Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
— Ну дык як, прызнаеш цяпер мяне?.. Устрымліваешся? Ты бачыш, маці, не хоча прызнаваць!.. Ну што ж, будзем нейтралітэт захоўваць. Усё-ткі нейтралітэт лепш, чым варожасць...
Ён узяў Славу на рукі.
— Эх, а хлапчына які вялікі вырас за гэтыя чатыры гады, маці! Сапраўдны мужчына!
— Мужчына, канешне...
— I нацярпецца давялося як даросламу...
— Ды ўжо ж хапіла... За адны тыя два гады, што я ў партызанах была, чаго толькі не пабачыў: і холаду, і голаду, і ў блакадзе гібеў. Бывала, спалі на сырой зямлі ў холад. Як толькі ён і выжыў. Усяго паспытаў... Толькі вось бацькавай ласкі не бачыў...
— А за што табе ордэн далі? — неспадзявана перабіў Слава матчыну гаворку. Яго вельмі цікавілі гэтыя два бліскучыя ордэны, якія ён бачыў на бацькавай гімнасцёрцы, што ляжала цяпер на ложку.— За смеласць?
— За смеласць,— адказаў бацька.
— А Васеў бацька за смеласць атрымаў медаль. Толькі ён называецца «За отвагу». Ты таксама танк гранатай падбіў?
Бацька сказаў, што ён камандаваў артылерыйскай батарэяй і што батарэя падбіла сем танкаў.
— Ого-го! Аж сем танкаў! — матнуў галавой Слаўка.— «Тыграў»?
— I «тыгр» быў адзін. I «пантэру» прадзіравілі.
— I «пантэру»? Ты, значыць, яшчэ смялейшы за Васевага бацьку?!
Слава з пашанай паглядзеў на таго, каго звалі бацькам. Цяпер Слава ўжо не баяўся яго, ён, аказваецца, зусім не страшны, з ім нават цікава. I які ён смелы, аказваецца!
— А колькі ты разоў быў ранены?
— Два.
— А Васеў бацька пяць разоў,— не схаваў неспадзяванай зайздрасці Слава.
Пазней — на дварэ ўжо быў вечар — пачалі сыходзіцца людзі. Ніколі яшчэ не збіралася за ўсе гады Слаўкавага жыцця столькі людзей у гэтую хату. Было многа знаёмых і незнаёмых, суседзі былі, настаўнікі, бацькавы таварышы, партызаны, з якімі маці разам ваявала. Прыйшоў кульгавы Апанас — вартаўнік, з дручком, які паставіў у кутку, каля дзвярэй. Усе вельмі радаваліся таму, што Сяргей Антонавіч вярнуўся ў родны кут, віншавалі яго і абдымалі. Сэрца Расціслава Сяргеевіча пры гэтых знаках пашаны перапаўнялася пачуццём гонару за свайго бацьку. Вось ён які любімы і паважаны чалавек!
Потым гасцей пасадзілі за стол. Маці ўстала і падняла поўную чарку, і ўсе таксама ўсталі.
— Вып’ем першую чарку за сустрэчу!.. Каб жыць без ростані доўга і шчасліва! Каб не расставацца ніколі!
— Добра сказала. Малайчына, Марыйка! — Бацька ўстаў і чокнуўся з ёй, а потым з усімі гасцямі.
— Значыцца, каб жыць без ростані і шчасліва!
Усе выпілі і селі на месца.
«Як добра, што вярнуўся тата!» — падумаў Слава. Упершыню паглядзеў ён на бацьку вачыма, якія ззялі ад шчасця і захаплення...
Раптам ён тузануў маці за рукаў і ціха, тонам змоўшчыка, каб ніхто не чуў, зашаптаў:
— Ма-ам! Дык гэта праўда... наш тата? Чэснае слова?
— Чэснае слова — твой...
— Добры ў нас тата!.. Праўда?
— Праўда,— згадзілася маці, чамусьці весела засмяялася і пацалавала ў лоб.— Добры!
Таварышы
I
— Больш ніхто не хоча выступіць? Ніхто... Тады будзем галасаваць. Ёсць адна прапанова — абвясціць вымову. Хто за яе — падыміце рукі...— Гаўрыльчык, які быў за старшыню сходу, стоячы за сталом, абвёў позіркам пяцярых чалавек, што сядзелі ў пакоі,— Усе. Апусціце рукі. Аднагалосна... Абвяшчаем вымову...
Хвіліну была неспакойная цішыня. Хтосьці варухнуўся, важка зарыпела крэсла.
Гаўрыльчык узяў са стала лісток, на якім быў напісан парадак сходу, каб прачытаць другое пытанне,— Баклан падняўся і павольна пайшоў да дзвярэй.
— Ты куды? — пачуўён ужо за спіною голас Гаўрыльчыка.
— Пакурыць...
Баклан стараўся ісці спакойна і ўпэўнена, як чалавек, які не зважае на тое, што пра яго гавораць, ведае сабе цану. Вайсковыя хромавыя боты яго стукалі цвёрда і моцна, і ўсе, хто быў на сходзе, павярнуліся на гэты стук і сачылі ўслед.
Бразнуўшы дзвярыма, ён апынуўся ў цёмным калідоры сам-насам. Спыніўся, закурыў, але, разы са два пацягнуўшы, кінуў папяросу на падлогу і наском бота расцёр. Мімаволі падумаў, што хоць і хацеў здавацца на сходзе спакойным, усё-такі хваляваўся, перажываў. Прыкра было адчуваць, што іншыя заўважылі ўсё гэта, і ён цяпер лаяў сябе ў думках.
3 пакоя даходзіў роўны, сіплы, нібы прастуджаны, голас Зубца, парторга. Баклан абыякава прыслухаўся — гаворыць пра зімовыя нарыхтоўкі лесу для данбаскіх шахт.
Прыгадаліся апошнія словы Гаўрыльчыка, якімі той закончыў абмеркаванне яго, Бакланавай, справаздачы: «абвясціць вымову...» «Абвясціць вымову...» Баклан аж хмыкнуў: гэтыя словы здаваліся ў дачыненні да яго такімі дзіўнымі, недарэчнымі. «Вымову — мне?!.»
Ён хвіліну пастаяў нерухома, нібы чакаў адказу на сваю думку, потым, не дачакаўшыся, выйшаў на двор.
Жоўтае святло з акна падала на змятую, мокрую з цьмяным, масленым водбліскам траву, падымалася на завостраныя штакеціны агарожы. Ідучы праз двор, Баклан на міг азірнуўся на акно і ўбачыў у ім рослую, з тонкай шыяй, з вузкімі віслымі плячыма, постаць Зубца.
Гэтая вымова — галоўным чынам праз Зубца, які ўжо даўно настойваў, каб паставілі Бакланаву справаздачу, а цяпер, на гэтым сходзе, выступаючы першым, кідаў калючымі словамі: «адарваўся ад жыцця», «зазнаўся»... «заспакоіўся»...
У іх даўно былі нелады, у Баклана з Зубцом. Зубец даўно ўжо чапляўся да яго, назаляў бясконцымі размовамі, папрокамі. «Дабіўся свайго! Павярнуў усіх, як хацеў!.. — падумаў са злосцю Баклан і дадаў з пагардай: — Герой тылу!» Ён, праўда, тут жа ўспомніў, што Зубец таксама ваяваў недзе на фронце, але адразу ж падтрымаў сябе: як ён там ваяваў — нікому невядома. Нешта ж дзіўна не любіць ён гаварыць пра гэта. Відаць, ваяка быў такі — лепш не ўспамінаць... «Герой тылу!..»
Баклан даволі далёка адышоў ад канцылярыі, калі схамянуўся, падумаў, што час вярнуцца на сход.
Аднак вяртацца не хацелася, і ён паволі пабрыў дахаты.
Дома была маці, старая маўклівая жанчына, з уважлівымі чорнымі вачыма,— яна вязала сыну з белай шэрсці шкарпэткі на зіму. Старая чулым мацярынскім позіркам адразу заўважыла, што сын нечым занепакоены.
— Што з табою, Вася?
Васіль,— каб не дапытвалася,— буркнуў як мог абыякава: нічога...
Ён падышоў да стала і, рассеяна пазіраючы на свае фотакарткі, што ў некалькі радоў ільсніліся на сцяне, думаў узрушана.
Кепская ў людзей памяць. Ці даўно Баклан зняў з гэтага шырокага афіцэрскага пояса, які ён і цяпер носіць, трафейны «вальтэр», ці даўно куляліся пад адхон ваго-
ны апошняга нямецкага эшалона, спушчанага Бакланам,— а вось сёння яго папракаюць ужо за тое, што ён носіцца са сваімі партызанскімі заслугамі.
Ён адчуў сябе пакрыўджаным і адзінокім і ад душы пашкадаваў, што поруч няма таварышаў з тых незабыўных дзён.
Позірк Васіля мімаволі спыніўся на фотакартцы, дзе ён быў зняты з камандзірам атрада. Кавалевіч сядзіць, прытуліўшыся шырокай спіною да таўшчэзнага камля, а ён, праслаўлены падрыўнік, на кукішках паказвае штосьці на карце, дакладвае пра вынікі аперацыі на «жалезцы».
Баклан раптам прыгадаў, што не бачыўся з Кавалевічам вось ужо два гады, ад таго, як партызаны разышліся па калгасах, па розных установах выконваць новыя, мірныя заданні. Воблік камандзіра, Івана Савіча, паўстаў перад ім так яскрава, нібы толькі ўчора яны рассталіся.
Баклану захацелася раскрыць перад ім свае думкі, падзяліцца сваёю крыўдаю. Хто, як не Кавалевіч, зразумее і ацэніць усё па-сапраўднаму?
Ён дастаў з палявой сумкі, штс вісела на сцяне, як памятка былых дзён, лісток паперы, сеў за стол насупраць маці і пачаў адразу хутка пісаць — ламаным няроўным почыркам: «Пісьмо ад вядомага табе падрыўніка Баклана...»
Аловак у цвёрдай яго руцэ не пісаў, а выціскаў на паперы рэзкія, адрывістыя літары. «Сэрца» алоўка некалькі разоў крышылася. Баклан нагадваў тыя слаўныя дні, калі з Кавалевічам біў гітлераўцаў, скардзіўся, што некаторыя хутка забылі людзей, якія зламалі хрыбет фашысцкаму зверу, што яго, камандзіра-падрыўніка, тут заціраюць... У гэтым месцы «сэрца» алоўка зламалася. Баклан завастрыў аловак і стаў пісаць далей.
Увесь ліст — чатыры старонкі са сшытка — ён напісаў адным дыханнем. Ліст быў гарачы, бязладны; адна думка перабівала другую.
Напісаўшы, Баклан адчуў прыемную палёгку, быццам радкі ліста забралі ўвесь цяжар, што зваліўся на сэрца пасля сходу. Вымова... Няхай — вымова. Ці варта яму вельмі
непакоіцца праз гэта. Тыя, хто даў яму спагнанне,— людзі звычайныя, не выдатныя нічым, нераўня яму...
Назаўтра ўранку ён занёс ліст на пошту.
...Калі Баклан вярнуўся, то неспадзявана стаў разважаць — ці трэба было пра ўсё пісаць Кавалевічу.
Яго пачало тачыць сумненне: а можа, Кавалевіч таксама забыўся? Столькі часу прайшло. Так усё змянілася. Новая праца, новыя таварышы... Гэта было б горка — расчаравацца ў камандзіру, бо Баклан вельмі верыў яму.
Праходзілі дзень за днём, а адказу на ліст не было. Ён так чакаў вестку ад камандзіра атрада, што кожны дзень пасля абеду, калі звычайна прывозілі газеты і лісты, хадзіў на пошту.
— Нешта вы зачасцілі да нас, Пятровіч,— заўважыў аднойчы загадчык аддзялення, старэнькі беленькі чалавечак,— Можа, які-небудзь важны цыркуляр чакаеце?
— Цыркуляр, Майсеевіч!..— іранічна прамовіў старшыня і таямніча на вуха шапнуў старому: — Дзяўчына ў мяне ў горадзе ёсць... Абяцала пісаць і — хоць бы слова!..
— А, вер ты цяпер дзяўчатам!..
Тым часам у гэтыя дні Баклана ўсё больш апаноўвала няўпэўненасць, невядомая яму раней.
Ён пачынаў у глыбіні душы адчуваць, што, як ні прыкра, трэба прызнацца, што ён памыліўся, што мае рацыю не ён, а іншыя — якія галасавалі за вымову.
Сумненне пачало змяняцца непакоем. Цяпер Васіль стаў часам пабойвацца прыезду Кавалевіча.
Кавалевіч яшчэ, чаго добрага, дадасць да ўсяго. Партыйнага сходу, скажа, не паслухаўся. Распусціўся... Забыў пра абавязак перад камсамолам, перад партыяй...
Цяпер, пасля сходу, бачылі, ён стаў нейкі стрыманы, паглыблены ў сябе. Пачаў больш прыглядацца да жыцця ў калгасе. Праверыў, як трымаюць у свірне насенне, і выявіў у ім многа вільгаці. Ну і дасталося кладаўшчыку ад старшыні: доўга будзе помніць, нядбалец. Некалькі дзён пасля гэтага Баклан зноў заходзіў сюды, сачыў, як ідзе прасушка. Выклікаў да сябе ў канцылярыю ўсіх людзей, якія мала хадзілі на працу, гаварыў з кожным...
Часам, аднак, непакой адыходзіў. Да яго вярталася ранейшая ўпэўненасць і бесклапотнасць. «Не, Кавалевіч — не Зубцу раўня...— думаў ён.— Кавалевіч разумее, што да чаго...»