Раяль з адламаным вечкам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
калі страляюць, то трэба хавацца за печ. Праз цэглу, казалі, нават не праходзіць снарад, а не то што куля. Куля нават не прайшла праз іхнюю сцяну, калі немцы стралялі па вёсцы. Яна засела ў трухлявай дзеравіне, і ён выкалупаў яе дроцікам. Але яму тады ніхто не паверыў, што куля не пройдзе праз сцяну. Тонік доўга насіў гэтую кулю ў кішэні, покуль яе не агледзела маці і не накрычала. «Няхай крые бог, гэта ж калекаю праз якое ліха застанешся. Ніколі не бяры». Ды ён, Тонік, не вельмі браў. Гэта болывыя хлопцы. Сёння яны нават прынеслі вялікі снарад, не раўнуючы, як парася. Ён доўга ляжаў у агні, покуль узарваўся. Яны ўжо адбегліся аж пад самую вёску, як убачылі спачатку дым, а потым моцна, нібы гром, стрэліла — каровы паднялі вушы і сталі нюхаць вецер. Большыя хлопцы яшчэ вярнуліся паглядзець, што засталося ад агню і снарада. Іх, меншых, не пусцілі. Казалі, што снарад пракапаў вялікую, можа, на метраў сто, канаву.
Засынаючы на цёплай яшчэ пад анучамі печы (ён заўсёды, калі не было мамы, спаў на печы і ніколі не чуў, як яна пераносіла яго на ложак), Тонік думаў, як раніцаю ён пабяжыць на тое месца, дзе сёння яны клалі агонь. I яму ўжо снілася Лука, тое асадніцкае балота, куды прыганялі сваё быдла аж тры вёскі. I ён ужо бачыў, як у агні яшчэ ляжаў снарад, як усе ўцякалі, а толькі ён, Тонік, ніяк не мог варухнуць нагамі. I снарад узарваўся, і Тоніку раптам здалося невядома чаму, што ўзарваўся ў сенцах. Тонік адкрыў вочы — нехта моцна грукаў у дзверы.
«Пэўна, маці»,— думаў ён, ссоўваючыся з печы на лаўку, дзе стаяла вядро з вадою, на якім заўсёды дробненька звінеў вочап. Тонік выбег у сенцы. «Хто там?» — хацеў спытаць ён, як пыталіся ў яго заўсёды, калі ён прыходзіў да каго вечарам, але на надворку, яму здалося, гаварылі чужыя, Нечая рука адтуль ізноў моцна страсянула дзверы.
«Каб не стралялі!» — Тонік нават перастаў дыхаць.
— Стараста тут? — спытаўся знадворку нехта тоўстым голасам, і Тоніку здалося, што гэты «нехта» быў надта высокі, як Піліпаў Васька, па якім мераліся ў вёсцы, бо, убачыўшы каго рослага, казалі: «Вялікі, як Васька».
— Няўжо спяць? — загаварыў другі асіпла і тонка, мусіць, нізенькі.
— Мамы нямашака дома,— сказаў Тонік. Ён помніў, што мама наказвала не адчыняць нікому чужому — пастукае ды пойдзе.
— А дзе ж жыве стараста? — спытаўся той самы тоўсты голас.
— У нас! — адказаў Тонік, нарэшце здагадаўшыся пра тую яловую палку, якую ён насіў да Жолудзяў і якая ляжала цяпер на прызбе, і пасмялеў.
— Дык адчыняй, чаго ты баішся,— здаецца, ужо добра сказаў той самы, мусіць, высокі.
Тонік намацаў у поцемках засаўку і, націскваючы плячом на дзверы, з грукатам яе адсунуў.
На дварэ іх было куды болей — ужо потым разгледзеўся Тонік, калі яны перасталі свяціць яму ў вочы ліхтарыкам,— і ўсе ў чорным, з аўтаматамі на грудзях, з нейкімі малаватымі на булаватых галовах пілоткамі.
«Паліцыянты... Яны хоць па-нашаму гавораць».
— Дык дзе ж той стараста? — спытаўся асіплым, тоненькім голасам якраз самы высокі з іх, той, што свяціў у вочы ліхтарыкам.
— Наша сёння хата за старасту.
— Як?
— Да нас дайшла радоўка,— сказаў Тонік, ужо адчуваючы, што яго ці ад холаду, ці ад страху пачынае калаціць.
— Хрэн з ёю, з гэтаю радоўкаю! — загаварыў намнога ніжэйшы за таго большага, але тым самым тоўстым голасам.— Ты ведаеш, у каго ёсць коні?
— Ведаю,— сцішна адказаў Тонік, раптам успомніўшы, як ён ледзь не наскочыў сёння на Арсенікавага бацьку, Сямёна Мокуця, калі той вёў да рэчкі паіць каня.
— Ну, ідзі, пакажаш!
На вуліцы каля плота іх цямнела многа. Недзе гаварылі, чуваць было, і ў другім канцы вёскі. «Аблава»,— падумаў Тонік. Гэтакае было на згоне зімы, тады, калі нямецкія салдаты бамбілі Ліпава, што пад лесам, і ў іхняй вёсцы хацелі застрэліць Піліпавага Ваську, што скоса глянуў на немца.
— Во, у іх ёсць конь,— паказаў Тонік на Мокуцеву хату, калі большы мінуў Арсенікаву брамку.
— Хлопцы, ідзіце сюды,— спыніў высокі, пэўна, загадваючы тым, што стаялі, падпёршы плячыма частакол.
— А ў гэтай няма? — паказаў рукою меншы на Жолудзяў, убачыўшы, што Жолудзеву хату невядома чаму мінулі.
— He,— сказаў Тонік, бо ведаў, што Марціну Жолудзю садзіў бульбу і вывозіў гной стары Піліп, што жыў у другім канцы вёскі.
— Конь у Хведаравых ёсць,— у Хведаравых быў пярэсты — чорны з белым — конь: ён кульгаў на адну нагу і кусаўся,— і ў Шакуна, што за імі,— яшчэ ўспомніў Тонік.
— А дзе гэтыя Хведаравыя? — пацікавіўся той высокі, як Піліпаў Васька.
— А вунь пад бярэзінаю.— У Хведаравых на надворку расла старая бяроза, і ўсе ў вёсцы казалі на гэтае месца «пад бярэзінаю».
— Скажы, а ў партызанах з вашай вёскі ёсць хто? — пацікавіўся раптам меншы.
У партызанах быў Верчын Сярожа. Ён нават прыходзіў дадому і танцаваў на вечарынцы з Жолудзеваю Волькаю, і ўсе гаварылі, што яны любяцца.
— У нас партызанаў няма,— сказаў тое самае Тонік, што гаварыў аднаго разу стары Піліп на вуліцы чырвонаму немцу; Тонік ніколі не бачыў, каб былі гэтакія чырвоныя, як жар — і валасы, і бровы,— людзі.
— Ну ладна, бяжы дадому,— махнуў рукою большы. I Тонік пабег. Мінаючы Мокуцяў, бачыў, што ў тых у хаце паліцыянты бліскалі ліхтарыкамі, і чуў, што гаварыў сам Мокуць: «Паночкі, ды я ж учора толькі ездзіў».
«Мне ўжо не будзе каго баяцца, калі Мокуця забяруць у абоз»,— радаваўся Тонік і тут жа ўспомніў, што дадому, пэўна, ужо вяртаецца маці — адна, гэтакаю цемнатою. I каб яе не застрэлілі — раптам спалохаўся ён. I ўжо дома не спаў, покуль яна не вярнулася з Азяранскіх хутароў, так і не пазычыўшы мукі.
На трэці дзень паявіўся Мокуцеў конь з хамутом і набедрыкамі, але без воза. Раніцаю яго ўбачылі пастухі: ён піў у рэчцы ваду, за ноч, мусіць, добра выеўшыся на чужых сенажацях.
Выйшаўшы на бераг на сухі пясок, конь укленчыў на пярэднія ногі, выцягнуўшы шыю, прылёг на бок і, брыкаючы нагамі, перавярнуўся на спіну. Потым, падняўшы худы азадак, конь устаў. Шырока расставіўшы ногі, страсянуў з сябе жоўты пясок, пакруціў галавою, фыркнуў і памалу пайшоў у вёску.
— А вунь ваш конь,— паказаў Арсеніку большы Жолудзеў.
Арсенік паправіў на плячы шлейку, выцер рукавом нос і пабег лавіць каня.
«А дзе ж Мокуць? — гледзячы ўслед Арсеніку, падумаў Тонік, і раптам яго апанаваў страх: — А што будзе, калі не вярнуўся? Гэта ж усе ведаюць, што я быў за старасту, і адразу падумаюць — удаў Мокуця».
Конь тым часам быў ужо ў вёсцы.
— Глядзі сюды! — штурхануў Тоніка большы Жолудзеў.— Хіба не бачыш, карова дзе?
Тонік аглянуўся: яго карова стаяла ў аўсе, якраз на сярэдзіне палетка. Вырываючы авёс з карэннямі, яна жавала толькі мяцёлкі.
Тонік выгнаў з аўса карову і пачаў зноў глядзець у бок вёскі. Арсенікава галава мільгала ўжо на вуліцы за частаколам.
«Ліха не возьме гэтага Мокуця»,— плюнуў нарэшце Тонік і пачаў мераць свой цень — ці не пара гнаць дадому.
— Яшчэ ранавата.— Махнуў рукою большы Жолудзеў і дастаў з кішэні складаны ножык.— Давай во лепей гуляць у ножыка.
Яны згулялі аж тры разы, але Арсеніка ўсё не было.
Тонік зноў пачаў мераць свой цень. Цяпер ён налічыў пяць ступняў: можна было гнаць дадому.
Каровы ўжо самі пацягнуліся на дарогу, пад рэчку, яны хацелі піць. Толькі авечкі, млеючы ад гарачыні, ляжалі пад алешынай. Тонік стрэльнуў пугай: авечкі нехаця падняліся і пабеглі, збіўшыся ў кучу і адпіраючы адна адну бокам.
— А дзе ж Арсенік? — услых спытаў Тонік.
— Дома, дзе ж. Нашто ён табе? Вот лепей глядзі за каровамі, a то твая ізноў павядзе ў авёс.— Большы Жолудзеў, мусіць, не думаў пра Арсеніка і яго бацьку.
«Няўжо не вярнуўся Мокуць?» — Тонік падкасаў штаны і палез у рэчку выганяць кароў.
Трымаючы ў руцэ кусок пасінелае бульбянае кашы, на вуліцы іх ужо чакаў Арсенік.
— Дай пакаштаваць,— папрасіў большы Жолудзеў.
Арсенік адламаў яму і Тоніку.
— Ну што, прыйшоў твой бацька? — спытаўся Тонік і крадком глянуў на Арсеніка.
— He... можа, яшчэ прыйдзе,— сказаў Арсенік і зрабіўся раптам сцішны.
4
Папалуднаваўшы, Тонік выйшаў на вуліцу. Стаяла гарачыня. У гародчыках вяў бэз. Ля плота, параскрываўшы дзюбы, хадзілі куры, ім, пэўна, было млосна. Толькі адна матылька хіба не баялася гарачыні: яна ўсё вілася над вуліцаю, нізка, пры самай зямлі, нібы шукала, згубіўшы што.
«Мо схадзіць на рэчку?»
Тоніку было сумна.
На плоце каля свае хаты сядзеў Арсенік. Тонік падняў вочы і ўбачыў яго.
«Ён чакае бацьку»,— раптам падумалася Тоніку.
— Ідзі сюды! — клікнуў яго Арсенік.
Тонік нехаця падышоў.
— Хочаш, я табе гняздо пакажу? — хітра прыжмурыўся Арсенік.
— Дзе?
— Пад рэчкаю.
— Хадзем.
Вузенькаю сцежкаю, што бегла праз Цурусеў надворак і якою бабы з цэлае вёскі хадзілі паласкаць бялізну, яны пачалі спускацца да рэчкі. Сцежка шылася праз крапіву і лопух. На ёй валяліся бітае шкло і калючы дрот. Тонік ведаў — гэта накідаў стары Цурусь, каб не хадзілі яго пляцамі. Тонік помніць, як ён летась на гэтай сцежцы загнаў у нагу вялікую ржавую калючку. Нага потым нарывала. Ён некалькі начэй не спаў і доўга хадзіў на пальчыках.
— Глядзі, не наступі на шкло! — крыкнуў Тонік, спускаючыся ўслед за Арсенікам.
— Я ведаю,— адгукнуўся Арсенік ужо каля рэчкі.
Тонік не ўтрываў і пабег таксама.
Рэчка сёння была роўная з берагамі — недзе ў млыне адкрылі ўсе застаўкі. У карчах шумела і булькала вада. Пад навіслаю старою алешынаю кружылася жоўтая шапка пены. Каля берага цэлаю плоймаю стаялі вадзяныя камары.
— А дзе яны зімуюць? — спытаўся Тонік, сашморгваючы з алешыны лісце, каб разагнаць камароў.
— He ведаю,— задумаўшыся, адказаў Арсенік.— Вот як прыйдзе мой бацька — спытаем.
Тоніку зноў зрабілася сумна. Ён спытаў:
— А дзе ж гняздо?
— Хадзем сюды.— Арсенік пашыўся ў альховыя кусты.
«А што будзе, калі ўсе дазнаюцца, што праз мяне не вярнуўся Арсенікаў бацька?» — Тоніку ўжо расхацелася глядзець тое гняздо.
— Вось! — крыкнуў з куста Арсенік.
«А можа, сказаць? Можа, будзе лепей?» — Тонік уздыхнуў і, заплюшчыўшы вочы, палез у куст на Арсенікаў голас. У кусце запахла горкаю ледзьмаю і сапрэлаю травой. Нешта моцна пеканула ў Тонікаву руку. Ён адкрыў вочы: крапіва. Яе тут было многа.
— Во, бачыш.— Арсенік падсунуўся да густога куста, што рос над самаю вадою.
На тонкім пруціку калыхалася звітае з аднаго конскага валасся шэрае гняздзечка. Голыя, у рэдкім пушку,