Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
— А каб цябе пранцы, і тут пуста! — незадаволена ўздыхнуў гаспадар. Потым ён асцярожна падступіў да самай вады, і вялізны ярка-зялёны грудок пад яго нагамі адразу зачмякаў, клубкі злямчанай травы ўміналіся ў балота, потым павольна падымаліся, распростваючыся, нагадвалі вялізных растрывожаных слімакоў.
Пальма гідзілася, але дзецца не было куды, і яна ступала па гэтым жывым балоце, адчуваючы, што да лап, да жывата, да бакоў прыліпае мокрая брыда. А гразкая вада была ўжо блізка, густою кашаю абляпіла гаспадаровы боты, чалавек стаяў у гэтым чортавым кісялі па самыя калені. Ён падняў доўгі кій, дужымі рукамі ўткнуў яго ў ваду пад карчы, ушчаціненыя, пярэстыя, з паднятымі ўверх калматымі лапамі, і тыя адразу ж загайдаліся, зараўлі з патрывожанай глыбіні, пачалі скідаць з сябе скуру ліпкай лістоты. Здалося, што гаспадар уткнуў у балотнае пекла не звычайны кій, а распалены жалезны прут, і гразкая вада закіпела, выкінула з сябе пругкія галоўкі-бурбалкі з гнілым паветрам, завохкала і засіпела.
I адразу з-пад карчоў вёрткімі бліскучымі мячыкамі пакаціліся ў траву вялікія і маленькія вадзяныя пацукі — шчуры, замітусіліся, шукаючы паратунку. Пальма як звар’яцела. Яна кідалася на гэтыя жывыя балотныя бародаўкі і хапала іх зубамі за мяккія спінкі, як вялізная дужая маланка зігзагамі падскоквала над высокаю травою, даганяючы новую ахвяру, хрыпела і матляла галавою з акрываўленай пашчай.
Гаспадар ужо натаптаў шчурамі вялізную і брудную, бы аблітую жоўтым смальцам, торбу, але старая сучка ўсё не магла супакоіцца, бегала вакол яго, скавытала, грэбла лапамі куп’ё, быццам толькі цяпер, у нечаканым паляўнічым спрыце, адчула новыя здольнасці знаходзіць няўлоўныя і рэдкія пахі. Раптам спынілася, як падрэзаная, падціснула цяжкі ад налепленага глею хвост, падагнула лапы і павольна, адганяючы нечаканы страх, глыбока ўдыхаючы тонкі, яшчэ дасюль не чуты, але ўсё ж аднекуль знаёмы пах, падалася ад гаспадара, пакуль не ўбачыла маленькую сіратлівую і надзіва сухую палянку. Адсюль па версе навакольных траў дрогкаю вільготнаю нітачкаю да яе цягнуўся пах самога балотнага пана, валадара навакольнага краю. Гэты пах мог схапіць не ўсякі звер, а толькі той, хто хоць аднойчы быў напалоханы прывідам смерці. I адразу пачуўся яшчэ адзін пах — трошкі гаркаваты, востры, як іголка, пах
фіялетава-ружовай мацярдушкі, той самай травы, якая цудадзейна вяртала да жыцця. Сківіцы ад хвалявання адразу звяло, было цяжка жаваць, і Пальма толькі паварочвала морду ў розныя бакі, захоплівала траву пашчэрбленымі зубамі, глытала саланаватыя лісточкі цалкам, цяжка дыхала і залівала зямлю зялёнаю пеністаю слінаю. Яна абгрызла амаль усю палянку, потым пачала церціся аб зямлю рэбрамі і галавою, ледзь пераводзячы дух.
Склычаная, аблепленая балотнай тванню, яна вярнулася дамоў толькі вечарам. Гаспадар ужо аблупіў шчуроў, тонкімі цвічкамі прыбіў нацягнутыя шкуркі на жоўтую, гладка абгабляваную дошку, паклаў яе на прызбу. Шкуркі былі беленькія, з тонкімі павуцінкамі на ружаватых краях. Калі яны падсыхалі, то жаўцелі, рабіліся бліскучыя.
Пальма толькі глытнула перакіслага, як шчаўе, малака, падзівілася шчодрасці гаспадыні і, ледзь не падаючы ад стомы, павалаклася ў нагрэтую за дзень будку. Там лагодна лізнула ў цёплы носік свайго соннага шчанюка, што мяккім чарвячком скруціўся ў кутку, пачула, як дрогнуў яго нервовы жывоцік, і адразу заснула. He чула нават, як сонны шчанюк падпоўз і прытуліўся да яе мяккай спінкай. Раніцаю наступнага дня, ужо другі раз, яна зноў прачнулася лёгка, нібыта нічога раней і не было. Балотны дух мацярдушкі наспружыніў мускулы цвёрдымі, як металічныя кружочкі, вузламі, наструніў лапы. Але нейкае трывожнае пачуццё вадзіла яе з аднаго канца двара ў другі, падціскала да хрыбта мех жывата, але ён зноў адвісаў, уцягваў у сябе салодкі пах рамонкавага лета.
Яна пабегла па вуліцы, рассякаючы пругкімі лапамі жвірысты пясок, нібыта шукала прычыну свайго неспакою, разнервавала суседскую квактуху, што вадзіла сваіх пісклявых дзьмухаўцоў, прынюхвалася і прыслухоўвалася, раздзімаючы пасечаныя ўчарашняю травою ноздры. Ужо хацела супакоіцца, але нечакана нашчацінілася ўся, агрызнулася на нешта нябачнае. А тое, нябачнае, але адчутае ўсім целам, ужо даганяла яе, прывідным шарам пакацілася па ўзбочыне дарогі, потым гарачым каменем упала на сабачую
спіну, здаецца, здзіраючы з яе вылінялую поўсць. Пальма прыгнулася, пачала атрасацца ад гэтага шалёнага, пякучага наслання і кінулася дахаты.
А там, у двары, стаяў гаспадар. Побач з ім аб нечым гаварыў сусед Сцяпан, высокі, лысы, з вялізным, бы яміна, ротам. Смяяўся, прытупваючы, разводзіў рукамі, як бы хацеў абняць вецер, драпаў сябе за шырокія грудзі вялізнымі і чорнымі, амаль да палавіны ўкрытымі карой пазногцяў пальцамі.
— Аддай ты мне сучку, Міня, чуеш?.. Сам ведаеш, які ў мяне клопат...
— Ат, Сцёпа, яна ж старая. Дзе ўжо ёй на бубен!
— Выдублю скуру, як з маладой будзе.
— А можа, пачакай... Хай ужо сама здохне!
— Ды не, не! Бубен саўсім дзіравы, во-во лопне. Мяняць рыхтык трэба...
Гаспадар злосна скубянуў сябе за бараду, зірнуў на Пальму хуткім і калючым, бы зазубец, позіркам, і сучцы здалося, што ён, гэты кароткі позірк, зачапіў яе недзе знізу, з-пад жывата, балюча падцягнуў уверх.
— Ты што, можа, з жывой здзіраць будзеш?
— Ну, ты гэта кінь! Я што, жывадзёр які? Ведама, заб'ю спачатку, аблуплю як след. Знаеш сам, як я гэта раблю. Bo! Hi адной дзірачкі не будзе. А сучка ў цябе вялікая, скура — што трэба!
Пальма акамянела, утаропіла вочы ў вялізны Сцяпанаў рот, нібыта з гэтай чорнай бяззубай яміны вось-вось павінен быў выскачыць тлусты шчур. I яна нават прысела на задніх лапах, падрыхтавалася скочыць.
— He, брацёнак, ты ўжо лепш пачакай. Неяк не па-людску гэта...
— Эт, добранькі знайшоўся! — Сцяпан пакрыўджана крутнуў галавой і нехаця падаўся з двара.
Гаспадыня Волька, цягнучы свінням вядро з мяшанкаю, злосна чмыхнула, і Пальма адразу адчула, што яна нечым незадаволена.
Дзень пачаўся кепска. I Пальма хацела ўсім дагадзіць, выганяла з гарода суседскіх курэй, услужліва сустракала хрыплым брэхам усіх, хто заходзіў у двор, ляжала, піль-
нуючы, пад яблыняю, загружанаю да самага верху крамяным белым налівам. Але раз-пораз сэрца яе сціскалася, і сучка прыгінала галаву, адчуваючы на сабе насцярожаны позірк гаспадыні.
Калі з лугу вечарам прыгналі гусей, нават паспрабавала абараніць Грыньку ад ганарыстага задзірыстага гусака, захрыпела на яго, але гаспадыня нічога не зразумела і балюча выцяла яе па назе, пагнала, пакрыкваючы, гусей у хлеў. Пакрыўджаная, сучка моўчкі паскрэблася ў сваю будку і не вытыркалася адтуль да наступнай раніцы.
Яшчэ задоўга да сонца ў двары пачалося мітуслівае свята. Зазвінелі пустыя вёдры, аб дно бразгалі слоікі і бутэлькі з вадою. Гаспадыня збегала ў гарод, злазіла на гарышча. Пальма чула смачны пах сала і хлеба, усе цікавала за гаспадыняю. А Волька, бліскаючы локцямі, таропка завязвала хустку, абцярушвала ад сена пакамечаны пінжак на Міхайлу, а перад самай дарогай нацягнула на ногі маленькія боты. Адчайна пазяхаў без пары падняты Грынька, чухаў Пальму за вухам, і ад яго пахла цёплай вопраткай і свежым малаком.
Па ягады Пальму таксама не клікалі, але яна па старой завядзёнцы кінулася ўслед за людзьмі, бегла паўз дарогі, абрываючы з павуціністай травы ліпкую расу, узбуджана-ціха скавытала. Спачатку ішлі па вузенькай сцежачцы ў жыце, падганяючы перад сабою Пальму перамовамі і смехам, потым праскочылі рэдкі малады хвойнік, наступаючы на хрусткую заечую капусту. Нарэшце ўсе трое ўзышлі на чыгунку, пашоргалі па шпалах. Было амаль цёмна, людзі шэптам перакідваліся словамі, быццам тут, на чыгунцы, і пасмяяцца ўжо нельга было, падганялі адно аднаго. Грынька ўсё адставаў, ківаў соннаю галавою. Гаспадыня, тузануўшы яго за рукаў, паказвала назад, гаварыла, што вунь там за імі бягуць ваўкі, ажно вочы свецяцца. Грынька і праўда прыспешваў хаду. Пальма таксама насцярожвалася, азіралася ў цёмную далячынь, утырканую яркімі кропкамі станцыйных агнёў, віляла хвастом, гатовая выканаць любы загад гаспадароў. Бегла за імі следам, падымаючы галаву ўверх, вышэй ад непрыемнага мазутнага паху рэек.
Наперадзе паказалася мужчынская постаць, і Пальма адразу пазнала Сцяпана, які нёс за спінаю стрэльбу. Яе кальнула ў грудзі, сціснула як абцугамі, забіла дыханне. Пальма з трывогаю слухала, як людзі павіталіся, перакінуліся некалькімі словамі і зноў пакрочылі наперад.
Сцяпан нібыта і не заўважыў Пальмы, ішоў, пераступаючы шпалы, наперадзе, і яго вялікая, укрытая пляскатай кепкай галава рытмічна пагойдвалася.
Ужо развіднела, калі ўсе ўступілі ў лес, камарэча едкай пацярухай адразу ж заторгалася над людскімі плячамі. Чарнічнік пачаўся адразу ж, і людзі павольна разыходзіліся ў розныя бакі, выбіраючы дзялянкі. Камарыная назола забівалася Пальме ў вушы, а яна, ратуючыся, шалёна насілася па чарнічніку, убівалася мордай у старыя пні, выграбала, фыркаючы, з нораў сухую зямлю, хмялеючы ад блізкага звярынага духу, брэхам клікала да сябе. Але ўсе збіралі ягады. Толькі Сцяпан пайшоў сваёй дарогай, растварыўся разам са сваёй стрэльбай за далёкімі дрэвамі.
Сасновы лес параскідваў свае бухматыя галіны, разаслаў уверсе вялізныя шэра-зялёныя апранахі, грэючы ў іх азяблыя за ноч ствалы, аб нечым доўга і працягла гудзеў, пазіраючы на гасцей залітымі смалою зрэнкамі, зеўраў пашчамі, гнаў уверх свае забранзавелыя целы. I здавалася, не людзі ішлі па гэтым прывідным ранішнім лесе, а ён павольна сунуўся за імі, выкідваў сабе і людзям на пацеху са сваіх высокіх дуплянак вавёрак і патрывожаных птушак.
Аб дно вёдраў забарабанілі першыя ягады, і Пальма адразу павесялела, зрэдку сашморгвала з галінак вялікія салодкія чарнічыны, лавіла ўсім целам, а не толькі слыхам, прыглушанае «ау», што далятала да яе як бы аднекуль зверху, з іглістых распушаных галін.
I раптам Пальма адчула, што навокал яе нешта змянілася, нават пацямнела і пацішэла, як закрытае зверху празрыстай плёнкай. Нібыта яна сама пачала страчваць слых і нюх, тое моцнае жывое адчуванне свету, асабліва блізкай небяспекі, якое дасюль яшчэ ніколі яе не падводзіла. Стала страшнавата. Пальма заскавытала, пабегла назад,