Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
— Маладая! Столькі пражыўшы... Хіба ж гэта ўсё? — голас яе прыціх і задрыжаў.— Я ж, можа, толькі вось цяпер жыць пачала як мае быць. Па-чалавечаму пачала жыць... Дзетак у людзі вывела. Я, можа, толькі цяпер — пры нашай уладзе, дзякуй ёй! — паспытала, што яно такое, жаночая доля...
Васіліна Карпаўна зноў памаўчала.
— Доля... Запозна трошкі ты, маладосць мая, пачала вяртацца. Эх, каб гадоў на дзесяць раней прыйшла! Ужо ж пажыла б я!.. Ну, ды — годзе! He ўсё яшчэ мінулася. He ўсё!
Яна стала глядзець наперад, у шырокую, усхваляваную ветрам прасторнасць ракі, куды спакойна, важка ішоў параход.
ПАВЕЛ МІСЬКО
Вераб’іная ноч
Машына, пакінуўшы за сабою воблака пылу, знікла ў прысадах. Я ўскінуў на руку плашч і пайшоў да белага дома на ўскрайку вёскі. Там я збіраўся знайсці начлег.
Змяркалася. На захадзе крыху пагрымвала, за далёкімі хмарамі ўспыхвалі бліскавіцы.
Я ішоў і думаў пра гэты белы дом, пра цётку Броню, якая была там за санітарку. Мабыць, сядзіць недзе ў сваёй бакоўцы-кухні, бясконца падагравае на электрычнай плітцы вялікі эмаліраваны чайнік — на ўсякі выпадак, п’е мо дзясятую конаўку чаю і курыць. Курыць і думае — прывязуць каго-небудзь ці не? I ў каторы раз бядуе сама сабе:
— Гэта ж трэба — пустуе такая будыніна! Эх, каб мне
маладыя гады...
Мы з цёткай Броняй даўнія знаёмыя. Некалі я ўжо начаваў у гэтым радзільным доме. He ў самім доме, канечне, а ў невялікай прыбудоўцы да яго, дзе пасялялі прыезджых. Помню, прывёў мяне сюды старшыня — чырванашчокі таўсцяк і доўга рагатаў над маім канфузам.
I праўда, чаго толькі не пабачыш у час камандзіровак, у якія сітуацыі не трапіш!
Цётка Броня тады дамывала ганак, павязаўшы паверх белага халата чорны фартух. Яна паказала локцем на лаўку пад акном і хрыпла кінула:
— Пасядзі.
Як скончыла сваю работу, гэтак жа коратка загадала:
— Заходзь. Курыш?
Я пакруціў галавою. 3 вышыні ганка яна змерыла мяне позіркам, быццам ацэньвала маю мужчынскую годнасць.
Потым частавала мяне чаем і расказвала вясковыя навіны. Голас у яе грубы, мужчынскі. I рухі размашыстыя, мужчынскія. Дастаючы запалкі ці папяросы з-пад чорнага фартуха, яна адкідвала яго ўбок, як салдат крысо шыняля.
Цяпер я глядзеў на двор радзільнага дома і з задавальненнем адзначаў перамены. Вузенькая дарожка да самага ганка была высыпана жоўтым пяском і выкладзена бетоннымі плітамі. Абапал дарожкі за нізкімі, як курыцы пераступіць, парканчыкамі пазіралі з градак сінія, фіялетавыя, жоўтыя браткі.
Цётка Броня зусім не здзівілася майму прыходу, быццам мы бачыліся ўсяго гадзіну назад. Проста адчыніла дзверы і з парога спытала:
— Зноў прыехаў?
— Ага. Тэрміновае заданне...
Цётка Броня наліла мне ў вялізную місу-тазік сцюдзёнай вады — памыцца з дарогі. Потым запрасіла за стол. А сама ўсё грукала мужчынскімі ботамі ад пліты да стала, паддівала мне і сабе чаю, расказвала, хто за гэты час з кім ажаніўся, хто ў каго нарадзіўся.
Я неўпрыкметку разглядаў яе худы, жаўтлявы твар. Каля губ яшчэ больш паглыбіліся маршчыны, попельныя валасы, што выбіваліся з-пад белай касынкі, яшчэ больш пасівелі. Старэе цётка Броня... А яна тым часам гаварыла:
— Перасталі зусім нашы раджаць... Няўжо зноў будзе вайна, і людзі баяцца? Па радыё ўсё пра бомбы, пра атам... От зразу пасля вайны харашыня была... Папрыходзілі людзі дадому... Дзяцей насыпалі, як гароху...
Твар цёткі Броні маладзее, нібы падсвечваецца знутры нейкім цёплым, утульным агеньчыкам. Яна задумліва глядзіць у мой бок, але, мусіць, не бачыць ні мяне, ні гэтага пакоя. Вочы яе харошыя, светла-рудыя, пад колер дажджавой вады, што капае з саламянай страхі. Раптам яны цямнеюць, твар нервова перасмыкаецца. Яна закрывае яго рукою і ўстае з-за стала, ідзе да пліты і там доўга, без патрэбы перастаўляе з месца на месца чайнік. Потым паварочваецца да мяне — на твары зноў спакой і грубаватая прастата.
— Хадзем, пакажу ложак...
На дварэ ўжо ваўсю гуляла бліскавіца, і сінія ўспышкі асвятлялі палату так, што можна было збіраць іголкі.
Цётка Броня адчыніла дзверы ў бакоўку, паказала на ложак і сказала:
— Калі будзе душна, адчыні ў калідор дзверы.
I пайшла, грукаючы ботамі.
За дарогу мяне, мабыць, добра натрэсла. He спалася.
Я прыслухоўваўся да шуму за акном. Мне ўяўлялася, нібы там самазвалы згружаюць каменне. Спачатку яно грукатала на цвёрдую дарогу. Потым нібы на падлогу... А вось пад удары трапілі лісты жалеза. Апошні камень — відаць, пудовік — бомкнуў так, што ледзь не выскачылі шыбы з вокнаў. Быццам па гэтым сігнале пасыпаўся на зямлю пясок — дружна, роўна. Маланкі не пераставалі ўспыхваць трывожным, сляпучым бляскам.
Я ляжаў, абдумваў план заўтрашняй гутаркі са старшынёй, каб чаго не забыць. A то потым сядзеш пісаць, цаплап — не хапае фактаў. Спахопішся, ды позна будзе...
Пад роўны шум ліўня ўрэшце я заснуў.
Колькі праспаў — не ведаю. Мусіць, дождж даўно скончыўся і я паспеў прывыкнуць да цішыні, бо прахапіўся ад грукату. Нехта малаціў у знадворныя дзверы.
— Ц-цётка Броня! Ц-цётка!..— чуўся крыху заікасты ці то ад страху, ці то ад хвалявання хлапечы голас.
— Цішэй ты! — шыкнула на яго санітарка.— Тут людзі з дарогі, адпачываюць...— Яна выйшла на ганак і зачыніла за сабою дзверы. Але ўсё было добра чуваць.
— Жонка раджае!
— Усе жонкі, Федзя, павінны раджаць.
— Дык няма ж Алены Пятроўны! Кажуць, павезлі да брыгадзіршы ў Падліпцы...
— Ведаю. Ты ж сам шафёр, запрагай машыну і едзь па Алену Пятроўну... А я тваю Шуру адна прывяду, тут недалёчка...
На ганку затупалі, і ўсё сціхла.
Я паварочаўся з боку на бок і адчуў, што будзе не да сну. У сэрцы заварушыўся нейкі неспакой. Устаў, пахадзіў трохі сюды-туды па пакоі, натыкаючыся на ложкі. Потым пайшоў
на кухню і ўключыў плітку, на якой стаяў яшчэ цёплы чайнік. Вярнуўся назад, намацаў адзенне. Выйшаў на двор.
Неба ўжо крыху ачысцілася ад хмар, сям-там праглядвалі зоркі. Дыхалася глыбока, ажно кружылася галава. Недзе ад сцяны патыхала моцным, густым пахам мацыёлы.
У вёсцы брахалі патрывожаныя сабакі.
Неспакой мой нарастаў. Можа, гэта закрадвалася трывога за незнаёмую мне Шуру? Дзе той Федзя? Ці выехаў у тыя Падліпцы? I ўжо зусім недарэчныя думкі лезлі ў галаву — а раптам усе машыны папсаваліся?
3 боку вуліцы пачулася таропкая хада, шорах і нібы стогн ці войканне. Я кінуўся туды.
— Ідзі спаць! — адпіхнула мяне рукою санітарка і загрукала ботамі па цэментавых плітах. Шура ішла побач з ёю і нібы зямлі не краналася.
— А я думала, галубка, што табе яшчэ рана... Ажно, дзякуй богу... Так і ў Фёклы, што за Алесем Некрашом, было — на два тыдні раней. I яшчэ які здаровы хлопец удаўся!
Вялікі псіхолаг, аказваецца, гэтая цётка Броня...
Я не знаходзіў сабе месца. Каб прабавіць час, то выходзіў на вуліцу, то набліжаўся да ганка. Бачыў, як снавала з кухні ў палату цётка Броня, нешта насіла.
Урэшце пад’ехаў, расплёскваючы лужыны, грузавік. 3 аднаго боку кабіны вываліўся Федзя, пакульгаў у мой бок, з другога лёгка выпырхнула Алена Пятроўна. Я ведаў яе яшчэ па сваім першым прыездзе сюды і цяпер адразу пазнаў. Яна дробненька пратупала абцасікамі да ганка.
Каля мяне абазваўся Федзя, і я ўздрыгнуў. Хлопец быў чамусьці толькі ў майцы і штанах, абуты ў адзін бот — другі трымаў у руках.
Я ўсміхнуўся і паказаў на лаўку пад акном:
— Хадзем прысядзем.
Федзя слухаецца мяне. Прысеўшы, паспешліва закурвае. Я таксама прашу прысмаліць.
— Мазалі? — кіўнуў на яго босую нагу.
— Што? — не зразумеў хлопец.
— Ну — бот чаго ў руках носіш?
— Які? Ах, гэты... Каб яго пярун... Забыў зусім! Ведаеш, як стала з жонкай нядобра рабіцца, я за боты і абувацца. Адну абуў, а другая не лезе. Памацаў, а там малаток ушчэмлены. Мабыць, брат меншы пастараўся. Патузаў-патузаў, ды так і пабег...
Федзя засоўвае руку ў халяву і... зусім лёгка дастае малаток.
— Ах, каб яго пярун! — I стаў абувацца.
Мы дымім папяросамі.
— Як вы думаеце — не памрэ? — пытаецца Федзя і пільна ўглядаецца мне ў твар.
— Ды што ты! — аўтарытэтна заяўляю я.— Цяпер ад гэтага не паміраюць.
— Яна ў мяне баязлівая...
3 дому якраз чуецца прарэзлівы крык. Федзя глядзіць на мяне спалоханымі вачыма і ўскоквае, як падмецены. Кідаецца на ганак, адтуль — у калідорчык. Але там чуецца бас цёткі Броні, а неўзабаве і сам Федзя ледзь не потырч ляціць па прыступках назад.
Я саджу яго зноў на лаўку, накідваю на плечы свой пінжак. Мне чамусьці робіцца смешна, я зусім супакойваюся, але нічога не кажу. У нейкім здранцвенні маўчыць і Федзя.
I вось на ганак выходзіць Алена Пятроўна. Паліто накінута наапашкі. Весела цокаюць па прыступках абцасікі. Кінула шафёру:
— Віншую — дачка... Паехалі!
Федзя стаў бацькам... Падумаць толькі — хвіліну назад сядзеў каля мяне проста Федзя, бялявы, з вострымі хлапчукоўскімі плячыма чалавек, і раптам ён становіцца бацькам, нібы адразу падымаецца на некалькі рангаў вышэй.
I хіба ўсе бацькі бываюць вар’ятамі? Бо чаго яму накідваць мне на галаву мой жа пінжак і галёкаць:
— Дачка! Дачка!
Ужо з кабіны Федзя крычыць мне:
— Мы зноў у Падліпцы! Брыгадзіршу забярэм...
Я застаюся адзін. Цётка Броня ўсё тупае, клапоціцца. Выскачыла на двор, набрала ў калодзежы вады. I тады ўжо заглянула на хвіліну да мяне, прысела.
— Добрая дачка ў Федзькі... Тры кіло трыста...
Яна ўздыхае і прагна прыкурвае. А я думаю аб дзіўнай пары ў жыцці чалавека, калі ўсе яго вартасці вымяраюцца толькі кілаграмамі.
Пад раніцу, як пачало ўжо сінець неба, а ў садзе ля крайняй сялібы прачнуліся і зацвінькалі птушкі, Федзя прывёз брыгадзіршу з сынам і Алену Пятроўну.
Але і пасля гэтага было не да сну. 3 суседняй вёскі прывезлі на фурманцы яшчэ адну парадзіху. Як казала мне потым, зноў прысеўшы на лаўку, цётка Броня, дзяўчына і разочку не войкнула, не застагнала. Толькі губы кусала — бледныя, бледныя... I быццам бы не рада нават свайму дзіцяці...
Цётка Броня нарвала з грады росных братак і панесла ў палату. Вярнулася зноў да мяне,
— Дала ёй кветкі і жартую: нейкі хлопец на веласіпедзе прывёз. Падхапілася, рыбка, вочы загарэліся... А потым абвяла, кінула іх на тумбачку, адвярнулася да сцяны...
Памаўчала трохі, уздыхнула:
— Ох-ха-ха... Ну, хіба ж можна так убівацца? Грэх забіць чалавека, а нарадзіць...