Старажытная Беларусь
Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
адбывацца ўдзень. Сярод стогнаў, плачаў, тупату паміралі людзі Полацка і воласці. Як быццам цэлае войска д’яблаў скакала па зямлі на конях сваіх, нябачныя для вачэй людскіх, пакідаючы пасля сябе толькі «тупаціны» ці сляды конскіх капытоў. Тады вось і сталі гаварыць у народзе: «Як мерцвякі («навье») б’юць палачанаў». А ўся гэтая прыгода пачалася ад Друцка». Верагодней за ўсё, што ў аснове гэтай легенды ляжыць праўдзівы факт нейкай эпідэміі, якая пачалася ў Друцку і дайшла да Полацка. Указвалася на чыста літоўскае паходжанне гэтага сказання (М. Кастамараў). Адмаўляць гэта катэгарычна нельга, але ўнесці папраўку трэба. Зусім неабавязкова, што гэтая легенда прыйшла з суседняй Літвы, бо ў той час было яшчэ нямала балцкага язычніцкага насельніцтва і ў самой Полаччыне, і таму ў ёй маглі хадзіць паданні аб д’яблах і мерцвяках на конях. Але хутчэй за ўсё, што легендарная апрацоўка сапраўднай гістарычнай падзеі была зроблена ў асяроддзі, варожым для Полацка, які паказаны ў палоне д’ябальскай сілы, людзей якога б’юць мерцвякі. Аднак апошняе таксама выклікае спрэчкі, паколькі ў некаторых летапісах замест «навье» значыцца варыянт «наяве», якому і аддаў перавагу Д. Леанардаў399, паколькі ён нібыта болып адпавядае зместу легенды. На наш погляд, «наяве» разбурае прыказку, якая стала ходкім выслоўем пра тое, «як мерцвякі б’юць палачанаў». У заключэнне адзначым: гэтая сапраўдная падзея, якая абрасла фантастычнымі дэталямі, неабавязкова адбывалася ў 1092 г. Яна, відаць, пад гэтай датай была толькі занесена ў летапісы.
АБСЯГІ ДЗЕЙНАСЦІ УСЯСЛАВА
Пра тое, што ў Кіеве пільна сачылі за падзеямі ў Полацку, сведчыць і летапіснае паведамленне пра смерць Усяслава: «В лето 6609 (1101) преставнся Всеслав, Полоцкнй князь, месяца апрнля, в 14 день, в 9 час дне, в среду». Такая храналагічная дакладнасць, якая амаль не сустракаецца ў дачыненні да іншых князёў, гаворыць аб выключнасці Усяслава як гістарычнай асобы. Вядома ж, у Кіеве вестку аб смерці славутага полацкага князя сустрэлі калі не з радасцю, то з палёгкай, бо не стала іх даўгалетняга грознага праціўніка. У Кіеве добра разумелі велізарнае значэнне легендарнага князя для паспяховай барацьбы Полацка за сваё існаванне. Аднак гэтая барацьба не складалася «са стыхійных успышак, парывістых кровапраліццяў»400. Усяслаў не вяртаўся б на полацкі пасад, з якога яго зганялі кіеўскія князі. Усё гэта гаво-
рыць за тое, што палачане падтрымлівалі Усяслава і лічылі яго барацьбу, якая прыносіла вялікія страты і неаднаразовыя паражэнні Полацкай зямлі, апраўданай суровай неабходнасцю засцерагчы краіну ад заваявання.
Неаднаразовыя паражэнні Усяслава не адымаюць у яго славу адмысловага палкаводца, бо, змагаючыся да канца, ён наносіў свайму праціўніку такія страты, што пазбаўлялі апошняга магчымасці рухацца далей, як гэта было ў час Нямігскай бітвы. Вось чаму вайсковая дзейнасць Усяслава была ў цэлым паспяховая. Кіеўскія князі вымушаны былі, прынамсі, на пэўны час, змірыцца з самастойнасцю Полацка. Калі ў 1097 г. у Любечы быў скліканы з’езд князёў, сярод іх не было Усяслава. Гэта адсутнасць вельмі красамоўная, бо сведчыла аб тым, што кіеўскія князі бачылі ў Полаччыне непадуладную ім зямлю. I ў свядомасці тагачаснага грамадства такое становішча Полацка было вынікам кіпучай дзейнасці Усяслава. Нездарма ж аўтар «Слова аб палку Ігаравым» праз стагоддзе пазней разглядаў Полацкую зямлю як «жнзнь Всеславлю». У гэтым нельга не бачыць выключна аб’ектыўную і высокую ацэнку заслуг Усяслава перад сваёй краінай. Трэба зазначыць, што менавіта ў «Слове...» і знайшлі найбольш яркае і праўдзівае вызначэнне асоба і дзейнасць Усяслава. I гэта з’яўляецца поўнай процілегласцю ацэнцы Баяна, што склаў пра Усяслава такую прыпеўку: «Нн хытру, нн горазду, нн птнцю горазду — суда божня не мннутн». 3 гэтага выцякае, што, як адзначыў Б. Рыбакоў, для Баяна Усяслаў — віноўнік няшчасцяў, што ён выслізгваў шмат разоў ад людскога суда, але будзе кінуты на асуджэнне вышэйшага нябеснага судзілішча4 . Дарэчы зазначым, што Д. Леанардаў не меў рацыі, калі гаварыў, спасылаючыся на іншых даследчыкаў, што прыведзеная вышэй прыпеўка пра Усяслава не была арыгінальным тварэннем Баяна, а толькі паўтарэннем ходкіх у той час выслоўяў, якія сустракаюцца ў фальклоры і ў творах старажытнай літаратуры: у быліне пра Святагора, у «Маленні» Данііла Заточніка, у летапісе. Але ж аўтар «Слова...» палічыў патрэбным сказаць, што Баян «впервое», г. зн. упершыню, стварыў гэту прыпеўку ў адносінах да Усяслава і што з таго часу яна і стала крылатым выслоўем.
Неаднаразова адзначалася, што ў «Слове...» Усяслаў выступае як самая маляўнічая і рамантычная гістарычная асоба. He выключана, што аўтар «Слова...» пры мастацкім узнаўленні гэтага героя выкарыстаў летапіснае паведамленне пра нараджэнне Усяслава ад валхавання і эпас пра князячарадзея Волха Усяславіча, надзеленага незвычайнай сілай. Вось чаму ён і выступае адначасова і паўміфічным (палёт
на сіняй хмары, фантастычнае пераўвасабленне ў спрытнага ваўка ці рысь, будучы ў Кіеве, ён чуе звон Полацкай Сафіі) і рэальным (разбіў славу Яраслава, Нямігская бітва, справядлівы суд паміж князямі і ўсімі людзьмі і інш.). Хоць справядлівы суд прыпісваецца Усяславу ў даследаваннях як кіеўскаму князю, аднак гэта яшчэ ў большай меры было ўласціва яму як полацкаму князю, асабліва яго справядлівы суд паміж людзьмі.
Пад уплывам таго, што ў літаратуры больш за ўсё гаворыцца пра ратныя справы Усяслава, у нас і стварылася аднабаковае ўяўленне пра яго як толькі пра князя-воіна. Мы не павінны забывацца, што з 57 гадоў яго князявання толькі каля 20 гадоў працягвалася выключна жорсткая барацьба і, такім чынам, непараўнальна большая частка князявання прыпадае на грамадскую дзейнасць. Праўда, яна не засталася асветленай у крыніцах, і толькі ў «Слове...» зроблены намёк на яе. I мы, вядома, можам адно здагадвацца аб яе змесце. Паколькі выпрацаваная Яраславам Мудрым і яго сынамі «Руская праўда» не магла мець свайго дзеяння на Полацкае княства, якое не ўваходзіла тады ў склад Кіеўскай дзяржавы, то цалкам магчыма, што Усяславам магло быць складзена полацкае заканадаўства. Ужо выраз «Слова...», што «Всеслав князь людям судяше», гаворыць аб яго актыўнай прававой дзейнасці і гэтым самым аб яго падрыхтаванасці да выпрацоўкі заканадаўчых нормаў. А гэта было настойлівай неабходнасцю для таго часу. У Полаччыне, як і ў Кіеўшчыне і Наўгародчыне, ішоў імклівы працэс феадальнага развіцця, што ўскладняла грамадскае жыццё, робячы яго ўсё больш дыферэнцыраваным. Вядома, ва ўмовах такога дынамічнага грамадскага росту ішла ломка старых прававых нормаў і нараджалася настойлівая патрэба ў выпрацоўцы новых, што, відаць, і складала важную частку дзейнасці Усяслава. Бясспрэчна, што на першым плане ўвагі Усяслава стаяла ўмацаванне ўлады княскай адміністрацыі, галоўным чынам дружыннікаў, а таксама ахова маёмасці больш заможных слаёў грамадства, у першую чаргу феадалаў і купцоў. Мяркуючы па пазнейшых часах, у Полацку было моцнае веча, і, відаць, узаемаадносіны княскай улады з ім займалі немалое месца ў заканадаўстве Усяслава. Улічваючы вялікую ролю гандлю для Полаччыны, якая ляжала на скрыжаванні вялікіх шляхоў, можна думаць, што Усяслаў шмат увагі надаваў пытанням рэгулявання гандлю і асабліва спагнання пошлін.
Трэба таксама памятаць, што пабудова Полацкай Сафіі, ініцыятарам чаго з’яўляўся, бясспрэчна, Усяслаў, была таксама адной з самых плённых старонак яго дзейнасці.
Укладваючы ў гэту справу сваю дзейную кіпучую натуру, Усяслаў тым самым намнога прасунуў наперад культурнае развіццё Полаччыны. Сапраўды, збудаваць у той час такі храм азначала намнога ўзняць узровень полацкага дойлідства. I хоць полацкая святыня будавалася па візантыйскіх узорах і візантыйскімі майстрамі, яна мела і свае рысы, што з’явілася пачаткам узнікнення арыгінальнай полацкай архітэктуры. Для таго каб упрыгожыць полацкі сабор, яго сцены, столь і падлогу, патрэбна было зрабіць шмат крокаў наперад полацкаму мастацтву. А каб наладзіць функцыяніраванне Сафіі, патрэбна было мець яшчэ больш адукаваных людзей і новых кніг, г. зн. даць новы імпульс для развіцця тагачаснай асветы. Вядома, што ўсё гэта было непасрэдна звязана з імем Усяслава. Калі ўжо дзед Усяслава Ізяслаў Уладзіміравіч быў паказаны ў летапісах як першы князь-кніжнік, то няма сумнення, што не менш адукаваным з’яўляўся яго ўнук. Той факт, што з Усяславам у прыязных адносінах быў Антоній Пячэрскі — адзін з самых асвечаных людзей таго часу,— красамоўна засведчыў высокую культуру славутага полацкага князя.
Як бачым, ужо гэтыя адзінкавыя факты, што дайшлі да нас, яскрава паказваюць нам, наколькі шматгранная была грамадская дзейнасць Усяслава, якая не ў меншай ступені, чым ратная, садзейнічала ўмацаванню і трываласці Полацкай дзяржавы.
У літаратуры стала агульнапрынятым, што пры Усяславе Полацкая зямля дасягала найбольшай велічыні, якой не было ні да яго, ні пасля яго 402. Аднак гэта не пацвярджаецца фактамі і таму патрабуе канкрэтызацыі. Сапраўды, ніводная крыніца не ўказвае на далучэнне Усяславам да Полацка якіхнебудзь тэрыторый. Вышэй мы гаварылі, што пры гэтым князю ў склад Полаччыны маглі быць уключаны Орша і Копысь, але гэта толькі меркаванне. Наогул, на поўнач, усход і поўдзень магчымасці пашырэння полацкай тэрыторыі былі вельмі абмежаваныя, паколькі тут ішлі рубяжы пскоўскіх, наўгародскіх , смаленскіх, чарнігаўскіх і кіеўскіх уладанняў, якія, як мы бачылі, былі пад пільнай аховай. Таму адзінымі кірункамі, куды маглі пашырацца межы Полаччыны з меншым супраціўленнем, былі паўночна-заходні, заходні і паўднёва-заходні, у глыб балцкай тэрыторыі. I яны, пэўна ж, сюды пашыраліся, але наколькі, мы канкрэтна не ведаем. Магчыма, што пры Усяславе межы Полаччыны на паўднёвы захад прасунуліся да Бярэзіны (Нёманскай), уздоўж якой узніклі такія паселішчы, як Гарадок, Гарадзілава, Гарадзечна, Гародзькі, якія паводле іх назвы былі ўмацаванымі пунктамі Полацка на рубяжы з Літвой, на што ясна ўказвае наяў-
насць побач размешчаных тапонімаў Палачаны і Літва (цяпер Маладзечанскі р-н). Відаць, гэтая ўмацаваная лінія і з’явілася плацдармам, з якога Полацк ажыццяўляў падначаленне сабе Літвы, пераважна яе правабярэжнай часткі, дзе была сканцэнтравана і значная колькасць яцвягаў. Дарэчы, гэтаму садзейнічаў і этнічны фактар, паколькі ў Верхнім Панямонні з даўніх часоў славянскага засялення Беларусі асела нямала крывічоў, якія побач з дрыгавічамі асімілёўвалі літву і яцвягаў і гэтым самым арганічна змацоўвалі гэту тэрыторыю з Полаччынай.