• Часопісы
  • Старажытная Беларусь Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне Мікола Ермаловіч

    Старажытная Беларусь

    Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
    Мікола Ермаловіч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 366с.
    Мінск 2001
    120.71 МБ
    Яшчэ ў свой час М. Доўнар-Запольскі адзначыў выключнае адзінства рускіх князёў у барацьбе з Полацкам і што таму яны з большай ахвотай ішлі на яго, чым на полаўцаў466. Сапраўды, паход 1127 г. быў выключны па колькасці яго ўдзельнікаў і велічыні іх войска. Гэта, у сваю чаргу, выклікала неабходнасць каардынацыі дзеянняў удзельнікаў такой грандыёзнай вайсковай кампаніі. Летапісныя матэрыялы паказваюць, што план яе быў распрацаваны ў дэталях. Паводле яго, шматлікія войскі саюзнікаў павінны былі ўвайсці ў Полацкую зямлю адначасова і ісці «четырьмя путьмн», накіраванымі супроць яе важнейшых абарончых пунктаў: Ізяслаўля, Лагожска, Барысава і Друцка. Найбольшыя сілы былі накіраваны на заходні фланг полацкай абарончай лініі, a менавіта на г. Ізяслаўль. Гэта вельмі важная акалічнасць, і мы на ёй павінны спыніцца больш падрабязна. Найперш мы бачым, што Ізяслаўль быў ужо цэнтрам асобнага ўдзелу і што, як пасведчаць далейшыя падзеі, меў свайго князя. У адрозненне ад суседняга Менска ён не быў далучаны да кіеўскіх уладанняў. Магчыма, што гэта было вынікам здзелкі Полацка з Кіевам. Успомнім, што, паводле В. Тацішчава, паход на Менск у 1119 г. рабіў па загаду Манамаха яго сын Мсціслаў. He выключана, што ён хацеў адабраць ад Полацка і Ізяслаўль, але палачане адстаялі яго, згадзіўшыся на шлюб дачкі Мсціслава з ізяслаўскім князем Брачыславам, што як бы гарантавала лаяльнасць гэтага горада да Кіева. Але, як і ўсюды, так і тут, сваяцкі саюз лёгка ўступаў месца палітычным інтарэсам. Паколькі Ізяслаўль пасля страты Менска займаў крайняе паўднёвае становішча ў непасрэднай блізкасці да кіеўскіх уладанняў, то ён стаў як бы дублёрам Менска і быў ператвораны ў найбольш умацаваны бастыён, што і выявілася ў хуткім часе.
    Як указвалася раней, паводле Лаўрэнцьеўскага летапісу, Ізяслаўль быў пабудаваны ў канцы X ст. кіеўскім князем Уладзімірам для Рагнеды і іх сына Ізяслава. Аднак гэта легенда. Звычайна князі будавалі гарады ў сваё імя, і таму больш верагодна, як заўважыў М. Доўнар-Заполькі, што Ізяслаўль быў пабудаваны самім Ізяславам як каланізацыйны пункт467, з якога пачалося полацкае пранікненне ў Літву. Нездарма ж у Густынскім летапісе сказана, што Мсціслаў паслаў усіх князёў «в Лнтву ко Нзяславлю»468. Відаць, і гэта пакажуць далейшыя падзеі, Мсціслаў добра ведаў прызначэнне Літвы для Полацка як аднаго з рэзерваў яго вайсковай магутнасці. Таму ўзяцце Ізяслаўля войскамі Мсціслава побач з іншым ставіла сваёй мэтай адрэзаць ад Полацка Літву.
    Усе гэтыя абставіны і змусілі Мсціслава паслаць на Ізяслаўль найбольшыя сілы, якія складаліся з войскаў чатырох
    HctuH^fero • гЦі^ь^го
    
    Князь Ізяслаў Мсціславіч бярэ Лагойск у 1127 годзе. Мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу
    князёў: Андрэя з Уладзіміра Валынскага, Вячаслава з Турава (абодва браты Мсціслава), Усевалада з Гародна (сучасныя даследчыкі бяздоказна атаясамляюць яго з г. Гродна, некаторыя ж іншыя, як А. Няволін, П. Сямёнаў, М. Доўнар-Запольскі, бачылі ў ім м. Гародна Пінскага павета, што болей слушна) і Вячаслава Яраславіча з Клецка. На Лагожск, які займаў адно з цэнтральных месцаў у абароне Полаччыны, было паслана войска на чале з сынам Мсціслава, што княжыў у Курску. Вельмі важная задача стаяла і перад чарнігаўскім князем Давыдам Ольгавічам і яго братамі, якія ў саюзе з торкамі на чале з ваяводам Іванам Вайцішычам павінны былі ўзяць Барысаў, а адтуль ісці на Стрэжаў (Л.Аляксееў атаясамляе яго з в. Стрыжава ў сучасным Бешанковіцкім раёне469, што верагодна, бо ў В. Тацішчава значыцца «Стрнжев»470), а адтуль ужо адкрываўся шлях на Полацк. На смаленскага князя Расціслава, сына Мсціслава, было ўскладзена ўзяцце Друцка (як бачым, гэты горад адрадзіўся пасля яго разбурэння ў 1116 г.).
    Каб не даць магчымасці Полацку сканцэнтраваць свае сілы на якім-небудзь адным участку, а таксама ўнесці ў асяроддзе яго насельніцтва страх і разгубленасць, было
    дамоўлена паміж удзельнікамі кааліцыі «пустнться на вороп», г. зн. штурмаваць чатыры полацкія гарады адначасова, а менавіта 4 жніўня. Аднак гэты план быў парушаны Ізяславам, які на дзень раней пачаў ваенныя дзеянні. Праўда, летапіс не дае падставы сцвярджаць, што ён непасрэдна стаў браць «на вароп» Лагожск, бо там толькі і сказана, што ён «зая людей от города», г. зн. тых, што абаранялі Лагожск, і якія, «устрашнвшеся» вялікай сілы, здаліся. Мы не можам з упэўненасцю сказаць, ці ўзяў Ізяслаў Лагожск, бо ў летапісе сказана, што ён «перестрян два днн у Логожска» (значыць, не ў горадзе, каля яго), не пайшоў далей на Полацк, а накіраваўся да Ізяслаўля. Нельга ўпэўнена сказаць, чым гэта было выклікана: ці тым, што ў задачу Ізяслава не ўваходзіла ісці на Полацк, паколькі гэта, як думае Л. Аляксееў, ускладвалася выключна на чарнігаўцаў і торкаў, ці неабходнасцю аказаць сваім дзядзькам, якія штурмавалі Ізяслаўль, дапамогу, як сказана ў В. Тацішчава471. I вось, ідучы з Лагожска ў Ізяслаўль, Ізяслаў бярэ ў палон князя Брачыслава. Трэба зазначыць, што гэта не зусім яснае месца ў летапісе. Па-першае, хто такі Брачыслаў. Імя гэта — чыста полацкае. Праўда, у кіеўскага князя Святаполка малодшы сын насіў таксама гэта імя. Аднак што мы тут маем справу не з ім, не можа быць і гаворкі, бо за некалькі месяцаў да паходу на Полацк ён памёр4 . У літаратуры наконт месца князявання Брачыслава назіраецца блытаніна. Так, Л. Аляксееў на адной і той жа старонцы сцвярджае, што гэта быў лагожскі князь, а пасля, што гэта быў ізяслаўскі князь473. Выказвалася думка, што ён быў лагожска-ізяслаўскім князем474. Аднак з далейшага тэксту летапісу, як убачым, можна ўпэўнена меркаваць, што Брачыслаў быў ізяслаўскім князем, што і дае нам цвёрды грунт гаварыць аб наяўнасці побач з Менскім і Ізяслаўскага ўдзела Полацкай зямлі. Пры якіх жа абставінах Брачыслаў трапіў у палон да свайго швагра Ізяслава? У летапісе гаворыцца, што ён ішоў «к отцу своему» і аказаўся ў час паланення «посреде путн». Паколькі Ізяслаў ішоў з войскам ад Лагожска да Ізяслаўля і на паўдарозе сустрэў Брачыслава, то зразумела, што апошні ішоў у адваротным кірунку, г. зн. з Ізяслаўля ў Лагожск, дзе, па ўсім відаць, і быў яго бацька. I гэта закрэслівае сцверджанне, нібыта Брачыслаў быў ізяслаўска-лагожскім князем. А вось менавіта хто быў бацькам Брачыслава, і застаецца невядомым, бо летапіс не называе яго імя. Ва ўсякім выпадку, не мог быць яго бацькам Давыд475, бо вядома, што ён у гэты час быў князем у Полацку, а не ў Лагожску.
    3 летапісу не відаць, чаго ішоў Брачыслаў да свайго бацькі. Магчыма, што і на дапамогу яму, як сказана ў В. Та-
    Гарадзішча стрражытнага Лагойска
    цішчава476, не ведаючы, што тое ж самае чакае і яго горад (напад на Лагожск пачаўся на дзень раней). Сапраўды, летапіс далей сведчыць, што ізяслаўцы абараняліся без свайго князя. Летапіс таксама паказвае, што Брачыслаў, відаць, убачыўшы войска Ізяслава, спалохаўся і «не мог понтн нн семо, нн овамо» «н нде шюрнну своему в руце». I вось Ізяслаў, ведучы зараз Брачыслава і палонных лагожцаў (паводле В. Тацішчава, «знатнейшнх»), рухаўся да Ізяслаўля.
    Ізяслаўцы сустрэлі ворагаў мужна і стойка супраціўляліся, нягледзячы на шматлікасць непрыяцеля і адсутнасць свайго князя. Але калі, убачыўшы яго і лагожцаў, што ішлі да Ізяслаўля і якім нічога дрэннага не было зроблена варожым войскам, ізяслаўцы, акружаныя сіламі пяці князёў, вымушаны былі здацца, паверыўшы слову Вячаслава (князя тураўскага), што яны не будуць «узяты на шчыт». Гэта было ўвечары, а ноччу апантанае прагай рабаваць войска ўварвалася на чале з ваяводамі Вараціславам і Іванкам у Ізяслаўль і пачало свае бясчынствы. Нават з вялікімі цяжкасцямі і з «праліццём крыві» ўдалося выратаваць ад рабун ку маёмасць дачкі Мсціслава, жонкі Брачыслава (апошняе з’яўляецца яшчэ адным доказам, што Брачыслаў быў ізяслаўскім князем, паколькі яго жонка жыла ў Ізяслаўлі).
    Трэба зазначыць, што летапіснае паведамленне аб падзеях 1127 г. вельмі падрабязнае ў пачатку, у канцы зусім кароткае. Так, у ім нічога не паведамляецца, як разгортва-
    ліся ваенныя дзеянні ў Барысаве і Друцку, і таму можна толькі здагадвацца, што вынікі іх былі не менш агідныя, чым у Ізяслаўлі, асабліва калі ўлічыць, што ў складзе тых войскаў былі торкі.
    I ўсё ж, нягледзячы на такія жорсткія ўдары, Полацк яшчэ не траціў надзеі і мог весці барацьбу. Але калі з поўначы ў напрамку Неклача пачало рухацца наўгародскае войска на чале з Усеваладам Мсціславічам (сынам вялікага князя), у выніку чаго Полацкая зямля была сціснута з усіх бакоў, стала зразумелая бесперспектыўнасць выратаваць краіну ад заваявання вайсковымі сродкамі, і ўся надзея была ўскладзена на дыпламатычныя перагаворы. Асабліва паказальна тое, што ў гэты крытычны момант для Полаччыны на першы план выступае веча. Тацішчаўскія звесткі яскрава паказваюць гэта. Веча ў выпадку крайняй неабходнасці лёгка маніпулявала сваімі князямі. Менавіта цяпер палачане (вядома ж, не ўсе, а іх веча, якое складалася з «лепшых людзей») усю віну за «няпраўду» ўсклалі на Давыда і іншых князёў, выдалілі Давыда з сынамі з Полацка і ўзялі на месца яго Рагвалода-Барыса. Дарэчы будзе прыгадаць, што I. Бяляеў нават лічыў прычынай паходу 1127 г. тое, што Мсціслаў хацеў выкарыстаць барацьбу князёў Барыса з Давыдам за полацкі пасад, каб падначаліць сабе Полацк477. Аднак гэта не пацвярджаецца крыніцамі. У прыватнасці, нельга катэгарычна сцвярджаць, што ізяслаўскі князь Брачыслаў, што прыходзіўся зяцем Мсціславу, быў сынам Барыса, якога таму і падтрымліваў вялікі князь. 3 разгледжанага мы бачылі, што і Брачыслаў і яго ўдзел пацярпелі не менш, а можа, яшчэ больш ад паходаў кіеўскіх князёў.
    Паводле летапісу, Мсціслаў згадзіўся з прапановаю палачанаў, ухваліў Барыса-Рагвалода на полацкім пасадзе, і на гэтым яго вайсковая кампанія на Полацкую зямлю як быццам закончылася.
    Аднак тут паўстае пытанне: «Няўжо дастаткова было для Полацка толькі замены аднаго князя другім, каб спыніць такі грандыёзны паход?» Яно заўсёды хвалявала даследчыкаў. Перш за ўсё слушна ўказвалася, што падобная сітуацыя складвалася не ўпершыню, што яна мела месца ў 1021, 1067 гадах, калі кіеўскія войскі, маючы магчымасць узяць Полацк, адмаўляліся ад гэтага намеру478. Нельга адмаўляць наяўнасці супярэчнасцяў паміж Манамахавічамі і Ольгавічамі, што магло перашкодзіць ажыццяўленню канчатковай мэты паходу — узяццю Полацка479 . Але наўрад ці гэта прычына была галоўная. Апроч таго, летапіс не дае падставы гаварыць, што Барыс быў кампраміснай асобай паміж Манамахавічамі і Ольгавічамі480. У крыніцы ясна сказана, што