Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
Толькі раз, калі абодва ішлі з іржышча, Іван Савіч ні з Ta­ro ні з сяго запытаў:
— Дык як вы жывяце з Бакланам цяпер... пасля вымовы?
— Якжывём?!. Вядома. Пакрыўдзіўся ён. Амаль перастаў са мной гаварыць. А я — што, хіба я што злое меў да яго? — сказаў Гаўрыльчык, нібы апраўдваючыся.— Мне і самому, паверыце, шкада яго,— я ж ведаю, хто такі Баклан...
— Пакрыўдзіўся, значыцца?..— адгукнуўся дзіўна Кавалевіч.— I на цябе пакрыўдзіўся...
Пад вечар Рыгор павёў Кавалевіча да зруба, каля якога цесляры збівалі кроквы. Зруб быў складзены, відаць, зусім нядаўна: жоўтыя ачэсаныя бярвенні яшчэ не паспелі ні пацямнець, ні патрэскацца. Дзе-нідзе на іх выступілі
светлыя, клейкія, падобныя на парэчкі, бурштынавыя пацеркі смалы.
Заставалася паставіць кроквы, накрыць хату ды зрабіць, як кажуць будаўнікі, «сталярку» — вушакі, рамы, дзверы.
— Для Кацярыны будуем,— сказаў Рыгор.— Помніце, у Марцінавай роце быў Гаравец Васіль — то яе чалавек... Загінуў, калі мы бралі Балачанскі гарнізон...
Пад нагамі весела трашчалі свежыя, яшчэ вільготныя, трэскі. Каля сталюгі некалькі цесляроў, нагнуўшыся і расставіўшы ногі, цясалі бярвенні. У паветры стаяў моцны, казытлівы пах смалы. Каля цесляроў хадзіў белагаловы хлопчык гадоў дванаццаці — ён збіраў у кошык трэскі. Напэўна, маці прасіла прынесці, каб падпальваць дровы ў печцы...
У гэты час непадалёк пачулася пералівістае конскае ржанне, непаспешлівае, лянівае пастукванне колаў.
— Баклан едзе,— прамовіў Рыгор, прыслухоўваючыся,— Звер, Бакланаў конь, іржэ... Эх, якая галасістая жывёліна, што свісток паравозны!..
Гаўрыльчык не памыліўся. Сапраўды, праз хвіліну-другую з-за зруба выехала новая лёгкая каламажка з шыракаплечым чалавекам у вайсковай вопратцы, які прыгорблена сядзеў на драбінцы, звесіўшы ногі.
— Баклан! — паклікаў Рыгор.
Баклан спыніў каня. Саскочыў з драбінак, зачапіў лейцы за абгарэлы слупок ад агародчыка, уцалелы пасля пажару, і, сцябаючы па хромавай халяве пугаўём, неахвотна, уразвалку пайшоў да намесніка. Ён абыякава акінуў позіркам сваю гімнасцёрку, адкалупіў камячок гразі, што закарэў на рукаве.
Толькі падыходзячы да намесніка, падняў вочы:
— Савіч?!
Баклан адразу перамяніўся. Куды падзелася абыякавасць,— парывіста кінуўся да Кавалевіча, на ўсю сілу сціснуў яго ў абдымку.
— Ну, мядзведзь! Рэбры паломіш! — застагнаў, усміхаючыся, Іван Савіч.— Хто ж гэта так бесцырымонна з гасцямі абыходзіцца? Гэтак і задушыць, чаго добрага, нядоўга!..
— Так табе і трэба! — не выпускаў Баклан былога камандзіра з абдымку.— Будзеш ведаць, як наведвацца раз у два гады...
Шэрыя смелыя вочы, амаль бязбровы, пакрыты густым чарнаватым загарам твар. Крутыя ўпартыя сківіцы са шрамам... Няўжо гэта не той самы Васіль, якога ён ведаў і любіў у атрадзе?
Баклан адышоў, падазваў да сябе хлопца-цесляра, штосьці паціху сказаў яму. Хлопец уткнуў сякеру ў бервяно і, падаўшыся да калёс, адчапіў лейцы; неспакойны конь крануўся, выгінаючы дужую шаўкавістую шыю.
Баклан вярнуўся да госця.
— Ах, каб ты быў, Іван Савіч, няладны! Я ж столькі часу цябе чакаў! I хоць бы адно слова ў адказ! Я ўжо быў падумаў, што і зусім не адкажаш. Зазнаўся, думаю... Пабачыў цябе побач з Гаўрыльчыкам — і не пазнаў: не інакш начальства з раёна. Я тут у пашане, можна сказаць... яны да мяне часценька заглядаюць...
Ён зарагатаў. У Кавалевіча мільганула думка — Баклан таксама змяніўся за гэтыя два гады. Праўда, ён не мог сказаць, што гэта за перамена такая...
Баклан па-прыяцельску абняў камандзіра:
— Як гэта ты добра зрабіў, што прыехаў! Самым дарагім госцем будзеш!.. За тое, што пачатак атрымаўся такі няўдалы, не крыўдуй: не ведаў, што прыедзеш... Ну, але мы гэту хібу зараз паправім! Правільна, Рыгор?.. Дарэчы, Іван Савіч, нашто нам час марнаваць,— хадзем, свежай рыбкай пачастую, толькі што вось прывёз... А рыбка сёння — пальцы абліжаш!.. Згодзен?
Кавалевіч кіўнуў галавою ў знак згоды:
— Добра. Толькі, Васіль, пачакай хвіліну. Мы з Рыгорам у хату сабраліся зайсці.
Яму хацелася агледзець хату ўсярэдзіне — як прыгнаны адно да другога бярвенні, дзе будуць пастаўлены грубка і печка, ці сагрэюць яны хату. Іван Савіч меў звычку — усё бачыць сваімі вачыма. Тым больш ён не мог быць абыякавым цяпер,— перад ім была хата, якую будавалі для сям’і яго баявога таварыша.
— Як тут у цябе, Васіль, з цэглай: для печы і грубкі? Ёсць? — запытаўся Іван Савіч у старшыні, калі яны пераступілі дубовую падваліну пад прарэзам дзвярэй,— Трэба б паспець да халадоў скончыць.
Ці ёсць цэгла, Баклан не ведаў. Яго выручыў Рыгор, які сказаў, што цэглы цяпер у калгасе няма, бо тая, якую раней атрымалі з завода, ужо разышлася.
— Заўтра паеду ў выканкам. Папрашу даць яшчэ...— заўважыўшы, што Кавалевіч нездаволены такім няпэўным адказам — «папрашу», паправіўся: — Адным словам, цэгла будзе.
— Так бы і сказаў адразу!
Іван Савіч ведаў: цэгла будзе. Рыгор прамовіў гэтыя словы такім тонам, што нельга было не паверыць.
Калі яны выйшлі з хаты, цесляры, цягнучы за доўгую вяроўку, падымалі на зруб першыя кроквы. Вяроўка паволі паўзла па верхнім бервяне, нібы па блоку. Кавалевіч хвіліну зацікаўлена пазіраў на цесляроў, потым, як бы схамянуўшыся, папляваў на рукі і сам узяўся каля аднаго хлопца за вяроўку. Гаўрыльчык, а за ім і Баклан далучыліся да яго. Тры таварышы і цесляры дружна пацягнулі вяроўку. Людзі, што працавалі ўгары на зрубе, паставілі крокву і прымацавалі ніжнія, з выразамі, канцы яе да верхніх бярвенняў. Кавалевіч ужо доўгі час не працаваў у калгасе, і цяпер, у гэтыя хвіліны, адчуваў сябе радасна, па-святочнаму.
Калі паставілі пяць крокваў, стары, з ружоваю лысінай і падстрыжанай бародкай, цясляр весела крыкнуў:
— Мо няхай астынуць сякеры?.. Годзе, хлопчыкі, перакурым хвіліну...
Седзячы ўгары на верхнім бервяне зруба, ён скруціў з абрыўка газеты цыгарку. Дастаючы з кішэні гімнасцёркі карабок з запалкамі, папрасіў Гаўрыльчыка:
— Цвікоў бы вялікіх, таварыш намеснік! Цвікі канчаюцца! Бачыце, кроквы дроцікамі пачалі збіваць...— Ён выняў з кішэні падобны на цвік абсечак тоўстага дроту.
— Ведаю, дзядзька Пятро. Заўтра ў раён еду — буду стукаць там. А пакуль — дроцікамі трэба. Сам ведаеш,
цвікоў столькі расходзіцца, што хоць ты завод у нашым сяле адчыняй!..
Цясляр засмяяўся, кіўнуў у знак згоды галавой:
— Правільна сказаў — цэлы завод трэба!..
«I гэты да Гаўрыльчыка,— заўважыў Кавалевіч,— а не да Баклана...»
Яму здавалася, што дзядзька Пятро запытаўся ў намесніка невыпадкова.
IV
Пайшлі да Баклана ўтрох. Адсюль хата яго стаяла недалёка, на ўскраі сяла.
Іх спаткала на ганку Васілёва маці, прыветлівая жанчына са светлымі, ледзь прыкметнымі, як у сына, брывамі. На галаве ў яе была новая пярэстая хустка з махаркамі. Старая чакала гасцей,— дачуўшыся ад хлопца, які прывёз рыбу, што прыехаў сынаў камандзір, яна пачала адразу смажыць і пражыць, напякла цэлую гару дранікаў.
Пакуль збіралі на стол, Кавалевіч разглядаў фотакарткі, што віселі над сталом. Карткі амаль усе былі новыя, пасляваенныя. Некалькі маленькіх захавалася і з партызанскага часу: гэтыя памятыя і невыразныя,— відаць было, рабіў неспрактыкаваны чалавек. На адной картцы, устаўленай у рамку вішнёвага колеру, пад шкло, Кавалевіч убачыў сябе: ён, седзячы пры камлі, слухае партызана, які на кукішках нешта паказвае на памятым лісце паперы. Партызан зняты са спіны, але па абрысах постаці не цяжка пазнаць, што гэта Баклан.
Побач другі здымак, таксама ў рамцы, але на ім зняты Баклан адзін. На грудзях бялеюць ордэны і медалі. Картка зроблена пасля вайны, можа, пасля атрымання апошняга ордэна. Вось яшчэ два такія самыя здымкі, толькі што без рамак; яны пажоўклі. А вось тут Баклан зняты ў адных штанах, закасаных вышэй кален,— ён стаіць у вадзе і, весела ўсміхаючыся, трымае за галаву вялізнага шчупака. Шчупак бездапаможна расчыніў востры драпежны рот,— напэўна,
калі здымалі, ён быў яшчэ жывы. На другой сцяне — здымкі з газет. «Уся біяграфія ілюстравана»,— падумаў мімаволі Іван Савіч.
Баклан дастаў са скрыні дзве літровыя пляшкі. Паставіў на стол, падміргнуў таварышам:
— Хопіць гаручага?.. Усё роўна як чуў, што госці прыедуць, прызапасіў.
Ён задаволена акінуў вачыма стол. Кавалевіч не можа пакрыўдзіцца, што сустрэў яго не так, як трэба. Вось хіба нядобра, што не спаткаў адразу. Але ж ён не ведаў, што камандзір прыедзе; а каб ведаў, то падводу нават паслаў бы насустрач, на станцыю.
Перш выпілі за спатканне, потым за Бакланаву маці. Трэці тост паднялі за атрад «Смерць фашызму». Бакланава маці, якая таксама выпіла чарку за спатканне, устала, пакінула таварышаў адных.
— Ноч. Сцюжа... Месяц, як знарок, каб ён быў няладны...— пачаў Баклан,— а ты дзяжурыш дзе-небудзь каля «жалезкі», цікуеш. Падабраўся да рэек, хутчэй разгроб шчэбень, падставіў шашачку, адбег... I вось, паравоз — чы-чычах, чы-чы-чах... Вагоны адзін за адным ляцяць — гарматы, заваёўнікі. На ўсход спяшаюцца, па «сусветную прастору»... I раптам — г-га-ах! Усё к чорту, адразу! Р-работка!
Баклан, ахмялелы ад гарэлкі, ад успамінаў, не гаварыў, а грымеў — «г-га-ах», «р-ра-а-ботка». Ён ад узрушання прыўзняўся, на грудзях, нібы ў пацверджанне яго слоў, зырка бліснулі два ордэны і тры медаля.
Цяпер, калі Баклан зноў убачыў перад сабою былога камандзіра атрада, калі з такой хвалюючай яркасцю ажыло былое, трывожныя думкі і няўпэўненасць пакінулі яго. У іхніх адносінах, здалося яму, нічога не змянілася: Кавалевіч быў такі, як і раней, блізкі, «свой». Да Баклана зноў вярнуліся звыклыя прыемныя думкі, якія адна за адной пачалі знікаць пасля партыйнага сходу. Тая слава, якой Баклан ганарыўся, цяпер зноў заззяла ў яго вачах, засланіла сабой усё іншае.
Падрыўніка захапілі ўспаміны. Ён стаў прыгадваць баі, паходы на «жалезку».
Аднак Кавалевіч, які, бывала, сам любіў успомніць і пагаварыць пра «тыя дні», на гэты раз слухаў успаміны абыякава. У яго быў сёння багаты новымі, яркімі ўражаннямі дзень, яго думкі ўвесь час кружыліся вакол таго, што ён бачыў на ржышчы, каля малатарні, каля зруба. Думкі гэтыя не давалі спакою, нецярпліва біліся вонкі.
Гаўрыльчык здагадваўся, аб чым хочацца гаварыць госцю, і спрабаваў змяніць гаворку, але Баклан не заўважаў нічога. Ён у другі раз стаў апавядаць пра тое, як падарваў мост на Тур’і, па якім праходзіла захопленая ворагам чыгунка.