• Газеты, часопісы і г.д.
  • Старажытная Беларусь Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне Мікола Ермаловіч

    Старажытная Беларусь

    Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
    Мікола Ермаловіч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 366с.
    Мінск 2001
    120.71 МБ
    Летапіс яскрава паказаў, што крывічы належалі да паўночнага саюза. Блізкасць крывічоў да славенаў была ўжо адзначана, як мы гаварылі вышэй, дакументам 834 г. пра Ансгарыя — папскага легата ў паўночных народаў, у тым ліку ў славенаў і крывічоў. Дарэчы будзе звярнуць увагу і вось на што. Калі ў летапісе ўпамінаюцца угра-фінскія плямёны, сярод якіх жылі славене — чудзь і мера,— балцкія плямёны (літва, латыгола, лотва), сярод якіх і побач з якімі жылі крывічы,— не ўпамінаюцца. Магчыма, гэта можна растлумачыць тым, што названыя плямёны да сярэдзіны IX ст. былі ўжо ў цэлым асіміляваны і страцілі самастойнае значэнне. Але не так даўно было выказана меркаванне, якое грунтуецца на паказаннях Наўгародскага I летапісу, што пад упомненымі ў запісе 859 г. славенамі, крывічамі і мерай трэба разумець не плямёны, а толькі выхадцаў з іх, якія былі першымі насельнікамі Ноўгарада151. У такім выпадку, вя-
    дома, балцкія плямёны не маглі ўпамінацца. Але выказанае меркаванне даволі спрэчнае. Паколькі ў запісе 859 г. называюцца паўднёвыя плямёны, то ім маглі супрацьпастаўляцца таксама толькі цэлыя плямёны, а не часткі іх.
    Дрыгавічы ні ў першай, ні ў другой групе плямёнаў не названы. Толькі Іаакімаўскі летапіс, як убачым далей, дае намёк на ўваходжанне дрыгавічоў у паўночны саюз.
    Радзімічы таксама не ўпомнены ў запісе пад 859 г. Але з паведамлення 885 г. пра тое, што гэта племя плаціла даніну хазарам, можна зрабіць вывад, што яно ўваходзіла ў паўднёвую групу.
    Многія гісторыкі бачаць галоўную прычыну ўтварэння Старажытнарускай дзяржавы ў развіцці феадалізму. Але наўрад ці можна гэту прычыну лічыць сур’ёзнай. Цяжка гаварыць пра наяўнасць феадалізму нават у сярэдзіне X ст., калі кіеўскія князі хадзілі на зіму ў палюддзе ў залежныя землі, дзе і карміліся са сваімі дружынамі і забіралі даніну. Які ж гэта феадалізм? Хутчэй за ўсё ў гэты час існавала яшчэ ваенная дэмакратыя, прыстасаваная перш за ўсё для арганізацыі набегаў на іншыя, звычайна болып багатыя, землі з мэтай захопу здабычы. Мы, вядома, не адмаўляем наяўнасці ў той час знаці, але яна не была феадальная, бо не жыла за кошт эксплуатацыі сялянства, якое заставалася ў асноўнай масе свабоднае152. Нават некаторыя сучасныя даследчыкі сумняваюцца ў тым, што да IX ст. маглі быць класы і эксплуатацыя153. Праўда, земляробства было галоўным заняткам насельніцтва, але яно стаяла яшчэ на нізкім узроўні і задавольвала толькі мінімальныя патрэбы сялянства і, відаць, не магло даваць яшчэ прыбавачнага прадукту. Нездарма ж заваяваныя землі абкладваліся данінай у выглядзе пушніны. А гэта гаворыць пра тое, што, нягледзячы на развіццё земляробства, у той час не трацілі свайго даволі прыкметнага значэння паляванне, бортніцтва, рыбалоўства. I сапраўды, калі лясы кішэлі зверыною і пчоламі, а рэкі — рыбай, не мела ніякага практычнага значэння закідваць паляванне, рыбалоўства і бортніцтва. Яны і давалі прыбавачны прадукт насельніцтву і забяспечвалі пушнінай, мёдам, воскам гандаль, у першую чаргу замежны.
    Вызначальную ролю ў гістарычнай плыні як гэтага, так і пазнейшага часу меў водны шлях, які атрымаў у летапісе назву «з варагаў у грэкі», бо злучаў сабою цераз сістэму рэк Дняпра, Дзвіны, Ловаці і Волхава Скандынавію і Візантыю. Уздоўж яго была сканцэнтравана асноўная маса ўсходнеславянскага насельніцтва. Таму зусім заканамерна, што гэта важная водная магістраль, па якой у асноўным ішоў міжнародны гандаль і ажыццяўляліся ваенныя паходы на
    Візантыю, і стала воссю дзяржаваўтваральнага працэсу. Менавіта імкненне племянной знаці да валодання гэтым шляхам і было грунтам для ўзнікнення Усходнеславянскай дзяржавы, якая атрымала ў гістарычных даследаваннях не зусім правільную назву Кіеўскай (у крыніцах яе няма). Нездарма ж яе ўтварэнне супадае з канчатковым сфармаваннем гэтага шляху ў канцы IX ст., гэтак жа як і яе канчатковы распад у пачатку XII ст. супадае з канчатковай стратай ім свайго эканамічнага значэння.
    Дзеля таго і заваёўваліся прылеглыя да воднага шляху землі, каб трымаць у сваіх руках гандаль па ім. Дзеля таго і збіралася з заваяваных земляў шматлікае і шматплямённае войска, каб рабіць з ім паходы на Візантыю. Дасягненне ўказаных мэт і вызначала галоўныя функцыі гэтай дзяржавы.
    К. Маркс называў Кіеўскую дзяржаву «імперыяй Руры кавічаў», якая была «недарэчнай» («несообразной»), «нязграбнай» («нескладной»), «скараспелай» і «шматковай» («лоскутной»)154. На жаль, у апошні час гэтая выключна глыбокая і трапная характарыстыка чамусьці забылася нашымі гісторыкамі-марксістамі, і яны пачалі паказваць Кіеўскую дзяржаву як цэнтралізаваную і адзіную. У сапраўднасці ж, як і імперыя Карла Вялікага, яна была штучным і таму нетрывалым ваенна-адміністрацыйным аб’яднаннем. У яе наспех і насуперак іх волі і інтарэсам уключаліся племянныя землі, і таму яна не мела агульнай эканамічнай базы.
    У такіх гістарычных абставінах становіцца праблематычным узнікненне старажытнарускай народнасці, існаванне якой сцвярджаецца шэрагам нашых даследчыкаў. Вядома, нельга адмаўляць пэўных тэндэнцый у яе складванні, аднак наўрад ці мог мець сваё завяршэнне гэты гістарычны працэс у «скараспелай» і «шматковай» дзяржаве. Сцверджанню аб існаванні старажытнарускай народнасці найперш супярэчыць той яскравы гістарычны факт, што Кіеўская дзяржава распалася канчаткова ў пачатку XII ст. на часткі, адпаведныя ранейшым племянным тэрыторыям. А гэта паказвае, што ўсходнеславянскія плямёны прадаўжалі існаваць. Так, напрыклад, у Лаўрэнцьеўскім летапісе крывічы ўпаміналіся яшчэ пад 1162 г., дрыгавічы — пад 1149 г., радзімічы — пад 1169 г. Хочацца спадзявацца, што наша гістарычная навука яшчэ раз звернецца да пытання аб старажытнарускай народнасці і ў ходзе плённай дыскусіі будуць вызначаны разнастайныя погляды на гэту праблему.
    К. Маркс адзначаў, што ў склад кіеўскіх дружын уліваліся новыя элементы, «нрагнучыя славы і здабычы», якія пазней сфармавалі пануючы эксплуататарскі клас і былі
    тымі, чыім інтарэсам у першую чаргу служыла гэтая дзяржава.
    Мы ўжо бачылі, што найперш дзякуючы рачной гандлёвай магістралі, у дадзеным выпадку Заходняй Дзвіне, узвысіўся Полацк. Гэтак жа і шлях з «варагаў у грэкі» вызначыў значэнне як важных палітычных цэнтраў Усходняй Еўропы Кіева і Ноўгарада. Калі Ноўгарад засланяў яго з поўначы, то Кіеў — з поўдня. Паміж імі і ўзнікла суперніцтва ў аб’яднаўчай палітыцы. У фокусе гэтай барацьбы адразу апынуліся і беларускія землі. Менавіта ў той час і выявілася выключнасць іх становішча: размяшчэнне на скрыжаванні водных шляхоў і ўкліньванне паміж землямі Паўночнай і Паўднёвай Русі. Абшары крывічоў і дрыгавічоў ляжалі ўздоўж вялікай воднай магістралі, і цераз іх праходзілі яе важнейшыя адрэзкі. Полацк знаходзіўся на Заходняй Дзві не, па якой ішоў галоўным чынам міжнародны гандаль з краінамі Прыбалтыкі'55, а праз дрыгавіцкую зямлю пралёг прыпяцка-бугскі шлях, што вёў у Заходнюю Еўропу. Маючы важнае эканамічнае і стратэгічнае значэнне, крывіцкая і дрыгавіцкая землі адразу сталі прадметам барацьбы паміж Кіевам і Ноўгарадам. Без падначалення іх нельга было ўпэўнена валодаць усім шляхам з «варагаў у грэкі», а гэтым самым і мець першынство ў справе аб’яднання ўсходнеславянскіх земляў.
    Летапіснае паведамленне 862 г. і выяўляе адзін з момантаў барацьбы за беларускія землі, у першую чаргу за Полацк. Гэты запіс паведамляе гісторыю аб так званым «прызванні» варажскіх князёў Рурыка, Сінявуса і Трувара, кожны з якіх сеў княжыць у Ноўгарадзе, Белавозеры і Ізборску156. Як бачым, летапіс з’яўленне першых рускіх князёў звязвае з дзейнасцю т. зв. варагаў, пад якімі разумеліся выхадцы са Скандынавіі — нарманы. Як у Заходняй, так і ва Усходняй Еўропе нарманская экспансія насіла розныя формы: пошукі новых земляў і перасяленні, грабежніцкія напады і пірацтва, буйныя ваенныя паходы і гандлёвыя паездкі. Мы не схільны адмаўляць пэўнага значэння варагаў ва ўсходнеславянскай гісторыі, у тым ліку і ў полацкай, паколькі найперш па Заходняй Дзвіне яны пранікалі на ўсход і на поўдзень, пра што сведчаць скандынаўскія сагі. Варагам, бясспрэчна, належыць пэўная роля ва ўтварэнні нашага ваенна-феадальнага класа і купецтва. Аднак яны не мелі і не маглі мець вырашальнага значэння ва ўтварэнні ўсходнеславянскіх дзяржаў, хоць нават і стаялі пэўны час на чале іх. Працэс дзяржаваўтварэння пачаўся задоўга да сярэдзіны IX ст., але паколькі завяршэнне яго супала са з’яўленнем варагаў, то гэта і дало повад летапісцу паказаць
    апошніх як першых усходнеславянскіх князёў. Трэба таксама ўлічваць, што шэраг гісторыкаў (С. Гедэонаў, I. Забелін і інш.) адмаўлялі нарманскае паходжанне варагаў і лічылі іх выхадцамі з балтыйскіх славянаў. А сучасны гісторык А. Г. Кузьмін паказвае іх як славянізаваных кельтаў157. Мы не надаём значэння паходжанню варажскіх князёў. Галоўнае не паходжанне, а тое, чыімі інтарэсамі яны кіраваліся ў сваёй дзейнасці. А кіраваліся яны, бясспрэчна, інтарэсамі той мясцовасці, дзе яны княжылі, інакш бы яны так доўга не сядзелі там. Нават калі ўказаныя князі былі і скандынаўскага паходжання, гэта ніколькі не паўплывала на славянскі характар першых усходнеславянскіх палітычных утварэнняў.
    У адносінах да Рурыка і яго братоў хочацца звярнуць увагу на адну акалічнасць. Яны, як сведчыць летапіс пад 862 г., прыйшлі «с роды свонмн». Нам здаецца, што ў гэтым схавана разгадка таго, чаму трохі раней паўночныя плямёны прагналі варагаў за мора і адмовіліся плаціць ім даніну. Бо тыя варагі былі тыповымі «находнікамі», якія больш клапаціліся пра свае інтарэсы і інтарэсы сваіх родаў, што жылі ў Скандынавіі. Таму прадстаўнікі паўночных плямёнаў, трэба думаць, і паставілі адной з умоў новым варажскім князям ісці з усімі сваімі родамі, чым забяспечвалася хутчэйшае ўкараненне іх у новых землях, а разам з тым і зрашчэнне іх інтарэсаў з інтарэсамі апошніх. Але мы трохі адхілімся ўбок.
    Для нас самым важным з летапіснага запісу 862 г. з’яўляецца паведамленне пра тое, што Рурык пасля смерці сваіх братоў зрабіўся адзінадзяржаўцам, стаў раздаваць сваім мужам гарады, у тым ліку аднаму з іх Полацк158. Нам здаецца, што ў гэтым запісе,незалежна ад таго, наколькі ён праўдзівы ў дэталях, вельмі добра выявілася тэндэнцыя Ноўгарада да ператварэння саюза паўночных плямёнаў, магчыма, добраахвотнага, выкліканага неабходнасцю барацьбы з варагамі, у больш аб’яднаную дзяржаву. Калі ўлічыць, што Рурык пасадзіў сваіх «мужоў», апроч Полацка, у Растове і Белавозеры, то можна лёгка ўбачыць, на якую вялізную тэрыторыю пашырыў сваю ўладу Ноўгарад. Асаблівым поспехам для яго было падначаленне Полацка, што не магло не ўстрывожыць Кіеў і не выклікаць неадкладных мер з боку яго князёў Аскольда і Дзіра. Мы дазволім сабе крыху больш падрабязна спыніцца на наступнай гістарычнай падзеі, паколькі яна пакуль што недастаткова асветлена ў літаратуры, хоць і мела, як убачым, важныя вынікі для лёсу беларускіх земляў.