Старажытная Беларусь
Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
Разгледжанае стагоддзе прынесла для Полацка і страты. Адной з іх у гэты час было палітычнае раз’яднанне крывіцкіх земляў, у першую чаргу полацкіх і смаленскіх, a таксама дзвінскіх і прыпяцкіх. Аднавілі сваю самастойнасць у X ст. толькі заходнія (полацкія) крывічы, у той час як дняпроўскія (смаленскія) засталіся пад уладай кіеўскіх князёў. Больш за тое, апошнія, страціўшы Полацкую зямлю, сталі яшчэ болей умацоўваць уладу над Смаленскам і Віцебскам, бо толькі дзякуючы валоданню імі Кіеўская і Наўгародская землі маглі быць злучаны ў адзінае цэлае.
Вядома, Полацк не мог з гэтым прымірыцца. Ен паранейшаму лічыў Смаленск сваім уладаннем. Відаць, у гэты час і сфармаваўся выяўлены ў Цвярскім летапісе погляд на Смаленск і іншыя тэрыторыі, заселеныя крывічамі, як «полотскне властн». Праўда, і Смаленск у сваю чаргу таксама не забываўся пра сваё крывіцкае паходжанне і пазней, у XII—XIII стст., глядзеў на сябе як сталіцу крывічоў і выступаў сапернікам Полацка ў аб’яднанні крывіцкіх земляў.
Імкненне Полацка да ўз’яднання дзвінскіх і дняпроўскіх крывічоў, а таксама да канчатковага аб’яднання крывіцкіх і дрыгавіцкіх земляў і вызначыць галоўны кірунак дзейнасці полацкіх князёў, першым з якіх быў Рагвалод.
ЛЕТАШСНЫЯ АПАВЯДАННІ
980, 988 і 1128 гадоў
Новы перыяд нашай гісторыі, які прыпадае на другую палову X ст., з поўным правам можа быць названы рагвалодаўскім, бо ён непарыўна звязаны з імем і дзейнасцю першага гістарычна вядомага полацкага князя Рагвалода. Паказальна тое, што імя яго заззяла ў нашай гісторыі не адзінокім, а ў цэлым сузор’і выдатных імёнаў. З’яўленне першых гістарычных асоб — факт выключна важнага значэння ў працэсе станаўлення народа. 3 ім народ як бы выходзіць са змроку сваёй перадгісторыі на шлях сапраўднай гісторыі, асветленай славутымі імёнамі і падзеямі.
У цэлым усе звесткі пра нашых першых гістарычных асоб знаходзяцца ў летапісных апавяданнях, якія дайшлі да нас у «Аповесці мінулых гадоў» пад 980 г., у Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1128 г. і ў Цвярскім і Густынскім летапісах пад 988 г. Найперш разгледзім запісы 980 і 1128 гг.
Змест першага такі. Уладзімір Святаславіч, які княжыў у Ноўгарадзе, перад паходам на свайго брата, кіеўскага князя Яраполка, паслаў да полацкага князя Рагвалода сказаць: «Хачу дачку тваю ўзяць за жонку». Рагвалод спытаўся ў дачкі: «Ці хочаш ісці за Уладзіміра?» Яна адказала: «Не хачу разуць сына рабыні, а хачу за Яраполка». Гэты Рагвалод прыйшоў з-за мора, маючы сваю воласць у Полацку, а Тур — у Тураве, па ім і празваліся тураўцы... I прыйшлі слугі Уладзіміра і паведамілі яму словы Рагнеды. Уладзімір жа сабраў шмат воінаў — варагаў, славенаў, чудзі і крывічоў — і пайшоў на Рагвалода. А ў гэты час ужо сабраліся везці Рагнеду да Яраполка. I напаў Уладзімір на Полацк і забіў Рагвалода і яго двух сыноў, а дачку яго змусіў быць сваёй жонкай і пасля гэтага пайшоў на Яраполка.
А. Шахматаў лічыў, што апавяданне 1128 г. захавала ў сабе першапачатковую версію. I сапраўды, хоць яно мае шэраг агульных месцаў з апавяданнем 980 г., але ў ім ёсць і істотныя адрозненні. Так, паводле яго, Уладзімір не сам сватаецца да Рагнеды, бо быў яшчэ зусім малалетні, а яго сватае ягоны дзядзька Дабрыня. Менавіта апошні і падгаварыў Уладзіміра на дзікі гвалт над Рагнедай і на забойства яе бацькі. Тут жа гаворыцца, што Уладзімір даў Рагнедзе новае імя — Гарыслава. У гэтых дэталях і захаваны тыя вельмі важныя падрабязнасці, што былі апушчаны ў «Аповесці мінулых гадоў».
Пасля запіс 1128 г. паведамляе пра далейшы лёс Рагнеды. Яна пачала ненавідзець Уладзіміра за тое, што ён, беручы сабе іншых жонак, забыўся пра яе. I вось аднойчы, калі ён, заехаўшы да яе, заснуў, яна рашыла яго зарэзаць. Але Уладзімір абудзіўся і схапіў яе за руку. Рагнеда без страху сказала Уладзіміру, чаму яна хацела яго забіць: «За тое, што бацьку майго забіў і зямлю яго паланіў і не любіш мяне з гэтым дзіцянём» (маецца на ўвазе сын Ізяслаў). Уладзімір загадаў ёй апрануцца ў царскае адзенне, у якім яна была ў час шлюбу, і сесці на пасцелі. Чакаючы расправы, Рагнеда дала голы меч сыну Ізяславу, пры гэтым дадаўшы: «Калі бацька прыйдзе сюды, скажы яму: «Ты не адзін тут» (у некаторых летапісах іншыя словы). Ізяслаў так і зрабіў; Уладзімір, пачуўшы гэта і прамовіўшы: « А хто ведаў, што ты тут»,— апусціў меч, склікаў баяр і паведаміў ім аб усім. I яны сказа-
лі: «Ужо не забі яе дзеля дзіцяці гэтага, але аднаві айчыну яе і дай ёй з сынам сваім». Уладзімір так і зрабіў. Ен збудаваў горад, які назваў Ізяслаўлем, і паслаў туды Рагнеду з сынам. I з гэтага часу меч узнімаюць Рагвалодавы ўнукі (г. зн. полацкія князі) супроць унукаў Яраслава (г. зн. кіеўскіх князёў) — такімі словамі заканчваецца летапіснае апавяданне.
У Цвярскім і Густынскім летапісах пад 988 г. апавядаецца пра рашучую адмову Рагнеды на прапанову Уладзіміра выйсці замуж за якога-небудзь з яго вяльможаў, паколькі ён, прыняўшы хрысціянства, павінен жыць цяпер з жонкайхрысціянкай. Рагнеда рашыла далейшае сваё жыццё прысвяціць Хрысту. I як толькі яна сказала аб гэтым, сын яе (Яраслаў), калека, адразу пачаў хадзіць. Рагнеда стала манашкай, прыняўшы імя Анастасіі.
Кожны з гэтых запісаў мае пэўную палітычную тэндэнцыю, якая і вызначае яго змест. У рэдакцыі 980 г. полацкія падзеі выступаюць толькі як адзін з эпізодаў барацьбы наўга родскага князя Уладзіміра са сваім братам, кіеўскім князем Яраполкам, і пра іх гаворыцца як бы мімаходзь. Таму гэтае апавяданне вельмі сціслае па сваім змесце. У запісе 1128 г. галоўнае месца займае апавяданне пра помсту Рагнеды Уладзіміру. Гэтай помстай і тлумачыцца, чаму Уладзімір аднавіў айчыну Рагнеды і чаму ў варожых адносінах знаходзіліся полацкія і кіеўскія князі. Апавяданні Цвярскога і Густынскага летапісаў найбольш тэндэнцыйныя. Іх галоўнай задачай было паказаць цудадзейную сілу новапрынятай хрысціянскай веры.
Як бачым, у гэтых летапісных апавяданнях гісторыя выступае не сама па сабе, а як бы праходзіць скрозь поўны драматызму лёс полацкай князёўны Рагнеды. Але гэта ніколькі не зніжае гістарычную каштоўнасць запісаў. Наадварот, гэта надало ім каларытнасць і пераканаўчасць жывых чалавечых дакументаў, якія адначасова нясуць у сабе і багатую гістарычную інфармацыю. Бясспрэчна, што з цягам часу, перадаючыся з аднаго пакалення ў другое, пакуль не былі занесены ў летапіс, апавяданні пра Рагнеду ўвабралі ў сябе і нямала легендарнага, на што будзе ўказана далей. Аднак, аддзяляючы легендарнае ад праўдзівага, мы тым самым ніколькі не хочам абясцэніць яго. У легендарным народ асэнсоўваў сваё гістарычнае быццё. Бадай, не знойдзецца ніводнага народа, які б пачатак сваёй гісторыі не звязваў з той ці іншай легендай.
Тое, што ў «Аповесці мінулых гадоў» разгляданыя намі падзеі пададзены пад 980 г., яшчэ не значыць, што яны сапраўды мелі месца ў гэты год. Зразумела, што яны не маглі
адбыцца так хутка і толькі ўмоўна былі занесены летапісам пад 980 г. Дарэчы зазначым, што ўся гісторыя, звязаная з барацьбой Уладзіміра з Рагвалодам, а пасля і з Яраполкам, вельмі заблытаная, асабліва ў адносінах храналогіі, і таму зразумелая спроба даследчыкаў унесці яснасць у гэта пытанне. А. Шахматаў даводзіў, што Уладзімір пайшоў на Полацк адразу пасля таго, як стаў наўгародскім князем, г. зн. у 970 г. Аднак у той час былі вельмі малалетнія і Уладзімір, і Рагнеда, і Яраполк, і гэту дату можна прыняць толькі як крайнюю, раней якой не мог адбыцца паход Уладзіміра на Полацк. 3 другога боку, не магло тое адбыцца і пазней 11 чэрвеня 978 г., бо пад гэтай датай у «Пахвале» Якава адзначана заняцце Уладзімірам кіеўскага пасада. Іаакімаўскі летапіс і Летапісныя зводы 1497 і 1518 гг. датуюць полацкія падзеі 977 г. 3 гэтым можна было б і пагадзіцца, але вядома, што Яраслаў Мудры памёр у 1054 г. у 76-гадовым узросце. Значыць, ён нарадзіўся ў 978 г. Паколькі Яраслаў быў другім сынам Рагнеды, то першы — Ізяслаў — мог нарадзіцца не пазней 977 г., і, такім чынам, напад Уладзіміра на Полацк і яго жаніцьба з Рагнедай маглі адбыцца не пазней 976 г. А гэта паказвае, што вайна Уладзіміра з Рагвалодам была самастойнай гістарычнай падзеяй, незалежнай ад яго барацьбы з Яраполкам, якая бярэ свой пачатак з 977 г.187.
РАГВАЛОД
Перш за ўсё ўвагу прыцягвае Рагвалод. Ен перпіы полацкі князь, імя якога ўпомнена ў гістарычных крыніцах. Ці былі да яго князі ў Полацку? Бясспрэчна, што былі, бо ў летапісе пад 907 г. пра гарады, сярод якіх быў і Полацк, сказана, што ў іх «седяху велнцнн князн под Ольгом суіцн».
Найбольш спрэчным з’яўляецца пытанне: адкуль з’явіўся Рагвалод у Полацку і хто ён па паходжанні? У летапісе сказана, што Рагвалод прыйшоў «з-за мора». Для гісторыкаўнарманістаў гэтага было дастаткова, каб аб’явіць яго нарманам, якому ўдалося ў канцы X ст. падначаліць сабе Полацк і стаць у ім князем. Імя яго, як і яго дачкі Рагнеды, стала выводзіцца са скандынаўскіх моваў. Але з гэтым пагадзіцца нельга. Імя Рагвалод (у некаторых варыянтах Рагаварод) — чыста славянскае, яно азначае «ўладар рога», г. зн. мыса, і пашырана ў іншых славянскіх народаў, у прыватнасці ў чэхаў188, да якіх нарманы не даходзілі. Славянскім з’яўляецца і імя Рагнеда, правільней Рагнедзь. Яно таксама мае свае варыянты ў чэхаў. I ў Наўгародскім летапісе пад 1135 г. упамі-
наецца княгіня Рагнедзь. У карысць славянскага паходжання Рагвалода гавораць і словы Рагнеды, што яна не хоча разуць свайго жаніха. А разуванне жаніха нявестай — славянскі звычай, яго не было ў германцаў, у якіх, наадварот, жаніх абуваў нявесту ці дарыў ёй абутак189. А. Насонаў не без падстаў гаварыў аб вялікай долі верагоднасці таго, што Рагвалод паходзіў з мясцовага княскага роду і што яго заморскае паходжанне было данінай пазнейшай модзе — абавязкова выводзіць род значных асоб з-за мяжы.
Але і прыход «з-за мора» не можа яшчэ сведчыць пра нарманскае паходжанне. Полацк па Заходняй Дзвіне падтрымліваў сувязі з паморскімі славянамі, якія жылі на паўднёвым узбярэжжы Балтыйскага мора. Як вядома, у пачатку XIII ст. полацкі князь Барыс быў жанаты з паморскай князёўнай Святохнай, і таму не выключана, што адтуль у свой час мог прыйсці і Рагвалод. Заморскае паходжанне, як лічыў А. Насонаў, магло быць прыпісана Рагвалоду пазней. Гісторык I. Галубоўскі выказаў меркаванне, што гэта адбылося ў XII ст., калі ўзаемная барацьба кіеўскіх і полацкіх князёў дасягнула найвышэйшага напалу. Паколькі ў гэты час склалася ўяўленне аб прызванні з-за мора Рурыка, ад якога кіеўскія князі вялі свой род, то і ў Полацку была складзена легенда аб заморскім паходжанні самастойнай княскай дынастыі, што ставіла яе па годнасці роўнай кіеўскай |9°. Сапраўды, у адным з летапісаў сказана, што продак Рагвалода прыйшоў з варагаў разам з Рурыкам191.