Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
Нарэшце падымалася сонца. Агрыпінка адрывалася ад работы і доўга, з нарастаючым у душы святлом, пазірала ў суседні двор, чакаючы, калі туды выбежыць яе любіміца — белагаловая дзяўчынка гадоў пяці. I праўда — яшчэ і не прачнуўшыся як след, з прыпухлымі пасля ночы вачанятамі, тоўсценькая малая адразу ж тэпала да плота і няўклюдна праціскалася праз дзірку ў ім. Спяшалася за пачастункам да Агрыпінкі, у якой заўсёды былі прыхаваны зліплыя падушачкі.
Запхнуўшы цукеркі за шчочкі, тут жа важна выходзіла з хаты. Агрыпінка ўздыхала, усміхалася і праз акно зноў сачыла за тым, як малая смешна праціскаецца праз вузенькую прарэху ў плоце, але ўжо назад. Напэўна, яна пры гэтым папісквае, пасопвае, цмокае языком...
Сённяшняя раніца пачалася для Агрыпінкі з другімі пеўнямі. Маці збіралася па маліны. Звечара знайшлі гумавыя боты і апаяскі для бідончыкаў, паставілі на лаву два эмаліраваныя вядры.
Агрыпінка ўстала як ні сярод ночы, баючыся, што маці з суседкаю ціхенька, не збудзіўшы яе, збягуць у лес. Дарога і праўда была няблізкая.
Маці ў сваёй старэнькай хустцы, што навісала востраю дзюбаю над нізкім ілбом, тупала па ледзь бачнай сцяжыне
рыўкамі, як кулічок, пабразгвала вёдрамі, усунутымі адно ў другое. Суседка, наадварот, была па-мужчынску высокая, з крутымі плячамі, туга абцягнутымі вылінялым мужавым кіцелем. Але ішла лёгка і спрытна, як не чуючы цяжару ўласнага цела.
Доўга чакалі аўтобус і, здаецца, гэтак жа да нудоты доўга ехалі ў ім — трэсліся і гоцаліся на сядзеннях, ажно ёкала ў пячонках, па старым лесе. Аднак ехалі...
Калі аўтобус выкіраваў з калдобістай лясной дарогі на шырокі, засыпаны шчэбенем шлях, суседка папрасіла шафёра спыніцца. Па гэтай дарозе трэба было вяртацца крыху назад. Так і зрабілі. I тады толькі, перайшоўшы на другі бок дарогі, ягадніцы апынуліся на высокай кручы, што дыбілася над глыбокім кар’ерам. На дне яго, у яміне, стаяла дажджавая вада.
Доўга не думаючы, Агрыпінка рушыла ўніз па сыпучым жоўтым схіле, мякка вязнучы ботамі ў зляжалым жвіры. Праз хвіліну яна ўжо схілілася над вадою і дакранулася да яе дрогкай паверхні сваёй вялікай растапыранай пяцярнёю. Вадзяныя павучкі адразу ж заторгаліся ў супроцьлеглы бок. На дне, засыпаным пустымі перлавіцамі,— адкуль толькі тут і ўзяліся,— трымцелі прывідныя абрысы цёмнасініх воблакаў.
Вада была цёплая, калыхалася ў прыгаршчах жывым срэбрам, і Агрыпінка пырснула яе на свой разгарачаны твар. Прыплюшчыла ад задавальнення вочы, замерла. Грудзі роўна ўдыхалі густое летняе паветра, што набрала ў сябе і спёртага жвіровага духу, і парнасці ад разагрэтай дажджавой вады, і яшчэ нечага вельмі ж знаёмага з маленства. Гэта быў ці то рэзкі пах яшчэ неапераных птушыных цельцаў, ці то салодкі водар разамлелай грэчкі, такі хмельны і даўкі.
Праз хвіліну Агрыпінка пачала караскацца наверх, яшчэ глыбей вязнучы ў шарготкім буйным жвіры, але раптам у скроні пачало бухаць, перад вачамі мітусліва забегалі ружовыя вадзяныя павучкі. Здалося, што яе горбік адразу разбух, разросся, таркануў цвёрдым коранем пад самыя грудзі і раптам загудзеў там, унутры, як важкі царкоўны
звон. Каб не паляцець уніз, Агрыпінка апусцілася на калені, паспеўшы схапіць працягнутую суседкай руку.
...Далей ісці было весялей і вальней — дарога пашырэла ажно ўдвая. Уперадзе забялеў бетонны мост над глыбокаю багністаю прорваю, ад якой і пачыналася тая самая, патрэбная ягадніцам, забалочаная нізіна, што была акружана маліннікам.
Ягадніцы асцярожна спусціліся з насыпу, павытрасалі з ботаў пясок і папрывязвалі да пояса бідончыкі. Па-буслінаму высока падымаючы ногі, зашоргалі адна за адной па ядавіта-зялёнай сакаўной траве — напрасткі да карчоў. Агрыпінка дыбала апошняю, апусціўшы галаву. Бачыла, як глыбокія суседчыны сляды на вузенькай сцежцы перад ёю імгненна зацягваюцца балотнай іржою. Таропка ступала ў гэтыя сляды...
Ягадніцы разышліся ў розныя бакі толькі ў малінніку. Ён быў надзіва рэдкі і заліты мелкаю, але чорнаю і нейкаю загуслаю вадою. Агрыпінка чула, як пад падэшвамі спружыняць размытыя тонкія карані. Яна ставіла вядро даволі блізка, каб не згубіць яго з вачэй. Потым узбіралася на сапрэлы грудок, дзе з высокім малінавым карчом пераплятаўся ляшчыннік, станавілася на цвёрдым як зручней і пачынала збіраць у бідончык вялікія, налітыя сокам ягадзіны. Яны пагойдваліся, здаецца, каля самага рота і ў гэтай гнілаватай задусе хмялілі такім вострым водарам, што Агрыпінка не стрымлівалася ад спакусы і раз-пораз лавіла іх вуснамі. Некаторыя былі такія спелыя, важкія, што ад неасцярожнага дотыку зрываліся з галіны і падалі ўніз, у брудную ваду.
Агрыпінка спяшалася ад аднаго карча да другога, адклікалася на матчын голас, баючыся заблудзіцца, зрэдку пазірала пад ногі, каб не наступіць на якую-небудзь балотную пачвару. Вядро паволі напаўнялася.
Захапіўшыся, Агрыпінка так і не пачула, як зусім блізка, патрэскваючы галінамі і гонячы пры хадзе з вады гнілыя бурбалкі, падышоў нехта чужы. А калі ўгледзела яго, вялікага, чорнавалосага, у салдацкай гімнасцёрцы, ажно прысела каля свайго малінавага куста і сцішылася. Здаецца,
i не дыхала. Трывожна назірала, як чорнавалосы, трымаючы перад сабою кепку з ягадамі, хутка набліжаецца і ўсміхаецца ёй яркімі тоўстымі вуснамі. Ад страху Агрыпінка падалася спачатку наперад, потым павярнулася і кінулася да свайго вядра. Схапіўшы яго, не азіраючыся, па-качынаму няўклюдна затупала ў гушчар. Нізкія галіны хвасталі яе па шчоках і вуснах, хустка за нешта зачапілася і спаўзла на плечы. Валасы адразу ж упалі на вочы, засланяючы святло. Спадніца намокла. Яна, напэўна, магла б ускочыць у багністае балота, калі б не спынілася перад гэтаю вялізнаю, што патэльня, жабаю — тоўстай, пакрытай ярка-жоўтымі плямамі і рудымі бародаўкамі. Жаба, здаецца, усё болей раздзімалася, утаропіўшы ў Агрыпінку лупатыя вочы, сядзела на сухім грудку і пагрозліва не рухалася з месца.
Агрыпінка нібыта апрытомнела і толькі цяпер пачула асіплы матчын голас. Крута павярнулася на яго і пабегла яшчэ шпарчэй.
Напалоханая яе маўчаннем, маці ледзь не кінулася з кулакамі, потым заўсхліпвала, заклявала востраю дзюбаю хусткі, праклінаючы і сябе, і гэтыя карчы. Дзіва дзіўнае, але Агрыпінка нічога не змагла ёй расказаць. Маці ўжо назбірала поўнае вядро, акуратна абматала яго зверху фартухом, каб не рассыпаць ягады, і цяпер чакала толькі суседку. Тая нарэшце таксама выйшла з поўным вядром, і ўсе трое паспешліва падаліся ў нізіну. Там, стоячы па калені ўтраве, таропка з’елі хлеб з салам і выпілі яйкі. Цярэбячы новую сцежку, пайшлі да моста.
Агрыпінка яшчэ здалёк заўважыла таго самага чорнавалосага ў гімнасцёрцы. Ён надразаў тоўстую лазіну, пэўна, каб садраць лыка. Успомніла, што ў спешцы не завязала як трэба хустку, і цяпер леваю рукою, бо правая была занята вядром, прыгладжвала распушаныя, ажно гарачыя валасы, прыціскала іх да галавы. Адчувала, аднак, што тыя зусім не слухаюцца яе, нават пагойдваюцца пры хадзе.
Трава паспела за дзень падсохнуць, чэпка аблытвала халявы ботаў і патрэсквала. Паверсе наўкольнай ядавітай зеляноты трымцелі клубкі парнасці, высокае сонца залаціла ўжо далёкую трымтлівую паласу малінніку.
Агрыпінка ледзь паспявала за маці — галава кружылася, хмялела ад густых пахаў і сонечнага цяпла. Над нізінаю свяцілася глыбокае, як перавернутая дном уверх шклянка, зеленаватае неба. Цененькі звон мноства стракоз і мушак узлятаў уверх, да гэтага шклянога неба, але, здаецца, адбіваўся ад яго і зноў сыпаўся ўніз, на траву, нябачным шарготкім пяском. Проста пад ногі Агрыпінцы.
Чорнавалосы таксама ўбачыў ягадніц, выпрастаўся і пачаў няспешна перавязваць лыка. Калі параўняліся, першы паздароўкаўся, шырока ўсміхнуўся, заблішчаў жаўтаватымі адтытуню, вялікімі зубамі. Спыніўся позіркам на Агрыпінцы і нечакана падаўся наперад, як спатыкнуўшыся на гладкай дарозе. Усё не мог адарваць ад яе позірку, хаця глядзеў, здавалася, толькі на бровы і лоб.
«Не, гэта ён на валасы ўзіраецца. Каб ты згарэў, стажок пракляты»,— Агрыпінка ўспыхнула і раптам, нечакана для сябе самой, са злоснаю рашучасцю павярнулася да хлопца спінаю. Але тут жа здзіўлена пачула каля сябе крокі чорнавалосага, краем вока ўбачыла, што ён нахіліўся і высыпаў у яе вядро поўную шапку малін. Агрыпінка ўбачыла патыліцу, яго тонкую шыю з вугальна-чорнымі, як у цыгана, крутымі кучаравінкамі валасоў і нават парудзелы ад поту каўнер. Заўсёды ненавідзела ўсё бруднае, але цяпер чамусьці гадлівасці не адчула. Нібыта і не ўцякала ад чорнавалосага ў малінніку, падумаўшы благое.
Праз некалькі хвілін жанчыны ўжо сядзелі на возе, да якога іх прывёў чорнавалосы.
— Вот гэта пашэнціла! Ото ж тэпалі б! — задаволена рагатала суседка, звесіўшы ўніз з драбін ногі. Ушчаміўшы паміж каленяў вядро, моцна трымала яго рукамі,— А ты сам жа, любчык, адкуль? — зацікавілася яна.
Чорнавалосы назваў суседнюю вёску.
— Я ж і кажу, што цябе нам Бог паслаў. Праўда, Агрыпінка?
Хутка яны ўжо ведалі, што чорнавалосага завуць Лёнем і што працуе ён у горадзе, майстрам па машынках у швейнай майстэрні.
Суседка шчодра частавала Лёню хлебам і салам, але той жартаўліва адмахваўся ад усяго, панокваў на каня і весела расказваў, што дзед паслаў яго так далёка таксама па маліны. А ён вось толькі лыка надраў.
— А хіба ж у вас дабра гэтага няма, любчык?
— Нічога... Тут, цёт, лыка лепшае! Дагаджу яму, і мёду дасць. Вы мёд любіце?
Суседка неяк нядобра, па-змоўніцку таўханула Агрыпінку локцем у бок. I раптам, як уздумаўшы пра самае галоўнае, запытала:
— Лёнічак, а ў гэтай... ну... у майстэрні вашай добра?
— А чаго, зарабляюць трохі.
— Слухай-но, што я прыдумала... Прыстрой ты, Лёнічак, Агрыпінку туды. Дальбог. Гэта ж залатая швачка! На ўсё сяло!
Агрыпінка пачула, як затузалася, зашапацела свежай саломаю насцярожаная, расчуленая маці.
Лёня зарагатаў, ляснуў лейцамі па кабыле, крыкнуўшы: «Эх, маліна-ягадка!» — і азірнуўся на Агрыпінку.
Але яна толькі ўткнулася плячом у матчыну спіну, як хаваючыся ад яго позірку за гэтаю надзейнаю сцяною. I застыла. Воз мякка пакалыхваўся ў бакі.
...Агрыпінка бачыла раніцу. Вёска яшчэ толькі паліла ў печах. Але вось ужо ярка заіскрылася сонца, заліваючы сваім празрыстым золатам двары. Агрыпінка сядзела за швейнаю машынкаю, з якой, здавалася, ужо зраслася, і пазірала ў акно. Тоўсценькая суседская дзяўчынка, чырванеючы ад натугі, прадзіралася на гэты бок праз дзірку ў плоце. Потым, стаўшы пад Агрыпінчыным акном, пачала падскокваць на месцы і зазіраць у хату. Чакаючы пачастунак, падняла ўверх ружовенькі тварык. Агрыпінка набрала жменю малін і працягнула руку праз акно, быццам яно было незашклёнае. I адхіснулася ад здзіўлення. Перад ёю стаяў Лёня. Ён шырока ўсміхаўся, браў ягады і кідаў, адну за адною, у рот, прыцмокваючы ад задавальнення. Потым, быццам спалохаўшыся нечага, пабег да плота і пачаў праціскацца праз яго вузкую прарэху, раздзіраючы на грудзях вылінялую гімнасцёрку.