Старажытная Беларусь
Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
Па даліне ракі Ушачы ішло рассяленне крывічоў
пскоўскіх крывічоў59, з чаго можна зрабіць вывад, што ён лічыць крывічоў больш даўнімі насельнікамі за славенаў, прынамсі, у гэтым раёне. 3 свайго боку, мы мяркуем, што славене, выціснутыя крывічамі, якія прыйшлі пазней, павінны былі адступаць на поўнач, да Ільменя, дзе і стварылі пазней сваё княжанне. Магчыма, з гэтага часу і бярэ пачатак варожасць паміж крывічамі-палачанамі і славенамі-наўгародцамі, якая так выразна выяўлялася ў пазнейшы час.
Але трэба з жалем канстатаваць, што ў пытаннях славянскага засялення Беларусі ўсё яшчэ даводзіцца ў вялікай ступені абыходзіцца здагадкамі. I. Забелін, выклаўшы сваю
гіпотэзу, зазначыў: «Правільныя раскопкі курганаў і гарадзішчаў у тых мясцовасцях, дзе сустракаюцца тапонімы тыпу «Шлаванты», «Славенск», «Славені», маглі б раскрыць многае ў адносінах праверкі гэтага меркавання» . Амаль праз стагоддзе В. Сядоў паўтарае тое ж самае ў адносінах крывіцкіх (калі яны сапраўды крывіцкія і калі яны там ёсць) доўгіх курганоў у Верхнім Панямонні: «На жаль, гэтыя старажытнасці дасюль не падвяргаліся сур’ёзным раскопачным даследаванням»61. Усё гэта добра характарызуе, як Hama навука топчацца на адным месцы ў вырашэнні важнейшых праблем. Трэба зазначыць, што ў Панямонні захавана нямала таямніц, раскрыццё якіх зможа больш-менш здавальняюча растлумачыць паасобныя моманты нашай гісторыі.
КРЫВІЧЫ побач з дрыгавічамі адыгралі першаступенную ролю ў фармаванні беларускага народа. Яны, бясспрэчна, былі самым шматлікім усходнеславянскім племем. Пра гэта сведчыць тая вялікая прастора, на якой яны рассяляліся, а менавіта: ад Верхняга (а магчыма, і Сярэдняга) Панямоння да Кастрамскога Паволжа, ад Пскоўскага возера да Верхняга Сожа і Дзясны62.
I па сённяшні дзень ідуць спрэчкі аб тым, ці былі крывічы славянамі. У свой час А. Шлёцар на падставе таго, што ў першым пераліку ўсходнеславянскіх плямёнаў Лаўрэнцьеўскі летапіс не ўпамінае крывічоў, палічыў немагчымым адносіць апошніх да славянаў і прызнаваў іх за латышоў. П. Шафарык абвяргаў гэту думку. У ліку іншага ён заўважыў, што латышы ўсіх усходніх славянаў называюць «крэвамі», г. зн. крывічамі, якія былі іх непасрэднымі суседзямі. Такога, вядома, не адбылося б, калі б крывічы з’яўляліся родзічамі латышоў.
У далейшым даследчыкамі не выказвалася сумнення ў славянскай прыналежнасці крывічоў, аднак у самы апошні час зноў усплыла напаверх думка Шлёцара, і пра іх сказана, што яны былі або ўсходнім балцкім племем, або моцна збалтызаванымі славянамі63. Першае наўрад ці можа быць правільным, бо ў тым месцы летапісу, дзе гаворка ідзе пра паганскія звычкі славянскіх плямёнаў, побач з вяцічамі, радзімічамі і севяранамі названы і крывічы64. Што да другога, то не толькі крывічы, але і дрыгавічы і радзімічы, пасяліўшыся сярод балтаў і пражыўшы доўгі час у іх асяроддзі, сталі ў пэўнай ступені збалтызаванымі.
Дадзеныя, якія маюцца ў распараджэнні сучаснай гістарычнай навукі, даюць падставу лічыць устарэлай думку аб прыходзе крывічоў з поўдня. Сапраўды, цяжка ўявіць, каб такое магутнае племя магло быць выцеснена з поўдня Бела-
Полацкае гарадзішча
русі дрыгавічамі, як у свой час лічыў П. Галубоўскі65 і іншыя даследчыкі, і замацавацца толькі на Дзвіне. Апроч таго, вельмі розняцца археалагічныя культуры крывічоў і славянаў Сярэдняга Падняпроўя. Адрозненне назіраецца і ў моўных асаблівасцях гэтых славянскіх груп66.
У пачатку 20-х гадоў нашага стагоддзя К. Буга і А. Спіцын выказалі думку аб заходнім паходжанні крывічоў: першы — з Полыіічы, другі — з Германіі. У апошні час гэты погляд на рознабаковым навуковым матэрыяле (археалагічным, лінгвістычным і тапанімічным) пацвердзіў В. Сядоў. Праўда, некаторыя даследчыкі яго аспрэчваюць. Аднак такі аргумент, як адсутнасць доўгіх курганоў у Бужска-Вісленскім міжрэччы, не можа быць сур’ёзна ўзяты ў разлік, бо ў апошні час прыналежнасць доўгіх курганоў да крывіцкіх старажытнасцяў бярэцца пад сумненне67. Наогул, археалагічныя довады пакуль што яшчэ вельмі спрэчныя і хісткія, каб толькі на іх можна было абаперціся ў навуковай дыскусіі.
Са свайго боку, было ўказана на вобласць пашырэння прозвішчаў з суфіксам «енка» (тыпу «Бандарэнка»), што цягнецца суцэльнай непарыўнай паласой з Сярэдняга Падняпроўя ў Верхняе і ўніз па Заходняй Дзвіне, уключаючы раён Полацка68. Гэта быццам бы гаворыць пра дняпроўскае паходжанне крывічоў. Аднак нельга прозвішчамі, якія з’явіліся ў пазнейшы час, абгрунтоўваць з’явы глыбокай старажытнасці.
Гэтак жа як і рух славенаў, так і рух крывічоў добра паказвае тапаніміка. Найперш звернем увагу на наяўнасць
Заслаўе. Гарадзішча «Замачак»
крывіцкіх тапонімаў у палабскіх вёсках, што ўпамінаюцца ў граматах каля 1160 і 1320 гг. А некаторыя крывіцкія назвы існавалі яшчэ ў XIX ст.69. Трэба звярнуць увагу і на тое, што на польскіх землях таксама рассыпана нямала крывіцкіх тапонімаў. Мы знаходзім іх у былых губернях: Варшаўскай, Люблінскай, Калішскай, Келецкай, Плоцкай, Седлецкай і Петракоўскай70.
Асабліва шмат крывіцкіх тапонімаў у былой Сувалскай губерні: Крэйвяны, Крэйвае, Крэйва, Кржывулькі, Кржывец, Крэўнішкі, Крэвінскі, Кржыве, Крэйвінцы, Кржыванды і Крэйве71. Цалкам магчыма, што апошнімі тапонімамі адзначаны шлях прасоўвання крывічоў на ўсход, у Панямонне. А ў цэлым прыведзеныя тапонімы могуць пацвярджаць думку аб прыходзе гэтага племя праз Нёманска-Бугаўскае міжрэчча.
Нельга таксама абысці факт наяўнасці крывіцкіх тапонімаў у Венгрыі, Галіцыі, на Падоллі і Валыні, у былой Кіеўскай губ. . Крывіцу ў Ровенскім павеце польскі гісторык Нарушэвіч нават лічыў сталіцай крывічоў73. Гэтыя факты не даюць магчымасці выключыць руху крывічоў з-пад Карпатаў цераз Падолле, Валынь і Кіеўшчыну ў заходнюю частку Беларускага Палесся, дзе мы знаходзім тапонімы: Крыўляне (Брэсцкі пав.), Крыўляны (Кобрынскі пав.), Крывічы (Пінскі пав.)74.
Усе ўказаныя тапонімы адхіляюць думку, што крывічамі стала называцца тая група славянаў, якая асімілявала мясцовае іншапляменнае насельніцтва Беларусі75. Як бачым, крывічамі яны называліся яшчэ да прыходу на нашу зямлю. Тут дарэчы будзе пагаварыць пра гэту назву. Нядаўна апублікаваны матэрыял, згодна з якім крывічы сваё імя нібыта ўнаследавалі ад сярэдняй дачкі міфічнага славянскага цара Багуміра—Скрэвы і таму першапачаткова называліся скрывічамі (правільней скрэвічамі). У пацверджанне гэтага
прыводзіцца дакумент, згодна з якім рымскі папа ў 834 г. назначыў Ансгарыя сваім легатам да ўсіх паўночных народаў, у тым ліку да славенаў і скрыдэвіндаў. Пад апошнімі, маўляў, і трэба разумець скрывічоў76. Хаця і Багумір і Скрэва пэўна ж былі пазней прыдуманы, але ўсё ж нам здаецца, што крывічы спачатку сапраўды называліся скрэвамі. Намі выяўлены тапонімы Скржывін (у 30 км на поўнач ад Познані балоцістая мясцовасць над р. Вартай) і Скрыжывец (Цешынскі пав. у Аўстрыі)77. Прычым першы з іх мае форму і Кржэвіны, што ясна ўказвае на яго прыналежнасць да крывіцкіх тапонімаў. Можна думаць, што пачатковае «с» у далейшым магло адпасці пры збегу трох зычных і назва атрымала форму «крэвы», «крывы», «крывічы». У Верхнім Панямонні крывічы, відаць, былі больш вядомы як «крэвы». Сапраўды, нельга лічыць выпадковым канцэнтрацыю ў адным рэгіёне такіх назваў, як Крэва і Закрэўе (Смаргонскі р-н), Крэйванцы (Ашмянскі р-н), Крэвалоск (упамінаецца ў 1657 г. у Ашмянскім павеце)78, Крэйвішкі (Маляцкая вол. Віленскага пав.), Крэйвы (Янішская вол. таго ж пав.), Крэўны (Шырвінцкая вол. таго ж пав.)Аднак трэба зазначыць, што тут побач бытуюць такія тапонімы, як Крывічы (Няменчынская вол. Віленскага пав. і Беліцкая вол. Лідскага пав.) ці Крыўск (Забрэзская і Крэўская вол. Ашмянскага пав.)79, але яны адзінка.выя. Нават калі па-польску Кржывін80, то па-нямецку Крэвін81. Па ўсім відаць, што і Вільня спачатку мела назву не Крывіч-горад82, а Крэва-горад, што і пацвярджае яго літоўская назва Крэвайпіліс83. 3 цягам часу яна перайначылася ў Крывы горад. Зазначым, што падобная назва — Крывагарадзішча — існавала і ля вытокаў Акі, на захад ад г. Кромы84. Паказальна, што ў латышскай мове захавалася найболып старажытная форма назвы крывічоў — крэвы. Ва Усходняй Латвіі (Латгаліі) захавалася значная колькасць адпаведных тапонімаў: у Дзвінскім павеце — 15, у Рэжыцкім — 9, у Люцынскім — 3. Болып таго, крывічы, якія выселіліся далёка на ўсход, нярэдка захоўвалі сваё старажытнае імя (с. Крэва пры вусці ракі Крэўкі ў Корчаўскім пав. Цвярской губ. і с. Крэўе ў Болхаўскім пав. Арлоўскай губ.)86.
У свой час М. Касторскі і некаторыя іншыя даследчыкі на падставе сведчанняў Адама Брэменскага і Пятра Дусбурга лічылі, што крывічы атрымалі сваю назву ад літоўскага паганскага святара Крэва-Крэвейты, якому яны нібыта ездзілі пакланяцца87. А. Кіркор нават сцвярджаў, што першапачатковая назва Вільні — Крывы горад — паходзіць ад імя жраца Крэве, які нібыта жыў у гэтым горадзе88. Аднак гістарычная навука ўжо ў канцы мінулага стагоддзя ўзяла пад
Каменная ліцейная форма. VI—VIII стст.
3 раскопак г. Віцебска, Гаршчок крывічоў. IX ст. Полацкае гарадзішча. Манета Уладзіміра Святаславіча
сумненне факт існавання Крэва-Крэвейты. Калі б ён і сапраўды існаваў, то хутчэй трэба было б лічыць, што не ён даў назву цэламу племю, а наадварот, сам быў выхадцам з крэваў-крывічоў, адкуль і магла пайсці назва паганскага сану.
Паводле М. Фасмера, назва «крывічы» нібыта паходзіць ад імя іх роданачальніка Крыва . На жаль, такое імя не зарэгістравана ніводным дакументам. Затое былі імёны Крэў (Кревь) і Крэва (Крева), якія бытавалі яшчэ ў 1565 г. у Маскоўскай Русі і ў 1674 г. у Запарожскім войску90. Усе прыведзеныя вышэй факты гавораць за тое, што назва «крывічы» — патранімічная і што яе першапачатковая форма — «крэва».
Вялікая канцэнтрацыя крывіцкіх тапонімаў у Верхнім Панямонні дае пэўную падставу меркаваць, што менавіта тут, на тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы, і было першае сталае прыстанішча крэваў-крывічоў. Ва ўсякім выпадку, толькі зыходзячы з гэтага можна растлумачыць ужыванне прускім храністам П. Дусбургам у пачатку XIV ст. назвы «Крывіція».
Скроневае кольца з гарадзішча Баронікі пад Віцебскам. VI—VIII стст.
Прускі военачальнік Генрых, робячы ў. 1314 г. паход на Літву, перш пайшоў на Крывіцію. Узяўшы Наваградак, ён дарэмна стараўся авалодаць Крывічгорадам, які стаяў на Нёмане91. (Магчыма, што на месцы гэтага Крывічгорада зараз знаходзіцца в. Крывічы ў Іўеўскім раёне.) 3 гэтага запісу П. Дусбурга П. Шафарык зрабіў вывад, што зямля Крывіція знаходзілася на поўнач ад Наваградка, там, дзе ёсць паселішчы Крэва і ім падобныя92. Праўда, ён думаў, што гэта назва засталася тут ад полацкіх крывічоў, якую яны ў сябе страцілі. Але, відаць, усё было наадварот. Крывіцкая назва ішла не з Полацка, а з Верхняга Панямоння. I не дзіўна таму, што аж да канца XIX ст. лічылася, што ў Віленскім пав., у паўднёваўсходняй частцы Ашмянскага і на ўсім працягу за правым берагам Дзітвы жылі крывічы93. Прыкладна гэта ж самае сцвярджаў і А. Кіркор, прычым ён адрозніваў крывічоў ад беларусаў94.