Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
— Стась... Стась! Заснуў ты там, ці што?
Стась уздрыгнуў ад нечаканасці, ледзь не выпусціўшы з рук вясло. I вярнуўся з успамінаў...
Човен адплыў ад кузні, і хвалі прыгналі яго ў гарод да старасты. Цяпер ён не гайдаўся, прыбіты да мулкага берага. Зусім блізка, ледзь не чэрпаючы чобатамі чорную тарфяную жыжку, стаяў Васіль Малашчыцкі.
— Бачу, курсіруеш тут па гародзе, як па канале... He баішся?
— Гэта каго мне баяцца, можа, цябе?
— Я-то я... А вось як вунь каля таго калка выплыве якая бомба, што тады?
Васіль блазнаваў, і Стась не сцярпеў:
— Можа, і выплыве! Толькі яшчэ невядома, каму баяцца!
— Ну, калі ты такі смелы, то, можа, скажаш мне, ці гавораць у вёсцы пра... пра гэта...
Стась падняўся, каб адпіхнуцца ад гразкага берага, але пры апошніх словах Васіля насцярожыўся, перапытаў:
— Пра што гэта... гавораць?
— Пра што? Га, пра што! Станцыю ноччу бамбілі!
Рукі ў Стася зрабіліся гарачымі і сухімі, а вясло пацяжэла. — Хто?
— Ды, пэўна ж, не немцы! — Васіль скрывіўся і задумаўся. Нарэшце спадылба глянуў на Стася, рашуча загадаў: — Вылазь, братка, з чоўна, пойдзеш са мною...
— Ara, тэж мне! Пайду! Гэта куды?
— Taro самага лётчыка шукаць, што станцыю бамбіў. Кажуць, ён на парашуце спусціўся. Толькі не тут, а недзе за ракою...
— Чаго ж вы сюды...
— А што? Усяк бывае. Во Грынь лавіць яго прыехаў. Аднак жа, як казаў мой дружок Лявон, дай божа сляпой курыцы чарвяка злавіць!
Стась налёг з усяе сілы на вясло, каб зрушыцца з месца, але Малашчыцкі нахіліўся і, схапіўшы човен за нос, так ірвануў яго да сябе, што Стась ледзь утрымаўся на нагах.
— Ты чаго прычапіўся?
— Пачакай, не крычы ты...
Васіль пацямнеў тварам і адразу ж здаўся нейкім хворым, загаварыў глуха і даверліва, нібыта без яго, Стася, яму сапраўды ніяк не ўправіцца.
— Ты думаеш, што і я ў бобіках хаджу... От што ты падумаў! А я да Грыня толькі па дарозе падсеў! Ішоў, каб хоць на хату сваю глянуць... На магілу матчыну...
— Дык ідзі і глядзі... Чаго стаіш?
— А ты не кіпі! Тэж герой! Я, папраўдзе, дык і сам не ведаў, што Грынь бобік!
Васіль памаўчаў, абдумваючы нешта сваё, потым паглядзеў на Стася калючым запытальным позіркам. Пасля пачаў ціха, з ранейшым даверам:
— Як учуў, што Грынь едзе таго лётчыка шукаць, то й падумаў сам сабе... А што, калі і праўда? А калі тут той лётчык? Га? От-то! Хто можа сказаць? Грынь-то не верыць, спакойна прыехаў, адзін, ддя адчэпнага... Астатніх за раку пагналі... Шукаюць... А я вось падумаў, што ўсё можа быць. Грынь дурны, калі што якое — бяды наробіць! От так, Стась! Так што схадзі ты са мной! Памажы! Ну, прашу!
— А людзі што падумаюць?
— Што падумаюць! Што падумаюць?! Няхай конь думае! А мне ніяк не ўправіцца! — Васіль, здаецца, страціў цярпенне, рашуча звузіў вочы: — Пойдзем, Стась!
I Стась згадзіўся.
Яны былі ўжо на балоце.
Стась бег за Васілём, Грынь адставаў. Жыў Грынь у Негарэлым, але Астравічы ведаў, як уласныя кішэні, бо перад вайною кожнае лета прыязджаў да сваёй цёткі Паланеі ў госці. Баючыся гарачага пяску, усё лета хадзіў у белых тапачках.
Цяпер гэта быў невысокі каржакаваты дзяцюк з тонкімі вуснамі і блакітнымі вачамі. Шчокі яго і нават невысокі лоб густа абсыпалі ружовыя прышчыкі.
Успомнілася, як Грынь аднойчы расказваў хлопцам пра вядзьмарства Малашчыцкіх, размахваючы гэтак жа, як цётка Паланея, рукамі і гэтак жа, як яна, паўтараючы: «Божа ж, мой божа, і не пакарае!» Нехта са старэйшых, падслухаўшы аднойчы тую балбатню, засмяяўся: «Гэта ж трэба, і словы Паланеіны рыхтык пазбіраў».
— He, не магу, сэрца разарвецца,— прахрыпеў Грынь і апоўз на зямлю.
— Ладна, адпачнём,— згадзіўся Васіль.
Стась ляжаў на халоднай траве і папракаў сябе за тое, што ўступіў Васілю. Паўдня яны гойсаюць па балоце, як шалёныя сабакі, а ўсё дарэмна. Але, зрэшты, не ўтома мучыла яго, а пачуццё невядомасці, едкага сораму перад маці і вёскаю: яны ж нічога не ведаюць. Думаюць, напэўна, што Васіль таксама паліцай. I што ён, Стась, таксама з імі...
Стась пазіраў у сіняе глыбокае неба, адчуваючы разгарачанаю ўспацелаю спінаю свежы халадок вільготнай зямлі. I раптам падумаў, што ён зараз можа прастудзіцца, захварэць і памерці. Яго пакладуць у дамавіну і пад матчыны крыкі і плач закапаюць глыбока-глыбока. I тады ўсё добра скончыцца. Людзі скажуць... Стась падумаў, пра што могуць сказаць людзі, і стомлена, са стогнам павярнуўся на бок. Перад вачамі затрапяталі чырвоныя і чорныя мушкі. П’яніў рэзкі пах перагнілай балотнай травы і карэнняў. Але думка пра тое, што ён сёння, магчыма, памыліўся ў Васілю і, як сляпое кацяня, бездапаможна слухаецца яго, засела ў горле, як корак, і душыла, душыла...
У Васіля замест сэрца, здавалася, была помпа. Ён нават не прысеў. Недалёка ад месца іхняга прыстанку была тая самая ведзьмарова купіна.
«Няўжо і туды пойдзем?» — пахаладзеў нутром Стась, заўважыўшы, як Васіль уважліва абмацвае вачамі паласу карчоў, за якімі пачыналася дрыгва.
— Ну, хопіць, хлопцы, уставайце...
Сказаў так, нібыта яны былі на звычайнай рабоце, па касьбе. Што трэба, маўляў, падымацца ды брацца за косы...
Усе трое ўтыркалі ў здрадлівую зеляноту доўгія кійкі, каб неспадзеўкі не трапіць у гнілую дзірку. Чым бліжай падступаліся да страшнага месца, тым часцей з-пад купін вырывалася з бульканнем і шыпеннем іржавая вада. Ішлі моўчкі. I раптам адтуль, дзе чарнелі карчы, пачуўся крык. Клікаў на дапамогу, няйначай, той самы лётчык, бо хто з мясцовых пойдзе туды ў такую пару.
Крык паўтарыўся, і яны пабеглі, не зважаючы на тое, што купіны пад нагамі хадзілі, як на спружынах.
... Лётчык быў сярэдніх гадоў з тонкімі вусікамі і вузкімі шчылінамі вачэй.
— Папаўся,— плюнуў праз зубы Грынь і пачаў сцягваць з пляча вінтоўку.
— Ціха! — крыкнуў на яго Васіль, падступаючы да чорнай лапіны ўсё бліжай, падаў лётчыку кій. Але той зноў закрычаў, тузануўся з усяе сілы, ажно навокал яго закалыхалася шараватая, з бліскучай гладкаю паверхняю, балотная гразь, і тут жа праваліўся па самыя грудзі.
— Кій бяры!
На шырокім лётчыкавым твары варухнуліся пабялелыя вусны. Ён падняў руку, але цела апускалася ў студзяністую прорву ўсё глыбей. Васіль, не азірнуўшыся, загадаў хрыплым голасам:
— Давайце кіі!
Ён нахіліўся, паклаў кіі перад сабою, потым асцярожна, упіраючыся рукамі ў купіны, лёг на іх і пачаў павольна падсоўвацца да лётчыка.
Стась зразумеў, што адбываецца нешта нечаканае і небяспечнае, але таксама лёг на дрогкую зямлю, шукаючы каленямі цвярдзейшыя лапіны. Прайшла хвіліна. Дзве ці тры... Вось-вось павінна было здарыцца страшнае.
Васіль паспеў схапіць лётчыка за руку, калі той праваліўся ў багну па самыя плечы. Толькі адзін неасцярожны рух — і Васіль услед за лётчыкам мог усунуцца ў прорву. Трэба было нешта рабіць...
I тады Стась аберуч абхапіў Васіля за ногі, за чобаты, што чарнелі падэшвамі перад самым ягоным носам, і з усяе сілы тузануў іх да сябе. А потым гэтак жа неасцярожна і ўтрапёна, як ашалеўшы ад страху і злосці, пачаў адпаўзаць назад, цягнучы за сабою і Васіля...
Вырашылі ісці ў Каптонічы — да гэтай вёскі хоць і не так блізка, затое дарога была сушэйшая. Неслі лётчыка на плячах, па чарзе. На небе ўспыхнулі першыя зоркі, але ноч не спяшалася наступаць, было яшчэ даволі светла. I толькі балота, ужо за плячамі, ляжала чорнай нерухомай пустыняю.
Пачуўшы незнаёмых, каптоніцкія сабакі ажно заліліся тонкім брэхам. Грынь, мінаючы гароды, паціху кіраваўся да хаты тутэйшага старасты Якіма. Стукнуў у акно. Выскачыўшы на ганак і пазнаўшы гасцей, гаспадар толькі ляпнуў вялікімі рукамі па баках і здзіўлена пакруціў лысай і доўгай, бы гусінае яйка, галавою.
У хаце гарэла падвешаная да столі над сталом вялікая лямпа. Лётчыка пераапранулі ў сухое адзенне, звязалі на ўсякі выпадак рукі тонкаю вяроўчынаю. Бо так захацеў Грынь. Паселі, дзе хто мог. Васіль апусціўся на лаву каля стала змрочны, насуплены, засяроджаны. Стараста неяк па-дурному ўсміхаўся, але ні аб чым пакуль што не пытаў. Паставіў на стол пляшку гарэлкі і шклянкі, гліняную міску з агуркамі. Пачаў кроіць хлеб.
— Ну, вось што, хлопцы, нам тут,— Васіль абвёў насмешлівымі вачамі хату,— усім не ўлегчыся.
— Гэта чаму ж? — вяла запярэчыў Грынь.— Калі гэта людзям хаты не хапала?!
He адказаўшы яму, Васіль перавёў позірк на старасту, кашлянуў у кулак.
— От, не заўважыў, ці ёсць у цябе лазня?
— Стаіць, а дзе ж ёй падзецца!.. Хаця халодная, страх!
— Нічога, ніякая халера яго,— Васіль кіўнуў у бок лётчыка,— не возьме. Варту паставім, каб не ўцёк.
— Гэта хто ж стаяць будзе? — з’едліва ўсміхнуўся Грынь.
— Каго пастаўлю, той і будзе!
— Ну, то сам і пастаіш! Начальнік мне знайшоўся... Каціся адсюль, пакуль не позна. Я цябе наогул не клікаў!
Васіль нават галавы не павярнуў да Грыня, нібыта і сапраўды быў якім начальнікам, моўчкі разліў гарэлку ў шклянкі і адну з іх па-гаспадарску падаў старасту.
— На дарожку, весялей будзе... Пакуль светла яшчэ!
Стараста ахвотна выпіў, хруснуў агурком і глянуў на прысутных маленькімі, як у свінні, вочкамі.
— I дзе гэта вы яго злапалі?!
— У ведзьмаровай купіне! — зарагатаў Грынь, але, глянуўшы на Васіля, асекся.
— Ого, не дзіва! Сам гаспадар, пэўна, з таго пекла даставаў... Яму ж не ўпярвой! — смела блазнаваў стараста, цікуючы за Васілём. Бы дурным ілбом арэхі пляжыў.
— Штукар ты, бачу, Якім,— ціха прашаптаў Васіль, павярнуўшыся да яго.— Штукар... Ну, то бяры хутчэй каня запрагай ды шпар у Негарэлае. Можа, раніцаю ўжо і прыедуць.
— У Негарэлае? Ты што, з глузду з’ехаў?! Куды ж я, нанач гледзячы? Учудзіў... Гэта ж, можа, не на гулянку табе?!
— I я пра тое, што не на гулянку... А ты што, хочаш, каб нас тут усіх... партызаны...
— Жартуеш,— усё яшчэ не верыў стараста,— куды ж такою парою?! Ты што?! Якія партызаны?!
— А ты,— Васіль зірнуў на Грыня,— павартуй яго трохі ў лазні. А то й праўда, калі партызаны, то мы ўжо са Стасем як-небудзь паспеем... Драла даць! А вы ўжо сядзіце там сабе ціхенька, век не знойдуць. Вось так...
— He паеду я, хоць рэж, не паеду! — стараста глядзеў на ўсіх злосным позіркам.
— Паедзеш як міленькі! — павярнуўся да яго Васіль.— От так! Спяшайся, a то зусім сцямнее.
— Вядзьмар ты пракляты. Вядзьмар! — прасіпеў гаспадар, але пярэчыць болей не стаў. Хістаючыся, пайшоў да дзвярэй.