• Газеты, часопісы і г.д.
  • Таямніцы Полацкай гісторыі  Уладзімір Арлоў

    Таямніцы Полацкай гісторыі

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Полымя
    Памер: 464с.
    Мінск 2000
    143.92 МБ
    Таўцівіл развітаўся з жыццём, а полацкае пасольства, гатовае ўжо абвясціць свайго князя гаспадаром Літвы і Жмудзі, у ім- гненне вока ператварылася з паважаных гасцей у палоннікаў. Каб выбавіць знаных мужоў з няволі, палачане прынялі да сябе Транятавага стаўленіка.
    Полацк прайграў. Страціўшы ў барацьбе з крыжакамі балцкія землі ўніз па Дзвіне і развітаўшыся з планамі падначаліць Літву, горад на нейкі час развітаўся і з галоўнай роляй у драме бела- рускай гісторыі.
    Праз колькі месяцаў пасля гібелі Таўцівіла са смерцю сус- трэўся і Транята. Па дарозе ў лазню, помсцячы за гаспадара, яго зарэзалі чацвёра Міндоўгавых стайнікаў. Даведаўшыся пра гэта, палачане выгналі вернага Траняту князя Канстанціна і запрасілі Гердзеня.
    Начынаць ён мусіў з адрасаванай рыжскаму біскупу і ордэну граматы, дзе Полацк канчаткова адмаўляўся ад Латгаліі. Ула- данні крыжакоў цяпер непасрэдна межавалі з крывіцкімі. Але Полацкая зямля, хоць і моцна аслабленая, усё адно заставалася паважнаю сілай. Таму наваградскі князь Войшалк, якому ўдалося заваяваць Літву, умела нацкоўваў на Полацк суседняга пскоўска- га князя Даўмонта. Аднойчы, калі Гердзень быў у ад’ездзе, пскавічы напалі, захапілі багатую здабычу і паланілі княгіню Еўпраксію з двума сынамі. У наступным годзе Даўмонт прыйшоў ваяваць Полацк разам з ноўгарадцамі. Адбіваючы напад, князь Гердзень загінуў. Палачане палічылі за лепшае жыць з Наваг- радкам у міры, што, па сутнасці, азначала ўваходжанне ў Вялікае княства. Канчаткова Полацкая зямля стала яго часткаю ў 1307 годзе.
    Полацк захаваў вялікую самастойнасць, якую літоўскія гас- падары шмат разоў падкрэслівалі пісьмовымі абяцаннямі «не рухаць старыны, не ўводзіць навіны». Напачатку становішча Полацкай зямлі ў новай дзяржаве нагадвала палітычны альянс. Дамова, што Вялікае княства Літоўскае падпісала з Лівонскім ордэнам у 1338 годзе, называе полацкага князя, як і гаспадара ўсёй дзяржавы, каралём: «Гэты мір заключаны ў дзень усіх святых са згоды магістра і ландмаршала і многіх іншых дастойных і рады Рыжскай і са згоды караля Літвы і яго дзяцей і ўсіх ягоных баяраў і са згоды епіскапа полацкага і караля полацка- га...».
    Тры стагоддзі Полацк заставаўся найбуйнейшым горадам Вя- лікага княства.
    Прызнанне асобага статуса крывіцкай зямлі — свае князі, якія звычайна даводзіліся блізкімі сваякамі самім гаспадарам (так афіцыйна мянавалі вялікіх князёў літоўскіх).
    Полацкі валадар Васіль-Воін быў родным братам Гедыміна, пры якім у Вялікае княства Літоўскае ўвайшлі ўжо амаль усе беларускія землі, а Наваградак саступіў ролю сталічнага места Вільні. Хто быў на экскурсіі ў сталіцы Літвы, чуў аповяд, як Гедымін заснаваў горад пасля ўдалага палявання, убачыўшы ў сне велізарнага ваўка, а ў ім — сто іншых ваўкоў. Пакліканы да князя паганскі вяшчун вытлумачыў сон так: на месцы, дзе выў магутны звер, павінен вырасці горад, якому наканавана зрабіцца сталіцаю Літвы і заслужыць у свеце вялікую славу. Легенда гэтая не толькі прыгожая, але і хітрая, бо на месцы Вільні ўжо трыста гадоў стаяў збудаваны палачанамі на заходняй мяжы свайго княства Крывіч-горад.
    Пазней полацкі пасад заняў Гедымінаў унук Андрэй, сын вялікага князя літоўскага Альгерда.
    Кожны з нас, безумоўна, штосьці чуў пра Івана Каліту, пра яго спадкаемца Івана Краснага ды іншых маскоўскіх князёў — збіральнікаў расійскіх земляў. Яно б, можа, і няблага, каб ад- начасова мы ведалі і гаспадароў сваёй дзяржавы, той, дзе жылі дзесяткі пакаленняў нашых продкаў.
    Што мы чулі пра таго ж князя Альгерда? Ці ведаем, што ён у два разы пашырыў межы Вялікага княства, што пры ім наша мова зрабілася дзяржаўнай? На ўроках і лекцыях нам чамусьці не казалі, што ўзначаленае ім войска, дзе было шмат палачанаў, у 1362 годзе разбіла на Сіняй Вадзе татараў і выз- валіла ад іх прыгнёту Украіну. He казалі пра пераможныя паходы Альгерда на Маскву і пра тое, як ён адбіў шэсць крыжацкіх нападаў. Як быццам гэты выдатны ваявода і мудры палітык
    Вялікі князь літоўскі Алыерд
    трыццаць гадоу кіра- ваў не нашаю Баць- каўшчынай, а нейкай краінай на другім канцы Еўропы.
    Згаданы раней Андрэй Полацкі — найстарэйшы з два- наццаці Альгерда- вых сыноў. Ен пас- пяхова ваяваў з Лі- вонскім ордэнам і пасля бацькавай смерці разлічваў за- няць пасад у Вільні. Аднак вялікім кня- зем стаў Ягайла, a Андрэй з дружынаю мусіў падацца ў Масковію да князя Дзмітрыя, якога неўзабаве назавуць Данскім.
    Полацкім валада- ром Ягайла прызна-
    чыў брата Скіргайлу. Прыязджаючы кіраваць у крывіцкую сталіцу, усе князі-балты мянялі веру на праваслаўе. Скіргайла, недаацаніўшы самапавагу палачанаў, наважыў адступіць ад за- вядзёнкі і захаваў вернасць паганству. Скончылася гэта для яго вельмі сумна. Раз’ятраны збой полацкіх месцічаў прывязаў князя задам наперад да старой кабылы і пад свіст і агатуканне пагнаў яе да гарадской брамы. У Прыдзвінні яшчэ і цяпер можна пачуць прымаўку: «Паехаў, як Скіргайла з Полацка».
    Зняважаны Альгердавіч вярнуўся з моцным войскам, якое разам з лівонскімі рыцарамі ўзяло Полацк у аблогу. Чатыры месяцы палачане адстойвалі родныя сцены і перамаглі. Навука была Скіргайлу на карысць: зноў прыехаўшы праз колькі гадоў у Полацк як велікакняжацкі намеснік, ён прыняў хрост пад пра- васлаўным імем Іван.
    Барацьба з Ягайлам дапамагла Андрэю Полацкаму вызна- чыцца на Куліковым полі. Палітычныя варункі штурхалі Вялікае княства Літоўскае да хаўрусу з Залатой Ардой. Хан Мамай атрымаў ад Ягайлы абяцанне падтрымаць татараў збройнай сілай. Андрэй стаў пад сцягі маскоўскага ўладара.
    Войска Вялікага княства Літоўскага спынілася за дваццаць
    вёрст ад Кулікова поля і на бітву не пайшло. Няварта гадаць, якой каляінаю пакацілася б гісторыя, каб Ягайла ўдарыў у спіну маскавітам. Зрабіць гэтага ён проста не мог, бо ваяры-беларусы не захацелі ісці супроць аднаверцаў, добра памятаючы, як білі ардынцаў на Сіняй Вадзе. Ну а палачане паспрыялі Дзмітрыю Данскому не стаяннем, а мячамі.
    Андрэй Альгердавіч прывёў з сабою дзве тысячы полацкіх ратнікаў і ўзначаліў полк правай рукі — правы фланг маскоўскіх войскаў. Князь біўся ў адным шыхце са сваімі ваярамі. На шостай гадзіне сечы полк левай рукі і палова вялікага палка паказалі татарскім шаблям спіны. Правы фланг з палачанамі, хоць вакол яго і сціскаліся варожыя «абцугі», стаяў насмерць. Чаканне бліз- кай перамогі ўжо хмяліла Мамаю галаву, але тут у бітву ўступіў засадны полк. Палачане разам з тымі, хто выстаяў, перайшлі ў наступ, «н побегоша татарсцнн полця, а хрнсцнаньсцнн полцн за ннмн гоняюіце, бьюіца н секугца».
    Добра, калі хоць траціна Андрэевай дружыны вярнулася да- хаты. Аднак і на радзіме не кожны з гэтых воінаў памёр сваёй смерцю. Андрэй па-ранейшаму ваяваў з Ягайлам. Марачы пра велікакняжацкі пасад, ён падпісаў дамову з крыжакамі, назваў, як некалі герцыкскі князь Усевалад, лівонскага магістра бацькам і дарагім сябрам і прызнаў сябе яго васалам. Крыжацкія мячы расчысцілі князю дарогу назад у Полацк, ды на кані яму давялося быць нядоўга. Андрэй быў разбіты і трапіў у вязніцу. Трымалі яго за кратамі на ўсякі выпадак далёка ад дзвінскіх берагоў, у Польшчы. Адтуль князя вызваліў ужо наступны гаспадар Вялі- кага княства Літоўскага — Вітаўт.
    Дзякуючы вялікім дзяржаўным амбіцыям Андрэя Альгерда- віча, Полацкае княства дзесяць гадоў (1377—1387) афіцыйна праіснавала як Вялікае. Апрача самога Андрэя тытулам вялікага князя полацкага карысталіся яго сыны Міхаіл, Сямён і Іван.
    Доўгае і бурнае жыццё найстарэйшы Альгердаў сын скончыў, як і належыць рыцару, на полі бітвы. Вітаўтава войска ў 1399 годзе напаткала цяжкая параза ад татараў. Доўга балявалі над ракой Ворсклай ваўкі і крумкачы. Пажываю ім былі целы паловы ўсіх воінаў Вялікага княства і шасці дзесяткаў князёў.
    Ратуючы сябе, баявыя таварышы пакінулі іх непахаванымі. Вусцішнае відовішча адкрывалася на месцы сечы праз колькі гадоў: безліч вымытых дажджамі чалавечых шкілетаў.
    Там, далёка ад роднай зямлі, трава прарасла і праз косці Андрэя Альгердавіча. У дзень, калі „князь астатні раз бачыў сонца, яму ішоў семдзесят пяты год. Ен застаўся ў гісторыі як апошні полацкі князь. Пасля яго местам і Полацкай зямлёй кіравалі велікакняжацкія намеснікі.
    У 1504 годзе на абшарах колішняга княства ствараецца По-
    лацкае ваяводства, найбольшымі гарадамі і мястэчкамі якога былі Дрыса, Дзісна, Ула, Асвея, Себеж, Ушачы, Бешанковічы, Ле- пель, Кублічы, Ветрына, Чашнікі, Аукомль і Глыбокае.
    Я гляджу на старажытны герб — вершніка на ўздыбле- ным кані — і думаю, што любы іншы сімвал нашай сярэднявеч- най дзяржавы выглядаў бы неяк недарэчна. У «Пагоні» адлюс- травалася гераічная барацьба за існаванне, якую краіна вяла амаль несупынна. 3 сярэдзіны XV да сярэдзіны XVI стагоддзя Вялікае княства Літоўскае адбіла 75 набегаў крымскіх татараў, што кожны раз выводзілі з сабою палон. (Да прыкладу, у 1506 годзе князь Міхал Глінскі, разбіўшы крымчакоў пад Клец- кам, вызваліў сорак тысяч палонных беларусаў.) Смяротная не- бяспека пагражала і з захаду. 3 канца ХШ стагоддзя да 1410 года 150 разоў урываліся на абшары Княства крыжацкія аддзелы.
    Ратных клопатаў хапала, вядома, і палачанам. На багаты гандлёвы горад прагна паглядала рыцарства Лівонскага ордэна, што быў прыбалтыйскай філіяй Тэўтонскага. У 1333 годзе пад Полацк заявіўся з войскам і флотам магістр Эбергард фон Ман- гейм. I тады, і праз год немцы вярталіся дадому, як той казаў, шылам патакі хапіўшы. 1366, 1375, 1382, 1386-ы — у гэтыя гады палачане зноў бараніліся ад крыжакоў, што рабавалі крывіцкія землі. Полацкае рушэнне мужна білася ў 1348 годзе на рацэ Стрэве, дзе саракатысячнаму войску Вялікага княства супраць- стаялі рыцары з Нямеччыны, Чэхіі, Францыі і нават з Англіі.
    Каб адбіцца і выжыць, продкі заўсёды былі напагатове. Па- водле ўсходнеславянскай традыцыі, пасля раптоўнага нападу мужчыны пеша і конна даганялі ворага, каб вызваліць палонных і паквітацца за забітых. Іначай кажучы — выпраўляліся ў пагоню. Так было яшчэ за Усяславам Чарадзеем, а ў 1387 годзе ў ад- расаванай жыхарам Полацка ды іншых беларускіх земляў грамаце Ягайла пісаў: «У тым жа разе, калі давядзецца гнацца за ворагамі і непрыяцелямі нашымі, дык у гэтае сцігаванне, што па-народнаму завецца пагоняй, абавязаныя ісці не толькі рыцары, але і кожны мужчына, незалежна ад паходжання і багацця, абы ён здольны быў насіць зброю».