Сусветнае мастацтва
XX - пачатку XXI стагоддзя
Ягор Сурскі
Выдавец:
Памер: 90с.
2014
Мастакі станоўча ўспрынялі рэвалюцыйныя змены ў Расіі і сталі ініцыятарамі і заканадаўцамі трансфармацыі творчага працэсу. Малевіч цалкам прысвяціў сябе дыдактычнай дзейнасці ў рэчышчы новага напрамку. Яркім прадстаўніком супрэматызму з’яўляецца таксама Эль Лісіцкі (1890-1941).
Сацыяльная функцыя новага мастацтва актыўна падтрымліваецца канструктывізмам. Мастацтва канструктывізму ў значнай ступені абапіралася на тэхналагічныя здабыткі свайго часу. Мастакі ўключыліся ў праектаванне ўзораў для прамысловасці, дызайну працоўнай вопраткі, артыкулаў штодзённага побыту. Самым вядомым творам канструктывізму ў мастацтве з’яўляецца «Помнік III Інтэрнацыяналу» Уладзіміра Татліна (1885-1953). Твор уяўляе прыклад інавацыйнага для свайго часу спалучэння скульптуры з функцыянальнай архітэктурай. Аляксандр Родчанка (1891-1956) рэалізоўваў прынцыпы канструктывізму ў фатаграфіі, нагляднай агітацыі, рэкламных плакатах. Рэалістычныя выявы ў кадры кантраставалі са строгімі геаметрычнымі формамі пабудоў, канструкцый.
Да найважнейшых прадстаўнікоў гэтага напрамку належалі наступныя творцы:
Умбэрта Бачоні скульптар і мастак, тэарэтык футурызму. Галоўная постаць у гэтым напрамку. Вучыўся ў Дж. Балы. Засвоіў прынцыпы дывізіянізму і шырока адлюстроўваў іх у сваёй творчасці, але з часам стаў больш засяроджвацца на перадачы руху, дынамікі.
прапануючы нестандартныя колеравыя рашэнні. У 1914 годзе выдаў зборнік крытычных артыкулаў «Футурыстычныя жывапіс і скульптура». Падчас першай сусветнай вайны падаўся добраахвотнікам на фронт, загінуў у выніку няшчаснага выпадку. Сярод найболып вядомых твораў: «Горад паўстае» (1910-1911), «Дынамізм чалавечага цела» (1913), «Атака ўлана» (1915).
Джакама Бала шырока выкарыстоўваў сучасныя тэхнікі ў мастацтве. У сваёй выяўленчай манеры вялікую ўвагу надае апісальным элементам, якія акцэнтуюць з’явы хуткасці, гуку і асвятлення. Сярод найбольш вядомых твораў: «Дынамізм сабакі на павадку» (1912), «Небяспечнасці вайны» (1915).
Карла Кара ў сваім анархістычным падыходзе да мастацтва фігуратыўнасць звужае да выкарыстання цыліндрычных формаў, конусаў і эліпсаў. Сярод найбольш вядомых твораў «Пахаванне анархіста Галі» (1911).
Джына Сэвэрыні пасяліўся ў Парыжы ў 1906 годзе, праз што ўплыў большай выяўленчай дасканаласці, уласцівай кубізму, у яго творах становіцца відавочным. Асаблівым сюжэтам у яго працах з’яўляецца танец. Сярод найбольш вядомых твораў: «Танцоўшчыца = мора» (1913), «Танец мядзведзя ў Мулен-Руж» (1913).
Луіджы Русала ў сваёй творчасці вылучаецца сімвалізмам, паэтычнасцю. Прысвяціў сябе эксперыментам і пошукам у музыцы. Канструяваў машыну, якая перадае розныя гукі.
Міхаіл Ларыёнаў быў, як ужо згадвалася, творцам аднаго з першых
напрамкаў нефігуратыўнага жывапісу, які атрымаў назву «лучызм». У 1913 годзе выдае маніфест лучызму. У гэтай стылістыцы мастак выконваў сцэнаграфію для балету Сяргея Дзягілева ў Парыжы. Шырока вядомы яго твор «Чырвоны лучызм». Гэты напрамак згортваецца з пачаткам Першай сусветнай вайны.
Казімір Малевіч галоўны тэарэтык і творца супрэматызму, самай радыкальнай праявы абстракцыі, якая найбольш аддаляецца ад фігуратыўнага мастацтва, дэкларуючы поўную самастойнасць выявы праз выкарыстанне простых геаметрычных формаў. Асноўныя творы: «Чорны квадрат на белым фоне» (1913), «Белы квадрат на белым фоне» (1918). Варта адзначыць, што Казімір Малевіч, як і шмат хто з іншых стваральнікаў новых плыняў у мастацтве, належыць да сусветна вядомай Віцебскай школы, пра якую будзе распаведзена ў наступным параграфе.
Эль Лісіцкі мастак і архітэктар, сябра «Баўхаўза» з моманту яго заснавання ў 1919 годзе. Сярод найбольш вядомых твораў «Проўн 4Б» (1919-1920).
Віцебская мастацкая школа
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года пры савецкім палітычным ладзе з’явіліся новыя магчымасці для ажыццяўлення авангарднай мастацкай праграмы. Мастакі-авангардысты разглядалі рэвалюцыйную сітуацыю як верагоднасць здзяйснення хуткіх зменаў у арганізацыі мастацкага жыцця пры актыўным удзеле новай улады. Значныя людскія рэсурсы з выбітных прадстаўнікоў культурных, мастацкіх колаў сканцэнтраваліся ў беларускім горадзе Віцебску, які стаў цэнтрам мастацкіх перамен і галоўнай пляцоўкай для смелага эксперыменту.
Рэалізацыя новай мастацкай праграмы прадугледжвала прапагандысцкі складнік стварэння культурнай легітымнасці для новай улады (помнікі, наглядная агітацыя), і, паколькі існавала вялікая зацікаўленасць у прыцягненні на свой бок інтэлігенцыі, мастакоў, ніхто не імкнуўся абмяжоўваць творцаў у выбары выяўленчых сродкаў, адпаведнай мастацкай тэхнікі. Так, упаўнаважаным па справах мастацтва ў Віцебскай вобласці быў прызначаны Марк Шагал. У яго кампетэнцыі, між іншага, была арганізацыя мастацкага афармлення горада да святкавання дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэты прэцэдэнт ствараў неверагодныя, у параўнанні з папярэднімі ўмовамі, магчымасці пашырэння творчай пляцоўкі, якая ахоплівала б значную публічную прастору цэлага горада, розную сацыяльную інфраструктуру, у тым ліку грамадскі транспарт, архітэктуру.
Арганізацыя ў 1919 годзе Віцебскай народнай мастацкай школы прадугледжвала шырокую праграму новай сістэмы мастацкага ўпарадкавання і новых творчых і тэарэтычных падыходаў. У межах навучальнай установы была створаная сістэма свабодных творчых майстэрняў, музей сучаснага мастацтва. Новыя магчымасці зацікавілі тэарэтыка і стваральніка супрэматызму Казіміра Малевіча, што выявілася ў яго спрыянні гэтай ініцыятыве. У 1919 годзе мастак прыехаў у Віцебск, дзе ў межах навучальнай установы ім была створана арганізацыя УНОВ14С(заснавальнікі новага мастацтва з рус.). Адметнасцю Віцебскай школы было і тое, што праграма навучання прадугледжвала як засваенне рэалістычных выяўленчых практык (Юдаль Пэн), так і эксперыментальных падыходаў. Актыўны перыяд дзеяння Віцебскай мастацкай школы прыпадае на 1918-1923 гг. У гэты час у ёй працавалі такія мастакі, як Мсціслаў Дабужынскі (1875-1957), Марк Шагал, Казімір Малевіч, Вера Ермалаева (1893-1937), Юдаль Пэн (1854-1937), Эль Лісіцкі. 3 прычыны адсутнасці далейшай падтрымкі з боку савецкай дзяржавы школа была рэарганізаваная, і яе дзейнасць у наватарскім кірунку спынілася.
Віцебскі досвед аказаў уплыў на функцыяванне падобнай паводле канцэпцыі навучальнай установы «Баўхаўз», у істотнай меры спрычыніўся да развіцця савецкага дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, прамысловага дызайну, авангардных накірункаў еўрапейскага і сусветнага мастацтва.
У беларускім выяўленчым мастацтве і дызайне зварот да віцебскага
мастацкага досведу праяўляецца з канца 80-х гадоў XX стагоддзя, калі мастакі-графікі Сяргей Саркісаў (нар. 1951) і Алена Кітаева
(нар. 1960) выканалі шэраг графічных прац (плакаты, кніжная графіка) у стылістыцы, набліжанай да выяўленчых прынцыпаў УНОВНС
і супрэматызму. У рэчышчы віцебскай мастацкай традыцыі ў выяўленчых формах скульптуры, жывапісу, акцыянізму, інсталяцыі працуюць сучасныя віцебскія мастакі Галіна Васільева (нар. 1959), Васіль Васільеў (нар. 1954), Аляксандр Малей (нар. 1951), Аляксандр Спепаў (нар. 1950) і інш.
Дадаізм
Напрамак узнік у Швейцарыі падчас Першай сусветнай вайны, калі гэтая краіна праз свой нейтралітэт стала прыцягальнай для шматлікіх еўрапейскіх інтэлектуалаў, якія не жадалі ўдзельнічаць у канфлікце. Група мастакоў, ідэйным кіраўніком якой быў Трыстан Тцара (1896-1963), у 1916 годзе ў кавярні «Вальтэр» у Цюрыху абвясціла аб стварэнні новага шляху ў мастацтве, які абапіраўся ў сваёй філасофіі на ірацыянальнае. Сама назва «дада», якая не мае ніякага моўнага значэння, падкрэслівае змест новай канцэпцыі. Дадаісты адмаўляліся ад ідэі прыгожага, лічылі гэта мастацкім досведам, які незваротна сыходзіць у мінулае. Дадаісты падвяргалі крытыцы інстытут мастацтвазнаўства, адносіны мастака і грамадскасці, паколькі лічылі мастацтва прыватнай справай кожнага. У адрозненне ад футурызму, напрыклад, дадаізм не імкнуўся выпрацаваць нейкі адметны выяўленчы стыль. У якасці твораў мастацтва Марсэль Дзюшан (1887-1968) прызнаваў прадметы штодзённага ўжытку, скампанаваныя адпаведным спосабам. Так паўсталі слынныя аб’екты, якія атрымалі назву «Ready made» веласіпеднае кола на табурэтцы, фантан (пісуар) ды інш. Узаемадачыненні з публікай у прадстаўнікоў новага напрамку грунтаваліся на шакаванні, правакацыі. Так, на выставе Макса Эрнста (1891-1976) на пачатку 20-х гадоў XX стагоддзя ў Кёльне гледачам прапанавалася знішчыць яго скульптуру сякерай. А малая дзяўчынка, апранутая ў сукенку, у якой ідуць да камуніі, тут
жа дэкламавала вершы непрыстойнага зместу. Гэта выклікала абурэнне гледачоў, якія разнеслі выставу, знішчылі экспазіцыю. Менавіта на такую рэакцыю і разлічвалі аўтары.
Дадаізм прынёс лёгкасць у стаўленні да мастацтва, іронію і жарт, што атрымала працяг у мастацтве правакацыі, поп-арце, пазней у канцэптуалізме. Калі Марсэль Дзюшан у якасці экспаната выставіў пісуар, П’ера Манцоні ў 1961 годзе прапаноўваў гледачам у якасці твораў мастацтва ўласныя экскрэменты ў бляшаных слоіках, якія ацэньваў на вагу золата. Пасля таго, як Дзюшан падмаляваў вусы да выявы «Джаконды» Леанарда да Вінчы (1919), новай інтэрпрэтацыі пачалі паддавацца і іншыя іканаграфічныя творы з гісторыі мастацтва.
Нямецкі дадаізм быў больш сацыяльна заангажаваным. Фотамантаж Джона Хартфілда (1891-1968), які аўтар выканаў у 1931 годзе, прэзентуе выяву Гітлера, у якога замест сэрца свастыка, а праз растулены рот сыплюцца манеты. У якасці аб’ектаў сваіх твораў дадаісты маглі выкарыстоўваць смецце, старыя непатрэбныя прадметы. Дадаізм адпавядаў расчараванню грамадскасці ў сувязі са знішчальнай Першай сусветнай вайной, якая прынесла шмат асабістых трагедый і зруйнавала веру ў прагрэс, лепшую будучыню. Аднак праз сваю адмову ад традыцыі, нежаданне выпрацаваць свой уласны выяўленчы стыль, дадаізм страчваў пазіцыі, рабіўся менш папулярным. Гэта, у сваю чаргу, змушала творцаў вяртацца да традыцыі, фігуратыўнага мастацтва. Асноўнымі цэнтрамі выразнай прысутнасці і дзейнасці дадаізму сталі гарады Цюрых, Нью-Ёрк, Берлін, Кёльн, Гановер.
Пасля Другой сусветнай вайны амерыканцы Роберт Раўшэнберг (1925-2008) і Джаспэр Джонс (нар. 1930) дбаюць пра пераемнасць традыцый і практык дадаізму, акрэсліваючы сваю творчасць як неададаізм.