Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
— Ніколі!
...Яна, вядома, паддалася б настойлівым угаворам урача, калі б не тая, апошняя, гаворка з Сашам. He вячэрняя, пра сарочкі, а ўжо ранішняя. Саша проста не верыў, што гэта будзе ягонае дзіця, і зноў скептычна бэсціў Ігара Іванавіча. Спачатку Вольга не магла нічога ўцяміць... Потым прыткнулася спінаю да сцяны, так-так,— каб утрымацца на нагах. Але сцяна зрабілася нечакана падатліваю, мяккай. Вольга адчула, што праходзіць праз тоўстую цэглу і вострыя рубцы абдзіраюць ёй спіну, плечы, грудзі. Парушынкаю яна паляцела ўніз з пяціпавярховай вышыні і павольна апусцілася на халодную восеньскую зямлю. Ляжала доўга, пазіраючы ў неба, і жоўтыя хмары плылі над ёю спакойна і важка. Недзе каля пераносся, расколваючы галаву, узнік рэзкі звон. Усё цела балела. На шчокі раптам пасыпалася сцюдзёная медзь апалай лістоты, і Вольга апрытомнела
і расплюшчыла вочы. Здзівілася, што яна не на вуліцы, а ў сваёй хаце, на канапе.
Бледны, як папера, Саша трымаў над ёю кубак з вадой. Зусім не выглядаў пераможцам, хоць Вольга ўжо ведала, што будзе рабіць...
Работа па афармленні кафэ была закончана праз паўгода.
У пятніцу, калі Вольга атрымала ганарар, Саша нечакана загарэўся паехаць у вёску, да Аколікаў, у якіх яшчэ ў студэнцтве жыў цэлы месяц.
Апошнім часам яна была ўражана рэзкаю зменаю ў мужавым характары. Нават жартавала, што гэтыя паўгода здаліся ёй мядовым месяцам.
Была вясна, вёска якраз сеяла і садзіла, але Сашу гэта не стрымлівала. Праз гадзіну яны ўжо былі на аўтобуснай станцыі за горадам. Але каля білетнай касы стаяла даўжэзная чарга. Узялі таксі...
Вользе было ніякавата і непрывычна вось так, з бухтыбарахты заходзіць у незнаёмую хату, і яна ўсё хавалася за мужавы плечы.
— Ты глянь, Воль! Глянь... Гэта ж Данута. Тая самая, я расказваў.
Саша з бессаромнай цікавасцю разглядваў паўнацелую маладзіцу, што стаяла пасярод залы, збянтэжаная нечаканым з’яўленнем гасцей. Пасечаныя хімічнай завіўкай рыжаватыя валасы падсвечваліся яркімі кропелькамі завушніц, а на ружовых шчоках ігралі гарэзлівыя ямачкі.
Ледзь пазнаёміўшыся з Вольгаю, Данута шуснула ў кухню, зазвінела там лыжкамі і талеркамі.
— Яшчэ трохі, і засталі б маіх старых! Бо брыгадзір каня даў. А, каб цябе, палец парэзала...
— Мо памагчы? — паспешліва запыталася Вольга, але гаспадыня нібыта і не пачула яе.
— Дык во паехалі на соткі. Далёка ад вёскі...
— Ого! — Саша зазірнуў на кухню і ціха прысвіснуў.— Ды не старайся ўжо! — Уздыхнуў,— Ну, то як ты тут, Данута?
— Э, лепей за суседзяў! Маці-адзіночка!
— Ніякіх адзіночак не бывае! He выдумляй...
— Бывае, бывае! Мой, сабака гарачы, як Светачку радзіла, то і дзе ногі ўзяліся?! Каб яго пранцы паелі! А дзед усю зіму праваляўся... Ты ж помніш, Саш, як ён піў? Цяперака не тое. Як у рукаў здароўечка выліў! А малая мая трохі прастудзілася...
Нягледзячы на ранні час, Данута заставіла стол талеркамі з акуратна парэзаным салам, салёнымі агуркамі, яечняй.
I прыгатавала хутка, і есці спяшалася.
— Эх, Саш, а помніш, як ты мяне на свінарнік праводзіў? — Данута асцярожна скасілася на Вольгу, відно, асцерагаючыся яе пакрыўдзіць. Але зноў дзёрзка махнула рукою:— Эх! А наш свінарнік быў тады далёка. Праз гаёк — добрых два кэмэ будзе. Чобаты стопчаш, пакуль туды і назад.
Саша хмыкнуў, павадзіў бліскучым відэльцам перад носам гаваркой гаспадыні.
— Во-во... I тады тое ж: «Я пайду першы за вёску, а потым ты...» Гэта саромеўся так. Быў жа, каб вы бачылі, Вольга, як гліст, тонкі, ледзь вецер не валяў! А я затое...— Данута захіхікала і шырока раскінула рукі: — Во якая была! Яшчэ гладчэйшая, чым цяпер. Жаніхамі, кажу, хату падмятала!
Данута зноў зірнула на маўклівую, але спакойную Вольгу. I прызналася менавіта ёй, Вользе:
— He паверыце, закахалася я тады ў вашага Сашку... Саш? — зноў павесялела, штурхнула яго плячом.— Помніш Мацвеевіча? Цяпер завучам стаў! Далібог! А яго Настуля зноў носіць, ужо чацвёртага. Каб вы іх бачылі, Волечка! Сам малы, як апенька, галаваты такі, а яна — вышэй за антэну. To як ідуць дахаты, ён — наперадзе, а яна са сваім гарбузікам — праз крокаў сем,— хмыкнула Данута.— Мой таксама быў маленькі, як аловачак. А зайздросны — каб вы толькі ведалі! Усё хацеў загадчыкам фермы стаць. Каб я ў падначаленых была!
Дзверы ў спальню раптам зарыпелі, і на Вольгу здзіўлена глянула дзяўчынка гадоў трох-чатырох з шапачкаю жоўтых прамых валаскоў.
— Качолачка мая ўстала! Усю ночку, бедная, не спала. Такі кашаль, не дай бог...
Дзяўчынка і праўда была падобная на качолачку,— з поўнымі кароткімі ножкамі, круглым жывоцікам.
Саша зарагатаў і выскачыў з-за стала. Падняўшы малую на рукі, пачаў асцярожна вадзіць па яе пульхнай шчацэ сваім цвёрдым падбародкам. Дзяўчынка зазвінела ад задавальнення, але ўсё роўна адштурхоўвалася ад незнаёмага дзядзькі. Вольга ўбачыла Сашу такім упершыню, паднялася і павольна выйшла з хаты.
Саша, цягнучы невялікі мальберт, дагнаў яе амаль у канцы вуліцы. Зайшлі ў невялікую цагляную краму. Вольга прабегла вачамі па палічках і радасна прыкмеціла знаёмую каробачку «Журавін у цукры». Тут жа разлічылася з тоўстым прадаўцом, што нацягнуў на ватоўку чамусьці не белы, а сіні халат, але вяртацца толькі для таго, каб аддаць цукеркі Дануцінай малой, не хацелася. Паспеюць яшчэ...
Саша ўпэўнена крочыў па шырокай заезджанай дарозе да невялічкага ляска. Прыкінуўшы адлегласць да яго, Вольга падумала, што ісці давядзецца добрыя паўгадзіны.
У высокім небе праплывалі рэдкія белаватыя аблачынкі, і Вользе здалося, што адусюль, асабліва з боку бясконцага, па-веснавому чорнага поля, даносіцца трывожны глухаваты гул.
Каля самага лесу віднеўся трактар. Вольга няўмела пайшла па раллі, падкідваючы ўверх боцікамі грудкі зямлі, але спынілася на паўдарозе, загледзеўшыся на двух буслоў, што важна хадзілі недалёка ад трактара. Над разоранымі барознамі падымалася зеленаватая пара, і дзве прывідныя птушыныя постаці нібыта і не ступалі, а мігатлівымі ценямі перамяшчаліся з аднаго месца на другое. To знікалі, то зноў бялелі ў хвалістай далечыні. I Вользе здавалася, што бусліныя цыбатыя ногі пры хадзе проста пераломваюцца... Яна заплюшчыла вочы, як адганяючы ад сябе прывіднае відовішча, а калі нарэшце асмелілася зноў азірнуцца, буслоў на ранейшым месцы ўжо не было. Дзве бліскучыя
раскрыленыя птушкі плылі над полем так нізка, што нагадвалі вялікія белыя крыжы.
Вольга забыла пра буслоў толькі ў лесе. Ён быў не такі маладзенькі, якім здаваўся здалёк, і яна ўзрадавалася акуратнай, як адглянцаванай сонечным прасам паляне з маладою травою.
Пасядзеўшы там, вярнулася на круты пагорак, што апускаў свой зялёны язык у яміну з вадою. Вада была брудная — з плямамі слізкага жабурыння.
Саша, развёўшы фарбы, адразу схапіўся за гэтую ваду, шырокімі мазкамі выводзіў на зялёным бурштынавыя палосы.
Вользе не шанцавала. Лясок, такі празрысты, заліты вадкім шклом густога паветра, стаяў перад ёю нерухомы і маўклівы. Яна прыціснулася плячамі да халоднага сасновага ствала і нечакана зразумела, што адсюль, з гэтага лесу, зіма яшчэ да канца не выцекла. Паміраючая зіма яшчэ выпускала нябачныя ледзяшы праз кару на ценевым баку дрэва, там жа, дзе грэла сонца, укамянела белымі жыламі і кроплямі старой пашэрхлай жывіцы.
I тады раптам ва ўяве запунсавела каліна, як далёкая, усё яшчэ няспраўджаная мара. Вольга схапіла невялікую тонкую фанерку, якую Саша ўзяў на ўсякі выпадак, і, не разводзячы, выціснула на яе з цюбіка змейку бяліл... Ведала, што ягадзіны будуць залатыя, з прыхопленымі марозам скуркамі, толькі там, унутры кожнай пацерачкі, патрэбна чырвонае. Як зацвярдзелая, але гарачая кроў. Працавала хутка і напружана, ажно заныла спіна. Радасць, праўда, была кароткая. А ўсё — Саша...
Зірнуўшы на яе малюнак, ён скрывіўся і незадаволена, праз зубы, працадзіў:
— Ты ўсё не можаш яго забыць? О... Колькі можна так мазюкаць! Пазнаю дастойную вучаніцу батаніка-натураліста!
I ён каторы ўжо раз пачаў даводзіць, што Вользе пара пазбавіцца гэтай фатаграфічнай дакладнасці, папракаў, злаваўся, нібыта спрачаўся не з ёю, а з самім Ігарам Іванавічам.
Пакрыўджаная, яна маўчала. Хацела шпурнуць малюнак у бруднае зеленаватае жабурынне, але рукі не паслухаліся. Адчувала ў сабе толькі халодную абыякавасць.
Дахаты ішлі, асцярожна трымаючы ў руках свежыя малюнкі. Саша быў у чаравіках, стараўся абмінаць здрадлівыя гразкія грудкі, але, калі падышлі да хаты, ажно вылаяўся, здзіраючы з падэшваў аб парог чырвоную гліну.
Данута паставіла на лаву каля сцяны дзве пустыя бутэлькі, каб да іх можна было прыткнуць малюнкі, не пэцкаючы шпалераў на сцяне. I зноў зашчыравала на кухні. Там жа была і Светка.
Вольга адкрыла каробачку цукерак, зірнула на кухню і, нахіліўшыся, падала Светцы ласунак. Малая адразу ж набрала поўны рот кісленькіх дражэ і патупала ў залу.
— Запаслівая качолачка! — хмыкнуў Саша, стомлена пацягваючыся.
I ў гэты момант дзяўчынка ўбачыла малюнкі. Адразу выплюнула цукеркі проста на падлогу, здзіўлена схіліла набок ільняную галоўку.
— Агады! Мамка, агады...
Дзяўчынка павольна падышла да лавы і працягнула да Вользінай каліны шырока растапыраныя пальчыкі, нібыта хацела ўзяць адразу ўсю гронку ў жменю. Потым, здзіўленая, зірнула на сваю перапэцканую фарбаю руку, перавяла позірк на тое, што засталося на фанерыне ад калінавага агню, і, расчараваная, так гучна і няўцешна заплакала, што з кухні віхрам вылецела Данута.
Вольга выцірала хустачкай брудныя пальчыкі малой і сама ледзь стрымлівала слёзы. Але гэта былі слёзы радасці. I раптам здзіўлена пачула, як за спінаю нешта трашчыць, міжволі азірнулася. Саша з усяе сілы намагаўся паламаць фанеру з усім тым, што засталося ад яе калінавай гронкі. Яго бледны твар скрывіла агідная ўхмылка. Нібыта з-пад маскі зірнула зацятая, не зразумелая раней Вользе зайздрасць...
Аўтобус быў перапоўнены, але Вользе пашанцавала: яна села на задняе сядзенне каля акна. Пэўна, некага праводзілі ў армію, іграў гармонік, ахрыплыя мужчынскія галасы
на ўсе лады раілі нейкай дзяўчыне не плакаць і праз два гады дачакацца свайго салдата з войска. Каб не дыхаць на суседзяў тытунёвым перагарам, дзядок побач з Вольгаю ўсё затуляў рукою свой абсыпаны сівым шчаціннем рот. Потым забыў пра ўсё і пачаў хваліцца Вользе, што ягоны ўнук і афіцэрскія пагоны дастане, і на прыгожай дзеўцы жэніцца.