Роднай старонцы
Зборнік твораў канца XVIII — пачатку XX ст.
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 272с.
Мінск 2012
Усё дапільнаваць. А стрэльба ці набіта?» — «Не». —
«Што? Мы ж вырушым да дня шчэ менавіта. Зашыў у скурку кулі?.. браў іх на замер?» — «Не». —
«Як жа быць, панічу?» — «Ат! зраблю цяпер, Ці стрэльбу набіваць мне будзе клопат нейкі?» —
«Панічу, прабачай! Ласі не верабейкі. He выйдзе анічога! Хай дазволіць пан Самому мне дагледзець паляўнічы стан. Трэ гэткія дапасаваць набоі ў рулю, Каб стрэліў — і пайшла раўнюткім шнурам куля. Даць пудла нельга, бо мне клопат немалы Шукаць... Вось тут мае, панічу, пасталы, У іх не холадна і ўзімку, то ж не ў ботах, Лацвей на снезе ў лапцях і трымацца потым.
Апратка ё?» —
«Ў мядзведжым футры йду на дзіч». — «Ха! ха! А снег? 3 яго не выпаўзе паніч! Лісінае ёсць бацькавае футра пану, Вось чым падперазацца?» — «Шалем». —
«На загану!
Дапраўды, з гэтым панам тысяча пацех! Паніч, як тычка на мяжы, то ж проста смех! Мы ж едзем на ласёў, яны ж бо не цяляты. Няхай усё абдумае стралец заўзяты, Драбніца можа загубіць надзею ў нас,
Ласі не верабейкі, паўтару шчэ раз, Ад сораму згарэць, як уцякуць з-пад носу. А Божа ж мой! паніч якую стрэльбу носіць! Цьфу!
3 руляў нешта сыплецца на дол само.
На соек, можа, едзе пан, на дзятлаў мо? Дальбог, паніч мне насланнё ліхое!
У стрэльбе бруд, ці ж пэўныя дасі набоі? Бяру я стрэльбу, зрання прынясу сюды Набітай добра, чыстай, — і палюй тады.
Ха! ха! не можа ў паляўніцтве пан кумекаць. Бывай здароў! Хвала Хрысту!» — «Хвала навекі».
На ўсходзе ледзьве толькі пачало віднець, Быў да паслуг ужо стары асочнік мне. Апратку ўбачыў Грышка і здзівіўся шчасна: «Мо добры паляўнічы з пана будзе з часам. Дык едзьма, бо пара ўжо падганяе нас, На досвітку пяе пявун астатні раз. Ласі тут блізка, хутка ім заступім ховы. He стрэлі бабы — ўдача будзе адмысловай».
На санях, гэтакія толькі на Палессі, Дзе хочаш, там і едзь сабе — балотам, лесам, He шпаркі бег у іх з-за палазоў высокіх, Затое снег ужо не падапрэ глыбокі, — Мы рушылі, радком сядзелі ўчатырох. Хоць моцны, конь ішоў ступою, сані цёг, Яны, здавалася мне, рухаюцца ледзьве.
Сплыло так манатонна з дзве гадзіны недзе.
Прашу я Грышку:
«Едзь хутчэй! задаў нуды». — «Паспех людзям на смех. Што станецца тады?
Ці ж лось прывязаны чакае ў лесе дзесьці? Пайсці ён можа і далёка нас завесці, А конь прыстане, ўнікне ўся яго мага, I працай марнаю прыніжаны слуга!»
Я змоўкнуць мусіў і сумотнаю хвілінай, Перш грэбліва чамусь. паглядваў на мясціны. Абшары дзікія, без сцежак і дарог, Асочнік толькі знаць ды звер палескі мог.
Край гожы, некрануты быў перада мною, Чарот бязмежны, пушча з сіняй глыбінёю, Дзе хвой выносістых завершаны стажок, Як галаву, траха пасерабрыў сняжок, А побач клён раскошны, дуб стары, гарбаты, 3 разлогаю сукоў магутных, вузлаватых. Падшыта ўсё густым ляшчыннікам, лазой, Каб таямніцы ў глыбіні схаваць лясной. Ціхота... толькі дзятла стук заўзяты, бойкі, Ці крыкне папялістая ў спалоху сойка. Ці свіст арэхаўкі, аўсянкі цвірк чуваць, Ці піск гілёў, што чырванню зімой гараць.
Язда мне здоўжылася, і сказаў тут Грышка: «Хай папяроскі курыць пан, як часу лішкі. Сваё як толькі зойме ў лесе месца хтось, Курыць ні-ні! бо не падыдзе блізка лось. Нюх добры мае. Я дзе сена жменьку кіну, Хай там саскокне пан у гэтую ж хвіліну, Ціхутка стане за алешынай грубой, Наставіць вушы ды глядзіць перад сабой — Прыйсці да пана мае лось-рагач з чароту. Няхай паніч падпусціць, цэліцца трэ потым У грудзі, ў шыю, пад лапатку — як зручней, Абы папаў, каб марна не ўпусціць надзей! Ласі тут блізка. Пан, пабач! — то ж след ласёвы.
Цішэй! не гаманіць, бо звера спудзіць мова». Падрыхтаваўся скокнуць і сяджу маўчком... Мы едзем, едзем!.. Знецярпеўся і цішком Спытацца вырашыў: «Ці скора?» — ў гэту хвілю Заўважыў, што набок штось голаў Грышка хіліць I сена кінуў жменьку.
Гоп! — я ў гушчары.
Паехаў Грышка.
Справа — волат-дуб стары, А злева цягнецца чарот густы, балота. Парушыў цішыню крумкач паспешным лётам. Каля алешыны я ўперад паглядзеў, Непадалёку ад мяне чарот радзеў, У ім неспадзявана вынікла паляна, Яна была лясной гушчэчай прыхавана.
Я пільна слухаў, пільна ўглядваўся ў чарот, Вялікі пазначаўся ім абшар балот.
Калі мяцёлкі пташка парушала часам, Стаяў як укапаны, сэрца біла часта. Здавалася ад шамацення шмат разоў: To ж лось надходзіць! — He! — я памыляўся зноў! Бо шолах той змаўкаў, была наўкола ціша, Мяцёлкі ветрык ледзьве толькі пакалыша, Як пташка толькі сядзе, хіліцца гучок, Сініччын толькі чуўся ценькі галасок.
Трывала гэтае чаканне мо з гадзіну, Заеў быў нуд. I вось шчаслівая хвіліна — Бег ліс палянай. Цэль хоць ледзь відаць, Сабе падумаў стрэлю! Стане там чакаць Хто тых ласёў, няхай іх д'яблы!..
Ліс наўцёкі,
Як бы пачуў мяне за вольхаю высокай. Шчыпаў марозік злёгку і калоў траха, Зноў думаю: да ліха! рукі грэць жа льга. Спусціў куркі, засунуў я ў кішэні рукі,
Прысеў на снег, гляджу бяздумна ў даль з дакукі. Ахвотна папяроску закурыў пасля.
Ці ж можа дым той даляцець аж да лася?
I раптам нешта затрашчэла на паляне, Як быццам чую я каня: то йдзе, то стане... Ускокваю! шчоўк! шчоўк! куркі. Лаўлю гук той, А сэрца б'ецца, хваляўу грудзёх прыбой.
Яшчэ хвіліна — рукі, ногі задрыжэлі:
За крокаў сто мо лось стаяў вялікі вельмі, Выцягваў храпы звер — адразу, як нюхнуў, I дух чужы пазнаў, і небяспеку ўчуў.
Раз! два! з дзвюх руляў пакаціўся гром усюды, Лось скочьгў у чарот маланкай з перапуду — Ягоны тупат чуецца штораз слабей.
Зноў цішыня, чарот калышацца сабе.
Дзесь грымнуў стрэл, за ім другі адразу ляснуў, Зноў ціша мёртвая.
Мінула многа часу,
Аж бачу — на паляне рухаецца штось, Прыгледзеўся: там Грышка, з ім сыны і лось На санях. Звер прыкметна іх сабой абцяжыў. Курылі люлькі, йшлі радком утрох паважна.
* * *
Як я апавядаў пра свой залішні спех, Смяяўся Грышка, саркастычны быў той смех, За звычаем п'ючы з бутэлькі паляўнічай, Дадаў:
«Ласі не верабейкі?! Так, панічу?»
III. ПЕРАД КУЦЦЁЙ
«Куцця, паночку, заўтра, трэба ў поле рушыць, Вялося так спрадвеку». —
«3 дому йсці не мушу:
Мароз вялікі, вецер, дзе ні стань — шарпак, Псы лапы зраняць».
Як сказаў я, Грышка так
I пляснуў у далоні з роспачы, няйначай. «Паночку! што я чую?! Што ўсё гэта значыць? Якая завіруха нават ні была б,
А трэба йсці. Няхай не слухае пан баб! Ад іх, ад гэтага стварэння, шмат ліхога, He абышлося й тут без языка даўгога: Зашкодзіць! — ляп! няможна! — ляп! абы мянціць. Цьфу! — заўтра з паляўнічых дома хто сядзіць? У дзень куцці паўсюдна ловы ладзяць людзі. Як заўтра пан заб'е, дык цэлы год біць будзе, Як пудла дасць, пасля і ўлетку, і зімой Натрапіць... стрэліць... папакруціць галавой! Шарак, забіты заўтра, многае пакажа, — Як лось, казуля ў іншым часе, столькі ж важыць. Ну хоць дразда забіць, хоць амялушкі дзве, На птаства будзе шчасціць, і не дзе-нідзе.
Нам конча трэба йсці!» — «Ат! слухаю пустое!
Лухта! Стары, а шчэ ўсё верыш у такое». — «Лухта? Паночку!.. Вось жа ў недалёкі час Базыль з Крывога Логу ў дзень куцці якраз Ваўка і не забіў. Такі стралец!.. год цэлы Пасля партач быў з партачоў, а ўсюды смелы. Сам бачыў, схібіўу дзіка — хоць бы кусток, Пытаюся: мо хворы?.. мо п'яны, браток? Панурыўся, стаіць ён як дурны, аж шкода, Мне ў дзень куцці той, кажа, воўк папсуў. Я згодны. Забіў тады... аж радасна на сэрцы мне!
Клаў звера!.. хоць на крокаў сто і хвасянеш. Пасыпалася шчасце мне, як з меха зерне. Сава! — гляджу раз... луп!.. а падае цяцерка. Абход удачлівы. Нагледжу свежы след
I адгадаю месца звера, ўвесь сакрэт». —
«Ну, досыць!.. Заўтра йдзем куды на паляванне?» — «Ў лазняк». —
«А там ці знойдзем?» —
«3-пад зямлі дастанем!» —
«А потым?» —
«Праз хмызняк, што справа ад сяла,
3 другога боку трэ заняць. Хрысту хвала!»
IV. НАЛАСЁЎНАРЫК
«Панічу любы! завітаў да нас нарэшце! Сядзеў паніч задоўга ў гэным клятым месце, Пыталіся штодня ў двары, на вёсцы ўсёй, Калі ж да нас наведаецца вучань мой?!» — «Не мог прыехаць я праз розныя замінкі». — «Здароўе як?» —
«Нічога». —
«Не відно жывінкі
3 аднэй прычыны: места — не вясковы кут, Мудрэйшыя вы там, ды жваўшыя мы тут: Я дзед, гадоў — шэсць крыжыкаў, вось век старога, А шчэ з вас кожнага падужаць хопіць змогі». — «Хвальба». —
«Ды не зусім! — шчэ не слабы на ўсё.
Пан знае?.. пачаліся вабы на ласёў». —
«То добра». —
«Сёння ж паспрабуем надвячоркам:
Удвух мы з панам рушым памаленьку борам, У Лядах вабіць трэ, пры возеры Гнілым». — «А ў Кругліцы?» —
«Хай крые Бог на слове тым!
Крушыны дзе няма, там часу лось не бавіць». — «За рэчкай мо?» —
«Там не было на лекі нават!..
I начаваць да Базыля. Як стане днець, Дадому рушым праз імшары, і канец.
Як прыйдзе лось на ваб, забіты будзе намі, А не, дык што ж... хіба ж адважваюць кіямі. Мо ў Чорных Лядах пан ваўка ўпалюе сам! Сядзіць, хітруга, як на варце сочыць там. Спанадзіўся... і як цялё вялізны, шэльма.
Вастру я зубы на яго, мне кроў псуў вельмі!» —
«Як жывяце?» — «Патроху нейкжывем сабе». — «Тытунь, фунт пораху і шапка вось табе». —
«А мой жа дабрадзею! любыя паняты! Дарункаў кожны з вас прывозіць мне багата! Над тытунямі гэты панавы тытунь!
Сягае ў мозак — аж да слёз, пад нос не сунь! Тутэйшы местачковец, мешчанчук насаты, Калі нюхнуў, быў чых — паліў, нібы з гарматы. Якое дзіва!.. спірт!.. I шапка! Божа мой!
Пайду я на Вялікдзень да касцёла ў ёй.
Ангельскі, пэўна, порах... Шмат з яго рахубы: Драбнюткі — нібы пыл, а з пысы выб'е зубы, Дай мерку добрую... To ж, браце, дзівіна: I дыму мала, й гук — як ляск у бізуна, Нясе ў раўнюткі шнур!
Ды нам пара ў дарогу,
Да Лядаў шмат, да возера таксама многа, 3 прычыны гэтай збор прыспешваць трэба край. Да стайні йду, хурман парупіцца няхай».
Мо не пазней як з паўгадзіны, між палеткаў, Якія спелым жытам залацелі ўлетку, Каля жытнёвых коп на ржышчы за грудком, Паўз ніву грэчкі, што духмяніла мядком, Цёг трухам просты воз, драбінкамі названы, Таварыш паляўнічых, конік наш буланы. Я ехаў з Грышкам, а ў бары ўжо быў душой, Акрылены надзеяй добрай і думой.
Нібыта стужка, лес наперадзе далёка Раскінуўся, абняўшы небакрай шырока. А жнівеньскае сонца прыспарала жар, Блакітны промнямі выбельвала абшар, Хіліла бег свой дзённы пакрысе. За возам Клубіўся хмаркай пыл, узбіты на дарозе. Клубоў разрост супыніць неўзабаве лес, Кружляе каня ў небе з крыкам жальным спрэс. Ды зрэшты — ціша. Спіць, спавітая спякотай, Уся прырода, толькі капытоў стукота I тарахценне воза будзіць той куток. Вось мы і ў лесе! Чуўся тут і халадок, I смольны водар, што струменіў бор хваёвы. Драбінкі трэсліся на сплётах каранёвых. Дарожка вузкая вужакай лесавой Вілася між кустоў ляшчынавых і хвой. Выстукваў дзяцел на ствале, і невысока Над галавою з крыкам праляцела сойка. Я свіснуў — і памкнула з пуду. Шчэ ляцеў Над намі нейкі птах, варону выдаў цень.