• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сарока на шыбеніцы  Альгерд Бахарэвіч

    Сарока на шыбеніцы

    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 354с.
    Мінск 2009
    81.53 МБ
    людзі, няхай вы заўсёды будзеце са мной на прыпынках гэтага сьвету! «Ідзі ў мэтро, у мэтро бяжы!» — крыкнула ёй жанчына, схаваўшы дзіця за сьпіну, і Вераніка не адразу зразумела, што ёй крычаць, але было позна — хвіліны не прайшло, а яна ўжо ехала на заднім сядзеньні, між дзьвюх радасных істотаў, якія сьціснулі яе гарачымі бакамі, і кіроўца зрабіў музыку гучней. Вераніка замоўкла, стараючыся запамінаць, куды яны едуць, але машына проста завярнула да мікрараёну ды рынулася, абганяючы тралейбусы, у гушчу высотных дамоў. «Зрабі цішэй!» — кінуў той, які клікаў Вераніку на прыпынку, і павярнуўся да яе:
    — Дык а для каго ж ты, мая харошая, такую сукенку надзяваеш? Нашто хлопчыкаў бедных дражніш? Што, такая маленькая, што не разумееш? He, малая, дарослыя гульні — трэба і адказваць па-даросламу. Ну скажы, для каго?
    — Для сябе, — адказала Вераніка ціха, вырашыўшы, што размова трохі супакоіць свалачэй.
    — Для сябе? — хлопец вельмі фальшыва засьмяяўся. — Але ж ты не адна па вуліцах ходзіш... На цябе ж хлопчыкі глядзяць... А хлопчыкам хочацца... За такія ножкі пацаны на любыя подзьвігі...
    Яны зьнізілі хуткасьць і пачалі блукаць па мікрараёне, фары выхоплівалі зь цемры цэлыя натоўпы моладзі, якая махала ім рукамі, кідалася недапалкамі ды лаялася добразычліва ў паўадчыненыя вокны.
    — Яшчэ Пушкін пра ножкі пісаў... Як гэта... He памятаю, бляха...
    — Ну скажы, ты ж для нас ножкі свае... паказваеш... — закашляўся той, што мацаў Вераніку справа. — Скажы...
    — Ну, калі й не для нас, то сапраўдны пацан заўсёды падзеліцца, — змрочна прамовіў той, хто сядзеў сьпераду. — Мы пацаны неблагія, усе маладыя антыфашысты, усе працуем, усе вучымся... Як такім ня даць...
    Рукі ўжо даўно гулялі па яе каленях, а адна — невядома, чыя менавіта, лезла вышэй, але тут кіроўца выдыхнуў: «Прыехалі!»
    і загасіў цыгарэту. Хлопцы доўга спрачаліся, хто пойдзе ў начнік, урэшце пайшлі той, што справа і той, што сядзеў сьпераду. Вераніка абхапіла рукамі вызваленыя на хвіліну калені ды бесьперапынна глытала сьліну. Яе сусед выйшаў, аблізваючыся, ды стаў каля дзьверак, расшпіліўшы нагавіцы ды паліваючы сьметніцу, кіроўца стаў з другога боку. «Бяжы», — пачула яна раптам каля вуха, схапіла з падлогі сумку ды вылецела вонкі, ледзь ня трапіўшы пад грузавік, ды пабегла, спатыкаючыся, не аглядваючыся, не азіраючыся, скідваючы туфлі, хапаючыся за зоркі, наступаючы на шкло, адшпільваючы рукі, здымаючы мімаходзь галаву, адломваючы грудзі, шпурляючы ў хмызы каля аўтазапраўкі ногі з сапсаванай у сьпешцы разьбой.
    ♦ ♦ ♦
    — Я б на вашым месцы... — казала Вераніка, але яе ніхто ня слухаў.
    — Я б на вашым месцы... — казала Вераніка, «Памаўчы», — казала маці, «Заткніся», — казаў брат, «Не перашкаджай», — казаў бацька.
    — Я б на вашым месцы... — казала Вераніка, але ніхто не пускаў яе на сваё месца, і болей яна не казала гэткіх дурных словаў, і наогул амаль перастала гаварыць дома — здаецца, усе былі толькі радыя.
    «Потны дым дыскатэк», — хрыпуча цягнула Магда: о, гэта было Вераніцы знаёма — па суботах яна сустракалася ў мэтро зь вечна злоснай сакурсьніцай Вікай ды яе балбатлівымі сяброўкамі, і яны скідваліся на таксі, каб з шыкам пад’ехаць да недарагога, цеснаватага, але ўтульнага клюбу, які месьціўся недалёка ад унівэрсытэту. Між ягоных люстраных сьценаў, па якіх несьліся насустрач сваёй сьмерці статкі зялёных і малінавых колцаў, чапляючыся за перакрыўленыя музыкай твары танцораў, — менавіта там Вераніка ўпершыню ў жыцьці закахалася. П’яная ад музыкі, як ад добрай порцыі алькаголю, які, як вядома, шкодзіць кабетам больш, чым мужчынам, яна задыхалася, торгаючыся перад маладзёнам у расшпіленай
    кашулі, і ніяк не магла прагнаць ачмурэньне — яны не адыходзілі адно ад аднаго ўжо паўгадзіны, не спыняючыся ні на імгненьне, на безвалосых грудзёх хлопца танчыў вялікі крыж, пад доўгім носам, які, як ні дзіўна, толькі надаваў гэтаму зусім яшчэ хлопчыку хараства, вогнішчам палаў рот. Вераніка бачыла ягоны мокры язык, зубы ў пажаднай пене, хлопец рытмічна заглынаў паветра, у клюбе было душна, і галава балела, але хутка боль забываўся, заставаўся адно няспынны рассыпісты рокат, як быццам гудзіць, ніяк не жадаючы заціхаць, царкоўны звон... Яны глядзелі адно на аднога й танчылі, яны маглі б рабіць гэта да самае сьмерці, — палохаючыся самой сябе, Вераніка адчувала, што ёй нясьцерпна хочацца... Цяжка было патлумачыць, чаго менавіта, напэўна, так: ёй хацелася раскрыцца, — як раскрываецца кветка, як раскрываецца парасон, як адчыняюцца дзьверы перад кімсьці, хто мае ключ, як разгортваецца матылёк, як запрашальна адкрываецца кніга, канапа, вакно ў дажджлівую раніцу. Чаму менавіта перад ім: доўгі нос, д’ябальскія вочы, ладнае цела, засяроджанае на танцы — усё гэта было добра, але замала, a яна чамусьці не магла пакінуць яго, нібы загіпнатызаваная. Па жываце струменіў пот, Віка раздражнёна торгала яе за руку — адной зь яе сябровак стала блага, а Вераніка танчыла — пакуль даўганосы прывід ня зьнік кудысьці, і яна яшчэ трохі патапталася на месцы, па інэрцыі. Больш яна прывіду ніколі ня бачыла, але запомніла гэтае адчуваньне непрыналежнасьці самой сабе надоўга, і божа! — як потым балелі ногі! але ні з Эдзікам, ні пагатоў зь Лёнькам нічога падобнага яна не перажывала. Пакуль не сустрэла Яго.
    Танчыць Вераніку ня трэба было вучыць, яна хадзіла ў школе ў танцавальны гурток і кінула заняткі якраз калі бацькам стала ўсё адно, наведвае яна іх ці не. Танцы хутка навучылі цела Веранікі пераключаць хуткасьці, яна займела незвычайную, але прыемную ладнасьць у рухах, нібы ўнутры запрацаваў таемны такі прыборчык, скарачаючы адны мускулы ды прытрымліваючы другія, усё стала так разумна ў целе, ногі
    выцягнуліся ды самаўпэўнена ўцягнулі калені, але раптам усё скончылася, калі аднойчы гурток паехаў у Польшчу, ды толькі безь Веранікі — яна тады прыкра й нечакана цяжка захварэла, прастыла, і іншыя выкладвалі на парты сувэніры, іншыя распавядалі важна пра прыпынкі аўтобуса ў памежным полі — пасьля гэтага Вераніка стала прапускаць заняткі, і есьці як ненармальная чакаляд, і не адказваць на ўстрывожаныя пытаньні кіраўніцы, і потым зусім закінула гурток, каб пасьля, у Цэнтры дзіцячае творчасьці, прыслухоўваючыся да глухога грукату дзіцячых ног па паркеце танцавальнае залі, са зьдзіўленьнем прыгадваць: а было ж, было ж, старыя чэшкі, шэрыя панчошкі ў пакеце з напаўсьцёртым рэклямным малюнкам, вячэрнія вяртаньні ў прыціхлую школу, жоўтыя расколіны па краёх піяніна, супольны несуладны дроб паслухмяных ног, сярод якіх былі і яе, насамрэч, натуральна, дзьве, хаця ёй, бывала, здавалася, адна або пяць, у залежнасьці ад настрою.
    ♦	♦ ♦
    Вераніка зрабіла зусім як у кіно, гэта быў правераны шматлікімі галівудзкімі тыгрыцамі спосаб: Ен ішоў па калідоры, здалёк усьміхаючыся ёй сваёй заўсёднай намесьніцкай усьмешкай, і яна не дазволіла свайму твару ўсьміхнуцца ў адказ, а калі параўнялася зь Ім — усьмешка яшчэ сьвяцілася, але думкамі Ен відавочна быў ужо ў кабінэце — то проста расьціснула пальцы, і паперы плаўна спляніравалі на дыван, замершы нарэшце ў картачных позах. Яму нічога не заставалася, як павярнуцца на абцасах ды схіліцца, таропка падымаючы дакумэнты, а Вераніка дапамагаць яму не сьпяшалася — стаяла ды глядзела, каб яе ногі былі ў неабходнай блізкасьці, асабліва пальцы ног, — яны мусілі трапіць яму на вочы, не маглі ня трапіць, а там ужо ў дзеяньне ўступаў лак. Гэта быў ня проста чырвоны лак для пазногцяў, гэта быў лак колеру запрашэньня, колеру гатовасьці, колеру поклічу ды звады, колеру, які не патрабаваў першага кроку, а адразу быў падрыхтаваны да другога, колеру без намінак,
    колеру наўпроставае спакусы. Ён ня мог не зьвярнуць на колер увагі, ня меў права, ён павінен быў усё ацаніць, паўтары гадзіны ў лазьніцы што-небудзь ды значаць. Дурненькі. Яна выставіла наперад адно калена, па назе, уздоўж уяўнай лініі ад сьцягна да костачкі, прайшла электрычная дрыготка, яна ўявіла сабе, як яго позірк, нібы далонь, павольна, казытна ды з усё большым жаданьнем, гладзіць яе скуру, перабольшана чыстую, непараўнальна аголеную, пад недвухсэнсоўнай маскай панчохаў. У Веранікі ажно забалела ў грудзёх. Ён падняўся расчаравальна шпарка, прыхлопнуў паперы ды вярнуў іх назад у пальцы Веранікі, трохі зьдзіўлены яе аслупянеласьцю. Усьміхнуўся, села на лоб ды пачысьціла пёркі бялявая пасма. «Вераніка вырашае памерці, — сказаў Ён басам, засьмяяўся ды паправіў адзін зь лістоў у яе руках. — Трэба як-небудзь пагаварыць з вамі пра літаратуру, Вераніка Андрэеўна. Камандзе патрэбны моцны гулец, а капітану — плячо, на якое можна абаперціся. He забывайце!». I пашыбаваў да дзьвярэй, за якімі сядзелі яны, яны, ня здольныя ацаніць, зразумець, слабыя, старэючыя, старыя, састарэлыя, зьмярцьвелыя, размаляваныя, якіх ён жартаўліва абдымаў у яе на вачох штодня, кемлівыя, уважлівыя...
    ♦	♦ ♦
    Сустрэчы з пляменьнікам Вераніка баялася, бо зусім ня ведала, што яму сказаць, як сябе паводзіць. Нібыта яшчэ й не чалавекам было гэтае дзіця, а так — амаль чалавекам, недачалавекам: сапраўды, не размаўляць жа зь ім як з дарослым, а з другога боку, сюсюкаць ды гуляць з цацачным зьвяр’ём Вераніка ня ўмела. Цікава, думала яна, яшчэ ж ня так шмат часу мінула з тае пары, калі яна шыла вопратку для сваіх худых і фанабэрыстых, нібы фотамадэлькі, лялек, усяго нейкіх пяць гадоў або шэсьць, а цяпер Вераніка ўжо дарослая жанчына, голіць ногі ды вяртаецца дамоў зацемна, не абавязаная нікому дакладваць, дзе была... — аднак жа, даставала калькулятар Вераніка Мудрая й перагіналася праз стол да Веранікі Наіўнай, пяць
    гадоў — гэта амаль чвэрць твайго жыцьця, палічы, прыкінь: дая старога чалавека чвэрць жыцьця — гэта цэлае юнацтва зь дзяцінствам, самыя смачныя кавалкі ў слаёным пірагу ўспамінаў. Што сказаць пляменьніку, калі яна пераступіць парог, і ці казаць нешта наогул, можа, проста пагладзіць па галаве? Як і большасьць дарослых, Вераніка ставілася да дзяцей, як зазвычай ставяцца да бяскрыўдных ідыётаў, — паблажліваспачувальна-замілавана; гэтакжа, здараецца, крычаць у самае вуха замежнаму госьцю, нібыта прычына моўнага непаразуменьня тоіцца ў ягонай глухаце.
    Да таго ж пляменьнік быў стрыечны. Казалі, ён зусім ня быў падобны да іхнай радні, хутчэй да радні сястрынага мужа... Вераніка верыла ў голас крыві, верыла, што калі стрыечная сястра зразумее яе з паўслова, то родны брат — з паўгуку. Што стрыечная сястра выкліча пажарных, у той час як родны брат палезе ў агонь. Што ў стрыечнай сястры можна заўсёды пазычыць грошай, а родны брат дасьць проста так. Хаця асаблівых падставаў думаць такім чынам нібыта й не было: брат апошнім часам дома амаль не бываў, а калі й зьяўляўся, то адсыпаўся ад сваіх пастаянных п’янак і нават не пазнаваў Вераніку, цягнуўся да яе аслабелымі рукамі, абяцаючы то «забіць», то «трахнуць», потым прачынаўся праз суткі, маўчаў, глядзеў спадылба або выганяў з пакою, пасьля войска ён стаў яшчэ больш жорсткім, спаў у ботах ды слова ня мог сказаць, каб не мацюкнуцца... Яна яго шкадавала да сьлёз, бегала па піва, падносіла тазік... Брат усёткі. Зь сястрой Вераніка наадварот зблізілася, часам давярала свае таямніцы, прасіла парадаў у некаторых чыста практычных справах. Сястра й сама ёй тэлефанавала, цікавілася, як Вераніка маецца, перасьцерагала ад памылак, бо — рана табе яшчэ, давучыся, нікуды яны ад цябе ня дзенуцца, гэтыя памылкі, якім адно толькі трэба, і наогул, нармальную памылку яшчэ пашукаць трэба, каб усё было ў гэтай памылкі як мае быць, і з рукамі, і з нагамі, і паміж ног, і каб грошы памылка ў дом прыносіла, ёй вось, можна сказаць, пашанцава-