Раяль з адламаным вечкам

Раяль з адламаным вечкам

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
101.9 МБ
Праз расчыненыя дзверы ў спальню лілося густое святло, і ў яго жоўтым сяйве Агрыпінка здавалася вельмі высокай і дужай. Стоячы перад Сцяпанам, усё хацела нешта сказаць яму, але не магла, горла сціснулі жалезныя абцугі. Тады яна падняла рукі з доўгімі пальцамі, быццам хацела дастаць да Сцяпанавага твару, а можа, і ўдарыць. Той быццам ацвярозеў, нават адступіў назад. I раптам загаварыў ціха, але рашуча:
— Ну што, ціхоня, у прыполе яшчэ не прынесла?! Гэ? Нічога, прынясеш! Я такіх, як ты, наскрозь... Пасмялела, бач?! Ціх-хо-ня!
I грымнуў нагою аб падлогу.
— Каб і духу заўтра не было!
Ужо не помнячы сябе, Агрыпінка кінулася на яго і адштурхнула ад дзвярэй, як непрытомная, вылецела з залы, прагрукатала па дрыготкай лесвіцы ўніз.
На вуліцы было надзіва цёмна і страшна, але яна кінулася прэч, усё яшчэ чуючы, як праз адчыненыя дзверы нясецца гадкая Сцяпанава лаянка.
...Ногі самі сабой прывялі яе ў старэнькі парк, на іхнюю з Лёнем лавачку. Пашкадавала, што не ўзяла жакецік, але дзе ўжо там было,— абхапіла сябе рукамі, каб хоць як сагрэцца. Нарэшце не вытрымала і зноў падхапілася на ногі і пабегла. Да Манюлінай хаты. Вось яна... Хутка ж дабегла! Вось і акно, якраз Лёнева.
Агрыпінка прыціснулася да шурпатай, яшчэ цёплай пасля дня сцяны і рашуча, ні аб чым не думаючы, стукнула кулачком у шыбіну. У пакоі было цёмна, але Лёня, мабыць,
яшчэ не заснуў. Таргануліся белыя фіранкі, адкрыўшы бледнае ў цемры, невыразнае аблічча. I Агрыпінка нібыта апамяталася, адразу адхінулася ўбок, дакараючы сябе за зробленае.
Аднак Лёня ўжо выскачыў на ганак. Яшчэ сонны, прабубнеў нешта, схапіў яе за рукі адразу ж, не распытваючы, пацягнуў у прапахлы тытунёвым дымам пакойчык. Усё называў яе «малінай-ягадкай», цалаваў, нібыта даўно не бачыў. Асцярожна пасадзіў на ложак, потым разуў. I Агрыпінка сама прылегла на мяккую падушку, закруцілася з галавою ў тонкую коўдру.
Заснула, здаецца, імгненна. Але сон быў нямоцны, у душы пераплялося ўсё трывожнае і радаснае, раптам пачалі сніцца заплаканыя Валіны блізняты.
Агрыпінка прачнулася і доўга не магла зразумець, дзе гэта яна...
Лёня ўсё яшчэ сядзеў на ложку, нізка нахіліўшы да яе галаву.
Яны жылі разам ужо амаль год. Неяк у нядзелю забегла Валя, прывяла сваіх блізнятак. Лёня кінуўся ў краму, а Валя ціхенька, як сама ў нечым вінаватая, пачала распытваць Агрыпінку аб тым ды сім, цікавілася, ці хутка будзе вяселле. Калі роспыты вывелі з цярпення, Агрыпінка коса, непрыязна паглядзела на сястру, быццам тая закранула самую балючую струнку ў душы. I Валя замахала рукамі, паўтараючы: «Ды што ўжо... Што там!.. Ці ж пячатка?..» He дачакаўшыся Лёні, сабралася, таропка пацалавала Агрыпінку ў шчаку і рушыла з блізнятамі дахаты...
Лёню гэта пакрыўдзіла. Паставіўшы прынесеную бутэльку на стол і абхапіўшы галаву рукамі, ён сядзеў на пакуль што адзіным у іхнім пакойчыку крэсле і маўчаў. Потым глянуў на Агрыпінку пачырванелымі, стомленымі вачамі.
— To мо самі вып’ем? Яшчэ ж ні разу... He адгулялі...
— Вып’ем, Лёнік. Толькі ты і за мяне, добра?
— Што за цябе?
— Выпі...
Лёня злосна змахнуў са стала пакамечаную газету і разліў віно ў шклянкі. He падымаючы вачэй, працягнуў адну з іх Агрыпінцы. Яна сапраўды зрабіла два маленькія глыткі і паставіла недапітае на стол.
— Ну-ну, не прыкідвайся. Каб мая жонка ды не куляла...
Агрыпінка захмялела не столькі ад выпітага, колькі ад таго, што восьтолькі цяпер, упершыню за гэтыя месяцы, ён нарэшце назваў яе жонкаю. Але адказала ціха, упарта:
— He буду! Цяжарная я.
Ён спачатку нібыта не зразумеў нічога, хаця і перапытаў: «Як цяжарная? Як гэта?» Потым падняўся з-за стала і павярнуўся да Агрыпінкі, раскінуўшы рукі, нібыта хацеў абняць разам з ёю ўвесь маленькі пакойчык. Увесь ажно заззяў.
— А ты не маніш, маліна?
Агрыпінка сядзела на ложку і маўчала, не прыбіраючы навіслыя над самымі вачамі важкія валасы. Лёня адчуў гэтую Агрыпінчыну насцярожанасць, стаў перад ёю на калені. Потым сам падняў яе рукі і моцна прыціснуў далонямі да сваёй тонкай, з пружыністымі кучаравінкамі валасоў шыі. Заціх.
— Лёня, Лёня...— Агрыпінчын голас быў ахрыплы.
Лёня толькі ўздрыгнуў, крутнуўшы вялікаю галавою.
— Лёнічак, а я ўсё думаю...
— А ты нічога не думай!
— А я думаю ўсё, чуеш... Што, як народзіцца... Ну... 3 такой спінаю, як у мяне.
Лёня адразу адхіснуўся ад яе, як спалоханы. Скрывіў вусны.
— Як гэта? Ты што? Са спінаю... У цябе ж — іншае! Іншае... Сама казала, што з печы бахнулася! — Ён спачатку глуха, пакутліва ўздыхнуў, але тут жа злосна насупіўся: — От-т... Гэта я ўжо знаю... Гэта ты ўжо нешта з ім хочаш зрабіць... Знаю я вас усіх! He смей!
— Лёнік, ну што ты! Як жа грэх такі?.. Ды мне, Лёнік, і позна ўжо.
— Як гэта позна? Чаму позна?
Лёня выкрыкнуў гэтае «Чаму позна?» з такою непрыхаванаю трывогаю, што Агрыпінка як апрытомнела.
— А позна! Чацвёрты месяц ужо... Жывое... Чуеш?
Сказала з нейкай злоснай рашучасцю, але адчула, што можа пакрыўдзіць яго, і ўсміхнулася. Да прыкрасці лісліва, быццам прасіла прабачэння. Лёня і праўда палагаднеў і таксама ўсміхнуўся, але неяк кісла, нібыта сілаю расцягваў вусны.
— Вось і добра, што позна. He наробіш глупства якога, маліна-ягадка! — страсянуў чорным чубам.— Пакатаемся на саначках!
...Яна чакала яго цэлы тыдзень. Кожны раз ледзь стрымлівалася, каб не збегчы з работы дадому і не праверыць, а можа, Лёня ўжо там. Але замок быў на месцы, і Агрыпінка паварочвалася, не вымаючы з сумкі ключа. Спачатку ішла ў новы ўнівермаг, падоўгу прастойвала каля прылаўка з дзіцячымі цацкамі, потым пеша — да вакзала. Так — амаль да самай ночы. Пачало даймаць бяссонне, Агрыпінка доўга круцілася ў халодным абрыдлым ложку і слухала, ці не стукне хто ў шыбіну. Але Лёня знік. На другі ж дзень пасля таго, як даведаўся пра яе цяжарнасць. Раніцаю сказаў, што пойдзе на вакзал сустракаць свайго даўняга сябра-студэнта Валіка Самка. Правёўшы Агрыпінку з хаты да дарогі, усё не хацеў адпускаць яе ад сябе. Прызнаўся, што і сам хацеў бы паступіць у той кааператыўны тэхнікум. Памяўся крыху, патупаў на адным месцы. Потым крута павярнуўся і — пабег. Нават не развітаўся...
Агрыпінка не хацела ні з кім гаварыць пра яго, баялася што-небудзь распытваць нават у Манюлі і чакала, калі тая наважыцца сама. Разумела толькі, што з Лёнем нічога дрэннага не здарылася. Іначай бы пра тое ведалі ўсе. Жанчыны ў майстэрні адразу пацішэлі і толькі ўпотайкі, думаючы, што Агрыпінка нічога не заўважае, пільнавалі кожны яе крок.
У суботу пасля работы Агрыпінка ўпершыню за ўвесь час вярталася дахаты з Манюляю. Тая і праўда доўга адмоўчвацца не змагла і першая загаварыла пра Лёню. Зрэшты, расказала яна тое, што ведалі ўжо ўсе, акрамя Агрыпінкі.
Аказваецца, Лёня пайшоў у той дзень не на вакзал, а ў кантору, звольніўся і, нават не атрымаўшы разлік, паехаў. Кажуць, што ў Мінск. Да нейкага там сябра-студэнта.
Агрыпінка рэзка, як спатыкнуўшыся, спынілася і прыслухалася да сябе. Чакала, баялася, што пасля ўсяго пачутага яна можа ўпасці і памерці. Але сэрца заставалася спакойным, нават халодным. Нібыта ўсё, што зрабіў Лёня, было самаю звычайнаю і зразумелаю справаю.
Яна лёгка і глыбока, на ўсе грудзі, удыхнула даўкае паветра і заплюшчыла вочы. Манюля стаяла побач і таксама маўчала. I толькі, відно, заўважыўшы тыя дзве ўпартыя вялікія слязіны, якіх Агрыпінцы так і не ўдалося стрымаць моцна стуленымі павекамі, ціха сказала:
— А каб жа яны, дзіцятка маё, паатручваліся ўсе!
Агрыпінка як прачнулася ад Манюлінага голасу і шырока расплюшчыла вочы:
— Ды не кляніце вы, Манюля! Я ж сама яго адправіла... У кааператыўны...— здзівілася яна гэтай сваёй нечаканай хлусні і ўжо раўнадушна працягвала: — Толькі вам за кватэру з палучкі аддам. Добра?
— От пра што яна думае... Ды якія тут грошы, дзеўка?!
— Мне б хоць да палучкі дацягнуць...
— А я табе сама дам, Агрыпінка... Колькі трэба, столькі і дам.
— Ну во, не я вам, а вы мне...
— Нічога! Я запаслівая. Во, цяпер жа зойдзем і возьмем. На ўсякі выпадак...
Вечарам Агрыпінка доўга піла з Манюляю гарбату, абдзіраючы рот цвёрдым баранкам. Потым пасунулася ў свой пакойчык, распранулася ў цемры і легла ў ложак. Паляжала хвілін дзесяць, пазіраючы ў бяльмо нізкай столі, і раптам паспешліва паднялася, шпурнуўшы да сцяны падушку, кінулася нацягваць на сябе блузку і спадніцу. He слухаючы ніякіх унутраных пратэстаў, паклала ў сумку яшчэ адну кофту на дарогу і выбегла з хаты.
Праз паўгадзіны Агрыпінка была ўжо на вакзале. Узяла без чаргі білет на цягнік і чакала яшчэ гадзіны паўтары,
ходзячы па вузкім маленькім пероне. Нарэшце, калі цягнік падышоў, знайшла патрэбны вагон і цяжка, няўклюдна ўсцягнулася на падножку.
Вагон быў амаль пусты.
Агрыпінка села каля самага акна. Побач тут жа прымасцілася бабулька з грубым, як перавязаным удоўж і ўпоперак маршчынамі, тварам і адразу ж, быццам ведала Агрыпінку з маленства, пачала расказваць пра сваю хату, пра свайго разумнага дамаседа-катка, які толькі вясною ходзіць «партызаніць» у блізкі лес. Потым зарыпела пра грыбы. Як іх збіраць, як іх саліць, як іх есці.
Агрыпінка слухала старую напаўвуха і пазірала ў акно, стараючыся ні аб чым не думаць, але колы ўпарта выстуквалі толькі адно: «Лёня-Лёня... Лёня-Лёня...» Кантралёр правяраў білеты, праглядваючы іх на святло, нейкі хлопец з верхняй паліцы моцна, на ўвесь вагон, хроп і мармытаў. Яго тузалі за ногі, хлопец паварочваўся на другі бок і прыціхаў на хвіліну, потым зноў пачынаў сваё.
Колькі помніць сябе, Агрыпінка ніколі нічому не здзіўлялася. Нават таму, што бачыла і чула ўпершыню. Акрамя ўсяго, заўважыла ў сабе здольнасць адразу ж звыкацца з усім, нават самым чужым ёй. Нібыта перажывала перажытае, бачыла ўжо некалі бачанае, дазнавалася пра ўжо вядомае. Нібыта і жыццё сваё жыла ў другі раз. Некалі, даўно-даўно, яна ўжо ехала ў гэтым вагоне, з гэтымі, старымі і маладымі, людзьмі. Нават агні за акном, што расцвілі ўдалечыні прывіднымі чароўнымі кветкамі, таксама былі знаёмыя. Яна чула ўжо і шапялявае мармытанне бабулі, і жахлівы храп хлопца на верхняй паліцы. Усё гэта было ў яе далёкім маленстве, вось толькі паўтарылася нанова, абрасло мноствам новых дробязей.
Агрыпінцы пашанцавала. Гаманкая бабуля якраз ехала да свайго ўнука, які вучыўся ў тым жа кааператыўным тэхнікуме, дзе, калі верыць Лёню, вучыўся і ягоны таварыш. Разам з бабуляю яны знайшлі новенькі, з яшчэ непрыбраным друзам у двары, інтэрнат, разам пайшлі да камендантшы. Тая, пагартаўшы сваю кніжку, сказала Агрыпінцы,