Старажытная Беларусь Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне Мікола Ермаловіч

Старажытная Беларусь

Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
120.71 МБ
ДРЫГАВІЧЫ былі адным з тых плямёнаў, што адыгралі вырашальную ролю ва ўтварэнні беларускага народа. Хоць яны па традыцыі і лічацца племем паўднёвага паходжання, аднак у некаторых сучасных даследчыкаў няма цвёрдай упэўненасці ў гэтым31, а іншыя нават адносяць іх да плямёнаў заходняга паходжання32. Усё ж летапіснае паведамленне пра тое, што дрыгавічы пасяліліся паміж Прыпяццю і Дзвіной, паказвае, што кірунак іх рассялення ішоў з поўдня на поўнач. He выключана, што дрыгавічы былі патомкамі зарубінецкіх плямёнаў, якія жылі і на поўдні Беларусі і якія некаторыя даследчыкі лічаць за славянскія.
Назву дрыгавічоў старажытны летапісец выводзіў ад «дрыгвы», якая была характэрнай асаблівасцю мясцовасці, дзе яны аселі. Хоць такая думка пра паходжанне гэтай племянной назвы і цяпер падтрымліваецца некаторымі даследчыкамі, аднак гэты погляд трэба прызнаць устарэлым. Па характары мясцовасці, паводле летапісу, празваны далёка не ўсе ўсходнеславянскія плямёны, а толькі паляне, драўляне і дрыгавічы. Аднак паляне былі і ў Польшчы (адсюль і палякі). Драўляне, ці дзераві, жылі і на левым беразе Эльбы. Тое ж самае ў адносінах дрыгавічоў. Асноўная іх маса, бясспрэчна, пасялілася на Беларусі. Але некаторыя часткі гэтага племя апынуліся ў іншых мясцовасцях, дзе яны мелі тую ж самую назву, хоць там ніякай дрыгвы не было, як, напрыклад, у Македоніі (у ваколіцах г. Сялуна), па звестках паміж 669 і 886 гг., ці ў Фракіі на р. Драгавіц, паміж Салонікамі і Вярэяй. Былі дрыгавічы і ў палабскіх славянаў, пра што сведчаць дрыгавіцкія назвы вёсак, засведчаныя дакументамі 946 і 1150 гг. і пазнейшым часам33. Усе гэтыя факты прымушаюць усумніцца ў паходжанні назвы дрыгавічоў, як і палянаў, і драўлянаў, ад характару мясцовасцяў, у якіх яны асёлі. Што да назвы дрыгавічоў, то наяўнасць у ёй суфікса «іч» наводзіць на думку аб яе патранімічным характары. Гэта прызна-
Капыльскае гарадзішча дрыгавічоў
ваў і У. Завітневіч34. I сапраўды, калі б яна была ўтворана ад «дрыгвы», то мела б форму «дрыгаўляне» (па ўзору «паляне» і «драўляне»). Хутчэй за ўсё, мабыць, што назва дрыгавічоў паходзіць ад славянскага імя Дрыгавіт35, як радзімічы ад Радзіма і вяцічы ад Вяткі. Гэта тым болып верагодна, што ў Канстанціна Парфірароднага і ў «Жыціі Дзмітрыя Салунскага» яны выступаюць як «другувіты», «драгувіты» і «дрогувіты»36. Пры «р» быў досыць невыразны галосны гук, які перадаваўся па-рознаму візантыйцамі. Ён па-рознаму мог гучаць і ў славянскім вымаўленні. Як бачым, болып правільнай формай гэтай назвы трэба лічыць «драгавічы». I вельмі шкада, што ў беларускай навуковай літаратуры ўкаранілася яўна няправільная форма «дрыгавічы». Тут дарэчы будзе адзначыць пахвальную спробу Л. Аляксеева ўжываць форму «дроговнчн».
Паўднёвая мяжа рассялення дрыгавічоў ішла на поўдзень ад Прыпяці па мяжы былых Менскай і Валынскай губерняў, дзе-нідзе толькі заходзячы яшчэ далей на поўдзень (у міжрэччы Гарыні і Стыры). Тут дрыгавічоў ад драўлянаў аддзяляла досыць шырокая балоцістая прастора37.
Густынскі летапіс, гаворачы пра дрыгавічоў, зазначыў, што яны рассяліліся паміж Прыпяццю, Дняпром і Дзвіною38. I гэтым самым у адрозненне ад іншых летапісаў адзначыў іх усходнюю мяжу. А яна ішла па левым беразе Дняпра на поўнач ад упадзення ў яго Прыпяці.
Вельмі дыскусійнымі ў навуцы былі паўночныя і заходнія рубяжы дрыгавічоў. У летапісе сказана, што дрыгавічы жылі паміж Прыпяццю і Дзвіною, з чаго можна зрабіць вывад, што яны рассяліліся да самай Дзвіны (у далейшым пры разглядзе іншага важнага пытання мы прывядзём яшчэ адно летапіснае сведчанне аб пранікненні дрыгавічоў да Дзвіны).
Калі ўлічыць, што дрыгавіцкая каланізацыя на поўнач ішла па левых прыпяцкіх прытоках Случы, Пцічы і асабліва па Дняпры і яго правых прытоках Бярэзіне і Друці, то гэта ўжо не так і неверагодна. Але археолагі на падставе сваіх матэрыялаў, дарэчы, больш позняга паходжання (X—XI стст.), адмаўляюць гэта сведчанне летапісу і лічаць, што паўночная мяжа дрыгавічоў ішла па лініі Заслаўе — Лагойск — Барысаў — водападзел Бярэзіны і Друці39. У свой час У. Завіт невіч, палемізуючы з М. Барсавым, даказваў, што мяжа паміж дрыгавічамі і крывічамі ішла па водападзелу Вяллі і Бярэзіны з аднаго боку і Зах. Дзвіны з другога боку40. Мы лічым праблему дакладнага размежавання ў старажытнасці крывічоў і дрыгавічоў некалькі штучнай. Справа ў тым, што паміж гэтымі плямёнамі ніколі не існавала стабільнай мяжы, яна ўвесь час мянялася, паколькі яны былі ўвесь час у стане ўзаемапранікнення і абодва засялілі ўсю тэрыторыю Беларусі. I сапраўды, калі крывічы прыйшлі да Прыпяці, то дрыгавічы — да Дзвіны. Е. Раманаў, грунтуючыся на дадзеных мовы, песеннай творчасці і бытавой абраднасці, сцвярджаў, што дрыгавічы дасягнулі Дзвіны, засялілі Дрысенскі павет, прасунуліся на захад, дзе засялілі ўсходнюю частку Дзвінскага павета і паўднёвую — Люцынскага41. Цалкам дапушчальна, што наяўнасць тапоніма Дрыгучы (Мёрскі р-н), які можа быць сцягнутай формай назвы «дрыгавічы», пацвярджае думку Е. Раманава пра рух дрыгавічоў з-пад Дрысы на захад (в. Дрыгучы знаходзіцца на правым беразе Дзвіны42). He выключана, што тапонімы Дрэгелі і Дрэгі ў б. Дзвінскім павеце43 таксама пакінуты дрыгавічамі, гэтак жа як і тапонімы і антрапонімы Драгуны, якія сустракаюцца ў паўночназаходняй Беларусі44. Даследчыкамі адзначалася, што дрыгавічы не пакінулі сваіх тапонімаў45. А гэта тлумачыцца, як бачым, тым, што іх шукалі не там, дзе яны былі. А знаходзіліся яны ў раёне Зах. Дзвіны, якая, такім чынам, з’яўлялася паўночнай мяжой іх рассялення, што цалкам стасуецца з паказаннямі летапісу.
Трэба прызнаць слушнай думку ранейшых даследчыкаў М. Барсава, А. Андрыяшава, М. Доўнар-Запольскага і сучаснага М. Грынблата, якія грунтоўна даказалі прыналежнасць дрыгавічам тэрыторыі Берасцейскай зямлі і б. Гродзенскага павета46. Навукай выключна дакладна ўстаноўлена, дзе сутыкнуліся рубяжы дрыгавіцкай і польскай (мазавецкай) каланізацый: крайнім мазавецкім горадам была Візна. Можна і цяпер прасачыць лінію ў Бельскім і Беластоцкім паветах, дзе стрэліся дзве славянскія стыхіі: на ўсходнім баку знаходзяцца вв. Слохі, Агароднікі, Клекатава, Крупец, Рогаўка, Клюкава, Верашэйкі, Журобіца, Горнава, Дубрэйкі. Усюды
тут цяпер гавораць па-беларуску47. Тое, што тут пры наяўнасці досыць узмоцненай валынскай каланізацыі ўсё ж запанавала беларуская мова, гаворыць за перавагу тут дрыгавіц кай каланізацыі. Адначасова гэта было і вынікам таго, што тут, на заходніх рубяжах, як і ў іншых месцах Беларусі, дрыгавічы ішлі рука ля рукі з крывічамі, што будзе паказана намі далей.
Рассяленні дрыгавічоў на такой вялікай прасторы (Папрыпяцце, Падняпроўе, Панямонне і Пабужжа) мела ў далейшым надзвычай важныя вынікі як для лёсу самога племя, так і для гісторыі ўсёй Беларусі.
ДУЛЕБЫ. 3 поўдня, правільней — з паўднёвага захаду, выселілася на Беларусь частка дулебаў — аднаго з самых старажытных славянскіх плямёнаў. Паводле А. Шахматава, гэта магло адбыцца ў выніку нашэсця авараў48. Можна думаць, што, дайшоўшы да вусця Бярэзіны, частка дулебаў пайшла ўверх па гэтай рацэ і асела ў сярэднім яе цячэнні, на р. Ольсе, пра што сведчаць тут гідронім Дулебка, тапонімы Дулебна (Клічаўскі р-н) і Дулебы (Бярэзінскі р-н) і антрапонім Дулеба49. Другая ж частка дулебаў перайшла Дняпро і асела ў Пасожжы (р. Дулепа, прыток Чачоры50).
Зазначым, што дулебскія гідронімы могуць гаварыць аб вельмі раннім пранікненні сюды гэтага племя, магчыма, раней за дрыгавічоў. Калі па Бярэзіне нейкая колькасць дулебаў выйшла ў Дзвінскі басейн і дасягнула Пскоўшчыны (в. Дулебы Остраўскага пав.), то з Пасожжа яны прайшлі ў басейн Акі (в. Дулебіна Кашырскага пав. Тульскай губ.51).
Відаць, бярэзінская групоўка дулебаў была самая знач ная на Беларусі. Цікава, што тут менавіта і захаваліся легенды пра іх мінулае. Адна з іх, што легла ў аснову верша К. Каганца «Сцяты камень», апавядае пра адзінаборства дулебскага князя Кумара з варожым князем Гудам52. Магчыма, у ёй захаваўся ўспамін пра барацьбу з готамі.
Дарэчы, знаходжанне дулебаў на Бярэзіне робіць беспадстаўным сцверджанне аб познім пранікненні сюды славянаў53.
ВАЛЫНЯНЕ (велыняне), якія жылі ў вярхоўях Зах. Буга і вытокаў Прыпяці, мелі спрыяльныя ўмовы для пранікнення ў паўднёвую і паўднёва-заходнюю часткі Беларусі. I сапраўды, іх каланізацыя тут набыла значныя памеры. Паасобныя ж высяленні валынянаў былі і ў паўночных раёнах Беларусі (вв. Валынь Глыбоцкага, Валынцы Верхнядзвінскага, Валынцава Горацкага раёнаў). Антрапонім «Валынец» і яму падобныя — вельмі частыя ў Беларусі. I хоць валынскія ўплывы ў нас нідзе не набылі дамінуючага
значэння, усё ж яны пакінулі свае сляды і ў паасобных беларускіх гаворках, і нават у антрапалагічных рысах беларусаў54.
ДРАЎЛЯНЕ пакінулі толькі паасобныя свае выселкі ля паўднёвых межаў дрыгавічоў.
СЛАВЯНСКАЕ
ЗАСЯЛЕННЕ 3 ЗАХАДУ
Цяпер пяройдзем да плямёнаў заходняга паходжання. Есць падставы думаць, што з захаду славяне пачалі вычляняцца тады, калі яны яшчэ насілі назву венеды (венеты, венды). Інакш цяжка растлумачыць з’яўленне тапонімаў Вендараж і Вендрыж у Магілёўскім р-не.
СЛАВЕНЕ былі тым славянскім племем, якое першае вялікай масай ішло з захаду цераз Беларусь і часткова асела ў ёй. Яшчэ I. Забелін, грунтуючыся на тапаніміцы, на наш погляд, пераканаўча давёў факт прасоўвання славенаў па Нёмане. Сапраўды, наяўнасць на ўсім працягу гэтай ракі і яе правых прытокаў, а таксама прытокаў Верхняга Дняпра і Дзвіны такіх тапонімаў, як Шлаванты, Славянцішкі, Славенск, Славагошч, Славені і ім падобныя, пацвярджае такі вывад. I. Забелін лічыў, што Славенск (зараз вёска ў Валожынскім р-не) і Славагошч (Лагойскі р-н) доўгі час былі важнымі цэнтрамі славенскай каланізацыі55. Праўда, П. Шафарык думаў, што тапонімы Славені і ім падобныя былі сведчаннем таго, што ў дагістарычныя часы на тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай і Валынскай губ. жылі славене, якія ў VI ст. перасяліліся на Балканы, а іх месца занялі іншыя славянскія плямёны, і таму назвы крывічоў, палачанаў узмацніліся, а імя славенаў зменшылася і засталося толькі за ільменскімі славенамі56. М. Грынблат дапускаў, што тапонімы тыпу «Славені» з’явіліся на тэрыторыі крывічоў і дрыгавічоў у выніку паасобных тут пасяленняў славенаў57. Але ў першым і другім выпадках не было ўзята пад увагу тое, што гэтыя тапонімы цягнуцца ад вусця Нёмана, ясна ўказваючы, адкуль ішлі славене. I таму мы лічым думку I. Забеліна больш слушнай. Усё гэта прымушае вывесці меркаванне аб славенах як магчымых славянскіх насельніках Беларусі, тым больш што В. Сядоў у апошні час таксама пацвердзіў прыход славенаў, як і крывічоў, з паўночнага захаду . А гэта значыць, што яны маглі ісці толькі цераз Беларусь. На жаль, В. Сядоў нічога не сказаў пра тое, хто ж раней ішоў — крывічы ці славене? Праўда, у адным месцы ён зазначыў пра даўняе пранікненне славенаў на тэрыторыю