Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
Адразу, як толькі Васіль ступіў на гэты перон, яго агарнула радаснае ўзрушэнне.
Ліда, яго любая Ліда, якую ён марыў пабачыць усе гэтыя гады, па якой столькі сумаваў, цяпер недалёка. Там, сярод тых агеньчыкаў у сінечы, адзін агеньчык пазірае з яе акна. Каторы?..
Па гэтым пероне Ліда, напэўна, не раз хадзіла,— можа, нават учора была... Раптам ён падумаў, што Ліда можа трапіцца кожную хвіліну насустрач, што яна можа спаткаць тут, на станцыі.
Ён зазірнуў у залу чакання і толькі пасля таго, як упэўніўся, што Ліды няма, падаўся са станцыі.
Да горада вяло шасэ, абсаджанае старымі разгалістымі асінамі. Васіль то ішоў, то пачынаў бегчы,— у сэрцы шчымлівым халадком варушыўся непакой: «Ці дома яна? А што, калі яе няма дома? Раптам паехала куды?»
«Трэба было б папярэдзіць аб прыездзе,— думаў Васіль.— Але як, калі да сённяшняй ночы я сам не ведаў, што удасца такое...»
Ужо добра ўднела, калі ён падыходзіў да моста, за якім пачынаўся гарадок. Вось той гарадок, які на фронт пасылаў
яму столькі лістоў, напісаных рукой Ліды. Да вайны хлопец і не ведаў, што недзе на Волзе існуе такі гарадок, а потым, калі ад Ліды з эвакуацыі прыйшлі першыя лісты, гэты гарадок зрабіўся самым любым кутком на зямлі. Сотні разоў Васіль пісаў на канвертах імя гэтага гарадка. Нарэшце выпала і пабачыць...
На вуліцы хлопцу напаткаліся дзяўчаты, што весела і заўзята, перабіваючы адна адну, гаманілі. Неспадзявана для Васіля дзяўчына, якая ішла ў сярэдзіне, аказалася знаёмаю. Яна таксама да вайны жыла ў Мінску — вучылася ў адным інстытуце з ім і Лідаю. Калі ён прыходзіў да Ліды, то яшчэ нярэдка бачыў іх з Галяю разам...
Ён узрадаваўся гэтай выпадковай сустрэчы, памкнуўся быў падысці да Галі, але адразу падумаў, што гэта затрымае яго, што прамарнуе час, і моўчкі мінуў.
Калі ён знайшоў вуліцу Чкалава, Лідзіну вуліцу, то яшчэ здалёк убачыў нямоцны, згалелы клён і драўляны дамок з парканам. «Яна ў тым доме,— здагадаўся хлопец.— Яна пісала, што на іх двары стаіць клён».
Ён пайшоў цішэй.
Упершыню за ўсю дарогу яму захацелася не спяшацца, прыпыніцца, пачакаць.
«Што гэта са мной: хвалююся, як хлапчук які... 3 непрывычкі»,— вытлумачыў ён.
Колькі яны не бачыліся!.. Якая кароткая была ростань той ноччу ў Мінску, у страхотным бляску пажараў! I якую разлуку прынесла яна!
Калі ён адчыніў фортку, маці Ліды секла дровы. Яна доўга, пільна ўглядвалася, не пазнаючы, потым здзіўлена і радасна ўскрыкнула:
— Васілёк?! Жывы і дужы!..
Мар’я Пятроўна выпусціла з рук сякеру, падышла да яго, пяшчотна абняла.
— А мае, Васілёк, два...— неспадзявана сумна сказала яна,— Mae...
Яна не скончыла,— апусціўшы галаву, ціха заплакала: Васіль ведаў, што ў яе на фронце загінулі два сыны.
Яе кволая, сагнутая горам постаць выклікала ў Васіля жаль і пяшчоту. Яму захацелася сказаць нешта ласкавае і добрае, каб суцешыць яе, але ён адно вінавата маўчаў.
Выцершы слёзы, маці запыталася, ці ўсе яго родныя засталіся жывыя пасля акупацыі.
— Ад бацькі няма нічога... А матка — жывая... і Верка, і Аленка... сястрычкі...— Ён нецярпліва азірнуўся.
— А дзе Ліда?
— Ліда спіць. Учора прыйшла, працаўніца, толькі ў дзве гадзіны ночы... Але што ж мы сталі? Заходзь у хату, Васілёк,— схамянулася старая.
Ён чакаў, што старая скажа, адкуль Ліда прыйшла так позна,— яму гэта вельмі рупіла ведаць,— але старая не гаварыла.
Яны ўвайшлі ў хату.
Васіль наблізіўся да дзвярэй у Лідзін пакой. Ён вельмі хваляваўся — некалькі хвілін не мог крануцца, стаяў, каб перавесці дыханне. Потым паправіў шапку і пастукаў.
— Хто там?
Васіль пачуў голас Ліды, але не адказаў, каб не выдаць хвалявання, і пастукаў яшчэ раз. Ліда паўтарыла запытанне.
— Час падымацца, соня,— сказаў ён, не пазнаючы свайго голасу,— Госці да цябе...
— Ой! — ускрыкнула Ліда і сціхла.
Мар'я Пятроўна выйшла ў кухню.
Праз некалькі хвілін Ліда адчыніла дзверы і папрасіла зайсці. Яна стаяла каля акна, папраўляючы вязаную кофтачку, пазіраючы насустрач яму крыху заспанымі, але неспакойнымі, як бы недаверлівымі, вачыма. Ліда здалася яму незвычайна прыгожай. Яна пасталела і пахарашэла за гэтыя гады. Яна была шмат прыгажэй, чым на картачцы, што прыслала на фронт.
Яны абое стаялі разгубленыя, не ведаючы, як павітацца. Васіль яшчэ ў дарозе думаў, як моцна сцісне яе ў абдымках, пацалуе, яна таксама, напэўна, рада была б, каб ён абняў. Але яны так доўга не бачыліся, так адвыклі ад пяшчот, так хваляваліся абое, што разгубіліся,— асцярожна паціснулі адно аднаму рукі...
Ліда падала табурэтку, папрасіла сесці, села сама на ўскрай ложка.
— Як гэта ты?.. Так нечакана.
— Ты не чакала?— спытаўся ён з жартаўлівай крыўдай, каб схаваць няёмкасць.
— He, не чакала,— адказала яна ў тон.
— Значыць... я дарэмна спяшаўся?
— Выходзіць, дарэмна...
Яна паглядзела з ледзь прыкметнай усмешкай, і ў чыстых, як вада ў лясных азёрах, яе вачах, што здаваліся цёмнымі ад густых веек, успыхнулі знаёмыя гарэзныя агеньчыкі.
Гаворка пайшла весела і лёгка. Васіль жартаўліва апавядаў пра свае прыгоды ў дарозе, Ліда смяялася. Так, жартамі, яны гаварылі яшчэ доўга, пакуль ад разгубленасці, што зрабіла доўгачаканая сустрэча, не засталося і следу.
Тады ён раптам пачаў адчуваць нездавальненне. «Гэта не тое, што павінна,— падумаў ён.— Трэба сказаць нешта значнае, вялікае і пачуць шчыры адказ, трэба, каб кожнае слова было асаблівае. Бо гэта гадзіна не звычайная, асаблівая». I вясёлая, але пустая гаманлівасць пакінула яго, усмешка на чырванашчокім твары згасла, а між густымі ўскінутымі брывамі з’явіўся нездавольны раўчачок.
Ён абарваў гаворку, сціх. Ліда, даўно заўважыўшы незразумелую змену ў яго настроі, паглядзела на яго са здзіўленнем.
Васіль загаварыў з тугой і шчырасцю:
— Калі б ты, Ліда, ведала, як я рады, што бачу цябе зноў... У мяне, ведаеш, нейкае дзіўнае жаданне: хочацца, не зводзячы вачэй, глядзець і глядзець на цябе... Нават, ведаеш, гаварыць не так хочацца. Праўда... Мне ўсё роўна як шчасце — бачыць цябе, твае вочы, твае рукі... I аж нібы не верыцца, што гэта ты! Дзіўна, праўда? Гэта, мусіць, ад таго, што я прывык думаць, што ты далёка-далёка.
Ліда, крыху збянтэжаная гэтай раптоўнай гарачай шчырасцю, не прамовіла ні слова, але з позірку яе ён зразумеў, што яна адчувае.
Так, і яна вельмі шчаслівая, што ён тут, і для яе ён самы любы чалавек, яна любіць, як і раней. He, больш, як раней!.. Васіль не мог адарваць вачэй ад яе.
«Хай гэтыя гадзіны будуць без смутку. Хай думае, што іх яшчэ многа»,— недзе далёка засенню наплывае думка. Яна хутка сходзіць, нібы хмурынка ў ясным, бязвоблачным небе. I зноў — толькі вочы, блізка-блізка...
— Як хораша! — ціха прашаптала Ліда.
Яе рукі даверліва ляглі на яго плечы, ён абняў яе і сядзеў моўчкі, напоўнены адчуваннем яе блізкасці і бязмежнага шчасця.
Скончылася гэта нечакана. Яны, здаецца, забыліся на ўсё на свеце, калі з кухні пачуўся голас Марыі Пятроўны:
— Ліда, час снедаць.
Ліда хутка ўстала, кінула позірк на ручны гадзіннік.
— Ой, мне трэба бегчы.
— Куды?
— На працу.
— Якую працу? Ты працуеш?
— Працую, на авіяцыйным заводзе. Хутка месяц...
— А інстытут? Вучоба?
— I вучуся, і працую... Чаму ты такі... дзіўны? — занепакоена спыталася яна.
Ён задумаўся: «Сказаць ці не?» I пасля моманту развагі рашыў: «Не, няхай пазней».
— Пасля скажу. Я цябе правяду. Добра?
Да завода, што быў кіламетры за два, на ўскраіне горада, яны ішлі вельмі хутка. Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі, усцілалі перад імі шлях.
— I вучышся, і працуеш! Гэта ж цяжка...
— Цяжка. Раніцай і днём — на заводзе, увечары — з чатырох да дзесяці — заняткі. Потым — падрыхтоўка да заняткаў. Учора прыйшла за поўнач. Так кожны дзень...
Вуліца падымалася ўгору. Час бязлітасна лічыў хвіліны, Васіль парываўся загаварыць пра тое, цяжкае, і ўсё адкладваў.
— Я хацела спачатку папрасіцца на фронт,— сказала яна,— не магла я больш сядзець тут. Мне так хацелася
пайсці на фронт, Васілёк... Ды маці нельга было пакінуць адну. Гора зусім змагло яе. Бачыш, якая яна цяпер? Я адна яе падтрымлівала...
Каля заводскай брамы, на ўзгорку, яны спыніліся. Унізе ляжаў горад. Адсюль былі відаць стужкі яго вуліц, квадраты плошчаў, дахі бялелі некранутым снегам. Проста над горадам у мітуслівым прасцягу вісела нізкае, але вясёлае сонца.
— Ну, вяртайся. Адпачні, Васілёк, пасля дарогі. Маці там цябе ўладзіць... Я прыйду ў тры гадзіны. На заняткі — у такі дзень — не пайду. Будзем разам! Удваіх будзем! Удзень і ўвесь вечар!.. Як я рада, што ты прыехаў!..
Яна шчасліва засмяялася.
— А ты — нібы не рады! Зноў — хмурны! Нібы штосьці тоіш... Васіль!..
— Я хацеў сказаць, што мы... сёння... не сустрэнемся...
— He сустрэнемся? Чаму?
— Мне трэба ісці на станцыю... Разумееш, Ліда, хутка павінен падысці мой эшалон... Мяне адпусцілі на дзесяць гадзін...
— Як гэта на дзесяць гадзін? Такі кароткі водпуск? — са здзіўленнем сказала яна.
— Я табе не хацеў гаварыць раней... Мне, Лідачка, пашанцавала. Праз вашу станцыю павінен прайсці эшалон нашага палка. Ён недалёка тут спыніўся на некалькі гадзін. Я папрасіўся, і мяне адпусцілі... На дзесяць гадзін. Каб праз дзесяць гадзін я чакаў іх тут, на станцыі...
— Толькі на дзесяць гадзін?..
— Ён скора павінен быць тут, на станцыі...
— Ну і няхай,— знарок весялей сказала яна,— чаго ж мы журымся? Мы яшчэ пабачымся! Ведаеш што,— я папрашу, каб мяне сягоння адпусцілі раней!..
Ён не ўзрадаваўся, вінавата схаваў позірк.
— Ліда, з тых дзесяці гадзін амаль восем пайшло на дарогу. Пакуль дабраўся — мінула восем гадзін...
— Восем!.. Значыць, толькі дзве!..
— Дзве.
— А я думала... А я хацела... увечар...
— Ліда, усё ж мы пабачыліся...
— На адзін міг!.. За тры гады!..
— Усё ж пабачыліся, Ліда... А што мала, то — калі на тое — хіба два гады было б досыць?
— На адзін міг!
Лідзе трэба было ісці, а яны марудзілі: здавалася, не хапала сілы, каб сказаць апошняе слова.
Васіль, каб супакоіць і яе, і сябе, гаварыў пра тое, што вайна хутка скончыцца, што яны сустрэнуцца зноў і ніколі болей не разлучацца. Разам заўсёды будуць.
Напаследак, ужо развітаўшыся, ён сказаў:
— Я, калі ехаў да цябе, баяўся, што не пераганю наш эшалон ці не застану цябе. Крыўдна было б. А так я шчаслівы... Цэлых дзве гадзіны!