Сусветнае мастацтва
XX - пачатку XXI стагоддзя
Ягор Сурскі
Памер: 90с.
2014
Сярод найяскравейшых прадстаўнікоў дадаізму вылучаюць наступных творцаў:
Франсіс Пікабія (1879-1953) мастак французскага паходжання, разам з Дзюшанам прымаў чынны ўдзел у стварэнні дадаізму. Для яго творчасці характэрны эклектызм. Да 1922 году Пікабія эксперыментуе з выяўленчымі формамі, якія ўтрымліваюць фрагменты механікі. Сярод найбольш вядомых твораў «Парад любові» (1917).
Рауль Хаўсман (1886-1971) быў паводле асноўных заняткаў мастаком і літаратарам. Сузаснавальнік руху дадаізму ў Берліне ў 1918 годзе. Ствараў працы ў тэхніцы фотамантажу. Вядомы сваёй працай «A.B.C.D.» (1923).
Курт Швітэрс (1887-1948) нямецкі мастак, які з’яўляецца адзіным прадстаўніком дадаізму ў Гановеры. У 1918 ён развітваецца з традыцыйнымі мастацкімі тэхнікамі і матэрыяламі. У сваёй творчасці выкарыстоўвае самыя розныя прадметы, у т. л. адкіды.
Марсэль Дзюшан адзін з самых яскравых прадстаўнікоў напрамку, мастак французскага паходжання. Належыць да асноўных прадстаўнікоў дадаізму ў Парыжы і Нью-Йорку. Спачатку працаваў у імпрэсіяністычнай манеры, пазней у кубістычна-
футурыстычнай. Прадчуванне дадаізму ў яго творчасці ўзнікла нават раней, чым напрамак быў фармальна абвешчаны ў Цюрыху ў 1916 годзе. Яшчэ ў 1913-1914 гг. творца рэпрэзентаваў у якасці мастацкіх аб’ектаў веласіпеднае кола на табурэтцы, сушылку для бутэлек. Яму належаць самыя правакацыйныя працы такія, як падмаляваныя вусы на выяве Джаконды. Аўтар пераапранаўся ў жанчыну, чым імкнуўся выказаць умоўнасць любога моўнага азначэння альбо пэўнай акрэсленасці прыроды творчасці. Дзюшан разглядаецца як папярэднік канцэптуалізму. У яго творчасці ідэя, сэнс папярэднічаюць прадмету, выяўленчаму аб’екту. Адным з галоўных пастулатаў яго бачання прыроды з’яўлялася поўная творчая свабода і права кпіць з гледача.
Жан Арп (1887-1966) французскі мастак і паэт. Удзельнічаў у стварэнні руху ў Цюрыху. Яго карціны і калажы паўставалі выпадкова альбо з уласнай фантазіі. Пасля ён далучыўся да сюррэалізму.
Ганс Рыхтэр (1888-1976) таксама далучыўся да руху дадаістаў у Цюрыху.
Ман Рэй (1890-1976) амерыканскі мастак і фатограф. Шырока выкарыстоўваў фотакалаж. Супрацоўнічаў з Дзюшанам і Пікабія ў Нью-Ёрку. Яго творчы падыход разглядае ўдзел мастацтва як своеасаблівую гульню. Мастак спалучае ў сваёй творчасці матывы, уласцівыя дадаізму і сюррэалізму.
Вышэйзгаданы Джон Хартфілд працаваў у Берліне, дзе ствараў сацыяльна заангажаванае мастацтва, антыфашысцкае паводле сваёй
скіраванасці. Ствараў плакаты ў тэхніцы фотамантажу для Камуністычнай партыі Германіі.
Макс Эрнст французскі мастак нямецкага паходжання. Стварыў суполку дадаістаў у Кёльне. Асноўны спосаб мастацкага выказвання калаж.
Геарг Грос (1893-1959) амерыканскі мастак нямецкага паходжання. Першапачаткова дзейнічаў у берлінскім таварыстве дадаістаў. Выяўляў грамадства ў чорных, драматычных колерах. Найбольш вядомыя яго цыклы твораў: «3 намі Бог» (1921), «Каін, або Гітлер у пекле» (1944).
(Неапластыцызм) De Stijl
Па ініцыятыве галандскага мастака Піта Мондрыяна (1872-1944), а таксама тэарэтыка мастацтва, архітэктара, скульптара і жывапісца Тэа ван Дусбурга (1883-1931) у Лейдэне пачаў выдавацца часопіс «Дэ Стэйль» («De Stijl»; 1917-1931). У 1918, 1920, 1921 гг. з’явіліся тры маніфесты новай створанай групы. Мастацтва, паводле ўяўленняў суполкі «De Stijl», часткова выводзіцца з двух асноўных мастацкіх напрамкаў, што выразна аформіліся ў Еўропе кубізму і футурызму. Выяўленчыя кампазіцыі максімальна спрашчаліся і ўрэшце сталі ўяўляць сабою простыя лініі, геаметрычныя фігуры і базавую колеравую гаму (белы, чорны, чырвоны, жоўты). У адрозненне ад супрэматызму Мондрыян, аднак, не імкнуўся дыстанцыявацца ад рэчаіснасці: ён лічыў простыя лініі і звычайныя фарбы ўніверсальнымі сродкамі выяўленчага выказвання. Новы напрамак аказаў значны ўплыў на развіццё міжваеннай архітэктуры, у прыватнасці з яго выводзіцца стыль Баўхаўз.
Баўхаўз быў заснаваны ў Веймары Вальтэрам Гропіусам (18831969). Навучальная ўстанова выхоўвала ў розных творчых напрамках, вучыла розным мастацкім тэхнікам, не адмяжоўваючы рамяство ад мастацтва. Мэтай Баўхаўза было распрацоўваць прамысловыя ўзоры, якія пазней маглі быць шырока выкарыстаныя. У майстэрнях ствараліся ўзоры мэблі, аб’екты інтэр’еру, архітэктурныя праекты.
Школа аб’яднала вакол сябе такіх выбітных прадстаўнікоў авангарднага мастацтва, як Кандзінскі, Клее, Шлэмер і інш. Аднак смелая і рэвалюцыйная праграма школы выклікала недавер з боку тагачаснага ўраду Германіі. У 1925 годзе школа была перанесеная ў Дэсаў. У 1932 г. улады зачынілі яе канчаткова.
Да найважнейшых прадстаўнікоў гэтага напрамку належалі наступныя творцы:
Піт Мондрыян, які быў заснавальнікам напрамку, сфармуляваў асноўныя прынцыпы неапластыцызму, паводле якіх першаснае значэнне ў выяўленні рэчаіснасці адводзіцца фігурам ідэальнай геаметрычнай формы. У пошуках новай формы імкнуўся да перфекцыянізму. Сярод найболып вядомых твораў «Чырвоная, жоўтая і блакітная кампазіцыя» (1921).
Тэа Ван Дусбург працаваў паводле прынцыпаў неапластыцызму да 1926 года, калі вырашыў адмовіцца ад уласцівага Мондрыяну дагматызму ў выяўленні формы. Сфармуляваў творчыя прынцыпы элементарызму, калі вырашыў адмовіцца ад прамых ліній і вуглоў, што з’яўляецца паводле яго бачання свету праявай сучаснасці. Вядомасць набыў яго твор «Контркампазіцыя» (1921).
Жорж Вантонгерло (1865-1965) мастак і скульптар, які прытрымліваўся мастацкага прынцыпу неапластыцызму. Пазней працаваў у рэчышчы элементарызму. Вядомая яго «Кампазіцыя, што выводзіцца з раўнання» (1930).
Сюррэалізм
Гэты напрамак выводзіцца першапачаткова з літаратуры. Французскі пісьменнік Андрэ Брэтон (1896-1966) апублікаваў у 1924 г. «Маніфест сюррэалізму». Творчасць сюррэалістаў вынікае з мастацкіх эксперыментаў дадаістаў і тэорыі псіхааналізу Зыгмунда Фройда (1856-1939). Мастакі адкідалі мяшчанства і рацыянальнае мысленне. Іх маніфест абвяшчаў поўную свабоду ўяўлення. Ад мастацкіх метадаў дадаізму сюррэалісты перанялі тэхніку калажа, удасканальваючы і выводзячы з яе новыя адгалінаванні такія, як дэкалаж (адклейванне), фратаж (націранне), фюмаж (сляды ад сажы). Характэрны для дадаістаў прыём «Ready made» таксама часта прысутнічае ў творчасці сюррэалістаў. I як у тэорыі псіхааналізу, яны вялікае значэнне надавалі снам і падсвядомасці.
У аснове новага кірунку ляжаў т. зв. «псіхічны аўтаматызм», які адмаўляўся ад рацыяналізму, эстэтычных і маральных нормаў. У паэзіі сюррэалізм палягаў у выпадковым спалучэнні літар, словаў.
У жывапісе Сальвадора Далі (1904-1989) перадавалася атмасфера алагічных, кашмарных сноў, дзе злучаліся несумяшчальныя паняцці, прадметы, постаці.
У кінамастацтве супрацоўніцтва мастакоў з Луісам Буньюэлем (1900-1983) вылілася ў стварэнне сюррэалістычных фільмаў «Андалузійскі сабака» (1929), «Залаты век» (1930). Сюжэты фільмаў былі пазбаўленыя ўсялякай логікі, развіваліся хаатычна.
Пасля ад’езду Сальвадора Далі, Хуана Міро (1893-1983) у Амерыку напрамак знаходзіць паслядоўнікаў і на гэтым кантыненце.
Асноўнымі прадстаўнікамі сюррэалізму лічацца наступныя творцы:
Андрэ Масон (1896-1987), які вылучаўся ў сваёй творчасці аўтаматызмам, інтуітыўнымі жэстамі, праз што ён ствараў свае вобразы. Карыстаўся рознымі матэрыяламі; у якасці фону для карцін ужываў рознакаляровы пясок. Яго творчая манера шмат у чым нагадвае пазнейшае нефармальнае мастацтва, творчасць Джэксана Полака. Характэрны твор «Нітка Арыядны» (1938).
Рэнэ Магрыт (1898-1967) у жывапісе, які паводле выяўленчага метаду з’яўляецца фігуратыўным і рэалістычным, спалучаў несумяшчальныя сітуацыі і прадметы. Выявы ствараюць карціну абсурду, уласцівую метафізічнаму мастацтву. Сярод найбольш вядомых твораў: «Чырвоная мадэль» (1935), «Падзенне» (1953).
Іў Тангі (1900-1955) амерыканскі мастак французскага паходжання. Маляваў невыразныя арганічныя і жывёльныя формы ў абстрактнай прасторы («Мама, тата паранены», 1927).
Віктар Браўнер (1903-1966) мастак румынскага паходжання; далучыўся да суполкі дадаістаў, пазней да сюррэалістаў.
У сваю чаргу, вышэйзгаданы Хуан Міро працаваў з вялікім фарматам. Яго працы вылучаюцца своеасаблівай каларыстыкай і дынамічнасцю. У якасці выявы найчасцей прысутнічаюць біямарфічныя
істоты як бы пад павелічальным шклом мікраскопа. У малюнку распаўсюджаны элементы, што нагадваюць дзіцячы спосаб малявання, прымітыўнае мастацтва. Сярод найболып вядомых твораў: «Карнавал Арлекіна» (1924-25), «Чалавек, які кідае камень у птушку» (1926).
Сальвадор Далі мастак каталонскага паходжання, ідэйны прыхільнік Зігмунда Фройда. 3 акадэмічнай падрабязнасцю ствараў свае карціны, дзе прадметы і постаці не толькі існуюць у неадпаведнай прасторы і розных маштабах, але як 6ы і ў іншым вымярэнні. Для выяваў характэрны стан распаду. Творы Далі выяўляюць станы трызнення, галюцынацый, якія давалі аўтару багаты матэрыял для творчай фантазіі. Сярод найбольш вядомых твораў: «Трываласць памяці» (1931), «Шэсць галоваў Леніна на фартэп’яна» (1931), «Жанчына з галавою з ружаў» (1935), «Метамарфозы Нарцыса» (1937), «Таемная вячэра» (1955).
Поль Дэльво (1897-1994) бельгійскі мастак. У сваіх творах выяўляў маладых жанчын у гіпнатычным стане на фоне нерэальных архітэктурных дэкарацый («Трэск», 1937).
Творчасць Мэрэт Опэнхайм (1913-1985) нагадвае ілюзіяністычныя спалучэнні аб’ектаў жывёльнага свету і прадметаў штодзённага ўжытку. Яе скульптуры, аб’екты вылучаюцца іроніяй, непрадказальнасцю («Сняданак у футры», 1936).
Элементы сюррэалізму ў сваіх творах выкарыстоўваў беларускі мастак Мікалай Селяшчук (1947-1996), сюррэалістычную скіраванасць мае творчасць Георгія Скрыпнічэнкі (нар. 1940).
Мексіканскі муралізм
Пасля перамогі рэвалюцыі ў 1910 годзе ў Мексіцы з’явіўся новы мастацкі рух, які падтрымліваўся дзяржавай. Вялізных па.мераў насценны роспіс у публічных месцах, на вуліцах буйных гарадоў уяўляў сабою новы варыянт манументальнага мастацтва з выразнай сацыяльнай накіраванасцю. Тэматыка выяваў была багатай на постаці прадстаўнікоў звычайнага люду: сялян, працоўных, салдат. Сюжэты роспісу гераізуюць рэвалюцыю і ўсхваляюць дакалумбійскае мінулае Паўднёвай Амерыкі. Распаўсюджанымі былі таксама фалькларыстычныя матывы.