Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
— Я дык чаго тады перажыла — расказаць не раскажаш. I радасна: от і мне, учарашняй «хамцы», вераць, даручаюць такую справу. Радасна было і — страшна: божа, як я спраўлюся з ёю, я ж ніколі не ведала нічога, акрамя сваёй хаты ды поля свайго. «Не,— кажу я,— за ласку дзякую, але не згодна. Дарэмна выбіраеце мяне. He спраўлюся». «Справішся. Дзе адна не здолееш, дапаможам»,— зашумелі людзі. «Гэта і добра, што ты сумняваешся,— крыкнула аднекуль з кутка Адар’я, суседка мая,— значыцца, да справы сур’ёзна будзеш брацца!»
Угаварылі. Дамоў я ішла ў клопаце. У галаве назолаю розныя трывожныя думкі. Як прыйшла дадому, бачу — не засну, дый годзе.
Прыбрала ўсё са стала пасля вячэры, паслала настольнік. Надзейку, дачку, адправіла спаць, а сама прыкруціла кнот у лямпе і села каля стала. А на сэрцы, як і раней,— і сонца, і хмары. У хаце ціха, толькі ходзікі на сцяне — ціктак, цік-так, а я сяджу і думаю, думаю, што буду рабіць. Можа, да поўначы праседзела так... От як я прыняла сваё брыгадзірства!
Пра тое, як я працавала, не буду казаць. Асабліва багата клопату было летась — з тым аўсом, што на Мокрым, на тарфяніку. I славы, і клопату. Пустазелля — адкуль яно толькі бралася? Ну проста забівала поле! Зноў жа, колькі турбот, каб авёс не палёг. Жартачкі... На балоце глеба далікатная — ёй трэба асобы догляд...
— Далікатная... Гэта точна! — пацвердзіў тонам знаўцы лейтэнант.
— Бывала, з галавы тое Мокрае не выкінеш. Іншы раз і няма чаго ісці ў поле, а цябе цягне — проста так, як да дзіцяці, каб праведаць: як ты, маўляў, тут без мяне?
Часта прыязджаў таварыш Хмялеўскі, сакратар наш. Ці то едзе з райкама ў нашы Вербавічы, ці то проста па тракце куды-небудзь едзе, у які калгас ці сельсавет, абавязкова спыніць сваю «Пабеду» і зойдзе на Мокрае. He праміне... цікавіўся вельмі.
Многаму мне давялося павучыцца з тым Мокрым. Ляжала балота век перад вачыма, мазоліла вочы,— а як прыйшлося да справы, то аказалася, што я нічога пра яго не ведаю. У балотнай глебы свае капрызы. Тут бы мне і ўзяцца за навуку пра балота, а я паспадзявалася на практыку сваю ранейшую, падумала старой дарожкай ісці.
Цераз гэтую навуку далася я ў знакі аграному спачатку. На нажах, проста сказаць, былі. Ох і злаваў тады на мяне Сцяпан Ігнатавіч, аграном наш!.. Аднойчы нават «сляпой» абазваў, ей-богу, так і сказаў — «сляпая»...
— А ў вас, аказваецца, характар востры!
— Я часта спрачаюся больш цераз гонар, абы не паступіцца. Такая прывычка: вось і ведаю, што не мая праўда, а ўсё роўна не здаюся! Бы сябе зганьбіць баюся, ці што... Так і са Сцяпанам Ігнатавічам — спрачаюся, а пасля падумаю, падумаю, ды і раблю, як ён кажа...
Жартачкі: кніжкі пачала чытаць. Хай не думае, што я неразумная баба! Заўважылі мае жанкі, што я гэта чытаю, і нават жартам празвалі — «балотны прафесар». Так мяне цяпер часта завуць, асабліва Адар’я, насмешніца, тая ледзь што — «балотны прафесар»!
— Так і называе? Балотны прафесар? — лейтэнант засмяяўся,— Прыдумала ж!
— Яна прыдумае. Языку яе — лёгкі на выдумку ўсякую!.. От жа разгаварылася,— схамянулася Васіліна Карпаўна.— Другі раз слова не выцягнеш, а тут, як само льецца. Ну, ды ўжо, калі пачала, давяду да канца... I жыта было добрае, і ячмень удаўся, а авёс, што на Мокрым, на спрадвечным балоце, дык на дзіва людзям.
У мяне яшчэ і цяпер снапок таго аўса хаваецца для гасцей: часта прыходзяць з навакольных сёл, ды і здалёку прыязджаюць,— паказваю, бо ёсць такія, што на слова не вераць. А чаго тут не верыць! Быццам ужо рэдкасць гэтакая?.. На Бабруйшчыне, чытала я, яшчэ лепшы авёс вырасцілі... Будзеце ненарокам у Вербавічах,— сказала яна раптам да лейтэнанта, потым да мяне,— і вас таксама запрашаю: калі ёсць цікавасць, заходзьце паглядзець... Наш авёс цяпер ёсць і ў Мінску, у інстытуце...
У гэты час з-за пясчанага, з крутым берагам, мыска паволі выплыў невялікі светла афарбаваны параход, што шумна біў пліцамі па вадзе. Лейтэнант, надзеўшы шынель і зашпільваючы яго, стаў разважаць, ці ўдасца яму да вечара дабрацца да вёскі, да якой ад ракі было яшчэ не менш за пятнаццаць кіламетраў. Ён з неспакоем паглядзеў на чамадан, перавязаны двума плеценымі рамянямі, на салдацкі рэчавы мяшок. 3 такім багажом ісці пехатой будзе нялёгка!
— От, не люблю ў дарозе з рэчамі цягацца. Гэта толькі таму, што ў адпачынак еду: падарункі маме, ды браценікам,
і сястрычцы... А так — толькі рэчавы мяшок: закінуў за плечы — і гатоў!..
— А маці і не ведае, мусіць, што вы едзеце! От жа будзе шчасце, як убачыць!..— твар Васіліны Карпаўны засвяціўся добрай матчынай усмешкай.
Мне падумалася: якая яна, напэўна, клапатлівая аб сваіх дзецях і як добра разумее чужую радасць.
Лейтэнант пайшоў да касы браць на ўсіх білеты, і мы на беразе засталіся ўдваіх. Васіліна Карпаўна паставіла кашолку да ног, абаперлася аб калені локцямі; цяпер яна ўвесь час маўчала, думала аб нечым сваім, згорбіўшыся і пазіраючы нязводна ўніз, на залацістую, варухлівую каёмку берага. Твар яе, нерухомы, з маршчынкамі, нібы застыў, скамянеў і здаваўся значна старэйшы, як раней.
Прыстань, дасюль маўклівая і пустая, хутка ажывала. Каля касы вырасла непрыкметна чарга чалавек з дваццаць. Да берага падышоў грузавік з белым надпісам на кузаве «пошта»,— ён спыніўся поблізу, чакаючы парахода; потым падляцеў, падскокваючы, ківаючыся з боку на бок, нізенькі «Масквіч». Да месца пасадкі два мужчыны сталі падносіць нейкія бочкі.
Параход, які перастаў дыміць і малаціць пліцамі па вадзе, ярка бялеючы свежай фарбай кают і поручняў, падыходзіў да берага ціха, падуладны толькі рулю. На гладкі пясок пачалі, плёскаючы, пенячыся, даганяючы адна адну, кідацца, паўзці бруднаватыя хвалі.
...Васіліна Карпаўна ўзяла кашолку і павольна, спакойна ўзышла па хісткіх сходнях, што, выгнуўшыся, віслі над каёмкай берага і паспакайнелай вадою. Я дапамог лейтэнанту занесці на палубу яго мяшок.
Параход захрыпеў, пасля загуў прарэзліва: два хлапчукіматросы паспешліва сцягнулі сходні на палубу, і мы пачалі адыходзіць ад берага. Параход выйшаў на сярэдзіну ракі. Абапал ціха паплылі берагі: злева — нізкі, зялёны, з балотным хмызняком і шырокімі разлівамі вады; справа, за прыбярэжнай касой, віднелася невысокая града з дрэвамі і вёскай наводдаль.
— Тут большае, можа, і не ўтым брыгадзірстве. He ў казцы, а ў прыказцы справа. Я інакш бачыць сябе стала. Адар’я нават раз пасмяялася: задавацца, кажа, я стала... I з маіх убораў пасмейваецца. Я от,— можа, і няёмка казаць,— Васіліна Карпаўна крыху збянтэжана ўсміхнулася,— стала больш глядзець за сабой, прыбірацца нешта пачала. Гады ў мяне немаладыя, дзеці выраслі, а я — што гэта са мной?
Бывала, божа мой, ходзіш задрыпаная, абарваная, у латаным зрэб’і і — быццам так і трэба. Ці не ўсё роўна! А цяпер часам хочацца ў люстэрка паглядзець!
Люблю я прыбрацца ды прайсціся ў святочны дзень пад руку з Надзейкай, з меншанькай маёй. Яна ў мяне ружовенькая, высокая ды здаровая — проста мак цвіце. Сямнаццаты гадок пайшоў. У свята — ведама што: людзі сабіраюцца каля хат, на прызбах, на лавачках,— падыдзем, пагаворым пра тое-сёе ды далей. Я часта раблю выгляд, нібы ў краму ідзём, а папраўдзе для таго, каб людзям паказацца: «Глядзіце, маўляў, на мяне, шчаслівую, радую, любуйцеся, якую я прыгажуню-дачку выгадавала!»
Яна ў мяне вучыцца ў дзявятым. Ахвоту вялікую да вучобы мае, асабліва батаніку любіць. Летась усё хадзіла ў лес ці на балота, кветкі-траўкі розныя збірала ды на паперу засушвала. Гербарый называецца... I якія толькі ёсць у нас расліны — усё яна ведае, ды не проста, а па-вучонаму... От, скончыць школу, у Мінск пашлю, на вучоную вучыцца. Няхай ідзе ў людзі!..
Васіліна Карпаўна дастала з кашолкі некалькі кніжак, перавязаных шпагатам, і сказала:
— Вось вязу Надзейцы і сабе — пра каноплі. Сёлета каноплі на асушаным балоце будзем сеяць...— Хвіліну разважыўшы, дадала: — Купіла яшчэ крэпдэшыну ў магазіне. Надзейцы на плацце — з кветачкамі сінімі, і сабе шоўку — чырвоны з белым гарошкам...
— У вас — двое, цётка Васіліна?
— Пяцёра выгадавала. Тры сыны і дзве дачкі. Другая донька — Ганна — у Глінішчах за рахункаводам... А сыны — адзін пры мне, працуе за лесніка. Жаніўся той восенню,
у Вербавічах жа, каля лесу, жыве. Хата яго стаіць от так наводдаль сяла. А другі — Пятро — той на агранома вывучыўся, толькі ў тым годзе тэхнікум скончыў, робіць аж пад Полацкам. А серадольшы — той у арміі, надоечы пісаў — шафёрам служыць.
Баліць у мяне — от кажу — сэрца за яго. Пра іншых меншы клопат, а пра гэтага, бывае, цэлыя ночы думаю. I лістоў вельмі чакаю ад яго. Бывае, пройдзе тыдзень, а ад яго — ні слоўца, дык я быццам сама не свая...
Жартачкі: што яны, амерыканцы, круцяць там, у Заходняй Нямеччыне! Зноў фашыстаў прыграваюць, кулямёты ды мінамёты -даюць. Толькі што адно такое ліхалецце перажылі, дык яны новае рыхтуюць. Мала ім гора людскога ды слёз!.. I пра што там думаюць маткі тых амерыканскіх салдатаў? Ці ім не шкада сваіх дзяцей? Чаго яны маўчаць?..
Эх, не даюць пажыць спакойна! Тут у нас, на сёлах, такія справы ідуць — такія справы... Самы час настаў для людскога жыцця ў нас, а там...
Васіліна Карпаўна сціхла, узрушаная трывогай за шчасце сваёй сям’і, за многіх такіх, як сама. Я з нейкай асаблівай павагай пазіраў на яе, гэтую, на першы позірк, непрыкметную жанчыну.
Насустрач нам шырокімі вільготнымі хвалямі плыў вецер, які абвяваў, халадзіў твар і шыю. Васіліна Карпаўна расшпіліла жакетку.
— Слухаю вас, і даўно карціць спытацца,— скажыце, колькі вам год? — прамовіў я і дадаў, што яна здаецца нейкай маладой душою.
— Я і сама чую гэта... I хто б думаў, што можа яно так стацца... Што... гады сыдуць з плеч! У песні вось спяваюць: «А маладосць не вернецца, не вернецца назад». А яна як бы вяртаецца!
I жанкі мае не раз дзівіліся з мяне. Аднойчы Адар’я мне сказала: «Адкуль у цябе, Васіліна, столькі руху? Ты такая непаседлівая, такая заўзятая. Ну, праўда, заўзятая!.. Мусіць, каб не ты, то ў нас нічога з балотам і не атрымалася б. А з табою — лёгка... Ты, не ўрокам кажучы, як маладая!»
Васіліна Карпаўна засмяялася сарамяжа вачыма, у якіх і вясёлы жарт, і лёгкая іронія з сябе. Я, пазіраючы на яе, перастаў заўважаць і яе маршчыны на твары, і сівізну ў валасах, пасму якіх варушыў пругкі веснавы вецер. Але ўсмешка хутка растала на яе твары,— жанчына загаварыла сур’ёзна і задуменна: