• Газеты, часопісы і г.д.
  • Старажытная Беларусь Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне Мікола Ермаловіч

    Старажытная Беларусь

    Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
    Мікола Ермаловіч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 366с.
    Мінск 2001
    120.71 МБ
    У даследчыкаў няма адзінай думкі наконт часу фармавання балтаў. Адны (В. Тапароў і А. Трубачоў) лічаць, што гэтыя плямёны позна ўступілі на гістарычную арэну (у I — пачатку II тыс. н. э.). Некаторыя гісторыкі (Т. Лер-Сплавінскі) сцвярджаюць, што фармаванню балтаў папярэднічала балта-славянскае адзінства. Аднак у сучасны момант гэта думка ўсё больш бярэцца пад сумненне, і больш пераканаўча даводзіцца аб выдзяленні балтаў з індаеўрапейцаў яшчэ ў III — пачатку II тыс. да н. э. Сапраўды, без гэтага нельга зразумець, як маглі рассяліцца балты на тэрыторыі ад Віслы да верхняй Волгі, тэрыторыі, якая вызначалася да гэтага этнічнай стракатасцю15. Перавага ў колькасці, больш прадукцыйная жывёлагадоўча-земляробчая гаспадарка і далі магчымасць балтам асіміляваць ранейшае паляўніча-рыбалоўнае насельніцтва.
    Хоць балцкае засяленне тэрыторыі Беларусі магло адбыцца і ў болып ранні час, аднак даступныя навуцы матэрыялы даюць магчымасць разглядаць яго гісторыю тут толькі з VII—VI стст. да н. э.16.
    На жаль, не ўсе балцкія плямёны, што жылі на Беларусі, упомнены пісьмовымі дакументамі, а частка тых, што былі зафіксаваны (літва, земігола, латыгола, яцвягі), засталіся без абазначэння іх месцапражывання. А між тым этнічныя і геаграфічныя назвы вельмі няўстойлівыя, яны могуць змяняцца, пераходзіць з аднаго месца ў другое. Менавіта так і адбылося з назвамі «латыгола» і «літва».
    Яшчэ рускі гісторык Барсаў лічыў, што летапісная латыгола («лотьгола») у старажытныя часы жыла намнога далей ад сучаснай Латвіі, уверх па Дзвіне і яе прытоках, г. зн. на поўначы сучаснай Беларусі17. Пацверджаннем гэтаму можа быць тое, што на тэрыторыі Бешанковіцкага, Верхнядзвінскага, Віцебскага, Гарадоцкага, Сенненскага, Талачынскага, Чашніцкага, Глыбоцкага раёнаў Віцебскай вобласці сустракаюцца такія назвы, як Латыгаль, Латыгава і ім падобныя. Звяртае ўвагу тое, што ў цэлым арэал пашырэння латыгольскіх тапонімаў супадае з вобласцю бытавання днепра-дзвінскай археалагічнай культуры балтаў18. Таму цалкам дапушчальна, што яе носьбітамі былі продкі латыголы. Як і ўсе балцкія назвы, назва «латыгола» з цягам часу прасунулася на захад і замацавалася за ўсходняй часткай Латвіі — Латгаліяй.
    Мы ўжо ў свой час паказалі, што трэба адрозніваць Старажытную (летапісную) Літву ад сучаснай і на падставе летапісных, тапанімічных і іншых матэрыялаў паказалі яе месцазнаходжанне ў Верхнім Панямонні, у прасторы паміж Менскам і Наваградкам з усходу на захад і паміж Маладзечнам і Слонімам з поўначы на поўдзень19. Каб не паўтарацца, не будзем зараз прыводзіць факты ў пацверджанне гэтай думкі, а будзем закранаць гэтае пытанне пры разглядзе далейшай нашай гісторыі ў адпаведных месцах.
    У суседстве з Літвой, а то і ўперамежку з ёй жыло племя яцвягаў. Паколькі на гэтай тэрыторыі ёсць яцвяжскія гідронімы, а літоўскіх няма, то можна вывесці меркаванне, што яцвягі пасяліліся тут раней, а літва прыйшла сюды пазней і, заняўшы частку іхняй тэрыторыі, увесь час адціскала іх на захад. Як пераканаўча паказаў В. Сядоў, паселішчы яцвягаў былі паміж Нёманам і Вяллёй па рэках Дзітве, Жыжме, Мерачанцы (гэта вобласць называлася Дайновай), а таксама па Свіслачы, Росі, Зэльве, Заходнім Бугу, Нарве, Ясельдзе (уласна Яцвязь)20. У гэтых месцах і засталіся археалагіч ныя помнікі яцвягаў — каменныя магілы.
    2	М. Ермаловіч
    Гарадзішча ў вёсцы Камень Лепельскага раёна — помнік балцкай культуры. Першыя стагоддзі нашай эры
    Аналіз геаграфічных назваў прыводзіць да высновы, што адным з балцкіх плямёнаў, якое не называюць пісьмовыя дакументы, было лотва, ці лота. Менавіта гідронімы і айконімы гэтага тыпу (Лотва, Лотаўка, Лотаў, Лотвічы, Латвяны і ім падобныя) раскіданы на пэўнай тэрыторыі, і асабліва на яе ўскраінах, дзе лотва сутыкалася з іншымі плямёнамі. Так, возера і вёска Лотва ў Мядзельскім, в. Латаўшчына ў Мёрскім, в. Лотавая ў Лёзненскім раёнах размешчаны ў суседстве са старажытнай латыголай. Дарэчы, назва апошняй і азначае «лоты канец»21, г. зн., што яна была размешчана ў канцы лоты, за ёю. Некалькі тапонімаў «Лотва» мы сустра-
    каем на правым беразе Дняпра, у Шклоўскім і Магілёўскім раёнах, з чаго можна заключыць, што ўсходняя мяжа лотвы ішла па Дняпры. Лотвіцкія гідронімы і айконімы мы знаходзім і на ўзмежжы са старажытнай Літвой. Гэта: р. Лотва (прыток Тур’і, што ўпадае ў вярхоўе Нёмана), в. Латвяны на ёй (Копыльскі р-н), вв. Вялікая і Малая Лотвы (Ляхавіцкі р-н) і Лотвічы (Баранавіцкі р-н). Такім чынам, лотва займала цэнтр усходняй Беларусі, ад правага берага Дняпра і да вярхоўяў Нёмана, Бярэзіны і Вяллі. У заходняй частцы Беларусі яна, відаць, уключала ў сябе прыкладна тэрыторыі сучасных Докшыцкага, Мядзельскага, Смаргонскага, Ашмянскага, часткі Вілейскага і Пастаўскага раёнаў. Далей племя лотва займала ўсходнюю частку сучаснай Літвы і называлася тут дзявалотвай (дзяволтвай). У Хлебнікаўскім і Пагодзінскім спісах Іпацьеўскага летапісу яна і называецца лотвай22.
    Літва і лотва былі блізкімі адно да другога плямёнамі, што падкрэсліваюць і іх назвы. Нездарма тэрыторыя іх пражывання ў цэлым упісваецца ў арэал пашырэння культуры штрыхованай керамікі. Магчыма, што іх продкі прыйшлі сюды з Балканаў, дзе мы знаходзім рэкі Літаву і Латарыцу23, дзе жыло племя латавіцы і дзе яшчэ ў сярэдзіне XIII ст. існавала княства Літва (kenesat Lytwa)24. Назва «лотва» пазней перайшла на Латвію, дарэчы, палякі і цяпер латышоў называюць лотвай25.
    У далейшым будзе важным для навукі высветліць, якія балцкія плямёны жылі ва Усходнім Падняпроўі і на поўдні Беларусі, дзе пашыраны былі юхнаўская і мілаградская археалагічныя культуры. Што да поўдня Беларусі, то, паводле думкі некаторых даследчыкаў, сюды балты прыйшлі з Верхняга Падняпроўя толькі ў V ст. н. э., на месца славянаў, якія ў гэты час адышлі адсюль, з сваёй прарадзімы, на Дунай. Адным з пацверджанняў гэтага меркавання можа быць такі факт. У Магілёўскім і Быхаўскім раёнах працякае рэчка Лахва (гэта тыповая балцкая назва). У той жа час аднайменныя тапонімы маюцца ў значнай колькасці на ўсход ад Лунінца26. Іх з’яўленне тут можна растлумачыць перасоўваннем насельніцтва ў даўнія часы з ракі Лахвы. Магчыма, што яно і перанесла на сябе назву гэтай ракі, як звычайна было ў старажытнасці. Сведчаннем пераходу верхнедняпроўскага насельніцтва на поўдзень Беларусі і далей можа быць і пашырэнне на гэтых месцах паўночных тыпаў посуду2'.
    На працягу першай паловы I тыс. н. э. у грамадскім жыцці балтаў адбываліся выключна важныя змены. У выніку распаду першабытнаабшчыннага ладу меў месца масавы пераход насельніцтва з умацаваных гарадзішчаў у адкрытыя селі-
    Назва возера Чарсцвяды — гідронім старажытнага славянскага паходжання
    шчы. Усё болыпую ролю ў балтаў набывае сельская абшчына, заснаваная не на кроўна-сваяцкіх, а эканамічных сувязях. Асноўнымі галінамі гаспадаркі іх сталі падсечнае земляробства і жывёлагадоўля, тым часам як рыбалоўства і паляванне мелі ўжо толькі дапаможны характар. Высокага і разнастайнага развіцця дасягнулі рамёствы. Дадзеныя археалогіі сведчаць пра наяўнасць у балтаў такой грамадскай і ваеннай арганізацыі, якая, магчыма, нагадвала саюз плямёнаў.
    Змены ў вытворчасці і грамадскіх адносінах не маглі, зразумела, не паўплываць на культуру. I сапраўды, у сярэ-
    дзіне I тыс. н. э. на грунце ранейшых лакальных культур (днепра-дзвінскай, юхнаўскай і штрыхованай керамікі) склалася адзіная балцкая культура, якая ў навуцы атрымала назву культуры верхняга пласта Банцараўшчыны і Тушэмлі28. Магчыма, усе гэтыя факты, разам узятыя, гавораць за тое, што балты ў V—VI стст. былі напярэдадні ўтварэння сваёй вялікай дзяржавы. I хоць гэты працэс быў перарваны масавым прыходам славянаў, аднак гэта не значыць, што ён знік бясследна. Ён быў працягнуты новымі насельнікамі.
    СЛАВЯНСКАЕ ЗАСЯЛЕННЕ 3 ПОЎДНЯ
    Есць падзеі, што вызначаюць сабою гісторыю той ці іншай краіны на вялікі прамежак часу, які можа адлічвацца тысячагоддзямі. Прыход славянскіх плямёнаў на тэрыторыю Беларусі і з’явіўся такім вызначальным момантам. Ім і была заведзена спружына ўсёй нашай далейшай гісторыі.
    З’яўленне славянаў на Беларусі стала вынікам апошніх хваляў вялікага перасялення народаў, якімі былі рух готаў (II—III стст. н. э.) і нашэсці гунаў (IV ст. н. э.) і авараў (сярэдзіна VI ст’ н. э.).
    Пытанне паходжання славянаў — вельмі складанае і заблытанае, пакуль што далёкае ад навуковага вырашэння. Можа быць, галоўная прычына гэтага ў познім з’яўленні пісьмовых сведчанняў пра іх — у сярэдзіне VI ст. н. э. Бясспрэчнымі толькі трэба лічыць паказанні старажытных аўтараў, што «славяне былі мнагалюдным народам» (Іардан), які займаў «непамерную прастору» (Пракопій Кесарыйскі), бо без гэтага нельга растлумачыць, чаму славяне змаглі рассяліцца на вялікай тэрыторыі, асіміляваўшы шматлікія плямёны і народнасці.
    Прарадзімай славянаў называліся і называюцца розныя мясцовасці: гэта і Сярэдняе і Ніжняе Падунайе, і Паўночнае Прычарнамор’е, і Паўночнае Прыкарпацце, і нават Закаўказзе і Паўночны Іран. У апошні час найбольш верагоднымі месцамі фармавання славянаў указваюцца Вісла-Одэрскае міжрэчча і паўднёвая частка лясной зоны Усходняй Еўропы (сюды ўваходзіць і поўдзень Беларусі). Цяжка аддаць перавагу якой-небудзь з гэтых апошніх гіпотэз, абедзве яны маюць аднолькавае права на часовае існаванне. Але калі нават і пагадзіцца з тым, што і на Беларусі была прарадзіма славянаў, то ўсё ж аўтары гэтай гіпотэзы гавораць аб поўным адыходзе славянскага насельніцтва адсюль у канцы V — пачатку VI стст. на Дунай29 і прасоўванні на яго месца балтаў, аб чым ужо гаварылася вышэй. Вось чаму можна лічыць, што
    масавы прыход славянаў на Беларусь і іх канчатковае ўкараненне тут пачалося на рубяжы VI—VII стст. н. э.
    Трэба зазначыць, што славянскае засяленне Беларусі, як і іншых усходнееўрапейскіх земляў, не было аднаразовай падзеяй: яно расцягнулася на доўгі перыяд, магчыма, на некалькі стагоддзяў. Доўгі час у навуцы існавала думка, што славяне ішлі на Беларусь толькі з поўдня. Але ўжо Я. Карскі заўважыў, што «галоўная маса славянаў, якія склалі беларускае племя, рушыла з поўдня (з Прыпяці і яе прытокаў) і захаду (можа быць, з Зах. Буга і Нарвы) спачатку да Нёмана, а адсюль да Зах. Дзвіны на поўначы і да Дзясны на ўсходзе»30. Цяпер пяройдзем да разгляду славянскіх плямёнаў, якія прыйшлі на Беларусь.