Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
Высокі плот адразу ж ажыў і заварушыўся, нахіляючыся ў розныя бакі. I тады Агрыпінка з жахам пачула, што Лёневы рэбры пачалі трашчаць. Як шалёная, яна падхапілася з крэсла і кінулася да акна. Упіраючыся ў падаконнік рукамі, прасунулася ў яго, але нечакана зашчамілася ў драўлянай раме, роспачна тарганулася і ледзь не закрычала ад болю.
Агрыпінцы здавалася, што цяпер яна трымае на сабе ўсю вялізную хату з саламянаю страхою і шырокаю буслянкаю на самым вільчыку. I не дыхнуць!
Хата хілілася ўсё ніжэй і пагрозліва трашчала. Тады Агрыпінка з усяе сілы рванулася наперад і паляцела праз акно ў двор. Але не звалілася на зямлю, а стала на ногі. I тут жа адчула ў сабе незвычайную палёгку. Нібыта яе горбік адарваўся ад спіны і застаўся ў хаце...
На гэтым Агрыпінка прачнулася. Яшчэ ў паўсне злізала з вуснаў цёплую рэдкую соль нацеклых слёз. Слухала, як побач усё яшчэ весела і няўтомна балбоча суседка, а воз раўнадушна шоргае коламі па сухой пясчанай дарозе.
Драўляная лесвіца зарыпела. Трымаючыся за яе хісткія парэнчы, Агрыпінка паволі паднялася на другі паверх. Вочы яшчэ не паспелі прывыкнуць да калідорнага прыцемку, але яна адразу ўбачыла фарбаваныя дзверы, пра якія пісаў Лёня... Так-так, ён напісаў маці праз два тыдні пасля той іхняй сустрэчы, паведаміў, што ўжо дамовіўся аб усім. I што Агрыпінцы трэба спяшацца з прыездам.
Агрыпінка ціха пастукала ў дзверы, пастаяла ў чаканні, але ніхто ёй не адказаў. Ну і што... Яна сама штурхнула гэтыя дзверы, счакала хвіліну і тады ўжо, схаладзеўшы ад хвалявання, ступіла на парог. I замерла: невялікая швейная майстэрня была надзіва светлаю і высокаю. Немаладая швачка за бліжэйшым сталом падняла ад работы вочы, з непрыхаванаю цікавасцю агледзела Агрыпінку з ног да галавы. Такая наўмысная, як здавалася Агрыпінцы, агідная людская ўвага заўсёды пераварочвала душу. Але цяпер Агрыпінка ўзяла сябе ў рукі, не забываючы, куды і за чым прыйшла, спакойна агледзелася.
Швейныя машынкі былі пастаўлены ў два рады. Над сталамі, да самай, здаецца, столі, тонкімі празрыстымі, што
шоўк, ніткамі нацягнуліся сонечныя промні. Блізка, хоць дакраніся да іх рукою. Агрыпінка ўсміхнулася, яшчэ вышай падняла галаву і павольна пайшла паміж гэтымі сонечнымі радамі. Машынкі адразу ж дружна застракаталі, швачкі заклапочана схіліліся над лёгкім белым паркалікам, і Агрыпінцы раптам здалося, што тут, вось у гэтай майстэрні, яна была ўжо і раней, што гэта яе даўняе, надзейнае прыстанішча, да якога яна ўрэшце вярнулася пасля доўгай цяжкай дарогі. Падумала, што яна правільна зрабіла, зняўшы хустку яшчэ ў пад'ездзе.
Падышоў Лёня — быў цяпер у строгім чорным пінжаку і блакітнай сарочцы. Кальнуў яе такім жа, як тады, на возе, пранізліва-вясёлым позіркам, падвёў да самай апошняй у радзе, самай старой і пашарпанай, нажной машынкі. Нахіліўся, быццам нешта хацеў сказаць, і раптам балюча прыкусіў зубамі краёчак яе вуха. Агрыпінка нават не паспела пачырванець ці зазлаваць, падумала толькі, што трэба будзе неяк астуджваць яго, але не сказала ні слова. Усё ж не прыняла ўсур’ёз тую дзіўную нечаканую Лёневу ўвагу.
Дзень пачаўся незвычайна. Яе суседка злева, жанчына гадоў сарака з нейкім шараватым, як заплямленым высахлаю лускою, тварам, усё ўздыхала і раз-пораз ківала галавою. Быццам суправаджала свае патаемныя думкі. Яны хутка пазнаёміліся, і Манюля растлумачыла, што шыюць у майстэрні якраз жаночыя кашулі і халаты і што Агрыпінцы пашэнціла на лёгкі заказ.
Спачатку Агрыпінка хацела прызнацца, што і больш складанай работы не баіцца, але пасаромелася. Каб не маўчаць, пачала расказваць пра маці і маліны, пра сваю вёску. Аднак ні слова — пра Лёню. Нібыта раней і не ведала яго. Сама сабе здзівілася, пасля раззлавалася. I да самага канца работы ні з кім больш не загаворвала.
...Наставала цёплая мяккая восень. Ужо каторы дзень Агрыпінка выбіралася з майстэрні самаю апошняю. He спяшалася ў свой часовы прытулак — няўтульную кватэру, дзе жыла са сваімі дзецьмі і мужам стрыечная Агрыпінчына сястра Валя. Адчувалася, што за ветліваю сустрэчаю
і вясёлымі роспытамі-ўспамінамі: «А як там Стэпка дурная? Ці ўсё ходзіць зімою ў галёшах? А ці жывы Сымон?..» — хаваецца ў сястрынскай душы нездаволенасць нечаканым прыездам Агрыпінкі. Нават не захацела слухаць аб аплаце за жыллё, і ад гэтага Агрыпінцы было яшчэ цяжэй і няпэўней.
Усё часцей яе думкі цягнуліся да Лёні, хоць той чамусьці апошнім часам амаль не заходзіў у майстэрню. У кароткія хвіліны памяць вяртала малінавы п’янкі дзень, перад вачамі зноў чорна блішчалі кучаравінкі на Лёневай тонкай шыі і па-ранейшаму моцна і радасна хвалявалі.
Агрыпінцы было соладка ад таемнага прадчування, што вось-вось у яе жыцці павінна адбыцца нешта незвычайнае. Было страшна, ажно халадзела ўсярэдзіне, падоўгу хадзіць адной вузенькімі вулічкамі, бо здавалася, што ўвесь час за ёю нехта паціху крочыць, напэўна, Лёня. Узбуджаная, Агрыпінка ўрэшце спынялася і азіралася. Але ніхто яе не даганяў, ніхто не шукаў. I тады ў Агрыпінчынай душы, замест радасці, паціху нарастала прыкрае і глухое, нават злоснае раздражненне...
Неяк у пятніцу пасля работы Агрыпінка зусім размякла. Падумала сама пра сябе: «Што казляк пераспелы!» — і пачулася яшчэ болей хвораю. Павольна, хістаючыся ў бакі, сышла ўніз па рыпучай лесвіцы. Пастаяла трохі ў цёмным пад’ездзе, падумаўшы, выняла з новай, толькі ўчора кулленай, гарадской сумачкі блакітную газавую хустку. Такіх прыгожых яна яшчэ не насіла і цяпер нібыта саромелася сама сябе. Рукі не слухаліся, ад напружання ажно закалола ў пальцы, але Агрыпінка ўсё ж налаўчылася і туга схапіла гэтаю новаю хусткаю капну густых валасоў. I крыху супакоілася.
Прысланіўшыся плячом да шорсткай аблупленай сцяны, Агрыпінка задумалася. У вушах усё яшчэ стаяў глухі шум перажытага рабочага дня, яе швейнай майстэрні: чулася ўперамешку то шапаценне паркалю, то металічнае скрыгатанне ручкі вялізнага праса, то роўнае ціўканне машынак...
«Калі так і далей пойдзе, стану лепшаю швачкаю. Далібог, стану!» Яе, Агрыпінку, ужо хвалілі, да яе ўсё часцей
падыходзілі за парадамі іншыя, нават старэйшыя гадамі, швачк.і.
Агрыпінцы нечакана стала цяплей унутры, захацелася ўспомніць яшчэ што-небудзь прыемнае і добрае, каб хаця сёння не паказвацца ў сястры пякучаю крапівою. Але думкі нечакана павярнулі ў іншы бок: «Лёня!» У майстэрню ён так і не прыходзіў... Ужо цэлы месяц яго замяняў напарнік.
Тады навошта ёй, скажыце, гэтая майстэрня? Навошта лагодная, крыху асцярожная пахвальба суседак? А можа, яны ўсе яе проста шкадуюць? Ну, вядома, шкадуюць! Гэткую дурнічку... I Манюля шкадуе. Сочыць усё, сочыць... А чаго сочыць? Навошта...
Агрыпінка рэзка адчыніла дзверы пад’езда, зрабіла якія два-тры крокі за парог, але тут жа адхіснулася назад.
На вуліцы яе сустрэў буйны радкаваты дождж. Газавая хустка на галаве імгненна намокла, і ўсё ж вяртацца ў глухі смярдзючы пад’езд не хацелася. Так і стаяла...
3 хусткі за шыю пакаціліся халодныя казытлівыя кроплі дажджу, потым прасачыліся праз каўнер блузкі на спіну, струменьчыкамі абцякаючы яе з абодвух бакоў. Агрыпінка павяла плячамі, проста так, не думаючы, глянула ўбок і раптам убачыла Лёню. Той нібыта чакаў яе позірку, рынуўся з месца, на хаду сарваў з сябе плашч. Дабегшы, накінуў яго Агрыпінцы проста на плечы. I нечакана гучна засмяяўся. Агрыпінка здзіўлена ўбачыла, як на яго вялікім падбародку смешна дрыжаць іскрыстыя дажджынкі, падняўшы вочы, сустрэлася з ягоным позіркам і таксама ўсміхнулася...
3 таго часу Лёня праводзіў яе дахаты амаль кожны вечар. Доўга трымаў на лавачцы ў старым запушчаным парку паблізу дома, дзе яна кватаравала, цалаваў. Уткнуўшыся ў валасы, шаптаў салодка-хмельныя словы, якія потым сніліся Агрыпінцы ўсю ноч. На рабоце ў майстэрні Агрыпінка з усяе сілы налягала нагою на жалезную рамку пад машынкай, сачыла за роўным акуратным швом. Была шчаслівая. Але часам адрывала ад мігатлівай іголкі вочы, упіралася локцямі ў столік і надоўга задумвалася, нібыта хацела зразумець, адкуль жа хоць і рэдка, але ўсё ж заплывае ў душу
тая горкая, тая атрутная кропля роспачы, што ўмомант нішчыць яе крохкую нечаканую радасць. Схапіўшы на сабе цікаўныя позіркі суседак, зноў выпроствала плечы, змахвала з ілба валасы.
...У той вечар Лёня не хацеў развітвацца. Дом, дзе жыла сястра, быў двухпавярховы і ўвесь нейкі чорны. Спыніліся каля драўлянай лесвіцы, што ляпілася да сцяны са fleapa і канчалася наверсе маленькаю пляцоўкаю і дзвярамі, якія вялі адразу ў сястрынскую кватэру на другім паверсе. Агрыпінка начавала ў адным пакойчыку з Валінымі блізнятамі, вечарам клала іх у ложак, расказваючы адну і тую ж казку пра царэўну і ўдовінага сына. Успомніўшы пра гэта, падумаўшы, што дзеці ўсё яшчэ чакаюць яе і не спяць, Агрыпінка памкнулася дахаты, аднак Лёня не пусціў. Стаяў, прыціснуўшыся вуснамі да яе валасоў... I ўсё ўздыхаў.
Нехта зусім блізка і знарок гучна кашлянуў, груба ўдарыў кулаком аб драўляную парэнчу лесвіцы. Агрыпінка адскочыла ад Лёні, азірнулася. ГІа лесвіцы важка тупаў Валін Сцяпан, хістаючыся, ледзь адолеў некалькі прыступак. Лёня хмыкнуў, але Агрыпінка затуліла яму рот, баючыся п’янай Сцяпапавай лаянкі. Нарэшце ўверсе моцна стукнулі дзверы, ажно на плечы пасыпалася труха. Лёня чамусьці раззлаваўся, пачаў прасіць яе не ісці да сястры, клікаў да сябе. Сам ён кватараваў у Манюлі, меў невялікі пакой з асобным уваходам. Агрыпінка ведала, што Манюлін дом стаіць блізка каля вакзала і што ісці туды хвілін пятнаццаць, але не згадзілася.
Таропка развітаўшыся з Лёнем, амаль подбегам кінулася наверх. He падняўшы галавы, слізганула праз залу ў спальню. Убачыўшы яе, блізняты зараўлі ў адзін голас, і Агрыпінка павалакла абодвух да ложка. Пачала распранаць і таропка расказваць старую казку. Да слыху даляталі брыдкія п’яныя словы, што сыпаліся на бедную Валіну галаву, але Агрыпінка старалася іх не чуць. Стомленыя дзеці ўжо засыналі, калі нешта цяжкае грымнула на падлогу, ажно задрыжаў увесь дом. Агрыпінка пачала таропка гладзіць па галоўках паўсонных хлопчыкаў. Супакойвала. Чула, як
Валя бегала па зале. Вось яна спынілася каля самых дзвярэй спальні, прыглушана заенчыла, паклікала на дапамогу. Агрыпінка павярнулася ад ложка да дзвярэй, нават падалася наперад. Але ў гэты момант дзверы адчыніліся, ледзь не паляцеўшы з завесаў. 3 распушчанымі, такімі ж густымі, як і ў Агрыпінкі, валасамі Валя прабегла некалькі крокаў і ўпала па падлогу перад ложкам з соннымі дзецьмі, закрыла галаву рукамі. Раз'юшаны Сцяпан стаяў у парозе і брыдка лаяўся.