Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
Выгляд шырокай ракі, яснага і празрыстага вясновага прастору весяліў вочы.
Мы чакалі парахода, што затрымаўся недзе каля Пінска.
Жанчына, паправіўшы марлю на кашолцы, якую яна трымала на каленях, пацікавілася, адкуль лейтэнант родам і куды едзе. Лейтэнант адказаў, што едзе з Далёкага Усходу дамоў, у адпачынак.
— У мяне сынок таксама ў арміі, у Германіі. Служыць другі год,— паведаміла яна вайсковаму, памаўчаўшы хвіліну.— За шафёра, на машыне, працуе. Піша, што жывецца яму там у арміі добра — і кормяць добра, і адзяваюць, і навучыўся ён многаму... Толькі я вось трывожуся надта за яго: неспакойна становіцца ў гэтай Заходняй Германіі...
Яна пацікавілася, куды я еду; я сказаў, што еду па справе — па меліярацыі — у Каржоўку.
— А, то добра... толькі вы гэта не да нас, а ў суседні раён. Я — з «Новага Палесся», можа, чулі? Зваць мяне Васіліна Карпаўна, Крэнь па прозвішчы.
Яна зноў перавяла позірк на лейтэнанта, уздыхнуўшы, запыталася, ці ваяваў ён.
— А як жа. Амаль з сорак першага... Спачатку тут, у партызанах,— мне толькі пятнаццаць стукнула, калі я прыйшоў у лес. А потым — і ў арміі: вызваляў, будучы ў чыне сяр-
жанта і старшага сяржанта, гарады Катовіцы і Прагу. Гэта пасля ўжо я трапіў на Далёкі Усход.
— Такі малады, а ўжо ваяваў,— уздыхнула жанчына.
— Ну што ж, хіба я адзін такі?
Ніхто лейтэнанту на гэтую выказаную філасофскім тонам сентэнцыю не адказаў. Васіліна Карпаўна з-пад далоні невялікімі, глыбока запалымі вачыма глядзела ўніз на ваду, на якой хмурылася рабацінне, што ціха падбягала да берага.
Мы нейкі час маўчалі. Цішыня, рачная пространь, пустата чакання — усё гэта наводзіла на роздум, а скупыя шчырыя словы трывогі нашай знаёмай пра свайго сына стваралі настрой інтымнай блізкасці між нас, асаблівай чуласці. Я адчуваў, што Васіліну Карпаўну хвалююць нейкія свае думкі, чакаў, што яна хутка даверыць нам іх, падзеліцца з намі... I праўда, яна неўзабаве загаварыла.
— Пагана — калі ў маладыя гады чалавек жыве цяжка... А я і зусім не ведала, што такое маладосць. Нібы адабралі ў мяне маладосць...
Лейтэнант, паправіўшы накінуты на плечы шынель, на пале якога ён сядзеў, зацікаўлена зірнуў на яе:
— Як гэта адабралі?
— А так, адабралі... Бо чым мне яе ўспомніць? Прайшла — і добрага знаку не пакінула. Вось так, як цень ад хмары ў полі ці на балоце — бачылі? — прабяжыць і прападзе за лесам, і нічога пасля сябе не пакіне.
— Ну што-небудзь жа засталося ў памяці?
— Засталося. Толькі болыл такога, што і ўспамінаць не хочацца...
— А ўсё-ткі помніцца і добрае?
— Ну вось, помню, як Кандрат — чалавек, значыцца, мой — прыязджаў сватаць. Мне тады і сямнаццаці поўных не было... Помню, праўда. На вяселлі пасадзілі нас на дзяжу,— а тую дзяжу раней накрылі вывернутым кажухом...
— Каб былі, значыцца, багатыя і шчаслівыя?!
— Выдумалі, невядома для чаго. Усё — цемната людская...
Гаварыла яна ціха, расцягваючы словы, і крыху аднастайна, нібы думала ўголас,— у яе гаворцы адчувалася 20. Зак. 1877
ўраўнаважанасць чалавека, які многа бачыў у жыцці. Хоць жанчына здавалася з першага позірку крыху абыякавай, усё ж, прыслухаўшыся, лёгка было заўважыць, што яна ўвесь час стрымана хвалюецца — то непакоіцца, то спачувае; гэта ажыўляла яе сіняватыя, запалыя, але дзіўна ясныя, маладыя вочы, прыдавала ім нечаканае хараство і прывабнасць.
— Выйшла, значыцца, я замуж, стала гаспадыняй. Гаспадыняй — гэта так, толькі к слову сказаць. Якая там гаспадарка?! Зямлі два моргі, хатка — трухля адна — проста дзівішся, як яна яшчэ стаіць... Біліся як рыба аб лёд. Кандрат мой усю вясну аж да самай прыборкі хадзіў па людзях, ставіў хаты. Часам і плыты ганяў тут на Піне ды Прыпяці. Бывала, і вымакне, і папакалее — да костачак... Ад таго ўсё ламала ў яго ногі. Жартачкі...
Я пазіраў на раку, на сонечных зайчыкаў, што пераліваліся, зіхацелі справа, стараўся ўявіць цёмную дажджлівую ноч і плыты і не мог. «Чаму яна гаворыць пра мужа, нібы яго цяпер няма?» — праплыло ў мяне ў галаве, але я змаўчаў.
— Ды і вам, відаць, не лягчэй было? — прамовіў лейтэнант.— Як мужу, так і жонцы...
— Ну, мусіць жа... Я таксама прырабляла. Ткала коўдры... У нас і цяпер часам кажуць, што ў мяне — залатыя рукі. Гэта ад той пары... От не буду хваліцца, але як вытку пеўняў ці кветкі — дык не інакш жывыя. Удалая на руку была! Бывала, суседзі прыходзілі падзівіцца: «Ото ж коўдра,— хваляць,— як фабрычная!..» — Яна ўздыхнула: — Коўдры гэтыя, дарожкі прадавалі на хлеб...
— Невясёлая гісторыя...— зноў адгукнуўся лейтэнант. Ён слухаў вельмі чула, час ад часу ўстаўляў свае заўвагі, выказваў свой настрой, неспакойна папраўляючы на плячах шынель, пазіраючы на мяне, нібы шукаў падтрымкі. Ён быў з тых людзей, што любяць і ўмеюць слухаць.
— Дзень у дзень, дзень у дзень адно і тое ж — хата, поле, кросны. Як заварожаная!.. А калі што і было прыкметнае, то толькі крыўда. Многа было яе. Многа! Усякі, каму хацелася, мог пакрыўдзіць!..
Век не забуду аднаго дня. Дваццаць з лішкам год мінула, а і цяпер, як прыпомніш, паверыце, кіпіць усё нутро. To ж арыштавалі тады Пятра — брата майго. Нейкі нелюдзь выказаў, што Пятро, значыцца,— бальшавік. Наскочыла паліцыя, зрабіла вобыск, лістоўкі там супроць паноў, ці што, знайшла,— і павялі ў пастарунак!
Я, як толькі даведалася, што ён у Нялюбічах у пастарунку, адразу — хлеба ў торбу ды хутчэй туды.
Прыбегла задыханая,— паліцыянты не пускаюць! Як я ні прасіла, ні маліла,— не пусцілі. Адзін яшчэ,— помню, выкшталцоны такі, хванабэрысты, з казырком да самых вачэй,— стаў падсмейвацца з мяне: «хлопка», бачыце, «быдла», «яму нічога не трэба — і так здэхне».
А я, скажу, хоць і цёмная была, і ў падранай кофце, але — гордая. Нікому я не даравала здзеку з сябе!
Лейтэнант з павагай і нават захапленнем паглядзеў на яе і задаволена прамовіў:
— Вось і ў мяне маці такая!
— Загарэлася я. Аж рукі дрыжаць. «Хутчэй ты сам здохнеш», кажу. Ён адразу падскочыў, як аса яго ўкусіла, пачырванеў: «Цо-о! Псякрэў, бальшавічка! Што ты кажаш, псякосць?!» Падбег да мяне і выцяў кулаком. А я ўсё роўна не магу змаўчаць яму. У мяне яшчэ большая злосць на яго. «Тое, што чуў... Усе вы хутка здохнеце!» Тут і іншыя наляцелі, як звяры, сталі біць. А я ўсё сваё крычу: «Здохнеце... Здохнеце!» Спачатку крычала, а потым ужо і гаварыць не магу. Жартачкі. Так збілі — у роце поўна крыві.
Адцягнулі мяне ад пастарунка і кінулі каля плота. Я, можа, там, каля плота, і зайшлася б. Ды толькі людзі наказалі Кандрату. Запрог ён каня — прыехаў па мяне... Палажыў на сена. А я ляжу ды ўсё хрыплю: «Здохнеце!.. Усе вы, нелюдзі!..»
3 той пары, прыкмячаю, пачала я нядужаць. Штосьці такое пашкодзілася ўнутры. Дыхаць стала неяк цяжка, нібы паветра не хапае. I хрыпіць усярэдзіне... Адным словам, не магла ўжо я ачуняць... Праўда, і каб лячыцца па-людску, то не лячылася. У бальніцы за адны суткі трэба было аддаць сем злотых. Каб месяц паляжаць, дык і кароўкі не хопіць.
А яна ж адна... Ну, і калі хварэць? Паляжыш крыху, аддыхаешся і, абы толькі хадзіць здолеў,— адразу за працу.
Яна памаўчала задуменна, потым, прывычным рухам выцершы далонню сухія губы, прамовіла з вінаватай усмешкай:
— Мусіць, сум на вас толькі нагнала?
— Ну што ж, з песні слоў не выкідваць,— адказаў лейтэнант.— Якая доля, такія і словы... Ды і мая маці не багата шчаслівейшая была...
Ён, напэўна, стаў бы расказваць пра сваю маці, але я перабіў яго.
— А што ж з вашым братам?
— 3 братам? Ды судзілі. На восем год засудзілі. Сядзеў ён у Гродні, і ў Бярозе быў, аж да самага верасня... Сем год і восем месяцаў! Толькі чатыры месяцы і не даседзеў...
— Гэта не ён у Гракаве, у райкаме? — пацікавіўся я.
— Ён, Пятро,— прамовіла Васіліна Карпаўна.— 3 мінулай восені там... Раней дык ён у Бродах у эмтээсе быў, а летась выбралі ў райкам...
Ён, Пятро, яшчэ пры Польшчы ведаў, як мы буцзем жыць, калі вызвалімся. Ведама, камуніст... А я была, што асенняя ноч. Вы думаеце, я заўсёды была такая, як цяпер?.. Калі ў нас арганізаваўся калгас, думаеце, я адразу пайшла? He. Кандрат намерыўся быў падаць заяву, дык я так на яго насела. «Ты што,— кажу,— распетрыць дабро хочаш? Дзяцей сіратамі па свеце пусціць? He пайду і табе не дазволю. He дазволю!» I ўламала яго. Жартачкі. Што ж яму было рабіць са мной?
— Сямейная баталія. Спроба наступаць і — рашучае контрнаступленне!.. Штосьці падобнае было і ў маіх, карціна знаёмая,— сказаў мне лейтэнант.
— Баялася яго, калгаса.
— А чаго ж яго баяцца?
— Сама не ведаю... Усё, думаю, было б добра, каб не ён. I зямлі досыць, і конь, і кароўка — усё, што трэба...
Нацярпеўся, харошыя вы мае, са мной Кандрат. I так ён падыходзіў да мяне і гэтак — нічога не дапамагае. Я такая, што, пакуль сваімі вачыма не ўбачу, не паверу. А калі не паверыла,— то ніхто не прымусіць мяне рабіць не па-мойму.
— Ну і што ж, доўга не верылі вы? — запытаўся я.
— Паверыла я толькі на другі год. Уступілі мы ў калгас... Ды позна паверыла! Прыйшлі ў нашы Вербавічы немцы, не адны прыйшлі, а прывялі яшчэ — каб яму немач! — графа Хвастовіча, які ўцёк у верасні.
А яшчэ праз год паліцаі схапілі Кандрата. Уламаліся ў хату ўвечары, перакапалі ўсё ў сенцах, на гары, на двары. Збілі яго — страх успомніць — і павалаклі. Дапытваліся, куды прыходзяць партызаны, толькі нічога не дапыталіся. Потым Кандрата перагналі ў Броды... А там — і след яго прапаў...
— I што — нічога невядома пра яго?
— Як і не было чалавека...
— Эх, гады. Колькі людзей перавялі! У нас у сяле сямнаццаць чалавек расстралялі ў сорак другім,— сказаў лейтэнант да мяне,— Нейкая падлюга выдала...
— Гаравала я дужа па ім. Доўга ўбівалася. Толькі горам бядзе не паможаш. А трэба жыць — за дзяцьмі глядзець, на мне ж яны засталіся. Добра хоць, што пачалі патроху падрастаць, з большымі — і клопат іншы...
Паразумнела, праўду сказаць, за вайну. I, калі германцаў прагналі і ў нас зноў калгас арганізаваўся, я адразу пайшла. Чула: з такой чарадой, як у мяне, без людзей не агарацца...
Пазалетась — от так на прадвесні — выбралі мяне на сходзе за брыгадзіра. Жартачкі сказаць: брыгадзір! Вы — людзі бывалыя і, мусіць, да ўвагі прызвычаеныя, вам, можа, і смешна: брыгадзір, падумаеш, начальства!
— А што ж, на ўсякай пасадзе знойдзецца клопату.