Старажытная Беларусь
Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
Але найбольшыя поспехі ў пашырэнні сваёй тэрыторыі Полаччына хутчэй за ўсё мела ў Падзвінні. I гэта зразумела. Дзвіна была першай і галоўнейшай гістарычнай дарогай Полацка. I таму завалоданне ўсім яе працягам ад вярхоўяў да вусця стала яго важнейшай жыццёвай задачай. Паколькі з далучэннем Віцебска і Усвятаў валоданне Верхняй Дзвіной было замацавана яшчэ пры Брачыславе, то, зразумела, перад Усяславам і паўстала як адна з галоўнейшых задач — авалоданне Ніжнім Падзвіннем. Гэта была, відаць, асабліва плённая для Полацка дзейнасць Усяслава. Аб ёй мы можам меркаваць толькі па выніках яе, што знайшло сваё адбіццё ў крыніцах. Сапраўды, у «Аповесці мінулых гадоў», якая стваралася ў пачатку XII ст., у ліку іншых плямёнаў, што плацілі даніну Русі, названы «знмнгола, корсь, норома (пад ёй трэба разумець латыголу), лнбь (лівы)»40 , г. зн. плямёны, што жылі ў Ніжнім Падзвінні аж да Балтыйскага мора. Нікому іншаму, вядома, як толькі палачанам, якіх летапісец таксама адносіць да Русі, гэтыя плямёны падначальвацца не маглі. Такім чынам, ужо, прынамсі, да пачатку XII ст. усё Ніжняе Падзвінне было ўладаннем Полацка. Адсюль становіцца відавочным, што гэта было вынікам дзейнасці Усяслава. Але магчыма, як адзначалася вышэй, што падначаленне Ніжняга Падзвіння было ўжо ў цэлым закончана да 1065 г., калі Усяслаў «начал рать копнтн» супроць Пскова і Ноўгарада. Далучэнне да Полацка Ніжняга Падзвіння стала адной з крыніц яго матэрыяльнай і ваеннай магутнасці. Як мы ўбачым у далейшым, гэтыя полацкія калоніі паступова перарастуць у полацкія ўдзелы.
У цэлым усе даследчыкі як на прыкмету аслаблення Полацкай зямлі ўказваюць на яе раздрабленне пасля смерці Усяслава, пры якім яна захоўвала адзінства. Тут яўнае неразуменне гістарычнага працэсу. 3 аднаго боку, сцвярджаецца прагрэсіўнасць развіцця феадалізму ў Старажытнай Русі, а з другога боку — адмоўна характарызуецца палітычная дэцэнтралізацыя, якая з’яўляецца заканамерным вынікам папярэдне ўказанага працэсу. Менавіта поступ феадалізму,
што абуджаў мясцовыя эканамічныя інтарэсы, і быў той спружынай, якая прыводзіла ў рух дэцэнтралісцкія імкненні, узмоцненыя ранейшай гісторыяй і фактарамі геаграфічнага становішча. I ўсё гэта, як адзначалася вышэй, найперш выявілася ў Полацкай зямлі. Яна ўжо была той буйной феадальнай дзяржавай, што дабілася права на тэрытарыяльную самастойнасць. Але, апынуўшыся ў авангардзе заканамернага гістарычнага развіцця, сама Полацкая зямля, зноў-такі першая з усіх усходнееўрапейскіх земляў, падпала пад працэс феадальнага драбнення на паасобныя ўдзелы. Ужо ўпамінанне к канцу XI ст. у летапісах сямі полацкіх гарадоў, апроч сталіцы (а іх магло быць і болей), можа сведчыць аб росце гарадскіх цэнтраў, што сцягвалі вакол сябе пэўныя геаграфічныя і эканамічныя рэгіёны. Цяжка сказаць, калі паасобныя ўдзелы аформіліся канчаткова, г. зн. атрымалі свайго асобнага князя: пры Усяславе ці толькі пасля яго смерці. Некаторыя даследчыкі лічаць, што выраз «Слова...» пра Усяслава, які «князем грады рядяше», адносяць да характарыстыкі яго як полацкага князя, што раздаваў паасобныя ўдзелы сваёй зямлі сынам404. Магчыма, яно і так, але катэгарычна сцвярджаць гэта нельга, хоць можна з упэўненасцю меркаваць, што ўдзелы гэтыя з’явіліся ўжо пры Усяславе. А гэта значыць, што Полацкая зямля не была ўжо «адзіная» і пры гэтым славутым князю і таму прынцыпова не адрознівалася ў такім сэнсе ад той, якой яна стала пасля смерці Усяслава. Апроч таго, не заўсёды драбненне на ўдзелы азначае страту палітычнага адзінства. Канкрэтныя прыклады гэтага мы пакажам пры далейшым разглядзе гісторыі Полацкай зямлі.
Эпоха Усяслава, бясспрэчна, з’яўляецца адным з самых яркіх і змястоўных перыядаў нашай гісторыі. Калі бліскучыя перамогі, атрыманыя Полаччынай у гэты час, раскрылі яе вялікія сілы і магчымасці, то трагічныя паражэнні яшчэ больш загартоўвалі яе дух для далейшых, не менш цяжкіх гістарычных выпрабаванняў. Жыццё Усяслава, поўнае крывавай барацьбы і рознабаковай кіпучай грамадскай дзейнасці, стала жывой легендай і святым паданнем, што так патрэбна народу як натхняльная сіла ў яго змаганні за сваё жыццё.
БЕЛАРУСЬ у XII СТАГОДДЗІ
СЫНЫ УСЯСЛАВА, IX ПЕРАМОГІ I ПАРАЖЭННІ
Мы ўжо гаварылі пра магчымасць з’яўлення ў Полацкай зямлі ўдзелаў яшчэ ў апошніх дзесяцігоддзях XI ст. Але фіксацыя іх у пісьмовых крыніцах адбываецца ў пачатку XII ст. У сувязі з гэтым набывае важнае значэнне пытанне пра сыноў Усяслава і іх уладанні. Само сабой зразумела, што з’яўленне ўдзелаў не залежыць ад наяўнасці ў таго ці іншага ўладара нашчадкаў. Пры адсутнасці апошніх ва ўдзелах садзіліся б княскія намеснікі. Гэта аб’ектыўная заканамернасць, калі на пэўным адрэзку гістарычнага развіцця наступае тэрытарыяльнае драбненне. Яно вызначаецца геаграфічнымі, этнічнымі і, што асабліва важна, эканамічнымі прычынамі. Як мы ведаем, тэрыторыя Полаччыны, як і ўсёй Беларусі, багатая пушчамі, балотамі і рачнымі сістэмамі, садзейнічала ўтварэнню паасобных рэгіёнаў. Этнічна Полаччына ў той час не была аднародная. Яшчэ захоўваліся астравы балцкага насельніцтва, хоць ужо ў моўных адносінах асіміляванага, але яшчэ язычніцкага. Апроч таго, калі ў паўночнай частцы Полаччыны пераважалі крывічы, то ў паўднёвай — дрыгавічы, што, як убачым, адыграла істотную ролю ва ўтварэнні першых удзелаў. Далейшае развіццё земляробства, звязанае з распрацоўкай і асваеннем новых земляў, а таксама шпаркае развіццё феадальных адносін узмацніла мясцовыя інтарэсы, што асабліва жывіла працэс тэрытарыяльнага драбнення.
Пісьмовыя крыніцы данеслі да нас звесткі пра шасцярых сыноў Усяслава: Барыса, Давыда, Глеба, Рамана, Святаслава і Расціслава. Больш заблытаным з’яўляецца пытанне аб іх старшынстве, а таксама аб іх удзелах, асабліва адразу пасля смерці Усяслава. Галоўная прычына гэтага — страта полацкіх летапісаў. Толькі яны маглі б унесці поўную яснасць у гэтым пытанні, чаго няма ў кіеўска-наўгародскім летапісанні, дзе полацкая гісторыя адбілася паасобнымі ўрыўкамі. Сярод даследчыкаў ішлі спрэчкі пра тое, хто сеў пасля смерці Усяслава на полацкім пасадзе. М. Доўнар-
Запольскі лічыў, што Давыд405. Гэтай жа думкі прытрымліваецца і Л. Аляксееў406. Аднак В. Данілевіч аспрэчваў гэту думку, лічачы, што полацкі пасад дастаўся Барысу40 , які, паводле тацішчаўскіх матэрыялаў, у 1102 г. фігуруе як полацкі князь. Як вядома, Густынскі летапіс паведаміў нам і княскае імя Барыса — Рагвалод408. Бясспрэчна, што яно было дадзена Усяславам свайму першынцу ў памяць пра славутага прапрадзеда Рагвалода. Усё гэта можа гаварыць за тое, што Барыс-Рагвалод быў першым сынам Усяслава, што і дало яму права на полацкі пасад. Што да думкі Л. Аляксеева, нібыта Барыс быў друцкім князем, дык нам яна здаецца негрунтоўнай. Па-першае, мы не можам з упэўненасцю сказаць, што ў пачатку XII ст. ужо існаваў гэты ўдзел. Па-другое, наяўнасць нашчадкаў Барыса ў Друцку таксама не гаворыць за гэта, бо яны маглі быць адціснуты сюды іншымі прэтэндэнтамі на полацкі пасад, што хутчэй за ўсё і адбылося. Звернем увагу і на тое, што ў Барыса-Рагвалода быў сын Рагвалод, а гэта зноў-такі гаворыць, што ён, як старэйшы сын Усяслава, захоўваў традыцыю даваць старэйшаму сыну імя Рагвалод.
Магчыма, што Давыд быў другім сынам Усяслава. He выключана таксама, што ён і Барыс былі блізнятамі і таму ў аднолькавай меры з’яўляліся законнымі прэтэндэнтамі на полацкі пасад. Адначасова мы можам меркаваць, што ён прэтэндаваў і на Менскі ўдзел, аб чым будзе сказана ніжэй. Але з адзначанага не выцякае, што Давыд пасля смерці Усяслава не атрымаў ніякага ўдзелу, бо падзеі 1103 г. паказалі, што ён валодаў тады рэальнай вайсковай сілай.
Найбольш упэўнена мы можам гаварыць пра Глеба Усяславіча як пра менскага князя, бо ў такой ролі яго паказваюць летапісы ад 1104 г. да 1119 г. Адсюль вынікае, што менскі ўдзел быў першы па часе ў Полаччыне, зарэгістраваны летапісам у 1104 г.
Пра іншых сыноў Усяслава, апроч іх імёнаў, ніякіх звестак больш не захавалася.
А цяпер пяройдзем да разгляду падзей полацкай гісторыі ў пачатку XII ст. Паводле В. Тацішчава, у 1102 г. (г. зн. праз год пасля смерці Усяслава) полацкі князь Барыс хадзіў на яцвягаў і, перамогшы іх, вярнуўся назад і паставіў горад Барысаў у сваё імя409. Весткі пра нашу даўнюю гісторыю вельмі рэдкія, і таму кожная з іх уяўляе для нас вялікую каштоўнасць і патрабуе шматбаковага разгляду. Менавіта такім з’яўляецца і гэтае паведамленне, якое не захавалася ў іншых крыніцах і якое пралівае святло на розныя аспекты нашай гісторыі таго часу. Па-першае, яно засведчыла, што непасрэдна за Усяславам полацкім князем стаў Барыс-Рагвалод.
Залатое скроневае кольца
з раскопак гарадзішча ў Стара-Барысаве. XII ст.
Па-другое, яно, паказваючы першы паход Барыса, гэтым самым раскрыла першачарговую задачу Полацкага княства ў той час. Барыс робіць паход на яцвягаў, вядома ж, не на тых, што, паводле некаторых даследчыкаў, жылі ў Сувалкіі, а на тых, што былі зусім блізка, хутчэй за ўсё ў Верхнім Панямонні, на поўдзень ад Зах. Бярэзіны, дзе, мяркуючы па вялікай колькасці каменных магіл410, знаходзілася значная група яцвягаў у суседстве і ўперамежку з літвой. Гэты факт яшчэ раз абвяргае досыць пашыраную ў нашай гістарыяграфіі думку аб нібыта мірнай каланізацыі і асіміляцыі балцкага насельніцтва славянамі, у тым ліку і палачанамі. Як бачым, без кровапраліцця, рабаўніцтва і гвалтоўнага вываду насельніцтва тут не абыходзілася. Захопленымі ў палон яцвягамі і быў хутчэй за ўсё заселены наноў збудаваны Барысаў. Аднак гэтая думка В. Данілевіча аспрэчваецца некаторымі гісторыкамі4". 3 свайго боку, мы не бачым тут нічога неверагоднага. Адной з мэтаў паходаў князёў і было выводзіць з чужых земляў насельніцтва і засяляць ім сваю рэдка населеную зямлю. Праўда, заснаванне горада на Бярэзіне Барысам у сваё імя можа здацца праблематычным. Справа ў тым, што на карце Барысава, якая адносіцца да 1595 г., паказана рэчка Барыса 4|2, што на першы погляд робіць магчымым паходжанне назвы горада ад ракі. Аднак суфікс прыналежнасці — «аў» («ов») гаворыць у карысць заснаван-
ня горада Барысам. Звычайна назвы гарадоў, утвораныя ад гідронімаў, мелі суфікс «ск». Можна меркаваць, што Барысаў быў узведзены найперш як абаронны ўмацаваны пункт, на што ўказвае размяшчэнне яго гарадзішча на востраве. Відаць, недалёка адсюль праходзіў шлях з паўднёвага ўсходу, бо ў 1127 г. па ім на Барысаў рухаліся войскі чарнігаўскіх князёў. Л. Аляксеевым выказана думка, што Барысаў быў пагранічным умацаваннем413. У такім выпадку ўзнікае пытанне, з кім ішла мяжа па Бярэзіне. Рубяжы Полаччыны былі далёка адсунуты на ўсход ад гэтай ракі ўжо ў той час, і таму ніякай гаворкі аб парубежным становішчы Барысава не можа быць. I ўсё ж у сувязі з гэтым мы павінны прыгадаць сцверджанне аб заснаванні Барысава, якое мы знаходзім у «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай», якая паўтарае «Хроніку» Стрыйкоўскага. У ёй таксама пабудова Барысава прыпісваецца князю Барысу як «знак вечной граннцн умоцннцн межн Лнтвою н князством Полоцкнм»414. Як вядома, у гэтай крыніцы, складзенай, як і іншыя падобныя ёй «Хронікі», у фальсіфікатарскіх мэтах, шмат блытанага і скажонага, прадыктаванага палітычнымі абставінамі таго часу (XVI ст.). Так, князь Барыс тут выступае не як сын Усяслава, а як сын выдуманага літоўскага князя Гінгвіла, што было зроблена з мэтай даказаць літоўскае, а дакладней — жамойцкае па ходжанне полацкіх князёў. Тое ж і ў адносінах літоўскай мяжы па Бярэзіне Дняпроўскай. Гэтая рака ніяк не магла размяжоўваць Полаччыну з Літвой. Відаць, у гэты час (у пачатку XII ст.) мяжа Полацкага княства з Літвой магла ісці па Бярэзіне Нёманскай, пра што сведчыць, як мы гаварылі раней, наяўнасць уздоўж яе тапонімаў Гарадок, Гарадзілава, Гарадзечна, Гародзькі і асабліва такіх, як Палачаны і Літва, якія красамоўна сведчаць аб полацка-літоўскім сумежжы. Менавіта з гэтых рубяжоў князь Барыс і пачаў свой паход супроць яцвягаў, магчыма, узяўшы ў саюзнікі варожую ім літву. Вось гэта Бярэзіна і была зблытана ў «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай» з Бярэзінай Дняпроўскай, якая нібыта была мяжой паміж Полацкам і Літвой. I невыпадкова. У XVI ст. чамусьці існавала думка, што мяжа Вялікага княства Літоўскага на ўсходзе была па Бярэзіне Дняпроўскай. Нездарма ж маскоўскія паслы, прад’яўляючы прэтэнзіі сваёй дзяржавы на беларускія гарады, гаварылі паслам Вялікага княства Літоўскага: «...а рубеже был тем городом с Лнтовской землёю по Березыню» 415.