Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
У такі час, калі на душы было лёгка, а ў галаве ясна, ён успомніў словы Кавалевіча:
— Як жа гэта ты?
Яму так ясна прыгадаліся гэтыя словы, што ён пачуў Кавалевічаў голас. Той голас, хоць і строгі, быў спагадлівы, прыязны. Боль і таварыская крыўда чуліся ў ім. Ён апаліў сэрца. Васіль убачыў вочы — строгія, дапытлівыя — і спыніўся...
У ім нечакана з’явілася няўпэўненасць. Цяпер ужо дужаліся крыўда на Кавалевіча і жорсткая праўда тых слоў. Баклан быў самалюбівы і таму не ўмеў лёгка прызнаваць праўду за другім чалавекам.
Задумаўшыся, ён пабрыў па вуліцы,— у хатах дзе-нідзе свяціліся агні. У адным акне фіранку не зацягнулі, і з вуліцы было відаць, як стрыжаны бялявы хлопчык чытае кнігу. Маці і дзве дзяўчынкі слухалі хлопчыка. Баклан прайшоў паўз акно, нічога не заўважыўшы.
«Праўда — як жа гэта я?»
Упершыню за два гады ён азірнуўся назад, стаў пераглядаць тое, што рабіў. Улетку сорак чацвёртага года разам з атрадам ён вярнуўся ў вызвалены раён. Тады яго выбралі старшынёй сельсавета; былы падрыўнік амаль нічога не рабіў на сваёй пасадзе, толькі выступаў з дакладамі ды ўспамінамі аб партызанах. Сельсавет быў адсталы, але старшыню гэта не трывожыла. У райвыканкаме, шануючы яго заслугі, таксама абміналі гаварыць на гэтую прыкрую тэму.
Потым, каб паставіць старшынёй іншага чалавека, Баклана паслалі на курсы.
Ён спачатку пакрыўдзіўся, але, прыехаўшы на курсы, хутка ўсё забыў. На курсах было нават лепш — ён быў паважаным чалавекам і пры гэтым не меў асаблівага клопату.
Яго заўсёды выбіралі ў прэзідыум; з музея прыходзілі людзі, якія запісвалі ўспаміны; аднойчы заявіўся да яго мастак маляваць партрэт.
I нарэшце апошняе — тры месяцы таму назад яго прыслалі сюды, у гэты калгас. Старшыні пашанцавала на добрага намесніка, і ён, Баклан, па прывычцы і далей жыў бесклапотна — часта ездзіў гуляць у горад, лавіць рыбу на Прыпяць.
Яму было прыкра, няёмка ў гэтую восеньскую ноч, калі ён пачаў перабіраць свае ўчынкі за апошнія два гады. Ён здзівіўся, што не заўважаў усяго гэтага раней.
3 вуліцы Васіль павярнуў на выган, адтуль праз калгасны сад зноў прыйшоў у сяло, ужо з процілеглага боку. Ён сам не ведаў, як апынуўся каля Гаўрыльчыкавай хаты. Можа, яго прывабіў агеньчык, бо гэты агеньчык свяціўся цяпер адзін на ўсё сяло. Была поўнач. Хаты стаялі чорныя і маўклівыя.
У пакоі сядзелі Кавалевіч і Рыгор. Баклана пацягнула да іх. Ён ступіў да ганка, але спыніўся. Упершыню за ўсе гады іх знаёмства задумаўся, як будзе паводзіць сябе з імі, што гаварыць.
Ён пастаяў крыху і рашыў не заходзіць. He чакаюць яго. Ды і позна.
Усе ж яму хацелася пабыць з імі, паслухаць іх. Чаму яны яшчэ не спяць? Пра што яны гавораць? Ці не пра яго?..
Васіль бачыў: Кавалевіч устаў, узрушана прайшоў па пакойчыку, схаваўся за акном. Ён тут жа зноў вярнуўся да стала, спіною загарадзіў святло. Кончыкі валасоў на яго галаве ад святла былі залацістыя.
Баклан адступіўся ад акна.
Ён пайшоў па вуліцы — непаспешліва і, здавалася, зу-
сім спакойна. Куды яму было спяшацца?
Васіль спыніўся каля нейкага агародчыка. Абапершыся спіною аб штакеціны, доўга стаяў нерухомы і маўклівы. Збоку магло здацца, што ён спіць.
Яго абудзіў вясёлы дзявочы рогат. Потым высокі жаночы голас бесклапотна заспяваў:
Я дзяўчынка маладая, Мне ўсяго сямнаццаць лет. Палюбіла брыгадзіра За яго аўтарытэт...
«Чаго ёй так весела?» — з непрыхільнасцю падумаў Васіль. Ён пазайздросціў, што не можа так весела засмяяцца...
Васіль схамянуўся, адчуў, што замёрз, паварушыў плячыма ад холаду, зірнуў у неба. Там цямнелі ледзь прыкметныя абрысы хмар. Толькі каля гарызонта адзінока свяцілася зорка, але ад яе бляску Васілю стала халадней.
«Памыліўся... Хіба гэта памылка?»
Трэба было некуды ісці. Ён з намаганнем адштурхнуўся ад шурпатых, вымаклых штакецін і пабрыў прывычным кірункам дахаты.
Неўзабаве, аднак, спыніўся, пастаяў нерухома трохі, нібы раздумваючы. Ісці дамоў не хацелася.
Вецер нечакана данёс прыцішаны далечынёю гул трактара. Васілю і раней быў чутны гэты гул, але тады ён не даходзіў, не ўзрушаў, бо хлопца поўнілі неспакойныя думкі.
Цяпер Васіль стаў услухоўвацца ў гул, як у добрую, блізкую душы музыку. Ён стаяў і слухаў хвіліну, другую. Потым раптам рашуча павярнуў назад, праз вузкую вулачку хутка шырокімі крокамі пайшоў у поле, на бадзёры гул, што абуджаў цішыню.
Ён яшчэ не думаў, не ведаў, чаго туды ідзе... Сяло засталося ззаду ў неглыбокай лагчынцы. Справа, непадалёк, як нейкія дзіўныя жывёлы, чарнелі дрэвы — сад. У полі па ахутаным змрокам іржышчы хадзіў стыглы неспакойны вецер, намагаўся сарваць шынель.
Гуркатанне трактара набліжалася. Вось ужо відаць, як у яркім зарыве святла весела завіхаюцца постаці.
Васілю зрабілася лягчэй. У сэрцы засвяцілася штосьці яснае, светлае, падобнае на зарыва каля малатарні.
Калі Баклан падышоў блізка, малатарня спынілася. «Што там?>> — занепакоіўся Васіль і паскорыў крок.
Малатарня стаяла. Каля яе, акружаны людзьмі, юнак у шарсцяным світары з закасанымі рукавамі, які быў машыністам, выцягваў шылам з разарванага паса абрыўкі ўшывальніка. Убачыўшы Баклана, людзі расступіліся, далі яму дарогу.
— Ушывальнік ад паса парваўся...— сказаў машыніст апраўдваючыся.
— Ну а запасных ушывальнікаў хіба няма?
— Няма...
Баклан заўважыў на сабе некалькі здзіўленых позіркаў — не прывыклі тут бачыць яго.
— Чаму няма? Ты што — не ведаў, што можа парвацца?
— От, чорт!.. Казаў жа... Няма... У МТС няма!
— Яны ўжо другі раз у яго рвуцца,— сярдзіта ўставіў нехта з жанчын.
Пасылаць за ўшывальнікам у сяло — значыць марнаваць час. Шкада часу. Але што рабіць?
Баклан неспадзявана расшпіліў свой партызанскі пояс, працягнуў машыністу. Той, не цямячы, запытальна зірнуў на старшыню.
— Рабі ўшывальнік.
Машыніст паглядзеў на пояс, пакруціў яго ў руках, любуючыся добрай глянцавіта-бліскучай скурай, зіхатлівай афіцэрскай пражкай. Ці не жартуе старшыня, аддаючы на глум такую добрую рэч? Але па позірку Баклана было відаць, што ён не жартуе і што трэба спяшацца...
Хутка пас быў сшыты. Людзі разышліся, сталі на свае месцы. Трактарыст уключыў прывадное кола «ХТЗ».
Пас крануўся, пасунуўся да малатарні, спачатку лена, павольна, пругка пакалыхваючыся, а затым — усё хутчэй, хутчэй. Падавальшчык падаў у барабан развязаны сноп.
Барабан перастаў ляскатаць, зашумеў басам, натужна, старанна, цяжка. Людзі, што стаялі на сцірце і каля барабана, пачалі спрытна завіхацца. Баклан з няведамай даўно цікаўнасцю сачыў за іх хуткімі ўмелымі рукамі, адчуваючы, як імклівы тэмп гэтага жыцця захапляе, заваблівае яго. Васілю захацелася таксама падняцца на сцірту, якая пахне сухой саломай, стаць поруч з гэтымі спрытнымі людзьмі.
Ён скінуў з плеч шынель. Хвілінай пазней Васіль стаяў ужо на сцірце, падаючы сноп, і зачэпліва, з усмешачкай, крычаў штосьці жанчыне-суседцы.
Малатарня не спынялася, яна прасіла ўсё новых і новых снапоў. I Васіль ахвотна падаваў.
Потым Баклана бачылі каля вагі, дзе ён правяраў запісы вагаўшчыка, каля вазоў, што адвозілі поўныя важкія мяхі ў свіран, каля машыніста...
Быў ён яшчэ на ржышчы каля Чорнага лесу — правяраў, як трактары аруць уначы.
Неба на ўсходзе непрыкметна набракла пунцовай чырванню, і навокал шырока расчыніліся ціхія, па-ранішняму чыстыя далягляды. Паветра стала празрыстае і марознае. Ён адчуваў сябе вельмі змораным, бо даўно не рабіў гэтак.
На сэрцы было па-ранейшаму неспакойна і прыкра.
3 усіх думак, што прайшлі ў ім тут, у полі, яму асабліва запомнілася адна: «Калі ты чалавек заслужаны, то старайся быць уперадзе». Яна здавалася яму найбольш важнай і справядлівай.
Нараджаўся дзень. Ён прыносіў Баклану новыя клопаты. Трэба было ісці на двор — накіраваць на ссыпны пункт фурманкі з бульбай. Трэба было... Старшыня яшчэ не ўяўляў усяго, што менавіта трэба зрабіць яму за гэты дзень, бо не ведаў, што рабілі ў калгасе ўчора.
3-за далёкага поля выглянула сонца. На ржышчы ад першых праменняў заблішчала раса, пераліваючыся вясёлкавымі колерамі. Баклан, стомлены і задумлівы, ішоў праз поле, падмінаючы ботамі вільготную пожню. У пераблытаных валасах яго тырчалі саломінкі. Шынель на ім, як звычайна, быў унакідку.
Уваходзячы ў сяло, каля калгаснага двара, старшыня ўбачыў знаёмую, крыху сутулаватую постаць Кавалевіча, які разам з Гаўрыльчыкам ішоў у поле. Баклан занепакоіўся, мімаволі прыкрыў шынялём ордэны.
— Як гэта ты паспеў нас апярэдзіць? — здзівіўся Гаўрыльчык,— Даўно ўстаў?
— Устаў,— усміхнуўся сам сабе Баклан.— Ды не, нядаўна... Можна сказаць, толькі што...
Яны прывіталіся.
Кавалевіч кіўнуў галавой у бок сяла.
— Ну, хлопцы ў вас! — у яго з партызанскага атрада засталася звычка называць усіх мужчын хлопцамі.
Баклан зірнуў туды і за ніклымі голымі яблынямі, каля высокай бярозы, што схіліла задуменна на бок вяршалінку, убачыў зруб Кацярынінай хаты. Наверсе стаялі ўжо ўсе кроквы і да паловы, да папярэчын, быў прыбіты радамі паплёт.
Калі яны разышліся, Васіль у другі раз кінуў позірк у бок зруба. Свежаацёсаныя бярвенні, як бронзавыя, блішчалі ў праменнях сонца...
На рацэ
Мы сядзелі ўтраіх на беразе ракі: бялявы, па-юнацку зграбны лейтэнант з чамаданам і рэчавым мяшком, пажылая калгасніца з плеценым кошыкам і я.
Лейтэнант меў ад сілы гады дваццаць чатыры, а нашай спадарожніцы можна было даць, здавалася, і ўсіх сорак пяць, калі не болыіі. На ёй была акуратна пашытая і выпрасаваная шавіётавая жакетка, з-пад якой выглядвала чырвоная ў палоску кофтачка. На галаве жанчыны цвіла яркімі кветкамі святочна-новенькая хустка; над абветраным смуглаватым ілбом віднеліся кранутыя сівізной цёмна-русыя валасы.
На пясчаным беразе ракі — навокал нас — было ціха. За намі ляжалі складзеныя ў штабель папяровыя мяшкі з суперфасфатам, вялікая скрынка, у шчылінах якой можна
было бачыць металічныя часткі нейкай машыны; на скрынцы чарнелі надпісы: «верх», «ніз», «не кантаваць». Каля мяшкоў і скрынкі сядзеў, спакойна пакурваючы, дзед у пацёртым да хромавага бляску кажушку,— відаць, вартаўнік. У тым баку метраў праз пяцьдзясят, на ўзгорку, жаўцеў будынак канторы прыстані, дзе памяшчалася каса, жылі начальнік прыстані і вартаўнік.
Быў ясны, халаднаваты дзень вясны. Паводка ўжо сышла, але Прыпяць разлівалася яшчэ значна шырэй, як летам. У лазняку, пры якім мы ўладзіліся на мурожнай лапінцы, спусціўшы ногі ў пясчаную ямку, віднеліся падсохлыя палосы зляжалага ілу і рознага намытага бруду, якія сведчылі, што нядаўна тут плёскалася рака. Другі бераг — нізкі, балацяны — у многіх мясцінах быў яшчэ схаваны вадою, якая блішчала глыбокімі залівамі і цэлымі азёрамі.