Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
Раман схамянуўся: «Няўжо і пра Анюту? Вядома, забыў. Калі б не трэба было прыехаць маці пахаваць, то зусім бы астаўся ў Сібіры... А што, работа ўсюды работа... А можа, проста схаваўся ад Анюты? Збег, як блазнюк? Каб не бачыць яе, не сустракацца ўсюды, нічога пра яе не чуць...»
Раман пастаяў яшчэ некалькі хвілін, потым выняў з кашалька тую апошнюю дзясятку, таропка, няўмела завязаў яе ў белую насоўку, каб не згубілася ў цемры, і паклаў на лавачку пад акном. He разбіраючы дарогі, кінуўся з Анюцінага двара дахаты, слізгаючыся, як п’яны, на выбоінах. I толькі на ганку ўласнай хаты, пастаяўшы крыху, супакоіўся, пракашляўся і адчыніў дзверы...
— Ага, мы тут ледзь упраўляемся, а ён, ваўчыска, па чужых лагвах бадзяецца!
Суседка Волька, высокая і грудастая, весела згрызала аб тарку свежую вільготную моркву. I зусім нічога не паказвала на тое, што яна надта ж змучылася. Але Раман прамаўчаў.
Уся веранда была завалена ацярэбленым капусціннем, а на стале хрусткаю горкаю высіліся крамяныя качаны.
«От, халера, забыў, што сёння капусту шаткуем»,— прамільгнула ў Раманавай галаве. He адказваючы на суседчыны кпіны, ён моўчкі ўзяў вялізны таўкач і адразу пачаў трамбаваць нашаткаванае. Бочка глуха забулькала, абдала яго рэзкім кменным духам і капусным сокам.
— Ого, якая капуста дабрэнная. Бач, як напілася за лета,— задаволена рагатнула жонка, яго Манечка, высокая і хударлявая. 3-пад хусткі выбіліся рэдкія, нейкія бруд-
на-рыжаватыя валасы, да расчырванелай шчакі прыліпла ўжо высахлая капусная лапінка. He разгледзеўшы, Раман падумаў, што гэта гліна ці яшчэ які бруд, і яму стала гідка. Быў стомлены, але біў і біў таўкачом у нутро бочкі і не разумеў, чаму свята шаткавання, такое светлае і радаснае з маленства, зрабілася цяжкім і нядобрым.
Абцярэбленыя верхнія лісты, яшчэ не прыбраныя, ляжалі на падлозе, пакрэсленыя цёмнымі нітачкамі-жылкамі. Раман баяўся наступаць на іх, каб не чуць звонкага хрусту. Зрэдку ён пазіраў на вясёлую суседку, потым пераводзіў позірк на Манечку, нібыта параўноўваў іх. I зноў, каторы ўжо раз, упэўніваўся, што ў жонкі нават тады, калі яна радавалася, такія адчайна сумныя вочы. Яны, гэтыя вочы, усё часцей здаваліся Раману цёмнымі норкамі, адкуль раз-пораз, бы палахлівыя звяркі, выглядвалі ці то расчараванне, ці злосць, ці звычайная самота. Ведама, бяздзетная жанчына...
Нарэшце Раман закончыў работу і пачаў адцягваць у кут веранды бочку, потым накрыў яе марляю. Волька маўчала, нібы праглынула свае зляжалыя жарты, пачала збірацца дахаты. У гэты момант Раман пачуў, як да іхняга двара пад'ехала машына. Праз хвіліну ў праёме адчыненых дзвярэй узнік Андрэй Канаплянік — без шапкі, у пацёртым пінжачку, з чорнымі і бліскучымі, бы намазанымі алеем, бровамі на такім жа бліскучым успацелым твары.
— Ну, суседзе, ідзі глянь! Во хлопцы шкло прывезлі... Чырвонае, аж гарыць!.. Ідзі, ідзі глянь!
Раман, узрадаваны, памкнуўся да дзвярэй, але ўспомніў, што ў яго няма грошай, і хрыплым ад расчаравання голасам запытаў:
— А за колькі?
— Ды драбяза! Я ж казаў... Трыццатку за ўсё кінь — і до! Ды ты ідзі глянь спярша...
— А што я там убачу? — Раман раздражнёна прыкусіў губу і махнуў рукою.— Слухай, Андрэй, а можа, заўтра... Ну... Шкло сёння вазьму, а грошы заўтра аддам... Ты разумееш, тут...
— Ты што, суседзе,— адразу ж пасумнеў Андрэй,— ды каб жа ім во цяпер грошы не былі патрэбны, то сталі б яны гэтае бразгоцце везці!
Андрэй злосна плюнуў. Манечка раптам ускінула галаву і запытала:
— Як жа гэта грошай няма? Ты ж у горад ездзіў.
— Ну і што? Ездзіў, ездзіў...
Раман не чакаў, што жонка загаворыць з ім так сярдзіта, ды яшчэ пры людзях.
— А ў цябе самой што, нічога ў панчосе не схавана?
— Сам ведаеш... Hi капейчыны...
— Ага, ведаю! Можна паверыць! Гэта мне ўсё аднаму, як дурню, трэба. Грошы — зарабі, шыферу — дай, веранду — зашклі!
Раман нешта хацеў яшчэ сказаць, але раптам як спатыкнуўся аб яе пякучы, амаль бясцямны позірк.
— Адчапіцеся вы ад мяне. Усе адчапіцеся! Сам жа па грошы злётаў! А куды дзеў? Куды?!
— Сам знаю, куды... Мая кніжка, хачу — бяру з яе, хачу — не!
— А хата чыя? Таксама твая?
— Хай яна згарыць, гэтая хата! Разам з табою!
Раман бачыў, як пабялела напалоханая Волька, як насупіўбровы сусед. Зразумеў, што перабраў, і прыкусіў губу. Абняўшы Манечку за плечы, суседка павяла яе з веранды, бразнуўшы дзвярамі. Мужчыны засталіся адны, закурылі. Адчувалася, што Андрэю няёмка, ён пакашліваў у кулак, нават пачаў апраўдвацца, быццам сам быў вінаваты ў тым, што ў Рамана няма грошай. Потым пашукаў і выняў з кішэні дваццаць рублёў.
— На, да заўтра... А дзясятка ж, можа, ёсць?
На вуліцы прасігналіла машына, пэўна, хлопцам надакучыла чакаць. Выскачыўшы з веранды, Раман крыкнуў Андрэю, каб той трохі пачакаў, паслізнуўся на нейкім мокрым лісце і ледзь не ўпаў. Але не спыніўся. Паляцеў да Анюцінай хаты.
...Брамка рэзка рыпнула ў цішыні, але Раман нават не звярнуў на гэта ўвагі. Спыніўся толькі каля лавачкі і адразу ж убачыў, што яго белай насоўкі з дзясяткаю не было.
Ён схапіў рукамі гэтую маленькую лавачку і пачаў з усяе сілы тузаць яе. Потым кінуўся на калені, абмацваючы навокал кожны лапік зямлі.
«Дзе ж яна, гэтая дзясятка праклятая? Няўжо не знайду?..»
Разнерваваны, ледзь не драпаў каляную ад начной сырасці траву анямелымі пальцамі.
«Можа, яна сама ўбачыла і ўзяла? А што, як хто іншы? Ідзі вось цяпер шукай, дурань... Прыйшоў, згледзеў і — на табе! У кішэньку... Так табе і трэба, Каравай дурны! Эх, каб жа хлопцы не паехалі! Каб не паехалі... Столькі чакаў гэтае шкло!»
Раман то круціўся на месцы, то, хутка перастаўляючы калені, поўз наперад, ажно пакуль не ўткнуўся галавою ў цвёрдую штыкеціну.
I толькі тады спыніўся і — як прачнуўся. У вушах пачулася жаласлівае Анюціна: «Старэйшая што, у яе ўсё ладзіцца... А Светка...»
Зямля была халодная, і Раман ледзь падняўся на здранцвелыя ногі, зірнуў у глыбокае нямое неба: «Што ж гэта са мною? Навошта ж я так? А, каб ты згарэла!»
Стары бубен
Пасля ночы выбоіна перад парогам была цёмная ад расы, вільготна блішчала, як пацуковая спінка. ГІальма стомлена пацягнулася, незадаволена забурчала. Агрызнулася на свайго ненаежнага, мабыць, апошняга ўжо шчанюка, адштурхнула яго ад бліскучай вылізанай місы. Але ўпартае малое з пругкім хвосцікам злосна, віскатліва гаўкнула, балюча ўхапіла маці за абвіслае вуха вострымі цвічкамі зубоў.
Пальма была парудзелая ад старасці і, калі ляжала, была падобная на замшэлае пнішча. Ноччу тонкія кароткія лапы пачалі мерзнуць і касцянець, доўгі і шырокі лапаць носа патрэскаўся, пасівераў і так рассвярбеўся, што здавалася, на яго сыпанулі шурпатай, едкай солі.
Усё часцей, раніцаю, калі туман валюхаўся каля плота вялікім гусіным статкам, Пальма прачыналася ад ледзь чутных крокаў. Папраўдзе, гэта былі нават не крокі, а лёгкае, што і расы не збіць, пашоргванне па пругкай сцюдзёнасці травы, ледзь бачнае пагойдванне блакітнай вільгаці, таямніча-пагрозлівае шаптанне ў склычанай крапіве, колкім, бы шчэць на свіным карку, цыбульніку.
Ніхто, акрамя Пальмы, усяго гэтага не чуў і не заўважаў. Бо адна яна ведала, што кожную раніцу ўсё бліжэй і бліжэй да іхняга двара падступалася смерць. Але шукала яна не гаспадара Міхайлу, не гаспадыню Вольку, не іхняга Грыньку. Гэта была яе, Пальміна, смерць, і, ахаладзелая ад жаху, сучка адразу прачыналася, бегла на ганак, падціснуўшы абскубены хвост, жаласліва скуголіла, рыпела надарваным за доўгія гады горлам, як той сухі, учарнелы журавель на суседняй вуліцы.
Так і стаяла, усё тулілася рабрыстым бокам да дзвярэй, аж покуль не выходзіла гаспадыня.
— Чаго ўжэ? — незадаволена пазірала яна на Пальму, потым шырока і млява распроствала плечы, таропка пазяхала, быццам нечакана раскусіла гарачую бульбіну, апякла рот і сутаргава хапала халаднаватае паветра.
Сёння сучцы прысніўся нейкі малады і смачны сон, і яна раптам праспала. Калі глянула на свет, не было ўжо ні туманнага статка, ні золкай крупчастай расы. He прыходзіла і смерць, нібыта вырашыла даць сваёй будучай ахвяры адпачынак і кароткі спакой. Язык перасох, не асвежаны вільгаццю, не хацеў, нібы ўкрыты шурпатай карой, варочацца. Здавалася, што ў горла нехта сыпануў гарачага прысаку з пастушковага цяпельца. Падгінаючы лапы, Пальма пасунулася па двары, хацела пахлябаць з іржавай курынай бляшанкі, але тая нечакана перакулілася. Некалькі пякучых кропель пырснулі на нос, і яна злосна аблізнулася.
Пачула едкі тлусты пах, азірнулася на яго і ўбачыла на ганку гаспадара Міхайлу ў гумавых ботах, такіх шырачэзных і высокіх, што яны здаваліся двума калодзежамі. Гаспадар Міхайла і сапраўды быў магутны мужчына, яго галава як
бы падавалася наперад, загарэлы твар абвіла рудаватай дзеразою барада, а над вачамі звісалі выгаралыя на сонцы бровы. Але гаспадар быў добры, і Пальма адразу падалася да яго бліжэй, не зважаючы на шкіпінарны пах ад торбы цераз плячо. Ведала, што так Міхайла заўсёды збіраўся на забалочанае азярцо, узрадавалася і трушком падалася з двара, хоць гаспадар нават не кінуў на яе вокам.
Каля варотцаў іх дагнала Волька.
— На во, забыў арудзіе працы,— пакаціла яна званочкамі па грудзях свой вясёлы смех, лёгенька штурхнула мужа ў плячо, укінула ў торбу завостраны з двух бакоў і доўгі, бы аеравы ліст, нож.
Пальма больш не сумнявалася, што Міхайла ідзе за вёску, і, паспрытнелая ад радасці, пабегла наперад. Балотны чад ударыў у галаву, заканапаціў ноздры, і яна пачала чмыхаць, усё скрэбла лапаю нос, потым пасунулася па высокай траве, абдзіраючы ёю жывот, перасільваючы нервовыя дрыжыкі, што абкручвалі яе ўсю кусучым цвёрдым дротам.
Наперадзе нешта бліснула. Гэта была невялікая яміна з вадою. Пальма ведала, што тут неглыбока, але вельмі ж гразка. Над вялізным балотным саганом раптам паднялася, як пара з-пад паднятай засланкі, завірылася пакрапленымі клубкамі мошка. У левым баку, дзе была больш сухая мясціна, над куп’ём маленькімі галоўкамі цягнуўся ўверх кураслеп, як пагражаючы, пагойдваўся ад лёгкага ветрыку, няспынна цікаваў жоўтымі вочкамі за няпрошанымі гасцямі. Пальма пачула блізкую небяспеку, націснула, спыніўшыся, усім целам на пярэднія лапы, усунула морду ў траву і скавытнула. Прама пад носам сваёй металічнаю зяпаю блішчала пастка.