• Газеты, часопісы і г.д.
  • Раяль з адламаным вечкам

    Раяль з адламаным вечкам


    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 526с.
    Мінск 2016
    101.9 МБ
    Калі ён пайшоў у цемру, Аня стаяла, глядзела ў яго бок,— доўга пасля таго, як ён знік з вачэй.
    Яна адчувала, што ў яе жыцці толькі што адбылося тое вельмі важнае, якое яна чакала і аб якім яна марыла.
    Скончыліся пошукі. Скончылася адзінокасць.
    Незнаёмы
    У пакоі быў адзін Слава. Заклапочаны, вельмі сур’ёзны чалавек гадоў шасці, з малатком і абцугамі поўзаў вакол грузавічка, правіў машыну, што, відаць, сапсавалася. Грузавічок, змайстраваны з дошчачак, на бярозавых колцах, стаяў пасярэдзіне пакоя, на дарозе да канечнага пункта — кутка між печчу і дзвярыма. Хоць грузавік быў многа меншы за шафёра і хоць у кузаве ляжала толькі некалькі трэсачак ды старая шрубка, чалавек рабіў не на жарт — і стукаў малатком, і круціў колцы, і гуў.
    Ці дзіва, што машына праз якую хвіліну гатова была зноў рушыць у дарогу, і яна б, вядома, рушыла, калі б у той момант не адбылася падзея, зусім неспадзяваная для Славы. Поўны клопатамі, шафёр не аддаў ніякай увагі таму, што ў кухню хтосьці ўвайшоў. Ён адарваў позірк ад грузавіка толькі тады, калі дзверы адчыніліся і на парозе нехта паявіўся, вядома, маці або бабуля. Ён гатоў быў ужо забыць грузавік, кінуцца паглядзець, што яны прынеслі,— але адразу ж асеў здзіўлены.
    Чалавек быў незнаёмы, у вайсковым шынялі, з чамаданам у руцэ, са скураной сумкай на баку. He паспеў Слава агледзець незнаёмага, як той дзіўна тузануўся, крыкнуў страшна: «Слава!» Выпусціў чамадан, хутка ступіў насустрач, схапіў яго, ускінуў на дужых руках і прыціснуў да шыняля так, што ў малога ледзь не зайшлося сэрца. Праз хвіліну незнаёмы зноў паглядзеў на Славу страшна і раптам, колючыся, пачаў прагна цалаваць шурпатымі губамі — лоб, шчокі, шыю.
    Гэта было хоць і непрыемным, але такім дзіўным, неспадзяваным, што Слава адно моўчкі трываў, не мог апамятацца.
    — Слаўка... Сыночак...— вымавіў вайсковы хрыпла, так, нібы яму балела.
    Слава момант яшчэ патрываў пад позіркам, ад якога было нядобра, боязна, рукамі ўпёрся ў чужы няголены твар, паспрабаваў вызваліцца.
    — Чаго ты, сынок?
    — Так...— Чорныя пукатыя вочы малога былі строгія, нават непрыхільныя, але незнаёмы не паслухаўся, не расчапіў рук.
    — Пагана табе?
    — Пусці!
    — Чаму?
    — Так...
    Незнаёмы лагодна, як бы тлумачачы, сказаў:
    — Я ж твой бацька...
    Малы нібы не чуў, зноў паспрабаваў вырвацца.
    — Бацька — разумееш?
    — Пусці! — не разумеў, не жадаў разумець, ірваўся яшчэ мацней Слава.
    Незнаёмы хацеў усміхнуцца, але ўсмешка выйшла такая, быццам ён скрывіўся.
    — Ну што ж...
    Ён паставіў Славу на падлогу, адпусціў. Малы адразу, як звярок, што пачуў волю, шыбануў у куток, дзе быў ложак, прыціснуўся, дзікавата азірнуўся.
    Незнаёмы не бег услед, не збіраўся, здаецца, зноў хапаць яго, але Слава, у якім быў яшчэ такі жывы ўспамін пра грозны палон, сачыў нямірна, недаверліва, гатоў быў у любы момант нырнуць пад ложак.
    Вайсковы агледзеўся, нібы чагосьці шукаў і не знаходзіў.
    — А мама дзе? На занятках?
    Малы адказаў не адразу, быццам баяўся, што, калі скажа, трапіць зноў у якую-небудзь бяду.
    — Пайшла ў магазін...
    — Хутка вернецца?
    — Хутка...
    — А баба Аніся дзе?
    — Па перац пайшла...
    — Пазычыць?
    — Ага...
    Незнаёмы зноў агледзеўся, але ўжо не шукаючы нікога, а так, як бы перад ім было незнаёмае месца. Ён нібы хацеў штосьці ўспомніць і не мог, і стаў задуменны, сумны.
    — Што ж, хоць ты і не прызнаешся,— сказаў ён усё з той жа задуменнасцю,— я ўсё-ткі буду як дома...
    Ён зняў цераз галаву сумку, паклаў на лаву, пачаў расшпільваць шынель, і Слава ўбачыў, як на гімнасцёрцы штосьці весела бліснула. Гэта былі ордэны, і калі б Слава не страшыўся так незнаёмага, ён, вядома, падышоў бы, паглядзеў бліжэй на іх, пакратаў бы. Але яму было боязна, і нават калі ён глядзеў на іх здалёк, то не забываў, што трэба быць напагатове.
    — Чакай! — схамянуўся, павесялеў незнаёмы.— Ледзь не забыў!
    Ён падбег д^ чамадана, адамкнуў, выхапіў адтуль дзіўную чырвоную дошчачку ці скрыначку. Зірнуўшы на Славу, ён першы момант намерыўся быў аддаць яе тут жа, але перадумаў, важны, як бы зараз хацеў быў адкрыць штосьці тайнае і вельмі цікавае, паднёс скрыначку да рота. I адбылося, праўда, дзіва — скрыначка зайграла! Зайграла, як гармонік!
    Слава на хвіліну забыўся аб усім на свеце, толькі глядзеў на скрыначку, толькі слухаў.
    — Падабаецца? — сказаў незнаёмы і працягнуў цудоўную скрынку Славе.— Гэта табе!.. Губны гармонік!..
    Слава мімаволі падаўся ўзяць гэты цуд, але, ступіўшы крок-другі,— спыніўся. He тое, каб не верыў ён, што цуд гэты дастанецца-такі яму, а страх нейкі, асцярога зноў узялі яго.
    — Бяры! He сумнявайся! Табе належыць!
    Незнаёмы сам падышоў, даў у руку скрынку. Слава ўзяў яе, але ні адным знакам не паказаў, што ў яго што-небудзь
    змянілася да ваеннага. Нават нібы і не вельмі ўзрадаваўся падарунку, вярнуўшыся зноў у куток, разглядаў ён скрыначку са здзіўленнем і недавер’ем, як бы яна была і не яго. Нават паспрабаваць, ці ў яго зайграе таксама, як у вайсковага, не наважыўся.
    I ўсё ж, хоць у Славы і не было якой-небудзь прыхільнасці да незнаёмага, ён, гэты вайсковы, не здаваўся ўжо такім страшным.
    Перад ім было як бы трохі ніякавата за сваю непадступнасць, з ім хацелася, хоць і з асцярогай, пагаварыць.
    Слава памаўчаў, памаўчаў і заявіў:
    — Мой тата — у Чырвонай Арміі...
    — Ну, правільна,— ахвотна, з надзеяй адказаў незнаёмы,я быў у арміі!
    — А раней, калі вайна яшчэ не скончылася, ваяваў на фронце...
    — Правільна, і на фронце ваяваў! — I, мабыць, таму, што Слава на гэтым рашыў і спыніцца пакуль, вайсковы загаварыў лагодна, нібы тлумачачы: — А цяпер мяне зволілі з арміі, каб я зноў працаваў настаўнікам. Разумееш?.. Вось я і прыехаў дамоў... Казала мама, што я... што бацька прыедзе?
    — Казала,— кіўнуў галавою Слава, не гледзячы ўсё ж на таго, хто ўпарта зваў сябе бацькам.
    Слава, было відна, не ведаў, што рабіць. Пасля развагі ён падышоў да камода, на якім стаялі дзве фатаграфічныя карткі, зняў іх і не вельмі каб смела наблізіўся да вайсковага.
    — Вось гэта — тата...
    Вайсковы ўзяў картку, узрадаваўся:
    — Ну, правільна! Я і ёсць сам сабою! He падабаюся хіба?
    Слава і не запярэчыў, і не згадзіўся, ухіліўся адказваць, падаў другую картку:
    — А гэта мама. I я тут, на руках... I тата...— Калі вайсковы стаў, хвалюючыся, глядзець на картку, Слава дадаў: — Я тады, кажа мама, пешкі пад стол хадзіў...
    — Гэта мы былі такія... да вайны... Я, мама, ты...
    — Я тады з бацькам на рэчку хадзіў купацца.
    — Ты тады і хадзіць не ўмеў, выдумшчык...
    Вайсковы хацеў быў зноў узяць яго, але Слава ўраз адступіўся і стаў наводдаль. Было відаць, што ён зноў падрыхтаваўся да небяспекі і не папусціцца нічым, каб уратаваць сваю волю.
    — Ты чакаў бацьку, Слава?
    — Чакаў...
    — Ну вось. А такі няветлівы!..
    Слава не сказаў нічога. Ці чакаў ён тату? Чакаў, яшчэ як чакаў! Але той бацька быў не такі, пра таго гаварыла маці, той быў заўсёды недзе далёка. I яшчэ на картцы... А гэты быў побач, страшна глядзеў на яго, усё хацеў ухапіць, незнаёмы, небяспечны. Зусім не падобны на таго, якога Слава любіў...
    У гэты час у кухні стукнулі дзверы, пачуліся хуткія крокі. He паспеў Слава сказаць, што гэта мама, як маці ўляцела ў пакой, зірнула на вайсковага і нібы акамянела. Адкрыла рот, хапіла паветра, каб нешта крыкнуць, але не здолела вымавіць ні слова. Дзіўная была мама.
    Чалавек, нічога не гаворачы, кінуўся да яе, схапіў у абдымкі і пацалаваў у вусны. Хустка з матчынай галавы ссунулася на шыю, чорныя бліскучыя валасы рассыпаліся, ускалмаціліся, але маці ні на што не звяртала ўвагі.
    Потым яна прыціснулася галавой да грудзей вайсковага, а той то пяшчотна гладзіў рукою яе, то цалаваў валасы. Слава сачыў са здзіўленнем і непакоем, упершыню даводзілася бачыць, што мама цалуе не яго, а незнаёмага чалавека.
    — Сяргей,— нарэшце ціха прамовіла маці, узняўшы галаву і вясёлымі вачыма пазіраючы на вайсковага. Яна зноў пацалавала яго. Пасля маці нечакана адразу засмяялася і заплакала, але Сяргей не супакойваў, а толькі пазіраў на яе і радасна ўсміхаўся.
    — Сяргей... хіба ж можна... так доўга... Вочы праглядзела,— сказала маці са слязамі на вачах.— Ой, колькі я чакала цябе! Іду адкуль-небудзь дадому і кожны раз думаю,
    што ты, можа, ужо даўно дома сядзіш. Пачую які стук і думаю — гэта ты стукаеш...
    Маці выцерла слёзы, адышла ад Сяргея і абняла сына.
    — Бачыш, які вялікі Расціслаў вырас! Ён таксама чакаў.
    — Дзе там чакаў! Каб чакаў, то спаткаў бы інакш.
    — Кожны дзень пытаўся, ці хутка бацька вернецца.
    — Вось табе на! А прыйшоў, дык выганяе з хаты,— з хітраватай усмешкай сказаў Сяргей.— He, кажа, ты не мой бацька, ты чужы. Ідзі, кажа, адсюль.
    — He прызнае? — засмяялася мама.
    — Ніяк не хоча прызнаваць.
    — Шафёр ты мой дарагі! — пацалавала маці Слаўку і лёгка штурхнула да вайсковага.— Гэта твой тата. Той, пра якога я табе гаварыла... Ён цяпер заўсёды будзе з намі.
    Бачачы, як радуецца незнаёмаму бацьку маці, Слава пачаў абыходзіцца з ім больш ветліва. Ён згадзіўся падысці да бацькі, даў сябе ўзяць на рукі і нават не хаваў шчочкі ад пацалунку, хоць бацькава барада і цяпер балюча калолася. Ён адно не мог уцяміць, чаму маці з ахвотай цалуе такую калючую бараду, і быў задаволены, калі бацька пусціў яго.
    Хутка прыбегла бабка Аніся. Яна, як убачыла Сяргея, дык пачала і ахаць, і охаць ад радасці, што зяць вярнуўся, называла яго і саколікам, і рыбкаю, і золатцам. А Слаўкава маці паглядзела на іх і зноў пачала плакаць.
    — Трэба ж нечым пачаставаць госціка-саколіка,— схамянулася раптам бабка Аніся і дробнымі, частымі крокамі падалася на кухню. Даўгі бабчын андарак ледзь не цягнуўся па падлозе.
    Бацька распрануўся, зняў гімнасцёрку, пагаліў бараду. Калі ён прыйшоў на кухню, маці прынесла начоўкі і цёплай вадою пачала мыць яму галаву. Вада ў начоўках зрабілася чорнаю, нібы там разбавілі фарбу.
    — Глядзі, якая вада цёмная стала, неахайны ты,— засмяялася маці, быццам радавалася, што вада такая чорная. Сяргей, не ўзнімаючы галавы, адказаў:
    — Дзіва што чорная! 3 самага Дрэздэна не мыў. Закурыўся, як чорт у пекле.
    Бацька пайшоў з кухні і, выціраючы галаву ручніком, у сарочцы зноў хадзіў па пакоі і разглядаў карткі на сцяне, сшыткі на стале, кнігі. Усё яму хацелася пакратаць сваімі пальцамі, патрымаць у сваіх руках. Павесіўшы ручнік, ён падышоў да Славы.