• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сучасная беларуская рэжысура

    Сучасная беларуская рэжысура


    Выдавец: Арты-Фэкс
    Памер: 314с.
    Мінск 1998
    139.07 МБ
        Б.Луцэнка ў першай пастаноўцы «Раскіданага гнязда» адкрыў паэтычны пласт п’есы (да гэтага звычайна яе ігралі ў жыццёва - побытавай манеры), a цяпер узнікае пласт музычны, што раней падалося б нечуваным рэжысёрскім самавольствам і свавольствам.
        У востра напружаных і сэнсава важных сцэнах уласна драматычнае дзеянне перапыняецца, героі нібы застываюць, а падмосткі запаўняе і ўладарыць на іх танцавальна-вакальны гурт «Этнас». Выконваюцца музычныя, вакальныя, пластычна-харэаграфічныя нумары. Гэта паўтараецца даволі часта, паказваецца фактычна ў адным мастацкім вырашэнні, усё адно як рэфрэн у вершы ці песні. Але эмацыянальнае ўспрыняцце спектакля ад такой акалічнасці не спадае, хутчэй узмацняецца, як, дарэчы, і ад літаратурна-паэтычнага рэфрэна. У песні, музыцы, танцах яскрава раскрываецца душа герояў купалавага твора і шырэй — душа народа.
        Рэжысёр Луцэнка як бы прапаноўвае яшчэ раз удумацца ў сэнс самой назвы «Раскіданае гняздо». У побытавым вытлумачэнні гэтага твора ўяўляецца ўсё
    
    45
    
    Анатоль Сабалеўскі
    
    простым і зразумелым: была сялянская хата, жыла ў ёй сям’я. Потым па загаду паніча дваровыя людзі яе разбурылі, гаспадар Лявон Зяблік наклаў на сябе рукі, і пад уплывам цяжкіх, невыносных абставін пайшлі нелады ў сям’і. Яна фактычна распадаецца.
        Так звычайна і трактавалася п’еса. Але тады яна павінна была б называцца «Раскідаецца гняздо» — акурат пад час сцэнічнага дзеяння, на вачах у гледачоў. A Купала ўсё ж даў ёй найменне «Раскіданае гняздо», і новая пастаноўка ці не ўпершыню ў тэатральнай гісторыі гэтага твора пацвярджае дакладнасць аўтарскай назвы.
        На падмостках, можа, крыху перагружаных побытавымі рэчамі, няма хаты Зяблікаў у літаральным сэнсе слова. Есць толькі яе драбы, так бы мовіць, шкілет, які ў час, калі дваровыя людзі павінны здзіраць страху, моцна, у нейкім страшным рытме гайдаецца. А гняздо разбурана намнога раней, і раскідалася яно стагоддзямі. Гэта трагічны лёс Беларусі, яе народа. I цяпер у спектаклі на прыкладах жыцця персанажаў мы бачым вынікі гэтай трагедыі.
        Яна гняце, душыць людзей, робіць іх несвабоднымі, каб не сказаць рабамі. У спектаклі несвабодная ўся сям’я Зяблікаў, у тым ліку і Сымон — порсткі і бунтарскі хлопец, які найбольш актыўна імкнецца парваць свае жыццёвыя путы. Але гэтыя путы настолькі моцныя, што непадуладныя ніякай сіле. Путамі скаваны нават Паніч. Ён насуперак традыцыям трактаваць гэты вобраз нікчэмным спакуснікам, увогуле нейкай пачварай, ад якой усе беды, прыгожы юнак, дзяцюк нашай жа зямлі, які шчыра пакахаў Зоську. Але Паніч несвабодны. У яго путы саслоўныя, гаворачы сённяшняй тэрміналогіяй, маёмасныя, з якіх не можа вызваліцца, і таму па-свойму таксама няшчасны.
        Словам, кожны нясе свой цяжка жыццёвы крыж. Гэта думка метафарычна ўвасоблена ў спектаклі такім
    
    46
    
    Анатоль Сабалеўскі
    
    чынам. Вялізны крыж, які змайстраваў Сымон па бацьку, ён нясе, згінаючыся пад цяжарам, праз усю сцэну і прымацоўвае да задніка. Так гэты крыж і застаецца на працягу ўсяго далейшага дзеяння.
        Адзіны з усіх герояў «Раскіданага гнязда» па-сапраўднаму вольны чалавек, не павязаны аніякімі ланцугамі, — гэта Старац. У акцёра Віталя Быкава ён грузны, вельмі стары, нямоглы чалавек. Але Старац уваходзіць на сцэнічныя падмосткі лёгка, з шырока раскрытымі, нібы ўвесь белы свет, па якім ён блукае, рукамі і ад перапоўненага шчасця, незвычайнай радасці прытанцоўвае.
        Трэба сказаць, што на выканаўцаў ролі Старца ў тэатрах, бадай, заўсёды шанцавала. У ёй выступалі буйнейшыя майстры сцэны. Сама па сабе роля невялікая, эпізадычная. Старац толькі двойчы выходзіць на падмосткі — у пачатку спектакля і ў яго канцы, г.зн. у экспазіцыйнай і фінальнай сцэне, як бы абрамляючы само дзеянне. Гэта разважлівы, жыццёва мудры чалавек, народны філосаф. Менавіта такія рысы характару поўна, аб’ёмна раскрывалі выканаўцы і ў часы панавання вульгарызатарскай крытыкі, калі Старца выкрывалі і кляймілі як «талстоўца», «непраціўленца злу», што не разумее «класавых падыходаў» і т.п.
        Убіраючы і акамулюючы дасягненні ў акцёрскім спасціжэнні вобраза Старца папярэднікаў, Віталь Быкаў дадае ў характарыстыку вельмі важныя рысы. Дарма, што ўвесь час ён абвешаны торбамі (але ж не вяроўкамі, не ланцугамі), у якія хто пакладзе кавалак хлеба, а хто і не пакладзе, ці нават нацкуе сабакам. Дарма, што не ведае, дзе і як давядзецца пераначаваць. Але ж ён, ходзячы па свеце, і сам дыхае на поўныя грудзі і шчодра дзеліцца з людзьмі сваім духоўным багаццем. (Старац і да Зяблікаў заходзіць не па лусту хлеба, гатоў нават сваёй падзяліцца скарынкай.) I найгалоўнае — ён самы
    
    47
    
    Анатоль Сабалеўскі
    
    вольны чалавек. Гэты матыў у спектаклі ўвасоблены з такой мастакоўскай пранізлівасцю і філасофскай глыбінёй, што стаў асноўным, дамінуючым.
        У мінулых пастаноўках «Раскіданага гнязда» цэнтральнай постаццю звычайна выходзіў Сымон Зяблік, такім ён уяўляецца і ў драматычным творы. У спектаклі, ажыццёўленым Барысам Луцэнкам на купалаўскай сцэне, асноўнае месца на падмостках заняла Марыля ў цудоўным выкананні Стэфаніі Станюты. Актрыса ў гэтай ролі ўвасабляе вобраз Маці — маці сям’і ў канкрэтным праяўленні дзеянняў і Маці Беларусі ў абагулена сімвалічным плане.
        У новай пастаноўцы рэжысёр адводзіць Марылю на другі план, што падкрэслена і мізансцэнамі. А на першы выйшаў Старац, увабраўшы ў сябе, як ужо зазначалася, галоўную думку спектакля.
        Другой нечаканасцю сталася трактоўка Незнаёмага. У драматургічным творы ён, як і Старац, паяўляецца на падмостках двойчы, толькі ў розны з ім час: першы раз — калі дзеянне ўжо набрала разгон, і другі — перад развязкай. Прыходзіць да Зяблікаў фактычна з той жа, што і Старац, мэтаю: раіць не скарацца перад цяжкасцямі і нягодамі, шукаць жыццёвага выйсця, адно толькі шляхі-дарогі ўказвае іншыя, як і розная эмацыянальная афарбоўка саміх парадзаклікаў.
        Вельмі неаднолькавыя гэтыя персанажы ў мастацкім вырашэнні. Калі Старац, як і ўсе Зяблікі, мае канкрэтную характарыстыку, надзелены жывой плоццю, то ў Незнаёмага нічога з гэтага няма. Вобраз у найбольшай меры, чым іншыя персанажы, рамантызаваны і крайне абстрагаваны. Гэта Купалава загадка, якую тэатры адпаведна патрэбам часу імкнуліся разгадаць і вытлумачыць.
        Рэжысёр Аляксандр Скібнеўскі ў спектаклі коласацаў вобраз Незнаёмага канкрэтызаваў да
    
    48
    
    Анатоль Сабалеўскі
    
    побытавых падрабязнасцей і дэталей. Гэта быў бальшавік-агітатар, з рабочых, відаць, піцерскіх, у традыцыйнай камісарскай скуранцы. Ён хадзіў ад хаты да хаты, агітаваў людзей ісці на Вялікі Сход, што недвухсэнсоўна азначала — у рэвалюцыю. 3 Незнаёмым было яшчэ двое чалавек, і калі той заходзіў у хату, у дадзеным выпадку на папялішча да Зяблікаў, яны станавіліся на варту, каб уберагчы ад пшыкаў. Спектакль быў выпушчаны ў 1951 годзе, і такая трактоўка адпавядала сацыяльнаму заказу і мела, як гаворыцца, усеагульнае адабрэнне.
         Барыс Луцэнка, ставячы ў 1972 годзе спектакль у купалаўцаў, заканамерна адрынуў вульгарызатарскую трактоўку вобраза. Але нейкага пэўнага вырашэння ролі Незнаёмага не знайшоў, хоць і ігралі яе добрыя акцёры.
         Своеасаблівы ход рэжысёр прыдумаў цяпер, у новай пастаноўцы. На ролю Лявона Зябліка і Незнаёмага прызначаны адзін акцёр — Аляксандр Ткачонак і, зразумела, не ад недахопу ў тэатры выканаўцаў.
         Ролі А.Ткачонак праводзіць у розных эмацыянальных танальнасцях — з бурнымі ўсплёскамі тэмпераменту ўвасабляе Лявона Зябліка і стрымана, засяроджваючы ўвагу на разважлівасці і жыццёвай прадбачлівасці, іграе Незнаёмага. Але выходзіць на падмосткі, не змяняючы знешняга вобліку. Тыя з Зяблікаў, хто сустракаецца з Незнаёмым, на пачатку нават жахаюцца — гэта ж наш бацька. Ён у спектаклі выходзіць як бы яго ценем. Пражыўшы зямное жыццё і не знайшоўшы праўды, не дамогшыся справядлівасці, Лявон Зяблік вяртаецца з таго свету ўжо ў вобразе Незнаёмага. Узбагачаны мінулым вопытам, ён навучае і заклікае сваіх дзяцей ісці на Вялікі Сход, па Бацькаўшчыну. Праўда, Незнаёмы, мабыць, пры ўліку цяперашніх рэалій не надта верыць, што такі ўсеагульны сход калі-небудзь можа сабрацца.
    
    49
    
    Анатоль Сабалеўскі
    
        I ўсё ж у спектаклі ён сабраўся.
        На прасцэніуме ва ўсю шырыню падмосткаў стаіць вялізны стол. За ім сядзяць і выканаўцы роляў, і новыя асобы з масоўкі. Многа людзей. I ўсе надзвычай стомленыя, знявераныя, з апушчанымі на стол галовамі. I, здаецца, ім ніколі не ўзняцца, у такім стане і застануцца.
        Але вось загучалі першыя акорды Купалавага «А хто там ідзе...». Яны шырацца, набіраюць моц. I людзі нібы ажываюць, усё больш адрываючы ад стала і ўзнімаючы галовы. У народа з’яўляецца вера, напорыстасць, рашучасць — «Людзьмі звацца».
        Новы спектакль пакідае вялікае эмацыянальнае ўражанне і з’яўляецца найбольш яркім і праніклівым тэатральным спасціжэннем «Раскіданага гнязда» ў нашым сённяшнім часе.
        Да класікаў Вінцэнта Дуніна Марцінкевіча і Янкі Купалы можна было б далучыць і Францішка Аляхновіча, драматургія якога з нядаўняга часу нанова адкрываецца для сцэны. У гэтым плане ўжо ёсць значныя дасягненні, хоць яшчэ і многа трэба зрабіць. Таму тэма заслугоўвае асобнага разгляду.
        А цяпер — падрахаванне. Узнікае пытанне: многа ці мала за апошняе дзесяцігоддзе з’явілася на падмостках твораў беларускай класічнай драматургіі? Колькасна ўсё ж небагата. Асабліва кідаецца ў вочы вельмі абмежаваны выбар твораў. Так, не засвойваліся ў гэты перыяд прафесійнай сцэнай драматычныя паэмы Янкі Купалы, п’есы Якуба Коласа, найперш «Антось Лата». Усё яшчэ амаль не ўзнімаюцца тэатры да драматургіі Уладзіслава Галубка. Ды час ужо даваць новыя прачытанні п’ес нашых блізкіх класікаў — Кандрата Крапівы, Андрэя Макаёнка. Спіс можна доўжыць. Гэта адносна выбару і пашырэння рэпертуару.
        Што ж да мастацкіх дасягненняў у спасціжэнні
    
    50
    
    Анатоль Сабалеўскі
    
    беларускай класікі, то яны бясспрэчныя — амаль ніводнага праходнага, пасрэднага спектакля. Цікавы факт: у азначаны перыяд нямала ставілася рускіх, іншых замежных класічных твораў. Але вяршыннымі выйшлі пастаноўкі, здзейсненыя па беларускай драматургіі. Можа гэта акалічнасць натхніць дзеячаў тэатра на новыя спектаклі паводле нашай нацыянальнай спадчыны.