Сарока на шыбеніцы
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 354с.
Мінск 2009
* * ♦
Валасы лезьлі ёй у рот, ёй было млосна ад уласных валасоў, валасы ліплі да краёчка губы, мокрага ад урачыстых інтанацыяў, яна ж зусім не рэпэтавала. Бо ўвогуле тэкстоўку мелася чытаць Іна, але тую якраз сабраліся выключаць з унівэрсытэту: два гады бездакорная залікоўка ратавала яе, як амэрыканскі пашпарт нявыхаванага турыста, але «бардэль у інтэрнаце» (такі загаловак мела адпаведная нататка ў сьценгазэце) — гэта было занадта нават для іхнага вечна пазяхлівага дэкана. Падскочылі, паляпалі па плячы: выручай, і яна неяк бессаромна ўзрадавалася, хаця й паўтарала: не змагу, не змагу, і запіхвала назад сэрца, не змагу, не змагу, а вакол ужо нікога не было, толькі падымаўся па
лесьвіцы, спружыніста-спартова, выкладчык пэдагогікі, ды раздрукоўка камечылася ў руках.
Назаўтра падымацца давялося на гадзіну раней, першы аўтобус быў яшчэ больш душагубны за той, на якім яна звычайна дабіралася да гораду, і яна ўсё выдыхала паветра сабе пад нос, бо ёй здавалася, што з рота непрыемна пахне. Мужчыны, якія не віталіся зь яе бацькам, узялі Вераніку ў шчыльнае кальцо, абараняючы ад тых, хто на сьвяты лез да бацькі з кулакамі — але за абарону трэба было плаціць, а яна ўсё ўхілялася ад аплаты гэтых шчырых паслугаў — абаронцы цясьней і цясьней змыкаліся вакол яе, прыціснутай да поручня; яна стаяла ў гэтым дзіўным памяшканьні, бяз вокнаў, з жывымі рухавымі сьценамі, па-за якімі гудзела аўтобусная гаворка. Вераніцы ўсё здавалася, што пасажыры маўчаць, а гаворыць нехта адзін, бясконцы нецьвярозы маналёг, у якім нічога не разабраць, — быццам энэргічна трасуць учорашні нумар «Маладога антыфашыста» і адтуль сыплюцца словы. Памяшканьне было трохкутнае, бо і абаронцаў было трое, паміж імі існавала таемнае злучэньне, і варта было Вераніцы памкнуцца ў раптоўна ўзьніклы прагал, трэцяя пільная сьцяна адразу ж прыводзіла ў дзеяньне дзьве астатнія, і праход зачыняўся. Наверсе пагойдваліся тры абыякавыя галавы, унізе запраўленыя ў джынсы жываты гулялі, перакідваючыся Веранікай, нібы мячом. Урэшце яна пакорліва ткнулася ў адзін з жыватоў, вырашыўшы перацярпець, і два другія раўніва пачалі адганяць яе ад пераможцы, ім хацелася аднаго — справядлівасьці, гэтым клятчастым жыватам, а рукам хацелася яшчэ болей, ды толькі зайздрасьць да супернікаў не давала ім волі, прымушала ляжаць на торбах ды пахнуць, як дрэнна пратушанае мяса. Тры іншыя рукі паглядвалі на тое, што адбывалася, з поручня, як хцівыя птушкі, толькі й чакаючы, калі можна будзе даядаць аб’едкі, але баляваньне ўсё не пачыналася.
Прыхінуўшыся да цёплага жывата, Вераніка прыплюшчыла вочы й з жахам зразумела, што тэкстоўкі яна не памятае, ані слова, яна памятала толькі, што ў канцы там, у
перадапошнім радку, было «за подзьвіг тарбамі», да чаго ж было гэтае «тарбамі», хто яго ведае, гэта гучала як «дзякуй» — маўляў, тарбамі вам вялікі за подзьвіг, ды няма за што, гэта вам тарбамі, што памятаеце пра нас! He магло там быць аніякага тарбамі, але Вераніка чамусьці памятала менавіта гэтыя словы; яна паспрабавала ўявіць сабе аркуш з раздрукоўкай, яна мела фатаграфічную памяць, як сказаў ёй неяк апэратар на вясельлі стрыечнай сястры, — уявіла, цудоўна ўявіла пакамечаны аркуш, на які яна ўчора ўвечары крапнула гарбатай, там так і было ў тым радку: за подзьвіг тарбамі па-па-па-па-па-па, можа, яна забыла знак пераносу. Вераніка пачала ліхаманкава шукаць словы, якія маглі б пачынацца з «тарбамі-», але так і не знайшла, затое ўспомніла, што другое слова ў тэкстоўцы было «паклон». Натхнёная сваім маленькім посьпехам, яна вырашыла дастаць аркуш, як толькі выйдзе з аўтобуса. Аркуш з тэкстоўкай, між тым, зусім перастаў адчувацца ёй як нешта сэнсоўнае. Набор шэрых літар, вынік кароткай агоніі струменнага прынтэра. Яна адчувала, як вызваленыя скразьнякамі на прыпынках з-пад апекі заколкі валасы варушацца на макаўцы ды вільгатнеюць ад пяшчотна-пажаднага подыху нябачнай галавы ўверсе. Рэшткі выдыхнутага галавой паветра даляталі й да яе носу, разам з даўгім, родным, сьветлым воласам, які успырхваў да вачэй кожны раз, калі яна дзьмула на яго, заадно правяраючы чысьціню ўласнага дыханьня. Цьвёрды жывот ля шчакі бурчэў, і яму адгукаўся жывот Веранікі, якая так і не пасьнедала праз свае ранішнія трывогі. На патрэбным прыпынку, ужо каля мэтро, сьцены неахвотна расступіліся, яна шмыгнула ў пройму, мімаходзь выцягваючы лісток, абярнулася: адзін з абаронцаў быў яе сусед Юрык, ён весела ашчэрыўся, засьвістаў ды паехаў далей, на працу.
Яна праверыла, змагаючыся зь ветрам: там і праўда стаяла «тарбамі». Гэта заспакоіла Вераніку, не яна ж пісала тэкст, тарбамі дык тарбамі, значыць, камусьці так трэба. Хутчэй за ўсё, гэтае слова мела сэнс, яна ж тады вучылася толькі на трэцім курсе й штомесяц дзівілася, колькі незнаёмых словаў
існавала на сьвеце да яе паступленьня ва ўнівэрсытэт. Пэдоляг, напрыклад, або манкурт — для Веранікі гэтыя словы значылі столькі ж, колькі тарбамі. «За подзьвіг пэдоляг, за подзьвіг манкурт» — гучала ня лепш і ня горш, чым «за подзьвіг тарбамі». Можа, гэта была частка сцэнару, які пісалі, вядома ж, зь ведама й пад кантролем дэкана. Вераніка прыехала да вучэльні роўна а дзявятай. Вецер грыз сыдягі, госьці з ваенкамату трымаліся абедзьвюма рукамі за фуражкі, нібы побач прызямляўся верталёт. Ей сунулі пілётку колеру дзіцячае нечаканасьці. «Пытаньні ёсьць?» — запыталася строгая баба з файным, зрэшты, макіяжам. «Тады ў бой! Hi пуха!». «К чорту!» — прашаптала Вераніка. «Та-а-ак!» — баба, якая ўжо зьбіралася йсьці да трыбуны, павярнулася да яе ды ўшчыкнула за шчаку. «Ня мямліць толькі! І.„». Баба прыдзірліва агледзела Вераніку ды спрытна выцягнула зь яе валасоў заколку. «Так рамантычней! А пілётку трымай у руках. Паехалі!»
Вецер ударыў Вераніку па галаве, вочы сьлязіліся, валасы цягнулі назад, бы парашут. Яна выходзіла на трыбуну зь ясным разуменьнем, што не памятае нічога з тэкстоўкі, і калі Вераніка чхнула ў мікрафон пасьля хвіліннай паўзы, баба-рэжысэр у роспачы заплюшчыла вочы, але тут ад парыву ветру грымнуўся на трыбуну вялікі плякат, і перад вачыма Веранікі як у караоке засьвяціліся нецярплівыя словы, яна пасьпешліва пачала вымаўляць іх, баючыся, што будзе позна, і ўрэшце аднекуль усплыў увесь тэкст, і ёй нават самой спадабалася, як зазьвінеў яе голас у другой страфе, ажно вецер сьціх, каб паслухаць, чаго ж тут сабраліся гэтыя маладыя ды старыя, па што, уласна, гэтая чарга, у якой не было нікога сярэдняга веку... ды потым страціў цікавасьць і палез да Веранікі цалавацца. Валасы лезьлі ёй у рот, ёй станавілася млосна ад уласных валасоў, валасы ліплі да краёчку губы, на якім пеніўся вульканчык урачыстасьці, валасы імкнуліся дабрацца да нёба. Пілётка трымала яе рукі, як адмысловыя кайданкі, а валасы, здавалася Вераніцы, хрумсьцелі на зубах, бы пясок, засядалі паміж іх, як зубныя ніткі, як іголкі пад пазногцямі, сьветлыя валасы,
гідкія валасы, нібыта й не свае. Да «тарбамі» было яшчэ далёка, а Вераніка ледзь стрымлівалася, каб не званітаваць. Неяк яна дачытала да канца, а потым доўга сядзела пад трыбунай, між вянкоў, як жнейка, у залатой кароне, высоўвала язык ды вадзіла па ім пальцам, вылоўліваючы валасы. Рэжысэр, якая зазірнула за ганаровыя снапы, паглядзела на Вераніку з агідай і пачала корпацца ў торбах.
Што такое тарбамі, Вераніка так ніколі й не даведалася, і ніхто пра гэта ня ведае. Магчыма, пра гэта напісана ў нейкіх іншых кніжках, у гэтай дакладна не. А ўвогуле, фота атрымаліся файныя, Вераніка на іх нават нагадвала трохі Магду на яе самым вядомым постэры, дзе Магда была зьнятая падчас канцэрту... Валасы з роту яна даставала да самага вечара, і апошні неахвотна вылез зь яе, калі яна адмакала ў ваньне, сьветлы доўгі волас, які, можна было падумаць, рос недзе ўнутры Веранікі, і яна яго выдаліла.
* * *
Фільм быў францускі, а глядзела яна яго ў Эдзіка. Эдзік быў не зусім францускі, але амаль, у Эдзіка тата быў мастак і часта бываў за мяжой. Box ужо гэтае замежжа, людзі — такія як вось, як бацькі Веранікі, напрыклад, — па інэрцыі лічаць яго чымсьці недаступна-раскошным, тым, чым яно было больш за дваццаць гадоў таму. Чалавек, які пабываў там, дагэтуль яшчэ выклікае зайздрасьць ды пашану, чалавек, які бывае там рэгулярна або, крый божа, жыве — выклікае нянавісьць. Нібыта ён адкусіў кавалак жалезнае заслоны, каб туды прабрацца, а не аформіў візу ды набыў квіток. Нібыта малочныя рэкі там бяруць пачатак не ад кароваў, а ад каралеўскіх карміліц. Нібыта дагэтуль, каб паглядзець такі францускі фільм, трэба прымаць меры перасьцярогі. Нібыта туды можна ўцячы ад сябе самога.
Бліжэй за ўсіх да замежжа, натуральна, моладзь і людзі гадоў васьмідзесяці. Першыя — бо для чалавека з заплюшчанымі вачыма заўжды адкрытыя ўсе дарогі. Другія — бо для іх існуе бязьвізавы рэжым у адно загадкавае найбліжэйшае замежжа,
куды, зрэшты, ніхто надта не сьпяшаецца без патрэбы. Аднак тыя, хто ўсё ж выправіўся, не вяртаюцца. Добра там, відаць. Талерантная, гасьцінная краіна, дзе няважна, чым ты займаўся на радзіме. Туды ўжо паляцеў наш уласны карэспандэнт, будзем чакаць ад яго паведамленьняў.
Фільм называўся «Цырульніца Блянш». Эдзік глядзеў толькі такія фільмы, дзіўныя, дурнаватыя, страшныя ды почасту занудлівыя. Зазвычай, калі Эдзік прывучаў яе да добрага, як ён казаў, кіно, «кіно не для ўсіх» (не, бля, усіх! — жартаваў тата Веранікі, калі чуў выпадкова назву гэтай рубрыкі з тэлеэкрану), Вераніка адольвала першыя хвілінаў пятнаццаць. Потым яна пачынала сачыць за Эдзікам. Той вачэй ад фільму ня мог адвесьці, сядзеў-пачухваўся, у яго была процьма відэакасэтаў, але ж «кіна не для ўсіх» было ня так ужо й мала, можа быць, столькі ж, колькі і гэтых усіх, рабіла выснову Вераніка, — калі некаторыя фільмы нават Эдзік быў вымушаны глядзець па тэлевізары. ІДырульніца Блянш, немаладая, але дагледжаная ды абаяльная, працуе ў сваёй маленькай цырульні на вузкай брукаванай вулачцы. Натуральна, яна мае шмат пастаянных кліентак...
Варта на нейкі час вярнуцца да тытраў. Стрыжка Веранікі не марудзіла з наступствамі. Яна сядзела ў сквэры побач з кімсьці бронзавым па прозьвішчы Голубеў, а Эдзік недалёка «піў піва зь сябрамі». Што яна рабіла ў сквэры, цяжка сказаць, яна сама ня ведала, сядзела, закінуўшы нагу на нагу. Напэўна, усё так і было, як патлумачыў ёй потым Эдзік — яна чакала, каб паглядзець на сваю новую стрыжку вачыма незнаёмага мужчыны. Але яна сама ні пра што такое ня думала. Яна наогул часта сядзела ў тую восень вось гэтак адна ў парках і сквэрах, або плакала без прычыны, або не магла спаць уначы, нібыта забыла, як гэта робіцца. Вераніка заўважыла неяк — калі пачаць аналізаваць найпрасьцейшыя чалавечыя дзеяньні, яны становяцца мярзотна-бессэнсоўнымі, і ворганы, якія ў іх удзельнічаюць, пачынаюць здавацца нейкімі прышытымі...