Старажытная Беларусь
Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
аб ваўкалаках і змеях і сведчанне «Слова аб палку Ігаравым» пра Усяслава Полацкага, што нібыта ён воўкам’бегаў. Звярталі ўвагу і на блізкасць імя «неўры» да назваў рэк у басейне Зах. Буга і сумежных тэрыторый, такіх, як Нура, Нурэц, Нурчык і ім падобныя. 3 аднаго боку, неўры атаясамліваюцца з групай усходне-балтыйскіх плямёнаў109, а з другога боку, яны адносяцца да кельтаў, пазней, магчыма, асіміляваных балцкім племем эстыеў (аістаў)110. Што неўры жылі на тэрыторыі заходняй часткі Беларусі і на ўсходзе сучаснай Літвы, можа сведчыць наяўнасць такіх тапонімаў, як Наўры (Княгінінская вол. Вілейскага пав.), Нераўка (Крэўская вол. Ашмянскага пав.), Нарвелішкі (Трабская вол. Ашмянскага пав.) і асабліва Неўрышкі (Жыжморская вол. Троцкага пав.), гэтак жа сама як і літоўская назва ракі Вяллі — Нерыс. Цяжка сказаць, ці тут быў асноўны масіў неўраў, ці толькі нейкая частка іх, але яны, бясспрэчна, тут жылі і таму не маглі не пакінуць сваіх слядоў у тапаніміцы і фальклоры, на што, як мы бачылі, указвалі даследчыкі. Такім чынам, незалежна ад таго, кім у этнічных адносінах былі неўры — славянамі, балтамі ці кельтамі,— іх мы можам з поўным правам адносіць да ліку нашых продкаў.
ВОЛАТЫ шэрагам даследчыкаў лічыліся першымі насельнікамі Беларусі. I гэта, на першы погляд, мела пад сабой сур’ёзную падставу. Сапраўды, у многіх месцах Беларусі і сумежных з ёй раёнаў мноства айконімаў і паасобныя гідронімы звязаны з волатамі (да таго ж курганы называюць валатоўкамі, у якіх, паводле паданняў, пахаваны волаты, нашы продкі, прычым волаты разумеюцца не як асобныя адзінкі, а як цэлы народ). Такой думкі прытрымліваліся П. Шафарык, Ф. Буслаеў, А. Спіцын. Першы з іх выклаў тэорыю, што волаты азначалі народ велетаў, якія, у сваю чаргу, атаясамліваліся з славянскім племем люцічаў, што адначасова называліся ваўкамі. Зазначым, што геаграфічная наменклатура Беларусі і Расіі ведае вялікую колькасць гідронімаў і айконімаў, якія вядуць сваё паходжанне і ад велетаў і волатаў, і ад люцічаў і ваўкоў (ваўчкоў), і таму па іх цяжка меркаваць, ці гэта розныя плямёны, ці гэта розныя назвы аднаго племя.
Аднак атаясамленне велетаў-волатаў з люцічамі-ваўкамі вельмі праблематычнае, як адзначыў у свой час А. Ясінскі. Бн слушна заўважыў, што велеты, упершыню названыя Пталамеем як вельты і паказаныя ім у вусці Нёмана, хутчэй за ўсё былі балтамі з рэшткамі кельтаў і што не было славянскага народа, які называў бы сябе велетамі Паколькі велеты былі балтамі і жылі ў вусці Нёмана, то можна дапусціць, што яны былі захоплены ў каланізацыйным руху
крывічоў і разам з імі ішлі ў глыб сённяшніх беларускіх і рускіх земляў. Нездарма ж там, дзе існуюць крывіцкія тапонімы, ёсць і велетаўскія, як, напрыклад, у Лемяшоўскай вол. Пінскага пав., у Старобінскай вол. Слуцкага пав. і ў Красналуцкай вол. Барысаўскага пав., дзе побач з назвамі Крывічы і Крыўкі мы знаходзім назвы Вяляцічы і Волатава. He выключана і тое, што крывічоў, якія змяшаліся з велетамі-волатамі ў суседніх абласцях, куды яны сталі пранікаць, таксама называлі волатамі. Гэтым, відаць, трэба тлумачыць і наяўнасць тапонімаў ад назвы «волат» у Наўгародскай, Цвярской, Уладзімірскай, Маскоўскай, Тульскай і іншых былых губернях, куды пранікала крывіцкая каланізацыя. Праўда, А. Ясінскі адмаўляў існаванне волатаў як народа, лічыў іх міфалагічнымі істотамі, у якіх увасоблена народнае ўяўленне пра веліканаў, што некалі засялялі зямлю. Аднак гэта не здымае пытання аб існаванні волатаў як народа.
Добра вядома, што і ў іншых народаў назвы гігантаў маюць этнічнае паходжанне: у рускіх «нсполнн» ад спален (назва народа), у палякаў ад обраў, у немцаў магіла веліканаў называецца магілай гуна і г. д. Трэба думаць, што і волаты ў беларусаў не складаюць выключэння. Абазначэнне імі магутнага чалавека, асілка паходзіць таксама ад назвы народа — волатаў.
Такім чынам, адносіць волатаў да славянаў пакуль што няма сур’ёзных падстаў. Болей за ўсё верагодна, што балцкае племя велетаў, захопленае крывічамі ў іх руху на ўсход, рассялілася разам з імі, а пасля, аславяніўшыся, гтала вядомым пад назвай велетаў-волатаў.
Усё гэта патрабуе далейшага даследавання, у выніку чаго можа быць раскрыта адна з важнейшых таямніц нашай старажытнасці.
Такім чынам, можна меркаваць, што тэрыторыя Беларусі была месцам выключна інтэнсіўнага славянскага засялення і рассялення. Тут праходзілі і скрыжоўваліся шматлікія славянскія дарогі. Апроч дрыгавічоў, крывічоў і радзімічаў, якія склалі асноўны масіў славянства на Беларусі, тут прайшлі або часткова аселі дулебы, славене, драўляне, севяране, а таксама многія высяленцы з паморскіх славянскіх земляў.
Валатоўкі на беразе возера Доўжыца — славянскія пахаванні X—XI стагоддзяў
ПЛЕМЯННЫЯ САЮЗЫ I «КНЯЖАННЬ
Што ж сабой уяўлялі славянскія плямёны, у тым ліку дрыгавічы, крывічы і радзімічы? Розныя даследчыкі парознаму глядзелі на іх. Адны лічылі іх устойлівымі этнічнымі ўтварэннямі, другія бачылі ў іх слаба звязаныя між сабою паасобныя групы і нават сем’і, якія не мелі сталых межаў, увесь час рассяляючыся. Аднак, на наш погляд, нельга адной меркай мераць усе плямёны, не ўлічваючы канкрэтных умоў рассялення кожнага з іх. Што характэрна было для аднаго племя, таго не было ў іншага і наадварот. Сапраўды, хіба можна ставіць знак роўнасці паміж радзімічамі з аднаго боку і дрыгавічамі і крывічамі з другога боку. Калі радзімічы з прычыны іх малалікасці занялі строга акрэсленую тэрыторыю — Пасожжа, то дрыгавічы і крывічы ўвесь час рассяляліся, мяняючы свае межы і пашыраючы сваю тэрыторыю. Паводле тых рачных сістэм, якія яны занялі, мы адрозніваем прыпяцкіх (карэнная іх тэрыторыя), бярэзінска-друцкіх, нёманскіх і дзвінскіх дрыгавічоў. Крывічоў па тым жа прынцыпе мы дзелім на нёманскіх, дзвінскіх, дняпроўскіх, пскоўскіх (па р. Вялікай іх некаторыя сучасныя даследчыкі адмаўляюць) і волжскіх.
I не толькі ў геаграфічным, але і ў этнічным плане славянскія плямёны не былі адзіныя, прынамсі, у пачатку іх гісторыі. Дрыгавічам, крывічам і радзімічам, магчыма, на новым месцы спатрэбілася весці барацьбу з іншымі славянскімі плямёнамі ці родамі, якія для нас засталіся невядомымі, за сваё дамінуючае становішча, бо тое, што летапіс называе племем, сучасная гістарычная навука лічыць саюзам плямёнаў. Гэта пацвярджае і археалогія. Г. Ф. Салаўёва ўстанавіла на тэрыторыі дрыгавічоў два тыпы славянскіх пахаванняў, у заходніх (г. зн. беларускіх) крывічоў — тры, а ў радзімічаў нават восем.
Адносна дрыгавічоў і крывічоў летапіс сведчыць, што ў іх, як і ў палянаў, драўлянаў і славенаў, былі свае «княжанні». Можна думаць, што мелася сваё княжанне і ў радзімічаў, бо без сур’ёзнай іх арганізацыі не было б патрэбы ў 984 г. ваеннай сілай падначальваць іх уладзе Кіева. Разам з сваёй палітычнай самастойнасцю радзімічы, відаць, былі пазбаўлены і свайго «княжання», і памяць аб ім да пачатку XII ст., калі складаўся летапіс, страцілася. Праўда, гэта не прывяло радзімічаў да страты свайго этнічнага вобліку. Жывучы пасля ў розных палітычных сістэмах, яны захавалі сваю еднасць і сувязь з усёй тэрыторыяй сённяшняй Беларусі і ўвайшлі ў яе склад.
Летапісная інфармацыя аб «княжаннях» вельмі скупая, і таму цяжка выказаць пра іх пэўную думку. Можна меркаваць, што дрыгавічы яшчэ да перасялення на Беларусь мелі сваё «княжанне», бо пад 685 г. у македонскіх дрыгавічоў, якія, відаць, з’яўляліся супляменнікамі нашых, упамінаюцца князі "2. He выключана, што такія «княжанні», а разам з імі і князі былі да перасялення і ў крывічоў і радзімічаў, бо без гэтага ім наўрад ці ўдалося б заняць дамінуючае становішча і сярод балтаў і сярод іншых славянскіх родаў. Што да радзімічаў, то летапіс называе Радзіма, на чале з якім яны і прыйшлі на Сож. Магчыма, што ён і быў іх князем.
Летапісныя «княжанні» дрыгавічоў і крывічоў былі самастойнымі племяннымі адзінкамі, у аснове якіх ляжала родавая абшчына і якія кіраваліся князем, цалкам залежным ад веча. У сучаснай гістарычнай навуцы ўсё болей умацоўваецца перакананне, што племянныя «княжанні» былі за родкавай формай дзяржаўнасці113. I з гэтым трэба пагадзіцца, хоць у той час яшчэ не было класавага грамадства. Дзяржаўная арганізацыя ўзнікае найперш як вынік ускладнення грамадскага жыцця (асабліва з прычыны росту насельніцтва) і неабходнасці яго рэгулявання. У развіцці грамадства наступае такі момант, калі ўжо ўмення і аўтарытэту родавага ці племяннога старэйшыны недастаткова для забеспячэння грамадскага парадку і паступова вырастае неабходнасць мець асобных людзей, якім даручаецца адказнасць за паасобныя бакі грамадскага жыцця. Так узнікае дзяржаўны апарат. Толькі пасля ўжо ён выкарыстоўваецца больш моцнымі элементамі грамадства ў сваіх інтарэсах. А з гэтым самым узнікае яго класавая сутнасць.
СЛАВЯНЕIБАЛТЫ
Само сабой зразумела, што масавы і неаднаразовы прыліў славянаў на тэрыторыю балтаў не мог не прывесці да своеасаблівай этнічнай рэвалюцыі. Менавіта з часу прыходу славянаў на тэрыторыю Беларусі і пачатку іх сумеснага жыцця з балтамі і пачынаецца самазараджэнне беларускага народа і яго самаразвіццё.
У сучаснай гістарычнай навуцы дамінуе думка, што ўзаемаадносіны славянаў з карэннымі насельнікамі былі ў асноўным мірныя114. Але адначасова чуюцца галасы пакончыць з саладжавай ідэалізацыяй працэсу славянскай каланізацыі балцкіх і фіна-угорскіх земляў, які нібыта працякаў
у выглядзе павольнай мірнай інфільтрацыі славянаў на пустуючыя ўчасткі ўладанняў сваіх суседзяў. Славяне, гавораць гэтыя даследчыкі, нічым не адрозніваліся ад іншых народаў, якія шляхам заваяванняў пашыралі сваю тэрыторыю115. I гэта не беспадстаўна. Устаноўлена, што на рубяжы VII—VIII стст. большасць умацаванняў балцкага насельніцтва банцараўска-тушэмленскай культуры загінула ў выніку пажараў1"’. Гэта вельмі красамоўны факт, і ён, бясспрэчна, звязаны з гвалтоўнымі дзеяннямі. У археолагаў няма адзінай думкі наконт існавання ваенна-палітычнай арганізацыі балтаў. Адны з іх адмаўляюць яе117, другія сцвярджаюць, што яна існавала на ўзроўні саюзу плямёнаў і магла захоўваць бяспеку асобных абшчынаў" . Супраціўленне балтаў новым прышэльцам, відаць, і прывяло да гібелі балцкіх умацаванняў.