• Газеты, часопісы і г.д.
  • Славянскія культуры: гістарычны вопыт і сучасныя праблемы

    Славянскія культуры: гістарычны вопыт і сучасныя праблемы


    Памер: 343с.
    Мінск 1996
    238.69 МБ
           На наш погляд, менавіта ўсходні генезіс кампазіцыі першага нясвіжскага касцёла не задавальняў езуітаў, таму што не адпавядаў іх ідэалагічнай праграме. Яны прапанавалі новы праект храма, які ўяўляў
    
    77
    
       трохнефавую 6слуповую крыжовакупальную базіліку з верхнім сячэннем у выглядзе лацінскага крыжа. Такім чынам, ідэалагічная завостранасць контррэфармацыйнай дзейнасці езуітаў спрыяла пранікненню ў мясцовае дойлідства эстэтычнай канцэпцыі стылю барока, яго семантычнага дуалізма і сімволікі.
            У альбоме прадстаўлены чарцяжы плана, падоўжнага разрэза і франтальнай артаганальнай праекцыі купала існуючага зараз касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Параўнанне гэтых чарцяжоў з больш познімі абмерамі і выявай касцёла на гравюры Т. Макоўскага сведчыць, што на іх прадстаўлены праект збудавання. На падставе шматлікіх архіўных і апублікаваных крыніц гісторыкі архітэктуры Беларусі і Польшчы прытрымліваюцца агульнага меркавання, што аўтарам гэтага славутага помніка нацыянальнага дойлідства з’яўляецца архітэктарітальянец, манах ордэна езуітаў Джавані Марыя Бернардоні. Дойлід прыбыў у Нясвіж па запрашэнні Сіроткі ў ліпені ці жніўні 1586 г. Асвячэнне краевугольнага каменя пры закладцы касцёла адбылося 14 верасня 1587 г. 3 гэтага вынікае, што распрацоўка праекта ажыццёўлена ў другой палове 1586  пачатку 1587 г. і менавіта гэтым часам можна датаваць азначаныя чарцяжы.
            Адзінства логікі архітэктурнага мыслення, ужытых канструкцый і дэкаратыўных прыёмаў, агульная тэхніка і майстэрства выканання многіх аркушаў альбома даюць падставы меркаваць, што большасць з іх належыць аднаму аўтару  Бернардоні. Гэтая гіпотэза ўпершыню выказана намі ў 1989 г. у Варшаве на канферэнцыі, прысвечанай мастацкай культуры эпохі барока ў Вялікім княстве Літоўскім. 3 таго часу намі апублікаваны шэраг артыкулаў, якія раскрываюць гісторыкамастацкую каштоўнасць альбома чарцяжоў XVI ст. з Нясвіжа ў цэлым і асобных яго матэрыялаў.
            На аркушы 24 альбома прадстаўлены план мураванага будынка з надпісам, які сведчыць, што гэта калегіум, збудаваны ў Нясвіжы “яснавяльможным панам Радзівілам, ваяводаю трокскім”. Гэта першы вядомы план ужо даўно неіснуючага нясвіжскага калегіума езуітаў і, відавочна, яго скарэкціраваны праектны варыянт. Як лічыць Е. Пашэнда, праект калегіума быў састаўлены ў Нясвіжы і пасланы ў Рым на зацвярджэнне. Там былі зроблены нязначныя заўвагі, а праект узгоднены для рэалізацыі. Але пасля гэтага, як вядома з тагачаснай перапіскі, фундатар пажадаў павялічыць унутраны двор і зрабіць яго 40x40 локцяў замест 30x35, а таксама ў адпаведнасці з мясцовай традыцыяй зрабіць для школы асобны ад манастыра ўваход. На азначаным плане ўсе гэтыя пажаданні ўжо ўлічаны: унутраны двор мае форму квадрата, а школьныя класы ў паўднёвым крыле будынка выходзяць у ізаляваны дворык з асобным уваходам на галоўным заходнім фасадзе. Будаўніцтва калегіума пачата ў 1586 г. і закончана, як паведамляе хроніка, у 1599 г. Таму ўсе карэкціроўкі зроблены, безумоўна, таксама Бернардоні, які ўвесь гэты час, на працягу 13 гадоў, працаваў у
    
    78
    
    Нясвіжы, а па завяршэнні работ пераехаў у Кракаў для кіраўніцтва будаўніцтвам касцёла св. Пятра і Паўла, дзе і памёр у 1605 г.
          На адваротным баку другога аркуша альбома прадстаўлены план мураванага культавага збудавання з надпісам “Фундамент касцёла гродзенскага”. Гэта так званая “Фара Вітаўта”  першы касцёл у Гродне, заснаваны яшчэ ў канцы XIV ст. Але ўжо ў канцы XVI ст. кароль Стэфан Баторы ў сваёй перапісцы з рэгіянальным кіраўніком ордэна езуітаў I. П. Кампана адзначаў, што гродзенскі фарны касцёл “самы вялікі і самы цудоўны ў Вялікім княстве Літоўскім, але драўляны”. Ён меў намер запрасіць езуітаў у Гродна для развіцця адукацыі, пабудаваць школу, калегіум і мураваны касцёл, у якім жадаў быць пахаваны.
          Гісторыя шматпакутнай “Фары Вітаўта”, якая ў розных іпастасях праіснавала ў Гродне каля шасці стагоддзяў, шмат разоў гарэла, перабудоўвалася і ў рэшце рэшт паварварску ўзарвана ў 1961 г., і да сёняшняга дня прыцягвае ўвагу шматлікіх даследчыкаў. Толькі ў апошні час Е. Пашэнда на падставе архіваў Ватыкана дакладна акрэсліў час узвядзення мураванага касцёла 15841587 гадамі. Аналіз розных графічных матэрыялаў, прысвечаных гэтаму помніку, паказвае, што знойдзены намі план касцёла з’яўляецца праектным і што Дж. М. Бернардоні быў стваральнікам не толькі касцела езуітаў у Нясвіжы, але і фарнага касцёла ў Гродне.
          Яшчэ адной каштоўнай крыніцай гісторыі беларускага дойлідства з’яўляецца план таксама ўжо неіснуючага фарнага касцёла ў Клецку. Да гэтага часу застаецца спрэчным час яго пабудовы. Большасць даследчыкаў лічыць, што гэта сярэдзіна XVI ст., аднак археолаг А. Кушнярэвіч па раскопках фундамента помніка датуе яго XV ст. На нашу думку, дадзены чарцёж з’яўляецца карэкціровачным праектам храма. Фрагменты ўваходнай вежы на ім пазначаны больш шчыльнай штрыхоўкай. Магчыма, што чарцёж выкананы ў час прыбудовы да касцёла магутнай шмат’яруснай вежызваніцы. Звычайна гэта рабілася крыху пазней, пасля асадкі асноўнага будынка, з мэтай дакладнага размеркавання нагрузкі канструкцыйных частак.
          На шэрагу аркушаў прадстаўлены планы, фасады і фрагменты свецкіх збудаванняў Нясвіжа, што дае новую і надзвычай цікавую інфармацыю пра шырока вядомыя і этапныя для беларускага дойлідства помнікі. Гэтыя чарцяжы можна кваліфікаваць як абмерныя. Яны дапоўнены разгорнутымі тлумачальнымі надпісамі, якія ўтрымліваюць звесткі аб месцазнаходжанні будынка, яго памерах, колькасці паверхаў, фундатары і іншае. У двух выпадках аўтар чарцяжоў выступае ад уласнага “я”: ён пазначае, што будынак драўляны, але “я нарысаваў як мураваны”. Гэтыя заўвагі тычацца “семінарыума месца нясвіжскега” і “дома пана Радзівіла ваяводы трокскага, што зроблены ў фальварку яго, які завецца Альба”. 3 якой мэтай зроблены гэтыя чарцяжы? Інвентарызацыя, рэканструкцыя ці што іншае? Хто гэты “я”? Мясцовая мова надпісаў не пярэчыць гіпотэзе аб аўтарстве Бернардоні,
    
    79
    
       таму што статутам ордэна езуітаў прадугледжвалася валоданне мясдовымі мовамі ў краінах, дзе ажыццяўлялася іх місіянерская ці іншая дзейнасць. Аднак аўтарам абмерных чарцяжоў, дарэчы, больш слабых па тэхніцы выканання, мог быць хтонебудзь з вучняў Бернардоні.
            Нясвіжская ратуша, пабудаваная ў 15861596 гг.,— адзіная са шматлікіх ратуш Беларусі XV⁻XVII ст., якая захавалася да нашага часу, але ў значна змененым выглядзе. Тым больш каштоўным з’яўляецца яе першапачатковы праектны чарцёж, прадстаўлены ў альбоме, з надпісам “План ратушы места нясвіжскага”. Як было характэрна для магістрацкіх будынкаў Цэнтральнай і Заходняй Еўропы таго часу, нясвіжская ратуша ўяўляе сабою прамавугольны будынак з уваходам з тарцовага боку праз масіўную шмат’ярусную вежу. Паралельна падоўжным бакавым фасадам ратушы размяшчаліся гандлёвыя рады. У сярэдзіне XVIII ст. яны былі перабудаваны, значна павялічаны і пераарыентаваны крамамі да плошчы, a былая зала магістрата пераабсталявана для аматарскіх тэатральных паказаў.
            Другую значную, па аб’ёму нават большую, групу чарцяжоў альбома прадстаўляюць архітэктурныя штудыі класічных ордэраў, выявы арачных канструкцый, узоры свецкіх познерэнесансных пабудоў, лесвічных блокаў, камінаў, схемы для атрымання ірацыянальных велічынь пры падзеле круга на 3,5, 7,9,11 частак, пабудовы ў плане эліпса і іншае. Як вызначыў прафесар Е. Кавальчык, гэтая частка чарцяжоў уяўляе копіі з архітэктурных трактатаў тэарэтыкаў італьянскага Адраджэння Д. Віньёлы, А. Паладзіо, С. Серліо і швейцарскага паслядоўніка апошняга Яна Блюма. Дасканаласць тэхнічнага выканання сведчыць пра тое, што гэтыя графічныя аркушы былі зроблены Бернардоні хутчэй за ўсё для апублікавання і пашырэння архітэктурнай навукі на землях Рэчы Паспалітай.
            Аднак некалькі чарцяжоў у альбоме выбіваюцца з агульнага кантэксту. Так, напрыклад, на другім баку аркуша, дзе прадстаўлены план гродзенскага фарнага касцёла, змешчаны план яшчэ аднаго культавага збудавання, выкананы ў іншай манеры, больш эскізна, без маштабу, з надпісам лацінкай на самім чарцяжы: “Мацей Фалькоўскі Лета Божае 1654”. У адрозненне ад большасці чарцяжоў, дзе таўшчыні сцен шчыльна заштрыхаваны, тут яны залітыя зялёнай акварэллю. Па гэтай прыкмеце, а таксама на іншаму фармату і якасці паперы намі вылучаны аркушы №№ 20, 28, 69 і 71 з планамі невядомых культавых будынкаў і манастырскіх комплексаў. Іх аўтарства, верагодна, таксама належыць М. Фалькоўскаму, якому нейкім чынам трапілі чарцяжы канца XVI ст.
            Невядомае дасюль імя Мацея Фалькоўскага падказвае гіпотэзу, якім чынам чарцяжы з Нясвіжа трапілі ў бібліятэку Кіеўскага Сафійскага сабора. У тым жа раздзеле каталога бібліятэкі, дзе пазначаны дадзены альбом, большасць архіўных спраў прадстаўляюць рукапісы Ірынея Фалькоўскага,
    
    80
    
     епіскапа Смаленскага і Чыгірынскага, каад’ютара Кіеўскай мітраполіі, які памёр у 1823 г. Яго рукапісы ўтрымліваюць пачаткі матэматыкі, механікі, оптыкі, гідраўлікі, астраноміі, а таксама архітэктуру цывільную і ваенную. Магчыма, епіскап быў нашчадкам М. Фалькоўскага і карыстаўся яго старажытнымі чарцяжамі.
          Можна таксама меркаваць, што альбом чарцяжоў доўгі час захоўваўся ў полацкім езуіцкім калегіуме, дзе выкладалася архітэктура і ў бібліятэцы якога зберагалася шмат старажытных рукапісаў, дысертацый, энцыклапедычных выданняў і дапаможнікаў па асобных дысцыплінах. Створаная на базе калегіума полацкая езуіцкая акадэмія ў 1820 г. была зачынена, будынкі і маёмасць езуітаў перададзены ордэну піяраў, якія валодалі імі да 1830 г., калі і гэты ордэн быў таксама скасаваны. Бібліятэчныя зборы разукамплектаваны і разасланы ў Пецярбург, Сімбірск і іншыя месцы. Вядома, што значная частка кніг і рукапісаў праз Віцебскую духоўную семінарыю трапіла ў Кіеўскую духоўную акадэмію.
          На падставе выяўленых архіўных чарцяжоў можна сцвярджаць, што ў апошняй чвэрці XVI ст. з пачаткам эпохі барока на Беларусі з’явілася і атрымала пашырэнне праектная архітэктурная практыка, якая яшчэ не мела прэцэдэнту ва ўсходнеславянскім рэгіёне. Выкарыстанне праектнага чарцяжа адлюстравала новае разуменне архітэктурнай творчасці як праяўлення індывідуальнага таленту дойліда, фарсіравала тэмпы будаўніцтва і больш дакладна акрэсліла сацыяльны заказ. Увядзенне каштоўнай архіўнай калекцыі чарцяжоў XVI ст. з Нясвіжа ў навуковы ўжытак сучаснага мастацтвазнаўства дазваляе разглядаць гісторыю манументальнага дойлідства Беларусі эпохі барока на якасна новым узроўні.