Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
углыбіню, выбілася з высокага ягадніку, зашчамілася ў нешта густое і амаль непралазнае, сноўдалася, абдзіраючы бакі, паміж дрымучых старадрэвін, пакінутых звярамі нор і пнёў з вострымі і бруднымі ікламі.
Рэха амаль згубілася, і Пальма памкнулася назад. Нечакана з-пад лап выслізнула рабая гадзюка, заструменіла слюдзяным паскам па замшэлай зямлі. Пальма пачула перад сабой нешта жывое і непрыемнае, інстынктыўна падняла галаву, каб лепш бачыць, і, як падстрэленая, спалохана падскочыла каля вялікага ашчэранага пнішча, ад якога засталіся толькі трухлыя сценкі. Такое яна бачыла ўпершыню. Унутры пнішча, сплеценае ў жывы слізкі клубок, дрогка варушылася жоўтае гадаўё, злізвала з бакоў свайго логава сухі мох і ўцягвала яго ў свой пругкі студзень. Пальма падалася ўбок і зноў прыпынілася, застыла, як вялізны аблезлы груд. Прама над ёю, зачапіўшыся хвастамі за галіны мёртвай сасны, звісалі старыя гадзюкі, ледзь-ледзь паварочвалі маленькімі галоўкамі з бліскучымі шрацінкамі вачэй у розныя бакі, ціха, але грозна сіпелі. I нельга было зразумець, што тут адбываецца, што гэта за гадкае месца — ці проста гадзючы могільнік, ці гэта іхняе вяселле, ці звычайнае прыстанішча вялікай гадзючай сям’і. Пальма рынулася наперад, перад яе мордай падскочыла, звіўшыся ў пругкае кола, яшчэ адна гадзюка, праляцела ў паветры, але ўжо назад, пераскочыўшы Пальму, як бы адганяючы яе ад астатніх.
Анямелая ад нечаканага перапалоху, сучка памчалася праз гушчар, пераляцела праз яміну, кінулася на злом галавы далей з адзіным жаданнем хутчэй знайсці след сваіх гаспадароў. На бягу з апошніх сіл пераскочыла цераз вялізнае паваленае дрэва, але ніжняя, зачэпленая за нешта галіна раптам імгненна разагнулася і калюча хлёснула сучку па жываце. Але болю Пальма не адчула і, ні на хвіліну не прыпыняючыся, укацілася ў зялёны шоўк чарнічніку і пачала прагна прынюхвацца да чалавечых слядоў. Доўга блыталася, пакуль нарэшце знайшла, вылецела на паляну і радасна забрахала. На чыстым светлым месцы палуднавалі гаспадары.
— Ты дзе гэта швэндалася, гультайка? — зарагатаў Міхайла і кінуў Пальме кавалак нацёртага часнаком хлеба. He зважаючы на непрыемны пах, яна адным махам праглынула пачастунак, легла каля абматаных зверху хусткамі вёдраў з ягадамі, усё хацела супакоіцца, але бакі раздуваліся ад перажытага і пабачанага, як кавальскія мяхі. Нарэшце пачула, як спіна пачала свярбець, усярэдзіне нарастала незразумелае пачуццё трывогі. Сучка міжволі азірнулася, шукаючы вачамі Сцяпана са стрэльбаю, але таго не было.
— Ты, гля, Волька, як яна, бедная, задыхалася.— Міхайла нагнуўся над сучкаю, асцярожна правёў па спіне лёгкай і гладзенькай, бы мянташка, зусім не мужчынскаю рукою.— Эге, дык жа, бачыш, чэрава нечым кальнула...
Нявесела, шкадуючы Пальму, Міхайла пацёр кулаком дзеразу барады і павольна, па-гаспадарску закурыў.
— Нічога,— уздыхнула Волька,— зажыве як на сабаку!
Пальма ўсё не магла прывыкнуць да тытунёвага, асабліва горкага ў лесе, паху, але так стамілася, што нават прылегла і выцягнула перад сабою худыя лапы, паклала на іх галаву і хацела на хвілінку задрамаць.
I раптам уся ўздрыгнула, пачуўшы ўсярэдзіне рэзкі пякучы боль, жаласна заскавытала і, падняўшыся, закруцілася на месцы, пачала ліхаманкава абнюхваць зямлю, на якой ляжала.
Але боль нечакана адпусціў Пальму, як нічога і не было. Гаспадары падняліся і пачалі збірацца дахаты.
Дарога з лесу была гладкая, шырокая, перарэзаная тоўстымі жыламі абдзёртых каранёў. Адкінуўшыся ад яе ў розныя бакі, парыпвалі, млелі, як старыя кабеты, закалыханыя цяплом сосны, хавалі ў сваіх галінах пухіркі гнёздаў, пахлі сухім ветрам і смалой, лагодзілі ногі ў папаратніку. Дарога, здавалася, таксама ціха парыпвала, дрымуча пацягвалася, потым распрамляла плечы, і стомленыя людзі ішлі па ёй вольна і акуратна.
Блізіўся канец лесу, паабапал дарогі закучаравіліся густыя алешынкі.
Пальма саступіла з дарогі, гулліва ўхапіла размяклы блін старога грыба, сціснула яго зубамі, драпнула зямлю заднімі
лапамі i радасна пабегла даганяць Грыньку, постаць якога мільгала між сасновых ствалоў недзе наперадзе.
I раптам Пальма спынілася, нават прысела на заднія лапы, быццам нешта пацягнула яе да зямлі. Усім пагарачэлым целам адчула невераемна моцны, злы позірк. У тое ж імгненне яе абвіслы паранены жывот зноў працяло пякучым болем. Пальма не варушылася, як адлітая з воску. Ад яе лап, ад паабдзіраных саскоў, ад самых, здаецца, кішак да спіны гідкаю хваляю падымаўся прыкры холад. Лапы падагнуліся, як перабітыя, і, здзіўленая ўсім, што з ёй робіцца, Пальма гупнулася грудзьмі на цвёрдую зямлю.
Жаласна захрыпела, убачыўшы Сцяпана, які са стрэльбаю ў руках падышоў да яе, нахіліўся, прыглядаючыся, як пазнаючы. Прамармытаў сабе пад нос:
— I дзе гэта падзерлася, дурніца?.. Нікуды цяпер не варта... Эх!
Злосна тупнуў нагою, але яшчэ раз агледзеў Пальму, паціснуў плячамі:
— Дурнічка... А можа, яшчэ што й выйдзе?..
Раздумваючы, ён падняў, але адразу апусціў стрэльбу, потым прыставіў яе да дрэва, дастаў пачак цыгарэт і закурыў.
Пальма зразумела, што страляць ён не будзе. Але радасці не адчувала. Яна так доўга думала пра Сцяпана і яго стрэльбу, што нават незаўважна для самой сябе захацела такой імгненнай смерці. Але, вядома, потым, калі-небудзь потым...
Сучка падняла галаву і бясцямна азірнулася. Лес напоўніўся густымі ценямі, у вачах раз-пораз мільгалі прывідныя, знаёмыя і незнаёмыя абліччы.
Яна расцягнулася на вузенькай сцяжыне. Адчуванне холаду не знікла. Спіну пацягнула інеем, потым, здавалася, абсыпала мокрым непрыемным снегам. Лапы сутаргава камянелі, нібыта лета ўжо мінула і наступіла зіма. У халодным трызненні ёй уявіўся зусім яшчэ малы Грынька — у роўна прастрочаных бурках і маленькай зграбнай ватоўцы. Ён няўмела прывязаў Пальму да саначак з духмяным аснежаным сенам, потым пачаў кідаць перад ёю на лёд хлеб. Пальма ўсё бегла
і бегла да гэтага смачнага хлеба, цягнучы па замёрзлай рацэ нагружаныя саначкі. Кіравалася бліжэй да чарацінак, каб неяк учапіцца кіпцюрамі ў трэшчынкі, пакрыўджана сапла, але ўсё цягнула сваё зімовае сена. Там, дзе лёд быў зусім гладкі, яна безнадзейна слізгала па ім, баючыся ўдару ў заднія лапы, смешна дзерлася наперад. Неяк Грынька ўваліўся ў палонку каля самага берага, боўтаўся, як кацяня, у сцюдзёнай густой кашы, а яна, ухапіўшыся зубамі за каўнер мокрай ватоўкі, ляжала плазам на траскучым лёдзе, чакаючы людзей. А навокал ціха і горда стаяла зіма, раўнадушна пазірала на ўсё бельмамі вялікіх вачэй, патрэсквала тлустым лёдам і душыла пад ім амаль нежывых рыбін. Зіма працягнула да Пальмы свае доўгія белыя рукі, і сучка на кароткую хвіліну апрытомнела... I затрапятала нутром — ці то ад дзумкання вялізнай сіняй мухі, што круцілася каля самых вачэй, ці то ад далёкага густога крыку. Зіма трызнення адразу адсунулася за смольныя цёплыя дрэвы, лета шоргала гарачымі далонямі па высокім папаратніку, але холад усё роўна не хацеў выкочвацца з Пальмінага цела. Нехта, з другога канца лесу, усё клікаў сучку. Гэтае далёкае даўкае Вольчына «Пальма... Пальма...» неяк нехаця, глуха падала на Пальму, разлівалася па роце саланаватай вадкасцю. Сучка яшчэ раз паспрабавала залізаць ранку на жываце. Але язык як адзеравянеў. Пальма захрыпела, бо ёй раптам здалося, што зусім блізка гаюча пахне мацярдушка, кліча ў гушчар, далей ад таго шоргання і мармытання, ад тых самых, толькі ёю чутых крокаў, па якіх яшчэ каля гаспадаровага двара ў вёсцы Пальма пазнавала набліжэнне немінучага.
Пах мацярдушкі, здавалася, распіраў яе балючы цвёрды жывот, і Пальма зрабіла некалькі рыўкоў наперад, хмялеючы ад далёкага жаласлівага крыку гаспадыні.
Болю яна ўжо не чула. Растуліць шчэлепы таксама не магла. Цыгарэтны дым запаўзаў усярэдзіну і паколваў вантробы, як іголкі. Пальма толькі цяжка дыхала. Яе вечны сабачы страх, як расплаўлены тлушч, выцякаў з цела разам
з апошнімі сіламі. I разам з гэтым страхам у Пальмінай душы знікала жаданне глыбока ўдыхаць лета, бачыць і чуць...
Лес разгойдваў галінамі свой зялёны шум, але Пальма ўжо нічога не чула і не бачыла. He бачыла і таго, як высока над зямлёю закруціліся і загрымелі сотні вялікіх, залацістых сонечных бубнаў. Толькі адзін Сцяпан, не зводзячы вачэй з аціхлай Пальмы, нарэшце дакурыў і кінуў на зямлю цыгарэту, затоптваючы ботам апошні агеньчык.
Малінавае шчасце
На шырокім ілбе як аблітая воскам скура была так напята, што, здавалася, дзяўчыне было балюча. Вусны былі таксама бледныя. А вялікія, з ледзь бачнымі павекамі, вочы мяняліся колерам у залежнасці ад таго, на што Агрыпінка пазірала. Калі на дрэва — рабіліся зеленаватымі, калі на пясок — адлівалі жаўцізной.
I толькі валасы былі надзіва прыгожыя — цёмна-попельныя, густыя. Яны хваліста ападалі з высокага лба на скроні і асвяжалі бледнае, як выплаканае, аблічча, робячы яго непазнавальна-прываблівым. Агрыпінка была ўпэўнена, што гэтыя пышныя валасы робяць больш відочнымі яе касцістыя плечы і яшчэ — маленькі, але востры горбік на спіне. Таму заўсёды, нават у хаце, насіла хустку, глуха завязаную пад падбародкам.
Са сваёй першай сяброўкай Агрыпінка пасварылася яшчэ ў школе: не даравала злой абразлівай мянушкі. Наплакаўшыся, на колькі дзён зашылася на гарышча і піла толькі малако, што падымала для яе дарэшты змучаная маці. 3 таго часу яна стала яшчэ больш худзець і ўсё болей маўчаць, як набраўшы на ўсё жыццё ў рот вады. Прыахвоцілася да работы на нажной машынцы і праз некалькі гадоў стала абшываць амаль усё сяло.
Нягледзячы на калецтва, яна выцягнулася ў ладную дзеўку, аднак плечы былі ўсё роўна ненатуральна паднятыя ўверх і сукенка звісала з іх грубаю хламідаю. Як ні старалася
Агрыпінка, а не магла сама сабе пашыць нічога такога, што схавала б ад чужых вачэй яе вечны сорам. I ўсё часцей, сярод ночы, яна прачыналася ад нясцерпнага болю: на спіне, здаецца, вырастаў цэлы мурашнік. Варта было Агрыпінцы расплюшчыць вочы, як гэты мурашнік ажываў. Тысячы дробных мурашачак распаўзаліся і праціналі цела злоснымі пякучымі ўкусамі, што даставалі, здаецца, да самага сэрца.
Агрыпінка доўга ўмошчвалася на ложку як мага лацвей і сілілася заснуць, але нясцерпны сверб мучыў яе да самай раніцы. Яна ўсхоплівалася з калючага, як абсыпанага ігліцаю, ложка раней часу, бегла даіць карову, паліла ў печы. Нахекаўшыся, з радасцю садзілася ў сваім кутку за любімую швейную машынку — якраз перад самым акном...