Старажытная Беларусь
Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
кацца яго інтарэсамі, зжывацца з ім, што за пяць гадоў (1088—1093) яго непасрэднага прабывання ў Тураве яму ў значнай ступені і ўдалося. Гэта праяўлялася і ў час знаходжання яго ў Кіеве, куды пасля смерці Усевалада ён без ніякіх перашкод з боку Уладзіміра Манамаха перайшоў у 1093 г., застаўшыся па традыцыі і князем тураўскім. He карыстаючыся сімпатыяй і папулярнасцю ў кіяўлянаў, як paHeft і ў наўгародцаў, ён у значнай ступені павінен быў арыентавацца на Тураў, і таму велікакняскі пасад не засланяў ад яго пасада тураўскага князя. Тураўскія баяры не былі бескарыслівыя. Нездарма ж яны разам з Святаполкам у Кіеў паслалі сваю дружыну, якую кіеўскі летапісец абразліва называе «несмышлёной» і якая напамінала Святаполку пра тураўскія інтарэсы. Мала таго, ён неаднаразова выязджаў у Тураў і Пінск, гэтым самым нагадваючы тураўскаму земству, што ён па-ранейшаму не забывае пра яго. Калі ў летапісе гаворыцца пра «пінянаў» у войску сына Святаполка Мсціслава, то гэта таксама яўнае ўказанне на адну з важнейшых крыніц вайсковай магутнасці Святаполка. Сказанае сведчыць, што Тураў змог, будучы ў падначаленым становішчы, знаходзіць спосабы і магчымасці дбаць пра свае інтарэсы, высоўваць іх на першы план перад кіеўскімі. А гэта значыць, што Тураўшчына, як і ўсе ўсходнеславянскія землі, толькі сваім шляхам ішла да палітычнага адасаблення. Вось чаму не мае пад сабой грунту сцверджанне, што для феадалаў Тураўскай зямлі нехарактэрнымі былі яшчэ сепаратысцкія тэндэнцыі, характэрныя для іншых земляў Русі379. Паколькі большая частка князявання Святаполка ў Кіеве прыпадае на пачатак XII ст. (да 1113 г.), то мы прадоўжым яго разгляд у наступным раздзеле.
Зараз жа ўкажам на бясспрэчны рост гарадскіх цэнтраў у Тураўскай зямлі. Так, пад 1097 г. у летапісе ўпершыню ўпамінаецца Пінск380. Тое, што ён названы побач з Туравам, гаворыць пра яго значнасць ужо ў гэты час, што і пацвердзілася ў будучым, калі Пінск па сваім развіцці абагнаў Тураў. Як было адзначана вышэй, Берасце ўжо намнога раней трапіла на старонкі летапісу. У 1099 г. яно зноў з’явілася там як месца, дзе Святаполк вёў перагаворы з палякамі. Гэты запіс ясна сведчыць, што Берасце ўваходзіла ў склад Тураўскай зямлі. Тое ж пацвердзіла і паведамленне пад 1101 г., дзе гаворыцца, што князь Яраслаў Яраполкавіч хацеў захапіць Берасце як частку Тураўскага княства, якім у свой час вылодаў яго бацька Яраполк Ізяслававіч. Адсюль добра відаць і ўдзельнае становішча Берасця. Узвышэнне Пінска і Берасця пацвярджае, што і Тураўскую зямлю не абмінуў працэс далейшага эканамічнага развіцця, што і
прыводзіла да паступовага яе драблення. А гэта значыць, што яна, нягледзячы на сваю закінутасць сярод балот і пушчаў, знаходзілася ў рэчышчы прагрэсіўнага грамадскага развіцця.
Смаленскую гісторыю 60—70-х гг. мы ўжо закраналі, разглядаючы полацкія падзеі, з якімі яна шчыльна звязана. Як бачна, Смаленск побач з Туравам па-ранейшаму быў моцна прывязаны да Паўднёвай Русі, што, як мы ведаем, тлумачыцца яго ключавым становішчам на вялікім гандлёвым шляху і яго стратэгічным значэннем, адкуль для Кіева ляжалі дарогі на Ноўгарад, Растоў і Суздаль і асабліва на Полацк. Нездарма ж Манамах, стаўшы князем чарнігаўскім і смаленскім, адразу ж аднавіў вайну з Полацкам. Але такое залежнае становішча ніколькі не азначала палітычнага амярцвення Смаленска. Немалое значэнне мела разуменне Смаленскам свайго эканамічнага патэнцыялу, які з цягам часу ўсё рос і гэтым самым рыхтаваў грунт для палітычнага адасаблення. Пра багацце Смаленска можа даць яскравае ўяўленне тое, што Манамах у красавіку 1078 г., прабыўшы тут толькі дзевяць месяцаў, дае свайму бацьку Усеваладу, відаць, як выкуп і даніну, трыста грыўняў золата, што з’яўлялася выключна вялікай сумай. Зразумела, смаленскія феадалы, купцы і іншы люд не маглі не адчуваць усяго цяжару залежнасці, які навочна выяўляўся ў тым багацці, што плыло з іх рук. I гэта выявілася, як толькі натрапіўся зручны выпадак. У 1095 г. Смаленск сваёй воляй узяў сабе ў князі выгнанага з Ноўгарада Давыда Святаславіча, і апошні, відавочна, выконваючы волю смаленцаў (інакш навошта было яго браць да сябе), становіцца ў варожыя адносіны і да вялікага князя Святаполка, і да Манамаха. Апроч таго, яны далі брату Давыда Алегу, праўда не пусціўшы яго ў Смаленск, апалчэнне, з якім ён наносіць у Мурамскай зямлі паражэнне сыну Манамаха — Ізяславу. Таму натуральна, што ў 1096 г. злучаныя сілы Святаполка і Манамаха рушылі супроць Давыда і змусілі яго адмовіцца ад дапамогі брату Алегу. Праўда, Давыд захаваў за сабою смаленскі пасад, дзе і быў да 1097 г., калі на яго месца, паводле рашэння Любецкага з’езда, зноў сеў Манамах. Такім чынам, прыняццем да сябе Давыда і сваімі дзеяннямі ў палітычных падзеях 1095—1096 гг. Смаленск яскрава заявіў пра імкненне да палітычнага выдзялення381. Усё гэта і было ўлічана Манамахам. Атрымаўшы зноў ва ўладанне Смаленск, ён рэзка мяняе адносіны да яго. Калі раней Манамах імкнуўся прывязаць Смаленск да сваёй паўднёвай метраполіі — Пераяслаўля — і дабіўся падначалення смаленскай царквы Пераяслаўскаму епіскапству, што разам з сістэмай пасадніцтва
абурала смаленцаў, то цяпер ён, баючыся зноў страціць Смаленск, вымушаны быў дабіцца для яго асобнага епіскапства, вынікам чаго быў пачатак пабудовы саборнай царквы, якая сваімі памерамі раўнялася амаль Сафійскаму сабору ў Ноўгарадзе382. Адначасова Манамах замест пасадніка пакінуў у Смаленску свайго сына Святаслава, што таксама падкрэслівала ўзрослае палітычнае значэнне гэтай зямлі.
АДНА 3 САМЫХ КРЫВАВЫХ
Але зноў вернемся да полацкай гісторыі. Мірнае жыццё Полацка працягвалася толькі тры гады. Трэба думаць, што гэты час быў выкарыстаны Усяславам для ўнутранага ўмацавання, паколькі ён не мог не прадбачыць узнаўлення ранейшай палітыкі з боку кіеўскіх князёў да Полацка, што і адбылося пасля смерці Святаслава ў канцы 1076 г. Менавіта з гэтага часу зноў наступае для Полацкай зямлі пара, магчыма, адна з самых крывавых, якая цягнулася звыш дзесяцігоддзя. Паколькі выканаўцам гэтага наступлення на Полацкую зямлю быў Уладзімір Манамах, які ў гэты час не з’яўляўся вялікім кіеўскім князем, то, магчыма, таму гэтыя падзеі не трапілі на старонкі летапісаў і знайшлі сваё адбіццё, часамі вельмі цьмянае, у т. зв. «Павучанні» гэтага князя.
У літаратуры дамінуе думка, што паход Манамаха на Полацк летам 1077 г. быў адказам на набег Усяслава некалькі раней на Ноўгарад383. Аднак гэта непасрэдна не выцякае з тэксту «Павучання»: «Святослав умре, н яз пакы ходнв Смолнньску, а н — Смолнньска той же знме та к Новугороду, на весну Глебовн в помочь; а на лето co отцем под Полтеск». 3 прыведзеных слоў нельга зрабіць пераканаўчым сцвер джанне пра напад Усяслава на Ноўгарад і помсту яму за гэта з боку Манамаха. Сапраўды, апошні мог прыйсці ў Смаленск, які пасля смерці Святаслава (27.12.1076 г.) і ўсталявання на кіеўскім пасадзе яго бацькі Усевалада дастаўся яму ў прыдачу да Чарнігава недзе ў канцы 1076 г. (тады сакавіцкага, а паводле нашага календара ў пачатку 1077 г.). Але неўзабаве гэтай жа зімой ён ідзе да Ноўгарада, а вясной Глебу Святаславічу (наўгародскаму князю) на помач. Такім чынам, выходзіць, што Манамах двойчы быў заняты наўгародскімі справамі. Грунтуючыся на гэтых вельмі лаканічных паведамленнях і прымаючы гэтыя два паходы Манамаха (адзін быў зімой, другі — увесну) за адзін, Д. Леанардаў прыйшоў да высновы, што паход Манамаха «Глебовн в помочь» быў зроблены супроць Усяслава, які напаў на Ноў-
гарад, але выкрутлівы полацкі князь паспеў уцячы ў Полацк, што і выклікала неабходнасць паходу на апошні летам 1077 г. Аднак прыведзены ўрывак з «Павучання» не дае падставы аб’ядноўваць два паходы Манамаха ў адзін, бо першы з іх, як ясна ўказвае тэкст, адбыўся зімою, а другі — вясною. Апроч гэтага, ёсць указанні на тое, што Глеб у гэты час ваяваў з чуддзю (Банэль), гэта тым болып верагодна, бо Глеб сапраўды загінуў ў 1079 г. у барацьбе з гэтым племем. I таму магчыма, што два паходы Манамаха да Ноўгарада і выкліканы былі гэтай акалічнасцю, а не нападам Усяслава на Ноўгарад. Калі ўжо гаварыць аб магчымасці нападу Усяслава на Ноўгарад, то больш верагодна ён мог адбыцца тады, калі Манамах хадзіў у помач Глебу, г. зн. калі апошняга з войскам не было ў Ноўгарадзе, які застаўся безабаронным. Аднак застаецца незразумелым, чаму на гэты напад не ішоў разам з Манамахам наўгародскі князь, які найперш і павінен быў гэта зрабіць. Усё сказанае дазваляе выказаць меркаванне, што паход Манамаха на Полацк летам 1077 г. меў самастойнае значэнне. У такім выпадку што ж паслужыла прычынай да яго?
Успомнім, што Манамах пасля смерці Святаслава ў канцы 1076 г. стаў князем адначасова і ў Чарнігаве, і ў Смаленску, а іх землі былі ў непасрэднай блізкасці да полацкіх уладанняў. Гэтым мы і тлумачылі раней асаблівую нянавісць чарнігаўскага князя да Усяслава ў 1067 г. Гэту нянавісць успрыняў Манамах удвая, завалодаўшы Чарнігавам і Смаленскам, асабліва апошнім. Тое, што ён разам з сваім бацькам адразу пайшоў на Полацк, гаворыць пра яго намер заваяваць усю Полацкую зямлю. Такім чынам, супроць яе і цяпер былі накіраваны, па сутнасці, сілы ўсёй Паўднёвай Русі. Аднак, і на гэта ўказваюць усе даследчыкі, тое, што Манамах замаўчаў вынікі гэтага паходу, сведчыць аб яго правале. Але моц Полацкай зямлі, яскрава выяўленая ёю пры адбіцці націску паўднёвых сіл, ніколькі не астудзіла заваёўніцкіх намераў Манамаха, а, наадварот, яшчэ больш устрывожыла, бо яскрава паказала на яе небяспеку для яго і таму ўмацавала ў ім імкненне давесці справу да канца. Для ажыццяўлення гэтага склалася і спрыяльная палітычная кан’юнктура. Хоць бацька Манамаха — Усевалад — і ўступіў кіеўскі пасад свайму брату Ізяславу, аднак апошні паслаў княжыць у Ноўгарад сына Святаполка — даўняга ворага Усяслава. Вось з ім зімою 1078 г. (а на думку некаторых даследчыкаў, пасля гэтага года384) цяпер ужо з сіламі Паўночнай і Паўднёвай Русі, падмацаваных яшчэ і ардою полаўцаў (паводле С. Салаўёва і С. Кастамарава, гэта было першае ў практыцы міжусобнай барацьбы выкарыстанне палавецкай сілы), Ма
намах зноў з’явіўся ля сцен Полацка. Але, як і ў папярэдні раз, дзякуючы выключнаму вайсковаму майстэрству Усяслава і стойкасці яго войска і палачанаў, Полацк не быў узяты. Помсцячы за гэта, Манамах і Святаполк «ожгоше» Полацк, г. зн. спалілі ўсе яго ваколіцы. Аднак гэтым Манамах не абмежаваўся. I калі Святаполк пайшоў у Ноўгарад, ён сумесна з полаўцамі «воюя», г. зн. рабуючы, беручы ў палон, пайшоў у кірунку Одрска. Пасля Менска, Оршы і Галацічаска Одрск упамінаецца ў другой палове XI ст. на тэрыторыі Полаччыны. Аднак месцазнаходжанне яго даследчыкамі пакуль не вызначана. М. Карамзін атаясамляў яго з Друцкам385. Аднак гэта непрымальна, бо Манамах услед за Одрскам упамінае і гэты горад. У свой час 3. Даленга-Хадакоўскі выказаў меркаванне, што, як паказвае назва горада, ён мог знаходзіцца на р. Адроў, правым прытоку Дняпра (цяпер на тэрыторыі Аршанскага р-на), і гэта мае пад сабой пэўную падставу. Сапраўды, як паказвае далейшы тэкст яго «Павучання», Манамах, вяртаючыся з гэтага паходу, «н — Смолнньска к отцю прндох Черннгову»386. Зыходзячы з гэтага, мы можам лічыць, што Одрск знаходзіўся на шляху з Полацка на Смаленск, г. зн. на р. Адроў. Аднак супроць гэтага ёсць два пярэчанні: першае — назва горада ад ракі Адроў будзе не Одрск, а Ад роўск387 і дпугое — на ўказанай рацэ не выяўлены сляды гэтага горада3 .