• Часопісы
  • Старажытная Беларусь Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне Мікола Ермаловіч

    Старажытная Беларусь

    Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
    Мікола Ермаловіч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 366с.
    Мінск 2001
    120.71 МБ
    Адзін з Барысавых камянёў, які знаходзіўся на Дзвіне паблізу горада Дзісны
    прадстаяў бой, то Барысам і магло быць загадана выбіць вядомыя нам ужо словы. На жаль, гэты камень, як відаць, першы Барысаў (ён знаходзіцца і цяпер у в. Камень Вілейскага р-на), сапсаваны, бо па загаду аднаго памешчыка быў знішчаны надпіс на паўднёвым і заходнім баках429.
    Яшчэ болып паказальным з’яўляецца размяшчэнне Барысавых камянёў па Дзвіне. Усе яны знаходзяцца на захад ад Полацка. Першы з іх у 5 км ад яго, другі і трэці — у 5 і 7 км ніжэй ад г. Дзісны, чацвёрты — ля г. Друі. Нельга не заўважыць, што кірунак размяшчэння камянёў супадаў з кірункам паходу полацкіх князёў на чале з Барысам на земгалаў. Полацкія дружыны хутчэй за ўсё і рухаліся па Дзвіне, паколькі водны шлях тады быў найболып зручны і танны. Барыс разумеў усю цяжкасць задуманага ім грандыёзнага паходу і таму мог загадваць на кожным вялікім валуне высякаць словы аб божай дапамозе яму. Але гэта, як мы ўжо ведаем, не дапамагло.
    Што надпісы на Барысавых камянях былі непасрэдна звязаны з вайсковымі паходамі, добра паказвае яшчэ адзін камень, праўда, ужо не Барысаў. Ен стаяў каля сяла Краслаўкі і быў знішчаны ў 1818 г. пры расчыстцы Заходняй Дзвіны. Дык вось на ім было высечана: «Да не убонтся душа моя вра га моего яко с твёрдою рукою десннцы отрасль Святополка Александрь»43? Паколькі ўпомнены камень знаходзіўся за крайнім Барысавым каменем на захадзе, то можна лічыць яго больш познім. Відавочна, што ён таксама звязаны з паходам у Ніжнядзвінскія землі. Але Аляксандр Святаполкавіч
    Рагвалодаў камень, які знаходзіцца пад Оршай
    у адрозненне ад Барыса ўжо не звяртаўся з просьбай да бога дапамагчы яму, а высякаў заклінанне, якое павінна было падбадзёрваць яго. Характэрна і тое, што замест крыжа тут быў выбіты шлем воіна з выявай сонца431. Такім чынам, тое, што было зацемнена неканкрэтнасцю просьбы на Барысавых камянях, на гэтым камені праступае яскрава: усе гэтыя камяні — найперш памяткі пра паходы полацкіх князёў. Трэба думаць, што Барысаў камень ля вёскі Вялікі Гарадзец Талачынскага р-на быў таксама звязаны з нейкім паходам, пра які, на жаль, пісьмовыя звесткі да нас не дайшлі. Выбіваць надпісы на камянях напярэдадні здзяйснення вайсковых задум было традыцыяй у полацкіх князёў. Да гэтага прыбег і сын Барыса Рагвалод-Васіль, выбіўшы 7 мая 1171 г. на камені (паміж Друцкам і Оршай) надпіс, аналагічны надпісам на Барысавых камянях. Гэта ж пацвярджае і наяўнасць вялікай колькасці камянёў з выбітымі на іх крыжамі па Заходняй Дзвіне аж да Ашэрадэна, г. зн. амаль да вусця гэтай ракі. I ўсе яны маюць падабенства з Барысавымі камянямі43 . Няма сумнення ў тым, што яны — яшчэ адно красамоўнае сведчанне полацкага пранікнення ў Ніжняе Падзвінне.
    Вядомы і яшчэ адзін полацкі камень з надпісам «Сулнбор хрвсть», які ляжаў побач з трэцім Барысавым каменем ля в. Балоткі. Некаторыя даследчыкі расшыфроўвалі гэты надпіс так: «Моцны, храбры Барыс свят»433. Паколькі форма крыжа і характар надпісу на гэтым камені істотна
    розняцца ад адпаведных выяў на іншых Барысавых камянях, то А. Сапуноў адносіў яго да пазнейшага часу. У прыватнасці ён лічыў, што гэты крыж і надпіс былі высечаны ў памяць Барыса434. Дарэчы, на вілейскім камені ёсць аналагічныя словы: «Воротншлн хресть». Магчыма, што Вараціша і Сулібор — імёны тых майстроў, якія высякалі надпісы на полацкіх камянях.
    Варта яшчэ дадаць, што ў XVI ст. М. Стрыйкоўскі шырокавядомыя ў народзе Барысавы камяні выкарыстаў у фальсіфікатарскіх мэтах. Каб давесці літоўскае, правільней — жамойцкае, паходжанне полацкіх князёў, ён сцвярджаў, што бачыў камень, які знаходзіўся у мілі ад Дзісны і ў сямі мілях ад Полацка і на якім меўся надпіс: «Вспоможн, господн, раба своего Борнса, сына Гннгвнлового». Далей ён прыпісаў гэтаму Барысу будаўніцтва Полацкай Сафіі і іншых храмаў. Няма чаго казаць, што гэта — грубая фальшыўка, бо добра вядома, што каменя з такім надпісам каля Дзісны ніколі не было і што Барыс быў не сынам выдуманага жамойцкага князя Гінгвіла, а сынам славутага Усяслава Чарадзея, які, як вядома, і будаваў Сафію. У свой час Я. Тышкевіч слушна зазначыў, што Стрыйкоўскі, пішучы гэта (маюцца на ўвазе словы «сына Гннгвнлового»), забыўся, што «трымаў у руцэ пяро гісторыка»435. Трэба толькі пашкадаваць, што большасць полацкіх камянёў — гэтых неацэнных помнікаў нашай старажытнасці — загінула.
    ГЛЕБ МЕНСКІ, ЯГО АСОБА I ДЗЕЙНАСЦЬ
    Але вернемся да разгляду нашай гісторыі ў храналагічным парадку. Земгальскае паражэнне полацкіх князёў не магло не выклікаць сярод іх спрэчак, разладу і суперніцтва за полацкі пасад. Уся віна за няўдалы паход была, відаць, узвалена на Барыса. Магчыма, што менавіта ў гэты час Барыс быў пазбаўлены вечам полацкага пасада і апошні перайшоў да Давыда, які і княжыў да 1127 г. Менш шчаслівы быў лёс Рамана Усяславіча. Калі прытрымлівацца меркаван ня I. Бяляева, што гэты князь знайшоў прыстанішча разам з Давыдам у Алега Святаславіча, то, магчыма, у адрозненне ад свайго старэйшага брата, ён не вярнуўся на радзіму і, паводле Ніканаўскага летапісу, апынуўся ў Разані, дзе і памёр436. Розныя крыніцы паказваюць розныя даты яго смерці: 1113, 1114 і 1116 гг. Удава Рамана пазней знаходзілася ў Полацку, была ігуменняй манастыра, як засведчыла «Жыціе Ефрасінні Полацкай».
    Сучасны выгляд рэштак дзядзінца і вакольнага горада ў Друцку
    Хоць паражэнне ў паходзе на земгалаў і для Глеба Менскага было адчувальнае, аднак яно не спыніла на доўгі час ажыццяўленне яго шырока задуманых планаў. 3 гэтага часу і да 1119 г. Глеб выступае на першы план полацкай гісторыі.
    Калі Менскі ўдзел не быў першым удзелам, які з’явіўся ў Полацкай зямлі (нельга забывацца, што Ізяслаўль яшчэ ў канцы X ст. стаў уладаннем Рагнеды, што і магло з’явіцца пачаткам яго пэўнай асобнасці), то ён быў першым удзелам, які адыграў найбольш важную ролю ў Полаччыне. Выдзяленне Менскага княства не з’явілася выпадковым, яно было абумоўлена шэрагам прычын. Па сваім геаграфічным становішчы гэтае княства з’яўлялася падняпроўскай часткай Полаччыны, паколькі размяшчалася па Бярэзіне і Свіслачы. He менш істотнае значэнне мела і тое, што цэнтр княства — Менск — знаходзіўся ў вярхоўях Свіслачы, на мяжы з Нёманскім басейнам. Усё гэта і вызначыла для Глеба кірункі пашырэння тэрыторыі Менскага княства: на ўсходзе — да Дняпра, на захадзе — да Наваградка. 3 этнічнага боку Менскае княства таксама мела свае асаблівасці. Хоць насельніцтва тут было мяшанае, дрыгавіцка-крывіцкае (пры наяўнасці яшчэ паасобных балцкіх астравоў), яно ўсе ж пераважна было дрыгавіцкае, што дазваляла Глебу глядзець на сябе як законнага ўладара ўсяго гэтага племя, і тым самым дало яму яшчэ адзін кірунак росту княства — на поўдзень, у глыб карэннай прыпяцкай дрыгавіцкай тэрыторыі. Аднак экспансіўная палітыка Глеба найперш была абумоўлена эканамічнымі прычынамі. Сапраўды, толькі выхад да Дняпра, Прыпяці і Нёмана мог вывесці Менск з іза-
    ляцыі і забяспечыць яму выхад на важнейшыя гандлевыя шляхі і панаванне над імі.
    Урыўкавыя летапісныя паведамленні не даюць магчымасці аднавіць усе звёны ажыццяўлення палітыкі Глеба Менскага ў аднолькавай паўнаце. Відаць, трохі адцягнуў яе правядзенне ўдзел у паходзе на земгалаў. Паражэнне ў ім, па ўсім відаць, намнога пагоршыла ваенна-палітычнае становішча Глеба Менскага, што змусіла яго пайсці на часовае прымірэнне з кіеўскім князем Святаполкам (дарэчы, Глеб быў жанаты з яго пляменніцай), пра што можа сведчыць пабудова Глебам у 1108 г. трапезнай у Пячэрскім манастыры і багатыя асігнаванні апошняму срэбрам і золатам. Магчыма, што гэтыя прыязныя адносіны са Святаполкам і далі Глебу магчымасць прасоўвацца да Дняпра. Ва ўсякім выпадку, к 1116 г., а хутчэй за ўсё к 1113-му, калі памёр Святаполк, Глеб Менскі або валодаў Друцкам, Копысем і Оршай, або знаходзіўся з імі ў саюзе437. He выключана, што, як лічыў I. Бяляеў438, менавіта Глеб Менскі ў сваім руху да Дняпра і заваяваў, умацаваўшыся ў Друцку, у гэты час Оршу і Копысь, якія належалі Смаленску. У такім выпадку можна думаць, што Глеб выкарыстаў варожасць паміж Ізяславічамі і Манамахам, які, будучы ўладальнікам Смаленска, не выступіў адразу супроць Глеба пасля захопу ім Оршы і Копыся. Выхад да Дняпра намнога павялічыў сілы Менска, што дало яму магчымасць пераключыць сваю ўвагу ў іншыя бакі, а менавіта ў кірунку Прыпяці. Аднак цяпер змяніліся палітычныя абставіны: у Кіеве пасля смерці Святаполка сеў па запрашэнні кіяўлянаў Уладзімір Манамах, даўні непрыяцель Полацка і Менска. Відаць, з гэтага часу зноў пачынаецца абвастрэнне адносін паміж Менскам і Кіевам. Паводле кіеўскіх крыніц, уся віна за гэта клалася на Глеба. Асабліва непрывабнай асоба гэтага князя выступае са звестак Т. Нарбута. Як ўсё, што напісана ім, так і гэтыя паведамленні не могуць не выклікаць сумнення ў сваёй праўдзівасці. I ўсё ж у іх ёсць паасобныя моманты, якія не супярэчаць іншым крыніцам і таму заслугоўваюць увагі.
    Дык вось, паводле Т. Нарбута, Глеб Менскі быў чалавекам нораву жорсткага і неспакойнага, які сваімі пачварнымі ўчынкамі выклікаў на сябе гнеў вялікага князя Святаполка, што апалчыўся разам з іншымі князямі на яго ў 1104 г. Падбадзёраны гэтым няўдалым паходам на яго, Глеб прыгнятаў сваіх падданых рознымі спосабамі і не даваў спакою суседзям. Уладанні яго апусцелі: народ бег у суседнія землі і асабліва ў Літву Завілейскую, у якой тым часам панаваў Жывінбуд. Князь менскі часта нападаў на яго ўладанні аж да р. Дзітвы і паланіў безабаронных земляробаў. Нарэшце
    выведзены з цярпення Жывінбуд у сваю чаргу напаў у 1114 г. на Менскае княства, спусташаючы яго, дайшоў да самай сталіцы, якую, узяўшы прыступам, спаліў і гэтым да таго застрашыў Глеба, што ён на доўгі час пакінуў яго ўладанні ў спакоі. Але, перастаўшы турбаваць Літву, Глеб звярнуўся ў другі бок, на землі братнія (?), спустошваў іх воласці і выводзіў у палон земляробаў. Ад Прыпяці да Дняпра, ад вярхоўяў Нёмана да Дзвіны дыміліся лепшыя вёскі і воласці пад яго лютымі набегамі: цягнуў няшчасны народ у няволю, прадаваў яго ў рабства ў далёкія краі і нават за мора ці сяліў у пустэльных ваколіцах Бярэзіны. Глеб да таго прывучыў баяраў сваіх да гэтага пачварнага промыслу, што яны зрабіліся сапраўднымі гандлярамі нявольнікаў. Паўсюдна раздаваліся скаргі і нараканні супроць варварскага промыслу. Уладзімір Манамах сарамаціў Глеба, пагражаў яму, прымусіў нават кіеўскага мітрапаліта падвергнуць анафеме менскага князя і яго паплечнікаў. Нарэшце, калі і гэта не надавуміла іх, то сам вялікі князь, злучыўшыся з Давыдам Чарнігаўскім і Ольгавічамі, узяў у 1116 г. Оршу і Копысь, гарады, як бачым, належныя да Менскага княства,— уціхамірыў Глеба і дараваў яму. Але, зноў ім угневаны, даручыў у 1119 г. сыну свайму Яраполку пакараць Глеба і яго баяраў злачынных. З’явілася мноства ахвотнікаў для гэтага як бы крыжовага паходу, бо Глеб і яго баяры былі праклятыя, нават Жывінбуд прыняў удзел у гэтым паходзе. Разбіўшы нагалаву мянчанаў на берагах Бярэзіны, Яраполк пайшоў на Друцк — удзел Менскага княства, галоўнае месцазнаходжанне гандляроў нявольнікамі, узяў прыступам крэпасць і, зраўняўшы горад з зямлёй, жыхароў перасяліў на новае месца, дзе заснаваў новы горад Наваградак-Жэлні. Глеб быў адведзены палонным у Кіеў, дзе і памёр 13 верасня 1119 г.43 . На жаль, Нарбут не ўказаў, адкуль пачэрпнуты ім некаторыя з гэтых звестак, якіх мы не знаходзім у вядомых нам крыніцах. Мы прывялі поўнасцю гэту вытрымку, каб пасля ў ходзе разгляду далейшай гісторыі звяртацца да яе, указваючы на яе праўдападобныя і сумніцельныя дэталі.