Сарока на шыбеніцы
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 354с.
Мінск 2009
ла, яе Віктар — памылка ня самая горпіая, тупаваты, праўда, ды без пачуцьця гумару, але яны ўсе такія, калі жэняцца, затое колькі намаганьняў сястра прыклала, каб у Віктара і думкі такой не ўзьнікала прабавіць час па-за домам. А бацькі Веранікі ў той час дзіўным чынам адсланіліся ад яе, толькі глядзелі зь нейкай абыякавай цікаўнасьцю: плыве сабе дачка, плыве, можа й даплыве кудысьці, а можа й не, хто яе ведае. Прынамсі, так Вераніцы здавалася. Добра, што хоць бацька кінуў піць, слова «завязаў» тут было якраз дарэчы, — ён і праўда нібы ўзяў аднойчы ды завязаў вузел на сваім гэтым папулярным у краіне хобі й з таго часу нават піва не ўжываў, і маці прымусіў. Вось жа, мяккацелы мужычок з вусікамі, a здолеў, Вераніка сама была ўражаная, ніколі ня ведаеш, чаго чакаць ад блізкіх людзей. Маці, праўда, употай папівала шампанскае, але Вераніка цьвёрда ведала: шампанскае — ад слова шампунь, такі самы безалькагольны напой.
Пляменьнік быў тоўсты, чатырохгадовы, справядлівы, як удзельнік продразьвёрсткі, і па-каралеўску дабрадушны. «Гэта загоіцца», — запэўніў ён Вераніку, тыцнуўшы пальцам ёй у смочку, якая цёмнай кропкай прабівалася скрозь станік і белую тонкую майку, а калі яны ўсе разам селі нарэшце піць гарбату, пляменьнік заўважыў, што на мамінай цукерцы няма крэмавага ўзору, а на Веранічынай ёсьць: скалупнуў дзелавіта палову ды прынес маме — вось цяпер усё як мае быць. Яшчэ калі імбрык толькі закіпаў, Вераніка зайшла баязьліва ў ягоны пакой, спынілася на парозе, няўпэўнена працягнула малому падарунак — гоначную машыну, той уздыхнуў расчаравана, паглядзеў на Вераніку са шкадаваньнем, але правілы гульні прыняў, сеў на падлогу, прасуючы нехаця машынай квяцісты дыван: туды-сюды, туды-сюды, гоначных машынаў у яго была процьма, цэлы аўтапарк... Прадэманстраваў з гонарам гульнёвую прыстаўку, але джойсьцік у рукі ня даў: не дарасла ты яшчэ да таго, каб страляць, цётка Вераніка.
Гарбата была амаль дапітая; пляменьнік раптам залез Вераніцы на калені. «Ну, як вучоба, Веранічка?» — усьміхаўся
Віктар (не пасавала яму гэтае імя), а яна ня слухала; новыя, незвычайныя адчуваньні паколвалі знутры, яшчэ ж нядаўна сама сядзела на каленях у старэйшых, а цяпер вось — дарослая, ды якое там — старая цётка, васямнаццаць споўнілася, дзяцей на каленях трымае. Яна ўжо неяк трымала на каленях маленькую дзяўчынку, суседзкую ўнучку, хлопчыкі ўспрымаюцца неяк паіншаму, нешта цёплае йдзе ад таго месца, дзе сканчаюцца іхныя пульхныя лыткі, дадатковая такая цеплыня, ненармальная, і дзіўны яе дотык... Пляменьнік доўга сьвідраваў лыжкай цукерку, а потым абмяк, наваліўшыся на жывот Веранікі, задрамаў; Вераніка падумала пра свой жывот — вось жа, калі-небудзь у ім пачнецца нечае жыцьцё, а яе жыцьцё пачне зваротны адлік, і як бы ты ні старалася, нічога з гэтым ня зробіш, не прыдумана лекаў, яна нечакана адчула свой жывот як нешта асобнае ад сябе, нібыта яна яго праглынула, праглынула ўласнае чэрава, якое напоўніцца калі-небудзь зьмесьцівам. Там, дзе нешта прыбывае, мусіць нешта зьнікаць, гэта закон фізыкі. Як гэта будзе? — задумалася Вераніка. Нараджаць страшна. Гэта балюча. Крычаць, курчацца, клічуць маму. Аднак потым... Напэўна, шчасьце. Вось тады яна й даведаецца, што гэта такое. Пэўны час чалавек замест вопраткі носіць уласную маці, сказаў той філёзаф, які, на жаль, аказаўся фашыстам, пра гэта па тэлевізары паказвалі. А вось прыехаць заўтра да Эдзіка ды скарыстацца ім, а потым глядзець, як напінаецца жывот, слухаць торканьне ўнутры, ганарыцца, галінка з пупышкай. Гэта так лёгка, аказваецца. Трыюмфальнае вяртаньне яе дзіцячых лялек. Пляменьнік прытуліўся да яе, сястра не заўважала нічога, балбатала з маці. «Ня сьпі, зьмерзьнеш!» — бадзёра выгукаў Віктар у іх бок, пасьля доўтіх роздумаў прынесшы яшчэ гарэлкі. Дзядзькі ды іхныя жонкі ўздыхнулі ды загаварылі яшчэ гучней, усе адначасова. Бацька сядзеў пахмурным арлом, не адрываючыся ад « Дыскавэры». Потым жанчыны раптам сьціхлі, нібы па камандзе ўтаропіўшыся ў свае талеркі, і раптам зацягнулі надрыўным хорам дзяржаўны гімн:
Вось хто-та з горачкі спусьціўся, Наверна, мілы мой ідзёт, На ім зашчытна гімнасьцёрка, Ана сума міня сьвіізёт.
На каленях Веранікі, зьвесіўшы рукі паміж ног ды дакранаючыся мокрай маленькай далоняй да яе лыткі, сядзеў чалавек, якога нядаўна яшчэ не было. He існавала. Абсалютна. Hi ў якім выглядзе. Наогул. Зямля й бяз гэтага чалавека жыла няблага. Прынамсі, патрэбы ў ім ня мела. Вось якія складаныя думкі наведваюць тваю сьветлавалосую галаву, Вераніка. Але ён усё адно зьявіўся ды прагне свайго месца на зямлі, свайго кавалка мяса, сваёй долі сонечнага сьвятла, ён займае месца ў прасторы, у рэшце рэшт. Чвэрць ягонага жыцьця складае адзін год. Год таму Вераніка вучылася ва ўнівэрсытэце, а ён ужо пражыў чвэрць жыцьця. Неверагодная матэматыка. Калі-небудзь Веранікі ня будзе. Абсалютна. Hi ў якім выглядзе. Наогул. Пэўны час яна яшчэ будзе займаць месца, замінаць іншым, пасіўна ўплываць на тое, што пакінула, а потым і гэта скончыцца. He ўкладваецца ў галаве. Як гэта: скончыцца. Як гэта: паміраць? Паміраць страшна. Гэта балюча. Крычаць, курчацца, клічуць маму. Клічуць бога. Аднак потым... Напэўна, шчасьце. Вось тады яна й даведаецца, што гэта такое. Але не цяпер, не цяпер, чуеце? Думаць пра такое — нібыта адплюшчыць вочы перад яркай лямпай ды асьлепнуць, бо зрок не вытрымлівае такога. Дайце мне яшчэ пажыць з заплюшчанымі вачыма, пад накрыўкамі павекаў, пад іх звычнай, надзейнай абаронай. Нараджаць, паміраць. Гэта толькі словы, словы-дзеясловы. He, я не хачу ў гэтую чаргу, я лепей зайду сюды раніцай, калі ўсе на працы. Дзеці — гэта так здорава, спахапілася Вераніка, у мяне будуць двое. Пляменьнік прачнуўся, і вочы Веранікі засьлязіліся раптам ад замілаваньня, бо гэты таўстун азіраўся навокал так няўцямна ды круціў чамусьці цёмныя ўскудлачаныя валасы над вільготным ілбом, нібы дастаючы зь іх заселыя аскепачкі сну. Якія яны безаба-
ронныя, жахнулася Вераніка, такая непрыемна вялікая пад гэтым непаваротлівым сонным целам, якое пачало ціха румзаць, бо на яго не зьвярталі ўвагі. Газавыя пліты, нізкія падваконьні, шалёныя сабакі, п’яныя за стырном, маньякі, выбоіны ў асфальце, запалкі, цьвікі, брудныя кніжонкі, цёмныя пад’езды, прадаўцы чалавечых органаў, мацяркі-забойцы, няздарныя ўрачы, настаўнікі-пэдафілы, цэгла з даху, вірусы, ды яшчэ фашысты, фашысты, фашысты, на іх ніколі нельга забывацца, яна чула, яны сталі ўсё часьцей пралазіць у школы, кідаюць дзяцей, як кажуць у народзе, на амон, прыкрываюцца як жывым шчытом, дарослыя злачынцы... Як можа той, каго нарадзіла жанчына, быць здольным на такое: хавацца за сьпінамі дзяцей, убіваючы ім у неразбэшчаныя галовы ўсялякую заразу, замбіруючы тых, хто гуляе з гоначнымі машынамі. Нелюдзі, яны сапраўды нелюдзі, адкуль толькі яны маглі ўзяцца. Выйшлі з чэрава гэтай зямлі й хочуць зганіць яе, зьнявечыць, зьнішчыць. Гэта як забіць уласную маці. Тыя, сюжэт пра каго яна бачыла ў «Крымінальнай хроніцы», такія й былі — нават зьнешне, нахабныя, з ачмурэлымі ад наркотыкаў вачыма, сытыя, добра апранутыя, здаровыя, сын і дачка, якія забілі маці-пэнсіянэрку недзе на ўскраіне гораду...
Крычыце сабе на плошчах, але — ня пэцкайце дзяцей ідэалёгіяй, ідэалёгіяй, добрае слова, яна запомніла яго зь першага курсу й вымаўляла ладна, хутка, кругла. Дзецям наканавана быць шчасьлівымі, не забірайце ў іх гэтага кону. Яна ўявіла сабе бамбардзіроўкі, гарады ў руінах, і дзіця зь вялікай галавой, якое плача й кліча маму — уявіла так ясна, нібы перад ёй запрацаваў тэлевізар. Вось чаго яны хочуць, фашысты. Каб скончылася роўнае, мірнае жыцьцё, каб галодныя беспрацоўныя бацькі пілі па кутох, каб маці прадавала сярод руінаў заручальныя пярсьцёнкі. Каб нахабныя чужаземныя жаўнеры ўваходзілі ў іхныя дамы ды гвалцілі дзяўчат, каб любоў прадавалася, каб усе навокал гаварылі па-фашысцку, каб маладыя зайздросьцілі старым. Каб жабракі пасьміхаліся бяззубымі ратамі. Каб над краінай усчалася вечная ноч, каб
мы ўсе сталі рабамі, каб прыніжэньне стала нормаю. Каб вакол былі межы, каб кожны кожнаму быў чужак.
На ім пагоны залатыя, I яркі ордзен на грудзі, Зачэм, зачэм я паўстрэчалась Іму на жызьненнам пуці.
Вераніка, Вераніка, што з табой? Мы ж не на сходзе, дзіця спалохаеш — іхныя языкі запляталіся, і зь перапоўненага кубачка пад сьмешным пыхлівым самаварам цёк на абрус кіпень, а ў вачох блішчэла кроў, таго ж разьліву, што й кроў Веранікі.
«Я пагляджу, можна?» — сказаў ён жаласна й не чакаючы адказу схіліўся, яна бачыла, закусіўшы вусны ад болю, ягоную макаўку, на якой закручваліся ў сьпіраль нядаўна пастрыжаныя валасы. 3 доўгімі Лёньку было лепш, ён раней быў хаця б на чалавека падобны, а цяпер малпа малпай. Нагу ажно выварочвала ад болю, было вельмі крыўдна ад уласнага бясьсільля, ужо, мусіць, прайшло некалькі хвілінаў, а боль не зьнікаў. Даўно яна не адчувала такога ўсеўладнага, такога вострага болю. «Трэба памасажаваць», — прамармытаў Лёнька ды ўзьняў на яе вочы, просячы дазволу... Яна нецярпліва кіўнула галавой, хто б ні прапанаваў ёй цяпер дапамогу, яна б пагадзілася, хай нават сьмярдзючы дзядзька Валодзя зь яе пасёлку, істота, ад якой засталося паўчалавека ды пара-тройка прымітыўных патрэбаў. Толькі б гэта хутчэй скончылася. Аднекуль усплыло простае, нібы яно цяпер паціскала плячыма ад сваёй простасьці, тлумачэньне, хісткае татарскае слова: сутарга, гэта ўсяго толькі сутарга. Вераніка ведала, што такое сутарга: зялёная вада вадасховішча, пяткі на ледзяной сьпіне падводнага цячэньня, або яшчэ лішняе кола на школьным стадыёне, ды голас фізрука: «Казаўтабе — разьмінайся!». Але яна ня плавала й ня бегала, яна толькі паднялася з-за стала ў ружовай Лёнькавай кватэры,
бацькі якога меліся неўзабаве прыйсьці з працы (яна спадзявалася ўсё ж пазьбегнуць знаёмства)... Лёнька ўчапіўся ў яе нагу, ні пра які масаж размова не ішла, ён папросту ня ўмеў гэтага рабіць, і Вераніку раптам разабраў сьмех, дзякуючы якому боль адступіў, растварыўся недзе над костачкамі, на разьвітаньне ўкалоўшы яе няічоцна ў галёнку... А Лёнькавы разгубленыя пальцы падымаліся ўсё вышэй, пагладжваючы яе скуру зь недарэчнай павагай, а потым таропка кінуўшыся пад спадніцу, абнюхваючы кожны куточак, так відавочна баючыся не пасьпець, казычачы Вераніку, прымушаючы яе зрэдку фыркаць, крывіць вусны, пальцы варушыліся, тоўстыя цьвёрдыя падушачкі на іх шмыгалі то ў адзін бок, то ў другі, то вярталіся ўніз, нібы нешта забыўшы, Лёнька раптам заскуголіў, як шчаня, ды палез, заплюшчыўшы вочы, проста на яе калені, апусьціўшы падбародзьдзе, Вераніка міжволі расставіла ногі, і галава Лёнькі вылезла ззаду, бадаючы пустэчу, натыкаючыся на крэсла, а рукі не спыняліся, яны адшукалі край майткоў, набраліся рашучасьці ды сьлізнулі туды, і самі спалохаліся сваёй знаходкі, і пачалі перабіраць валаскі, а Вераніка стаяла, зьдзіўленая, ды бачыла нямытую Лёнькаву шыю, ёй было вельмі цікава, што ж з гэтага ўсяго атрымаецца, — дзіва, але ёй не было непрыемна, хутчэй нават было прыемна, яна й не задумвалася, што ў нізкарослага Лёнькі такія доўгія рукі, якія, здаецца, толькі расьлі з кожным імгненьнем, лоб ягоны глуха стукаўся аб крэсла, аб ножку стала, гарачыя пальцы нарэшце перасталі зважаць на апёкі ды сталі больш мэтанакіраванымі, Вераніка не замінала, яна падумала, што можа быць лепей заплюшчыць вочы, але ня стала гэтага рабіць, грукат станавіўся ўсё гучней, пакуль не перайшоў у доўгі бязглузды званок...