Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
Яшчэ ні аб чым не пагаварыўшы са старшынёю калгаса, не папрасіўшы ні лесу, ні гонты для страхі, яна наважылася спачатку зрабіць лягчэйшую работу. Як некалі да вайны — надраць моху. Потым як-небудзь прывязе прычэп лесу і зоймецца вянцом.
Доўгі час Раіна не хадзіла ў Лагвянскі лес нават па ягады, жалілася суседкам на боль у крыжы. I ёй, вядома, верылі, бо радыкуліт дапякаў усіх жанок. Цяпер жа Раіна махнула рукою на ўсё: і на радыкуліт, і на крыж. He мінула і тыдня пасля выхаду з бальніцы, як яна сама завяла Уладзіка да
Сымона на цэлы дзень і пайшла ў лес. Пайшла адна, знарок нікога не ўзяўшы ў кампанію.
Ужо даўно выгналі кароў, жанкі палолі соткі, і ніхто ісці з ёю не набіваўся.
Раіне пашанцавала: раніца выпала мяккая і чысценькая, пасля расы прыемна падсушаная сонцам. Лестаксама стаяў перад ёю высокі і празрысты. Раіну непакоіла толькі адно: ці знойдзе яна патрэбную мясціну? Бо была ж тут, дай бог памяць... Колькі ж гэта? Уладзіку якраз дванаццаць гадкоў... Вось і лічы, што ў гэтым лесе Раіна была яшчэ вунь калі... Разам з Насцяю... Гадоў трынаццаць назад!
Успомніўшы дачку, Раіна ледзь не задыхнулася. Горла забілі даўкія балючыя слёзы, ад якіх трэба было хоць крыху адпачыць і супакоіцца. Але расседжвацца не было калі. Нарэшце, асабліва не блудзячы, Раіна натрапіла на тыя самыя буякі, пасля якіх і пачыналася мохавае балота.
Яна адразу заўважыла, што ранейшыя мохавыя мясціны густа зараслі высокімі карчамі воўчых ягад. Над кожным з карчоў ядавіта-дрогкім шараватым воблачкам трымаўся туман, калыхаўся ўваччу. Усё балота хваравіта дыхала багуном. I буякі, і воўчыя ягады не даспелі і бела выблісквалі з рудаватых лісточкаў. Паміж замшэлымі купінамі ў дзіковых слядах стаяла гнілаватая вада.
Раіна так бы і не асмелілася прадрацца праз буяковую сетку, але сонца, падняўшыся высока, раптам вырвалася з-за воблака і ўдарыла па гэтай балотнай чэзласці, з усяе сілы сыпанула на шэрыя купіны жмені залатых падковак. Атрутны чад імгненна развеяўся, і з куп’я адразу ж вызірнулі ярка-чырвоныя і ружовыя, з фіялетавымі сярэдзінамі, сыраежкі, напінаючыся, усё пыжыліся парваць жылкі травы сваімі крохкімі шапачкамі.
Азірнуўшыся на ўсю гэтую раскошу, Раіна незадаволена хмыкнула. Тут моху і са свечкаю не знойдзеш. Па-буслінаму высока падымаючы ногі, яна паволі, асцерагаючыся ямін, накіравалася ў той бок, дзе павінна была працякаць Лагвянка. Нарэшце ўбачыла знаёмую кручу, такую ж лабастую, як і раней, але добра палыселую і пажаўцелую за
гэтыя гады, з новымі норамі. Раіна ведала, што за кручаю, ажно ўзлазячы ёй на самыя плечы, з таго боку разрастаецца малады здаровы сасоннік, але сама там ніколі не была.
Прыгледзеўшыся, узрадавалася таму, што Лагвянка не аддала нахабнаму кустоўю сваю глыбокую яміну, і вакол яе цяпер раскашавала чадная зелянота, аплеценая бляклымі нітачкамі журавін. Мох тут яшчэ не выдзерлі. Узрадаваная, Раіна падаткнула спадніцу, тут жа апусцілася на калені і пачала выбіраць і кідаць мох у разасланую паблізу посцілку. Справілася надзіва хутка, праз якую гадзіну, не болей. Натаптаную ношку перанесла ў сухое месца пад самаю кручаю. Потым прысела на цвёрды грудок і ўткнулася плячом у цёплую, што грубка, гліняную сцяну кручы. Ношка з мохам таксама нагрэлася і пачынала парыць.
Невядома адкуль, ці не з-за гэтай самай кручы, данеслася нясмелае, яшчэ ціхае салаўінае цёхканне. Раіна здзівілася і падумала, што ёй здалося. Але ў тое ж імгненне да першага поклічу дабавіўся цэлы птушыны хор, ажно залажыла вушы. Раіна хацела стаць на ногі, але не змагла, распешчаная пякучым сонцам. I раптам, быццам упершыню ў жыцці чуючы гэткае шалёнае, бязладнае птушынае ціўканне і шчоўканне, узрушаная ім, Раіна падумала, што ўсё ж калі гаварыць праўду, то нават цяпер яна хоча ўтаіць сама ад сябе самае важнае. Бо не толькі ж дзеля гэтага во моху яна так доўга перлася сюды па карчах і багне. He толькі... I няма ўжо як і перад кім ёй таіцца, няма куды ўцякаць ад свайго штодзённага зацятага болю, ад гэтай перапоўненай чорнаю вадою Лагвянкі, што, здаецца, выцякае з-пад саменькага хворага Раінінага сэрца. У фіялетава-серабрыстай балотнай парнасці Раіне захацелася ўбачыць і нанова адчуць усё, што так даўно перашкаджае ёй спакойна і ціха жыць. I дзеля чаго яна прыйшла сюды, прыйшла, каб яшчэ раз успомніць і зразумець...
Як бы пачуўшы нечы таемны загад, Раіна задзерла галаву і ўбачыла проста над сабою, на самым версе кручы, кашчавую і бліскучую воўчую морду. Сэрца адразу ж моцна затахкала, Раіна ажно заплюшчыла вочы і з усяе сілы
ўціснулася плячом у цёплую гліну кручы. Раней, магчыма, яна па-сапраўднаму спалохалася б, але зараз толькі раззлавалася. He, калі б не ўнукава ўпартасць, калі б не той настырны дурны Лямеш, ні за якія грошы не ўсунулася б яна ў гэтае праклятае ведзьміна логава! Што тут мудраваць — ёй адной хапіла б і старой хаты. Яшчэ і прывычней, спакайней!
Раіна аддыхалася і яшчэ раз зірнула ўверх — а ці не з’явіцца на кручы тая самая, не дай бог, ашалелая ваўчыца? Але там ужо нікога не было. Пэўна, здалася ёй тая шэрая зяпа над галавою...
А можа, здаліся, прысніліся Раіне і тыя лясныя чары, і далёкая, амаль забытая ўжо Насціна ўтрапёнасць, і налітае да краёў, слюдзяна-чорнае лагвянскае вока, якое ўжо трынаццаць год сочыць за Раінаю сваім дрымотным дзікім позіркам...
Але каб жа ды так! Каб жа хто сказаў Раіне, што ўсё мінулае і сапраўды прыбачылася, прыснілася, прытрызнілася! Каб жа...
Раіна стала на ногі, усцягнула на спіну мохавую гарачую ношку і, сагнуўшыся пад яе цяжарам, пабрыла цераз балота. Да чыстага лесу яна дасталася хутка, дыхаць было трошкі лягчэй. Але праз якія паўкіламетра млявасць і слабасць зноў разліліся па ўсім целе, перашкаджаючы ісці.
Ах, Уладзік, Уладзік... Малы яшчэ, а бач, паганец, падтачыў, бы крот, зямлю ў яе пад нагамі. Дзіця неразумнае. Што бачыць, што думае, пра тое і балбоча. «У дзеда Сымона лепш! Цяплей! А ў нас столя зусім нізка. А не светла... Нельга ўрокі вучыць...» Як хто яму нашэптвае, шчуру малому. Паддалася, дурніца, на гэтае мэканне, вось і прыся цяпер з гэтаю ношкаю, быццам у яе чорт ведае чаго накладзена. Аж плечы рве!
Здаецца, сам лес, паліты дурнап’янам багуну, усім сваім цяжарам цяпер наваліўся на Раініны плечы, і яна раз-пораз спалохана падымала галаву, пазіраючы ў блакітныя акенцы-прагалы паміж вяршалінамі дрэў. Падумала, што ў гэтым вялізным лесе яна стала дробненькаю мурашачкаю
ці пчолкаю, таму, напэўна, сосны і здаюцца такімі высокімі. Нябесныя акенцы ўверсе таксама былі недасягальныя, ажно кружылася галава, і думалася — як жа доўга трэба ляцець душы праз гэтыя прагалы да святога неба і да тых вунь пуховых бесклапотных аблачынак...
Лес не парадзеў, але зрабіўся святлейшым, таямніча гайдаў галлём і шоргаў калючымі сасновымі лапкамі па вялізнай ношцы.
Раіна нарэшце патрапіла на добрую, пасыпаную шышкавым пер’ем дарогу, узрадавалася. Цяпер можна было нават агледзецца навокал.
Раіна сапраўды глянула ўбок і раптам спалохана спынілася. Па высокай папаратнікавай траве зусім блізка шахнула быстрая, як страла, ваўчыца. Гэта была, напэўна, тая самая, з кручы. Значыць, сачыла, бегла следам. Няўжо і сапраўды ашалела? А можа, проста палюе тут на якую-небудзь амярцвелую ад страху заечую костку для сваіх ваўчанят.
Падтрымліваючы ношку рукамі знізу, Раіна няўклюдна пабегла па слізкай ад сыраватага карэння дарозе, ловячы вуснамі салёныя слёзы. Урэшце, што яна хацела знайсці ў гэтым лесе, акрамя невыносна горкіх пякучых успамінаў? Страчанае здароўе? Дык яго ўжо нічым не дастанеш. А можа, якое-небудзь прываротнае зелле, якое верне ёй унука? Каб любіў толькі сваю адзіную родную бабу і нікога іншага, каб бегаў за ёю, як гусяня! Каб ніколі больш не хваліў дзеда Сымона, каб...
Урэшце, гэта ж чаму яна, Раіна, павінна шкадаваць гордага Лемяша? У яе самой вунь нікога няма, нават далёкай радні, усіх па свеце раскідала... Калі б не Уладзік, была б — як палец. Сам жа Лямеш ад Уладзіка, яшчэ не пушчанага ў свет, адцураўся. Сам! А цяпер во што робіцца! Горш і не прыдумаеш...
Раіна ўсё бегла, спатыкаючыся аб карэнне, быццам баялася, што не паспее і што нехта назаўсёды звядзе і схавае ад яе адзінага ўнука, а тады шукай управу! Яна нават на імгненне паверыла ў тое, што ў вёсцы з Уладзікам без яе здарылася нешта благое. Паверыла і памкнулася бегчы
хутчэй, але раптам востры боль з левага пляча ўдарыў па ўсім целе, і здзіўленая Раіна вяла асунулася ўніз, сутаргавымі глыткамі хапаючы паветра. Яно, праўда, было цяпер густым і пякучым, як расплаўленая смала, ажно балелі вусны. Сцягнуўшы з плячэй ношку, Раіна асцярожна легла на дарогу. Якраз спінаю на вузлаватыя вяроўкі карэння.
Раіна ляжала доўга, быццам страціла прытомнасць. Над самаю галавою ледзь бачна варушыла галінамі старая вольха. Чырвоная, з доўгім цельцам мурашка поўзала па трымтлівым лісціку. Раіна замерла, з гідлівасцю падумала, што мурашка можа сарвацца і ўпасці проста ёй на твар...
Навокал стаяла таямнічая цішыня. Раіна чакала. Чакала доўга, аж пакуль не прыглух боль, і ўсё навокал адразу ж ажыло і пасвятлела.
Павольна, але ўсё больш упэўнена Раіна пачала знаходзіць у сабе тое галоўнае, дзеля чаго вось сёння, праз столькі гадоў пасля Насцінай смерці, вярнулася да маўклівай лясной Лагвянкі. Гэтае галоўнае было нечакана простым і прынесла Раінінай душы толькі радасць. А ўсё ж добра, яшчэ як добра, што яна, Раіна, стрымалася, так і не сказаўшы нікому праўду пра Уладзіка. Як гэта добра!..
Зрэшты, ці патрэбны таму ж Сымону Лемяшу яе праўда і яе шалёная памяць? Што б ні здарылася з Раінаю, усё ў жыцці будзе так, як і было. Уладзік жа, дзякуй богу, не памрэ разам з ёю, а будзе жыць, яшчэ доўга-доўга расці, набірацца розуму. Няхай сабе і ў Лемяша.
Падумала Раіна і аб тым, што тая даваенная пякучая зуброўка болей не адступіцца і ўжо вельмі хутка дойме, дарве яе сэрца, дагоніць на паўдарозе сваім едка-салодкім хмельным чадам. Але няхай ужо толькі яе, Раіну, толькі яе адну...
Упіраючыся локцем у цвёрдую дарогу, яна асцярожна павярнулася на бок, села перад сваёй вялізнаю разлезлаю ношкаю і пачала развязваць яе. Потым стала на ногі і вываліла з посцілкі разапрэлы мох. I тут убачыла, што разам з ім на дарогу выпала шэранькае, ледзь жывое ваўчаня. Раіна ўсміхнулася, залюбаваўшыся яго чорненькай пыскай. I калі гэты ваўчок запоўз у ношку? Напэўна, яшчэ на балоце.