граблі, рукамі. Тыя толькі глыбей укопваліся ў прызбы і слухалі Паланеіны байкі са спалоханымі вачамі.
Дома Стась неяк загаварыў пра Паланею, але маці нечакана рэзка абарвала:
— Каб яе на вілах насіла, пасялуху... Ну, гляньце вы, і ў хаце роднай няма спакою. Лапухі развесіў, слухае... Кавалер! — I адвярнулася,— Брахня ўсё гэта!
Стась не адазваўся, здзіўлены пачутым.
Маці таксама памаўчала, пасля раптам падхапілася, падбегла да печы і пачала вымаць чыгун са свіною бульбаю. Але Стась сам выцягнуў бульбу і вывернуў яе ў цабэрак. Да столі белым слупам паднялася вільготная пара.
— Ды Андрэй Малашчыцкі ніколі рук не шкадаваў! Ці дзень, ці ноч, а ён гарбеў, як той вол! От жа трудзяга быў... Нігды не забуду! I такі, знаеш, праўдзівы быў. Што пра каго думае, тое і рэжа ў вочы... От так... А Паланеі — што? У яе свой інтэрас...— Маці ўзяла таўкач, схілілася над цабэркам і рашуча закончыла: — Прайдзісветка твая Паланея!
Чаму Паланея ягоная — Стась не разумеў, але лытаць не стаў. Выхапіў з-пад матчынага таўкача гладзенькую, як шарык, бульбіну, пачаў таропка лупіць яе і хукаць на апечаныя пальцы. Маці засмяялася — от яшчэ, як малы,— і неяк адразу палагаднела.
— Эх, Стасё, такое наша жыццё. А як цяпер помню... Вярнуўся Андрэй з фронту, у будзёнаўцы ды пры вусах.
Герой! Зімой, перад Калядамі, ці што... Такі, праўда, зранены, бы яго там заместа капусты шаткавалі...
Усміхнулася неяк сарамліва і сумна, як умеюць усміхацца толькі немаладыя вясковыя жанчыны. Паціснула плячамі і нахілілася над бульбаю.
— Піліпчукі тады багатыя былі. Андрэй, як пачалі камуну збіраць, з прыезджым нейкім зайшоў да іх. Насенне, кажуць, вымагаў. А як выходзілі, у сенцах нехта Андрэя па галаве абушком і цюкнуў. Думалі, капцы ўжо. Піліпчук сама тады і збег, як у палонку праваліўся... От так было. А Паланея як асатанела. Ну, чыста змяя стала. Усё «вядзьмар» ды «вядзьмар». Пляце... Аты, дурань, паўтараеш!
Маці ўжо замяшала парсюку і з вядром пайшла ў хлеў, Стась жа моўчкі сядзеў і думаў. Нечакана ўспомніліся тыя доўгія зімовыя вечары маленства, калі хлапчукі збіраліся ў іхняй хаце і зашываліся на печ. Нехта з хлопцаў прыглушаным ад страху голасам расказваў пра раскапаныя магілы і таямнічыя здарэнні з мерцвякамі. Пасля такіх расказаў многія яшчэ доўга не асмельваліся выходзіць на вуліцу і ісці дахаты. Нават цяпер, праз гады, тыя байкі не хацелі забывацца. Яны толькі прыглухлі ў глыбіні памяці. I ўсё ж у нейкія моманты раптам ажывалі і зноў сціскалі сэрца страхам...
Стасевы думкі зноў перакінуліся да Паланеі — як смешна і ў той жа час пагрозліва яна размахвала сваімі доўгімі рукамі пераджанкамі і сіпела: «Вядзьмар... Што праўда, то праўда! Гэта ж, людцы мае, і сыну перадаў! А як жа, перадаў!»
Стась выйшаў у сенцы, узяў старое, вышчарбленае вясло і падаўся ў гарод. Вада затапіла яго амаль напалову. 3 правага боку месца было вышэйшае, і туды, калі яшчэ пра паводку і вераб’і не шапталі, ён прыкаціў старую калоду, прывязаў да яе выцягнуты на сухое човен. Калі пачалася сапраўдная вясна, паводка падмачыла толькі чорнае прасмоленае днішча.
Стась ссунуў човен на ваду і паціху павеславаў да старой кузні, што стаяла на вострым, бы горб, голым пагорку праз некалькі двароў адсюль. Тут паводка дзялілася на два рукавы: левы тапіў гарод астравіцкага старасты, пра-
вы — гарод каваля, які памёр яшчэ перад вайною. Недалёка ад пустой кавалёвай хаты і стаяла кузня. Пасля смерці гаспадара абедзве будыніны таксама нібыта памерлі. Нават сцены ўзяліся зялёнаю слізкаю бросняй.
Стась акуратна сеў на маленькую лавачку так, што качыны нос чоўна высока падняўся над вадою і дробныя хвалі рытмічна запляскалі аб днішча. Было ветрана. Цёмныя, зеленаватыя, бы жабурынне, ліпкія хмары апускаліся ўсё ніжай. Часам вада падносіла да чоўна жмені ўчарнелага сена. I хоць у іх, Іванчанкаў, ужо даўно не было каровы, Стась асцярожна падымаў сена і чакаў, калі ацячэ вада, потым рассцілаў яго на днішчы сохнуць.
Ён асцярожна паклаў вясло і прыціх, утуліў галаву ў плечы, нібыта баяўся, што на яго вось-вось наваліцца хмара. Сядзеў і ўспамінаў...
Так, так... Гэта быў ён, Васіль Малашчыцкі. Гэта быў ён... Але чаму разам з паліцаем Грынем?
Пасля той жахлівай бацькавай смерці Васіль не прыязджаў у вёску цэлае лета. Нават Паланея прыціхла. Вёска таксама жыла сваімі, толькі ёй адной блізкімі і зразумелымі клопатамі — надыходзіла касавіца. Неяк пад вечар у хату да Іванчанкаў завітаў сусед, дзядзька Хвядос, прапанаваў Стасю паехаць разам з ім падводаю па косы ў Негарэлае. Хлопец з радасцю згадзіўся. А ўжо назаўтра ранічкаю маці Васіля Малашчыцкага, сівая — бабуля, і ўсё тут — цётка Ніна, прынесла Стасю палатняную торбачку з яйкамі і салам. Папрасіла перадаць сыну. Турбавалася толькі, ці здолее Стась знайсці яго ў тым тлумным Негарэлым.
— He іголка! Знайду, цётка Ніна. Ён жа на станцыі працуе? Ну во! Было б чаго плакаць!
Але чым настойлівей Стась супакойваў Васілёву маці, тым сумней яна пазірала ў акно, падносячы да вялікіх, напоўненых слязамі вачэй ражок хусткі.
3 выездам крыху прыпазніліся, сонца ўжо разлівала па дарозе жоўты алей першых промняў. Але конь ішоў лёгка, і праз гадзіны дзве колы загрукацелі па местачковай брукаванцы.
Пасля нізкіх драўляных дамкоў зажаўцелі хаця і невысокія, але акуратныя цагляныя будынкі. Крама, каля якой яны спыніліся, у суседстве з імі здалася хаткаю на курыных лапах. Каля яе ўжо стаяла некалькі фурманак з суседніх вёсак.
Унутры крамы было цесна. Мужчыны гучна, бы на кірмашы, перамаўляліся і выціралі ўспацелыя твары вялікімі далонямі. Было так горача — хоць ты дзверы з петляў здымай...
Косы выбіралі доўга. Стаўшы перад акном і выцягнуўшы наперад руку з касою, што ледзь не ўтыркалася вастрыём у шыбіну, дзядзька Хвядос доўга глядзеў, прыжмурыўшы адно вока, на бліскучае лязо, потым пстрыкаў па ім сваім моцным пазногцем, гірыслухоўваючыся да тонкага металічнага звону. Стась толькі назіраў за ўсім...
Нарэшце купілі і косы, і чыгункі, і цвікі, уладкавалі набытае на возе. Дзядзька адразу ж павесялеў і прабубнеў у доўгі нос, што хоча паехаць да сваяка. Стась ледзь не зарагатаў, ведаючы, што ўсе дзядзькавы сваякі тут — у бліжэйшай піўной. Але і ў самога была пільная справа — знайсці Васіля Малашчыцкага. Дамовіліся сустрэцца тут жа, каля крамы.
Саромеючыся спыняць незнаёмых людзей, Стась наўгад пайшоў спачатку па шырокай вуліцы направа, потым звярнуў з яе ў першы ж брудны завулак. I ледзь не адразу ж перад ягонымі вачамі зашарэў высокі чыгуначны насып. 3 невялікай будкі на пераездзе смешна выкаціўся тоўсценькі жвавы дзяжурны, і Стась зразумеў, што станцыя недзе зусім блізка. Павярнуў да нейкіх доўгіх і чорных будынін без акон, каля якіх высіліся штабялі дошак. Паблізу іх, у тупіку, стаяла некалькі пашарпаных вагончыкаў.
Васіля ён угледзеў яшчэ здалёк: якраз выйшаў з дзвярэй прыгожанькага, як цацка, станцыйнага будынка — і ўзрадаваўся. Васіль, відаць, таксама зачапіў яго позіркам, бо адразу ж пабег насустрач.
Ледзь аддыхваючыся і паспяваючы адказваць на ягоныя пытанні, Стась з непрывычкі высока падымаў ногі, пераступаючы рэйкі. Нават не заўважыў, як падышлі да па-
равоза. А заўважыўшы яго, здзіўлена спыніўся. Так блізка бачыць гэты жалезны цуд яму давялося ўпершыню.
— Ну што, братка, харошыя ў нас жарабцы? — засмяяўся Васіль.
— I ты... Ты тэж ездзіш?
— Буду, братка, буду. А пакуль што гайкі толькі падкручваю. I гэта трэба, праўда?
Паравоз, як жывы, дыхнуў параю. У дзвярах, над Стасевай галавою, ужо стаяў машыніст, і на яго мурзатым і хітрым, як у цыгана, усмешлівым твары ажно блішчалі белыя зубы.
— Р-работнічак, давай лапу!
Машыніст быў яшчэ зусім малады, не старэйшы нават за Васіля.
— Давай, давай, не бойся...
Стась пачырванеў, таропка падаў яму руку і тут жа, нечакана хутка для самога сябе, апынуўся наверсе, унутры паравоза. На мурзатым твары машыніста ўсё яшчэ свяцілася вясёлая ўсмешка, і Стась паціху супакоіўся і пасмялеў. Душу перапаўняла новае шчымлівае пачуццё гордасці, нават здалося, што варта яму зараз добра агледзецца тут, пакруціць хоць бы вунь тое бліскучае колца — і вялікая разумная машына ажыве, задрыжыць, загрукоча коламі і панясецца па рэйках наперад. I гэтаму імкліваму руху не будзе ні канца ні краю.
— Ну як, зямляча, спадабалася? Узяло? — Васіль таксама падняўся наверх і засланіў сваімі шырокімі плячамі святло ў адчыненых дзвярах.— Можа, працаваць хочаш у нас? To прыходзь, пасаблю...
Але Стась маўчаў...
...У Астравічы вярталіся вечарам. Дзядзька Хвядос быў нападпітку і адразу ж, як толькі выехалі за райцэнтр, разлёгся збоку на саломе і заснуў.
Стась амаль не кратаў лейцамі, конь сам добра ведаў дарогу і спяшаўся. Пачала насядаць камарэча і даймаць так, што Стась часам падымаўся на ногі, махаючы навокал пінжачком. Дзядзька хроп з глыбокімі груднымі ўсхліпамі,
і па Стасевай спіне прабягалі непрыемныя мурашкі. Ведама, такім насішчам толькі пянькі ў лесе карчаваць!..
Цямнела. Рэдкія карчы каля дарогі праплывалі міма і таямніча, як жывыя, варушыліся. Гэта наганяла трывогу, і Стасю раптам захацелася крыкнуць на поўны голас. Жаданне было такім моцным, што здалося, быццам над чорнымі прорвамі блізкага балота, над гэтаю таямнічаю дарогаю сапраўды пралунаў крык. Ён разгайдаў туман, скруціў яго ў вільготныя клубкі і пагнаў па зямлі.
— Гу-а... Гу-а-а...
He, гэта быў не проста голас, а звонкі паравозны гудок. Адкуль ён прыляцеў сюды? Стась не ведаў, але быў упэўнены, што гудок той ён сапраўды чуў.