Сарока на шыбеніцы
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 354с.
Мінск 2009
— Ты хочаш, каб усё было, як у мінулы раз? — спакойна кажа Ларыса, гледзячы проста яму ў вочы. — Ты памятаеш, што ты нарабіў мінулы раз?
Чэслаў Карлавіч адварочваецца. Яму сорамна. Зь Вечнага ён адразу становіцца Сьмяротным, такім як усе. Утульная прыватная цырульня пакрываецца павуціньнем. На ружах ручніка расплываюцца тлустыя плямы. Іржавеюць нажніцы. Ен глядзіць у люстра і ўжо не адчувае гэтага чароўнага паху. Ларыса прыводзіць усё ў парадак і ціха выходзіць, пакуль Чэслаў Карлавіч стаіць ля акна й лічыць маладыя дрэўцы на патыліцы сквэру.
Калісьці Вераніцы было нават цікава, якім будзе наступны наведнік: якім будзе ягоны твар, што прынясе з сабой ягоны голас, у што будуць адзетыя жанчыны й чаго захочуць мужчыны. Яе хвалявала, калі наведнік адступаў ад звычнага сцэнару такіх візытаў: вітаньне, нейкае школьнае слова «Сядайце», аповед, пісьмовая заява... — былі такія, што любілі пачынаць здалёк, былі такія, якія казалі ёй камплімэнты, былі такія, якія прыносілі ёй падарункі. Былі суворыя жанчыны з зусім малымі яшчэ дзецьмі, і дзеці крычалі, і кабінэт Веранікі адразу сьвятлеў. Гэтыя дзеці лямантавалі роўна столькі, колькі трэба для замілаваньня; алс Вераніка ў такія моманты з жахам думала, што адбылося б зь ёй, калі б яна чула гэты енк увесь дзень. Часам сьвятло з плошчы падала на наведнікаў якім-небудзь адмысловым чынам, і Вераніка ўжо не магла слухаць — любавалася нечаканай зьменай у абрыдлай чалавечай зьнешнасьці, раптоўнымі ўпрыгожаньнямі, якімі надвор’е адорвае нас зусім безвач. А яшчэ аднойчы да яе прыйшоў чалавек, які, сеўшы за стол, забыўся, што ён хацеў сказаць, і з прабачэньнямі паехаў дахаты. Больш ён не завітваў, відаць, так і ня ўспомніў.
Але сёньня ўсё было ня так.
Гэты наведнік паводзіў сябе да крыўднага звычайна. Ен увайшоў і павітаўся. I гэта было апошняй кропляй.
— Хто вы? — сказала яна, адчуўшы, што нічога перад сабой ня бачыць. Кабінэт тануў у густым тумане, і недзе паблізу, на балоце, крумкалі зьдзекліва жабкі. Наведнік таропка, трывожна загаварыў пра нешта, але й са слыхам Веранікі таксама нешта адбывалася. — Хто вы? Я прыму вас, толькі калі вы доктар...
— Я доктар, доктар, — ласкава прамовіў наведнік і падышоў да стала. — Маё прозьвішча Мсьцівец. Я дапамагу вам...
Сутарга прабегла па ягоным целе, калі ён паклаў свае пальцы ёй на шыю. Доктар. Вераніцы раптам стала так хораша. Так хораша, як бывае толькі тады, калі ні за што больш ня трэба адказваць. Кабінэт пачаў аддаляцца, быццам апошні вагон невядомага цягніка. I ў гэтым моманце расстаньня была такая
пранізьлівая туга, што Вераніцы захацелася ўключыць музыку. Потым, аднак, ёй зрабілі балюча, і яна бездапаможна выгнулася ў крэсьле, мімаходзь кінуўшы погляд на фіранку — у гэтым поглядзе не было надзеі: так, зьдзіўленьне й трошачкі чаканьня.
♦ ♦ ♦
Ільвы не жадалі зьвяртаць на іх увагу, хаваліся ў глыбіні клеткі, і Вераніка ажно тупнула нагой ад такое непакорлівасьці. Па тэлевізары яны паводзілі сябе зусім інакш, і Вераніцы захацелася дамоў. Яна са смуткам зірнула на цікаўную пальму, якой сапраўды нібыта карцела зазірнуць ім у твары, так выкручваў шыю яе валасаты камель, і ледзь не расплакалася. Бацька апусьціў фотаапарат і перасунуў сонца ў патрэбнае месца.
— Можа, сфатаграфуемся ля фантану? — непрыязна прапанавала маці і ўздыхнула.
Але, напэўна, яны стаялі каля клеткі ўжо занадта доўга, і таму львы нетаропка, распраўляючы усе гронкі сваіх цягліцаў і пазяхаючы, падняліся й падышлі да самых прутоў. Вераніка першая гэта заўважыла й паказала на львоў пальцам.
— Яны падышлі! — закрычала яна, і львы незадаволена скрывіліся.
— Зараз як зарычаць, абасцышся, — сказаў задаволена брат, які сядзеў на краі агароджы. Маці крыкнула яму, каб ён злазіў адтуль, але брат толькі сплюнуў, і яна бясьсільна разьвяла рукамі. «Хуценька!» — сказаў паўшэптам бацька й падняў апарат. Вераніку ня трэба было доўга ўгаворваць: яна падбегла да маці, схапіла яе за руку й замерла, кінэматаграфічна ўсьміхаючыся. Звалі брата, той уздыхнуў і паволі падышоў, каб з панылым выглядам схавацца за мацярынскай сьпінай.
— Ты мне рожкі зноў ставіш? — закрычала Вераніка. — Мам, ён зноў ставіць мне свае рогі!
Бацька прыцэліўся. «Гатова!» — сказаў ён задаволена. «А цяпер я з вамі!». Ён стаў азірацца ў пошуках людзей. Пальма, стомленая ад трохрублёвае чалавечае мітусьні, загайда-
лася. Маці прытрымала на каленях сукенку. Урэшце бацька падбег да іх, затаўкаў Вераніку паміж каленяў і напружыўся. Пажылы адпачывач у кароткіх шортах, выставіўшы ніжнюю губу, зірнуў на фотаапарат, флегматычна й неахайна шчоўкнуў іх і пайшоў да каменнай лесьвіцы, якая маляўніча спускалася проста на пляж.
♦ * ♦
Ніколі не пытайся, што колькі каштуе. Інакш твае грошы доўга будуць правяраць на сьвятло. Як нябачны вадзяны знак, я з усяе моцы намагаюся нагадаць гэтаму вакзалу, што я зноў тут. Я — гэта ягоная сапраўднасьць, я вярнуўся — і мае ўлюбёныя тутэйшыя цягнікі, касьмічныя зайцы з шчыльна прыціснутымі вушамі, зноў могуць зрушыць зь месца, і пасажыры шарыкамі кугэльбану пакоцяцца па мудрагелістых траекторыях з эскалятара на эскалятар, то зьнікаючы, то раптам зьяўляючыся ў поўны рост, праз празрыстыя ліфты, празь лябірынты закусачных, і будуць падскокваць на лесьвіцах, намацваючы страчаны безь мяне рытм. Зварухнецца й чарга па квіткі, і прыбіральшчык нарэшце аб’едзе на сваім электракары жоўтачорных заўзятараўля парапэту, якія сьпяваюць адным ім вядомыя гімны. Сонца над купалам вакзалу паспрабуе паўтарыць няхітрую форму рэек і зробіць пару пробных водсьветаў, але потым кіне гэтую справу -— усё адно атрымліваецца лепш, чым арыгінал. Уся рэч у таленавітай, нястрымнай, непадробнай крывізьне! Нехта няпэўнага ўзросту, граючы на бліскучай дудзе, з заплюшчанымі вачыма ўпэўнена пакрочыць да выхаду, ведучы за сабой цэлы атрад скаўтаў. I толькі пераканаўшыся, што ўсё гэта цяпер зноў закруціцца вясёлым стракатым віхром, што й безь мяне яно будзе функцыянаваць, іскрыцца, турбавацца, сьпяшацца, спазьняцца, у такім жа тэмпе, як і раней, я супакойваюся ды выходжу з будынку вакзалу.
— Спадзяюся, хаця б гэтым разам ты правёз што-небудзь нелегальна? — пытаешся ты, маленькая жыхарка культурнае сталіцы, вымаючы рэчы з майго заплечніка. — 3 гэтай Tea-
ёй радзімы? Ну хаця б нешта. Хаця б адну лішнюю цыгарэту... Хаця б абгрызены хвосьцік ад дзяржаўнае таямніцы. A то мне ўжо становіцца за цябе страшна. Нельга быць такім законапаслухмяным.
Я загадкава пасьміхаюся й згодна ківаю галавой. Рэчы, якія ты, нахмурыўшы бровы, бярэш у рукі, і праўда выглядаюць даволі таямніча, да таго моманту, пакуль зь іх ня здымуць абгорткі. He знайшоўшы анічога нелегальнага, ты весела й неўразумела глядзіш на мяне, пачынаючы нешта падазраваць. Паволі, не цураючыся тэатральных эфэктаў, я дастаю з кішэняў розную драбязу. Ад твайго напружанага, чакальнага позірку яна ажно пачынае сьвяціцца. Памежнікі й праўда чагосьці не заўважылі. Я расшпільваю гузікі на вопратцы, прапахлай выпаленымі знутры вагонамі, і здымаю зь сябе ўсё, па чарзе, пакуль ты нарэшце ня бачыш тое, што шукала. Маё шэрае, някідкае цела.
I адварочваецца варта, Прыняўшы хабар з нашых рук; Мы цягнем за сабой уплрта Яго — і дзынькае ланцуг.
Пад вітражоў сьвятлом балючым, Праз залі, поўныя вады, Вядзем Яго, вядзем рашуча, Як быццам цноту да заручын,
Як быццам ведаем, куды.
2007—2008, Гамбург
КАМЭНТАРЫ
«Сарока на шыбеніцы» — карціна Пітэра Брэйгеля Старэйшага (каля 1525 1569).
С. 5. «Alas! the destroyer came and went! — and the victim — where is she?» — «Разбуральнік прышоў i сыйшоў! — a ахвяра — дзе яна?» (ангсльск.; з навэлы Эдгара Алана По «Бэрэніка»),
1.
С. 9. Ян Каменскі — чэскі пэдагог і думаньнік-гуманіст, заснавальнік пэдагагічнай навукі (1592—1670).
С. 34. Валасы Веранікі — сузор’е Паўночнага паўшар’я неба. Паводле легенды, Вераніка, жонка эгіпецкага цара Пталемея, адрэзала свае валасы і аддала ў храм Афрадыты ў знак удзячнасьці багам, якія падаравалі яе мужу перамогу над асырыйцамі. На наступны дзень жрацы павсдамілі Пталемею, што назіралі ноччу новае сузор’е ў выглядзе жаночых косаў.
С. 36. Сукубовіч — ад слова «сукуб»; дэман у жаночым абліччы.
С. 37. «...Я ўблытаны ў нешта;у што менавіта?... Я пытаўся пра гэта ў сябе ўголас. I шматгалосае рэха пакоя шэптам адказвала мне: «У што ж?»...» —цытата з навэлы По «Бэрэніка».
С. 39. «Верхнегартаннага ды блукаючага нэрваў» — нэрвы, якія ўдзельнічаюць у працэсе дыханьня.
«...пад’язычнай косткі ды шчытападобнай костачкі...» — падязычная костка — костка паміж ніжняй сківіцай і гартаньню; шчытападобная костачка — адна з костачак гартані.
С. 43. «Ты пачатак васьміізясятых памятаеш, камэндант?» — маецца на ўвазе пэрыяд 1982—1984 гадоў, калі генэральным сакратаром ЦК КПСС быў Юры Андропаў, які ўзяў курс на ўмацаваньне працоўнай дысцыпліны як у партыі, так і на працоўных месцах, пачаў барацьбу з карупцыяй; пры ім у Савецкім Саюзе ўзмацнілася барацьба з іншадумствам.
С. 44. «Гіпнас, ён жа Сомнус...» — адпаведна грэцкае і ляцінскае імёны бога сна.
С. 45. Асфадэль — расьліна сямейства асфадэлевых; у старажытных грэкаў — сымбаль забыцьця; лічылася, што ў падземным царстве Аід па асфадэлевых лугах блукаюць цені памерлых.
2.
С. 62. «...Пэўны час чалавекзамест вопраткі носіцьуласнуюмаці...» — не зусім дакладная цытата з «Ілюмінатараў» беларускага літаратара і мастака Юрася Барысевіча (нар. у 1966).
С. 73. Імбібіцыя (imbibitio; лац. imbibo «убіраць у сябе, насычацца») — насычэньне тканак распушчанымі ў тканкавай вадкасьці рэчывамі.
С. 75. «...менавіта ў гзтым горадзе... робяць месяц...» — намёк на «Нататкі вар’ята» Гогаля, дзе галоўны герой заяўляе: «Луна ведь обыкновенно делается в Гамбурге, і прескверно делается».
С. 76. «Я,я,я. Чтозаглупоеслово...» — цытата зь верша Уладзіслава Хадасевіча.
Хадасевіч — УладзіслаўХадасевіч (1886—1939), расейскі паэт і крытык, з 1922 года ў эміграцыі.
Хадановіч — Андрэй Хадановіч (нар. у 1973), беларускі паэт, эсэіст і перакладчык.
«Як брэйгелеўскі Ікар...» — намёк на карціну Пітэра Брэйгеля Старэйшага «Падзеньне Ікара» (1558).
3.
С. 103. Asyl — палітычны прытулак.
С. 106. «...Мне падабаеццаў гэтым паўночным Маконда...» — Маконда — назва гораду ў рамане Габрыэля Гарсія Маркеса «Сто гадоў адзіноты».